Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Дзе „скідаць“ бетон? Там жа, дзе і бялізну!»


Дзе «скідаць» бетон? Там жа, дзе і бялізну!

Прыкмета часу: з нашых вуліц зніклі тэлефоны-аўтаматы, шмат хто адмаўляецца ад так званых кватэрных, бо навошта? Ледзь не ўсе цяпер пры мабільніках. Гэта зручныя апараты... Адзінае — чалавек не паспеў загаварыць, а яго ўжо «здалі»: паведамілі, хто гэта, з якога нумара.


Фота: pixabay.com

З такім раскладам цяжка некага разыграць. А вось некалі...

Да сёння ў памяці — мы з калегамі, што называецца, «завалілі пасяўную», гэта значыць, добра-такі правініліся! Шэф, як і варта было чакаць, выклікаў «на разбор палётаў».

Заходзім у кабінет. Ён, бачым, злы — як гад, чырвоны — як рак, і адразу ў крык.

Нам (каб не чуць, бо каму ж прыемна?) — хоць ты скрозь зямлю праваліся!

Ад вось гэтага ратуе тэлефонны званок.

— Што?!. Бетон?.. Які бетон? — перапытвае ў некага шэф і крыху цішэй дадае: — Вы памыліліся... Дзе скідаць? Я не ведаю... Дзе хочаце!

Бос кідае слухаўку, успамінае, на чым спыніўся, пачынае распякаць нас далей і змаўкае, бо нехта зноў тэлефануе і зноў пытае, дзе скідаць бетон, бо ён зараз застыне?

Начальству яўна не да нас! Мы, шчаслівыя, вымятаемся з кабінета.

...Не ведаю, чым скончылася гісторыя з бетонам: шэф — чалавек адказны, — напэўна, адшукаў і яго атрымальніка, і месца для разгрузкі, бо гэта быў не розыгрыш.

А вось зараз ужо пра яго.

Два сябрукі надумалі разыграць трэцяга. Той, успомнілі, з дома адпачынку нядаўна вярнуўся — з жонкай ездзіў, а яна ў яго — рэдкая жмінда: усё чыста ў хату цягне.

Вось гэтым яны і скарысталіся.

— Спадар Анатоль? — змяніўшы голас, спытаў па тэлефоне смялейшы. — Гэта вас з «Журавінкі» турбуюць (назва зменена. — Аўт.). — Вы тут з'ехалі, а ў нас пасцельная бялізна прапала...

Толя ў адказ:

— Ды не можа быць! Мы не бралі... Хіба жонка? Мо яна памылілася — згрэбла што са сваімі рэчамі?

...Карацей, хлопцы былі шчаслівыя: розыгрыш удаўся!

Прычым ўдаўся так, што смяяліся яны і назаўтра, бо на вуліцы сустрэлі Анатоля. Спыталі:

— Куды ты гэтак спяшаешся?

— Ды ў дом адпачынку.

— Што — зноў стаміўся?

— Не... Трэба вярнуць што-нішто...

— Супакойся! — зарагаталі хлопцы. — Не едзь, не трэба! Гэта мы цябе разыгралі.

...Што далей было?

Камплект бялізны ў пару дэфіцыту тройка сяброў лёгенька збыла. Аднак жонцы пра гэта Анатоль не сказаў. Яна па-ранейшаму думае, што муж з'ездзіў у дом адпачынку: вярнуў «памылкова ўзятае».

Віталь ЖУРАЎСКІ

г. Жодзіна


Ёсць білет на балет! А вось на канцэрт — няма...

Гэта было і даўно сплыло. Ніна Іванаўна, мая палавіна (прычым найлепшая!), працавала дырэктарам школы, і жылі мы з ёй у так званай службовай кватэры на вуліцы Халмагорскай. Хто не ведае — гэта Дражня, ускраіна горада Мінска. За яго кальцавую я бегаў рабіць зарадку, туды ж хадзіў у грыбы-ягады, на ровары ездзіў па венікі. У тыя часы мы з сябрамі хадзілі ў лазні Палаца воднага спорту і нават плавалі ў басейне з газаванай вадой.

