Вы тут

Паселішча новага ўзору


Макавішчы знаходзяцца амаль у глыбіні векавога лесу. Нават абапал дарогі пушча адразу пазнаецца па яе асаблівых — высокіх, роўных, прыгожых — дрэвах. Едзеш па лесе і раптам трапляеш у населены пункт. Цяжка паверыць, што засталося зараз у вёсцы ўсяго тры карэнныя жыхары. Але гэта так, і праз пару гадоў названую вёску, як многія іншыя, запісалі б у разрад тых, якія знікаюць.


Вуліца ў Макавішчах.

Участкі ідуць з аўкцыёну

Толькі Макавішчы сёння не пазнаць. За дыхтоўнымі агароджамі стаяць такія ж дыхтоўныя дамы: адны багатыя, другія больш сціплыя. Па вуліцы праведзены газ. Адкрыты ажно тры аграсядзібы, аб чым інфармуюць шыльды. Сюды не проста вярнулася жыццё — населены пункт развіваецца. Участкі пад будаўніцтва ў гэтай вёсцы прадаюцца з аўкцыёнаў.

— Даўно пакінутыя сядзібы тут так зарасталі, што было не прабіцца, — расказвае старшыня Дзмітравіцкага сельскага Савета Вячаслаў Русакевіч. — Шматгадовы, калі не векавы, драўляны сухастой нагадаў мне дэкарацыі да мультфільма савецкіх часоў пра Кашчэя Бессмяротнага. Толькі ў нас, падавалася, яны выглядалі яшчэ больш эфектна-відовішчна, то-бок, злавесна. Але ж, як той казаў, варта ўзяцца за работу, і вынік будзе. Паціху ўзяліся расчышчаць тэрыторыю, рыхтаваць да продажу. Па першым часе баяўся, што такі пляц ніхто не адважыцца ўзяць, гэта быў адзін з першых участкаў на продаж. А прадалі яго яшчэ перад дэнамінацыяй за 120 мільёнаў (цяпер 12 тысяч рублёў). Тады стала зразумела, што справа зрушылася з месца. З часам ахвотных знаходзілася больш, людзі набывалі і дамы, і ўчасткі.

За адзін такі ўчастак, напрыклад, у 2021 годзе сельвыканкам атрымаў 30 тысяч рублёў. Яшчэ адзін аўкцыён па продажы ўчасткаў сабраў у зале Камянецкага райвыканкама чатыры дзясяткі ўдзельнікаў. Ці трэба казаць, што таргі прайшлі паспяхова? Геаграфія пражывання пакупнікоў была даволі шырокая: Брэст, Мінск, блізкае і далёкае замежжа. Новыя ўласнікі ў асноўным актыўна браліся за асваенне тэрыторыі. Вёска стала ажываць у прамым сэнсе. Вырасталі дамы, паўстала пытанне іх ацяплення. Гаспадары скааперыраваліся і за свой кошт працягнулі ў вёску газаправод. У дамы прыйшоў газ, што азначала новую якасць жыцця. Напаўняліся галасамі гасцей аграсядзібы. З задавальненнем ехалі на летнія канікулы нашчадкі былых жыхароў вёскі. Некаторыя з іх, дарэчы, прыстойна даглядаюць бацькоўскія хаты. І хоць афіцыйна зарэгістравана ў Макавішчы зараз 12 чалавек, новых дамоў тут больш за два дзясяткі.

Дом з гісторыяй, гаспадар з Данецка

Заходзім у адзін з двароў, дзе заўважаем гаспадара на вуліцы. Знаёмімся: Барыс Гадуноў, родам з Данецка. Барыс Аляксандравіч расказвае сваю гісторыю:

Гаспадар аграсядзібы Барыс Гадуноў.

— Нарадзіўся і вырас у Данецку. Работа была звязана з вугальнай прамысловасцю. У 2014 годзе, калі там стала неспакойна, якраз дасягнуў 60-гадовага ўзросту. Спачатку пабылі з жонкай некаторы час у Марыупалі, думалі, што хутка ўсё скончыцца. Потым вырашылі, што трэба з'язджаць. Ніякіх сваякоў тут не маем. Проста раней некалькі разоў адпачывалі ў Беларусі. Спадабаліся чысціня і парадак, добразычлівасць людзей. Таму і вырашылі шукаць дом у Гродзенскай ці Брэсцкай абласцях. Спачатку паездзілі па Гродзеншчыне, потым прыехалі сюды. Спыняліся звычайна ў аграсядзібах, распытвалі гаспадароў, дзе што прадаецца. Аднойчы начавалі ў Камянюках, наша гаспадыня Таццяна падказала, што ў гэтым баку ёсць вёскі фактычна ў лесе. Вырашылі не давяраць інтэрнэтным абвесткам, а ехаць, каб на свае вочы ўбачыць. Выпадкова ўгледзелі ўказальнік на Макавішчы, павярнулі. Першай, каго сустрэлі, была вясковая бабулька, што сядзела на лаўцы. Папыталі, што прадаецца, яна і паказала на гэты дом. Я толькі глянуў, нават унутр не заходзіў, адразу зразумеў, што дом мой.