Дык вось нарэзаў я неяк венікаў, прымацаваў да багажніка, ледзьве прывалок дамоў, і тут — тэлефонны званок. Мая Ніна кажа, што сёння была ў райана, і там ёй далі запрашэнне ў філармонію на канцэрт «Харошак».

— Дык і я ж на яго хачу! — крычу сваёй жонцы.

Яна мне ў адказ:

— Нельга... На балет у нас два білеты, а тут — усяго адзін... І нават з ім — мне сказалі — уваход з прад'яўленнем пашпарта. Мой — пры мне...

— Дык і я свой вазьму, — абяцаю жонцы. — Чакай каля ўваходу.

Нібы ў тумане, на аўтапілоце (бо вельмі любіў «Харошак») я дабраўся да філармоніі. Бачу — народ туды проста валам валіць: Ніну сваю ледзь знайшоў...

Падымаемся з ёй па прыступках, праходзім першыя дзверы. Каля другіх — даўжэзны стол, каля якога тоўпіцца бамонд не іначай — прадстаўнікі партыйнай, творчай эліты, знакамітыя гаспадарнікі... Я шмат каго ведаю (бачыў на трыбунах, у газетах ды па тэлевізары). Мяне, вядома ж, ніхто.

У натоўпе, разам з усімі, я кірую да стала, таксама як бы прад'яўляю пашпарт, «адзначаюся» ў спісах і прытым краем вока бачу, што ўсе фэйс-кантролі Ніна ўжо прайшла. Я — не зважаючы на правяральшчыкаў — парываюся ўслед, крычу: «Ніна, пачакай» і такім вось чынам апынаюся ў глядзельнай зале.

Там, каля жонкі, усе месцы, бачу, занятыя. А таму я кірую ў буфет, бяру сабе крэсла, прыношу на бельэтаж, стаўлю побач з Нініным радам — пачынаю чакаць «Харошак». Галоўнае, што з'явіцца ім, як быццам, пара, прычым даўно (!), але іх чамусьці няма — канцэрт не пачынаецца...

І першыя рады ў партэры свабодныя.

І міліцыя ля ўваходаў збоку...

Якраз адтуль праз добрыя паўгадзіны ў залу заходзяць нейкія высокія армейскія ды цывільныя чыны, сярод якіх (ні з кім не зблытаеш!) Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў...

Толькі пасля таго, як ён і «світа» ўладкаваліся на месцах, зайграла музыка — на сцэне з'явіліся людзі, выйшлі «Харошкі».

Канцэрт быў — слоў не падабраць: гром апладысментаў — пасля кожнага танца! Мы, гледачы, проста адбівалі далоні! І, вядома ж, ганарыліся, што разам з намі акурат тое самае (ну напэўна ж?!) робіць першая асоба ў былым вялікім Савецкім Саюзе.

...Дык зараз якраз пра яе.

Апошнім часам вельмі распаўсюджанай стала прафесія ахоўніка. Ледзь не ў кожнай больш-менш аўтарытэтнай структуры створана так званая служба бяспекі.

Безумоўна, былі яны і тады (а тым больш у Гарбачова!). Але ж пры гэтым я, безбілетнік-прастачына, трапіў на канцэрт «Харошак», дзве гадзіны прасядзеў на прыстаўным крэсле, і ніхто мне слова не сказаў.

Відаць, іншыя былі і часы, і норавы?

І. ЯНКАЎ

г. Мінск


Прапаў паэт...

Людзі праўду кажуць, што свіння заўсёды гразь сабе знойдзе, а жанчына — занятак... Мужчынам горш. У іх, вясковых, пакуль ходзяць на работу ды трымаюць гаспадарку, часу вольнага яшчэ менш, а варта выйсці на пенсію...

Антось тады, праўда, не разгубіўся: успомніў, што дзядуля некалі навучыў яго кошыкі плесці. Дык «унучак», пастарэўшы, схадзіў на балота, нарыхтаваў лазы, паспрабаваў узнавіць ранейшыя навыкі, і ў яго атрымалася! Парадаваў чалавек сваю жонку, забяспечыў кашамі (і кошычкамі!) усіх суседзяў, а потым — стаў вазіць свае вырабы на базар... Пастаіць там, з людзьмі пагаворыць, нейкую капейку выручыць, пляшачку возьме, сябра пачастуе, бо ў яго, у Міколы, грошай пры сабе ніколі не было. Пакуль працаваў, жонка забірала зарплату, а кінуў — прыбрала пенсію.

— Дык, можа, табе тысяч колькі «левых» зарабляць? — спытаў аднойчы Антось.

— А як? — уздыхнуў Мікола. — Я ж нічога не ўмею!

— Ды быць такога не можа! Успамінай свайго дзеда, бацьку, школу, армію... Ну нечым жа ты займаўся?

— Дык гэта... вершы пісаў!

— Вось і зараз пішы! Глядзіш — ганарары нейкія будуць.

— Ну, ты скажаш... Які з мяне «пісацель»?

— А ты, брат, класікаў пачытай, я табе часопісаў прынясу — жонка выпісвае... Там шмат пенсіянераў друкуецца.

...З тыдзень Мікола шамацеў старонкамі — чытаў-перачытваў чужыя вершы і, можна сказаць, святкаваў, бо гэта ж, здавалася, проста: сядзі сабе ды рыфмуй!.. Ён нават паспрабаваў і свае першыя чатыры радкі занёс да Антося.

— Як па мне, дык няблага, — прызнаў сябрук. — Але ж я не дужа разбіраюся. Ты да Івана Мікітавіча схадзі.

...Стары настаўнік сядзеў на прызбе, еў клубніцы і (ведама, глухі) доўга не разумеў, што ад яго патрабуецца. А калі дайшло, сказаў:

— О-о! Я ўспомніў! Некалі даўно ў Францыі Настрадамус жыў, вялікі празорца. Ён пад старасць катрэны пісаў, прадказанні. І якраз з чатырох радкоў. Можа, і ў тваіх нешта з'явіцца? Ты ж таксама чалавек не дурны?

...Мікола, акрылены пахвалой настаўніка, днямі-начамі стаў карпець над паперай: «забіў» на гаспадарку, не зважаў на жончыны «схадзі», «зрабі», «папраў», можа, на яе дваццатае «скасі траву на сялібе!». Гаспадару не да таго было: ён марыў пра славу і ён — пісаў.

Жонка ў той дзень палола грады, змарыўшыся, — рушыла ў хату, каб напіцца вады і ледзь не самлела: на прызбе, на сонейку грэлася... змяя. Самая сапраўдная!

«Палюбаваўшыся», Вольга ( адкуль толькі спрыт узяўся?) тузанула дзверы ў веранду, з пліты за ручку схапіла патэльню і такі ж сарвала злосць — перацягнула мужа па спіне з крыкам:

— Сядзіш тут, Настрадамус няшчасны?!... Чакаеш, пакуль змеі ў хату папаўзуць?.. Колькі табе казаць, каб двор абкасіў?!

Спрачацца з жонкай сэнсу не мела: Мікола выскачыў з хаты — узяўся кляпаць касу. А Вольга тым часам сабрала са стала яго паперы і ўкінула ў печ.

Прапаў паэт: на ўспамін засталася хіба што мянушка — Настрадамус.

Ніна АНДРЭЕВА

г. Петрыкаў


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж чарговы напамін, што ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца, а ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую. Вынікі яго будуць падведзены ў пачатку наступнага года. Журы — і вялікае чытацкае пад старшынствам спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны, і маленькае рэдакцыйнае на чале з намеснікам галоўнага рэдактара спадарыняй Вольгай Мядзведзевай — працуе, новыя гісторыі пошта прыносіць.

Дарэчы, у першых радках да іх многія паведамляюць, што даўно чытаюць газету і што гэтак жа даўно збіраліся напісаць... Дык не збірайцеся, а пішыце (калі ласка, з нумарам тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязі!): кажуць, лепш паспрабаваць і мо... пашкадаваць, чым шкадаваць не пачаўшы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».