Участак у распрацоўцы.

І не памыліўся. Дом быў дабротны, з пушчанскага надзейнага дрэва, і як аказалася, з гісторыяй. Суседзі расказалі, што ўзвёў яго ў сярэдзіне 1920-х гадоў добры гаспадар. Каб зарабіць грошы, ён ездзіў працаваць у Амерыку, як і многія тады. Дом яго атрымаўся — на ўсю вёску. Але ў 1939 годзе адносіны з новай уладай не склаліся, і гаспадар з'ехаў. Дом аддалі пад пачатковую школу. Пасля вайны жыллё выдзелілі ўдзельніку вайны, на сцяне нават зорачка была, якой адзначалі хаты ветэранаў. Калі мы аформілі пакупку, у двары не было ні прыбіральні, ні вады — толькі электрычнасць, — адбілася шматгадовае запусценне. Але ж хутка прывялі хату ў парадак, наколькі магчыма, пакінулі арыгінальную планіроўку, печы. Пастараліся захаваць дух вясковай хаты. На падворку з часам узвёў яшчэ адзін дом, які служыць аграсядзібай, ну, і гаспадарчыя пабудовы паявіліся, вялікая альтанка — усё для жыцця сям'і і зручнасці гасцей.

Работы тут кожны дзень хапае, можна сказаць, знайшлі з жонкай забаўку для нясумнага жыцця на пенсіі. Мясціна цудоўная, паветра гаючае, лес поўны легенд і паданняў, суседзі цікавыя — што яшчэ трэба?

Імпульс для развіцця

Едзем па вуліцы далей, кіраўнік мясцовай улады расказвае, што прыгожы дом са светлай драўніны пабудавалі брэсцкія айцішнікі, але ўжо прадалі яго, бо пераехалі ў іншую краіну. Пакупнік хутка знайшоўся. Як і без праблем знаходзяцца пакупнікі на вольныя ўчасткі. Праўда, ёсць і такія, хто купіў і нічога не зрабіў на кавалку зямлі. На адзін з такіх, на краі вёскі, зараз рыхтуюцца дакументы ў суд, ён будзе канфіскаваны і зноў выстаўлены на продаж.

І не толькі Макавішчы, але Унучкі, Абрамава, Хваянаўка, Асіннікі, Цвіркі атрымалі імпульс у развіцці дзякуючы прытоку новых гаспадароў, якія набываюць дамы альбо ўзводзяць новае жыллё ў Белавежскай пушчы. Вядомая сваёй драматычна-выратавальнай гісторыяй Ражкоўка таксама ў гэтым спісе.

На нядаўна набытым участку.

Набываюць участкі альбо гатовыя дамы людзі з усяго былога Саюза. Не так даўно гаспадарамі нерухомасці стала сям'я з С.-Пецярбурга. Зацікаўленасць праявілі казахскія немцы, ужо некалькі сядзіб набылі выхадцы з Казахстана. Працуе так званае сарафаннае радыё: прыязджае адна сям'я, за ёй падцягваюцца сваякі, знаёмыя. Векавы лес вітае ўсіх.

Тут селяцца, як правіла, людзі не бедныя, гэта відаць па дамах. Усе, вядома, маюць свой транспарт. Але ж ёсць яшчэ тры карэнныя вяскоўцы, і аўтакрама прыходзіць два разы на тыдзень па графіку, да гандлёвай машыны збіраецца далёка не тры пакупнікі, а летам і наогул шмат.

Дарэчы, сельвыканкам таксама застаецца ў выйгрышы ад рэалізацыі ўчасткаў. Напрыклад, у свой час за выручаныя на аўкцыёне грошы купілі новы службовы аўтамабіль, набывалі энергазберагальныя ліхтары для асвятлення вуліц населеных пунктаў, грошы выдзяляюцца на рамонт, на добраўпарадкаванне і паляпшэнне тэрыторый.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Камянецкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».