Вы тут

Лукашэнка: Мы павінны жыць уласным розумам у сваёй краіне і рабіць усё так, як выгадна нашаму народу


Пытанні цэнаўтварэння абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Дакладчыкі — прэм’ер-міністр, старшыня Камітэта Дзяржаўнага кантролю, кіраўнік міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Таксама былі запрошаны ўсе губернатары. Кіраўнік дзяржавы адразу папярэдзіў, што тэма размовы складаная. І з прычыны гэтай складанасці і іншых прычын вельмі непрыемная. Але надзвычай актуальная. 


«Я добра ведаю са сваёй практыкі, як і многія прысутныя на гэтай нарадзе, што такое заработная плата, цэны. Для нашага народа, для ўсіх нас гэта важнае пытанне, таму што кожны дзень з раніцы да вечара мы, сутыкаючыся з гэтымі праблемамі, зразумела, гэтым жывём, — сказаў Прэзідэнт. Жорсткія даручэнні ў цэнаўтварэнні кіраўнік дзяржавы даў восенню мінулага года на нарадзе з эканамічным блокам Урада. 

Ніякага свабоднага рынку і свабоднага цэнаўтварэння няма

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ўсе прывыклі да таго, што «дэмакратыя і свабодны рынак выратуюць свет». «Адкуль гэта прыйшло пасля доўгага перыяду дэкларатыўных цэн у Савецкім Саюзе і рэгулявання ўсіх і ўсяго? Адкуль гэта прыйшло? Рытарычнае пытанне. Амерыканцы, Захад нас заўсёды да гэтага штурхалі: дэмакратыя, дэмакратыя, правы чалавека! Чытай: «Што хачу, тое і раблю ў краіне, што хачу, тое гавару. А потым 2020 год — памятаеце... Вось і ўся дэмакратыя», — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка прыгадаў, што ЗША папракалі Беларусь у тым, што няправільна былі праведзены выбары. «Там таксама прычынай бязладзіцы і сутыкненняў з’явіліся вынікі выбараў. Чым скончыліся? Стральбой. Я заўсёды прыводжу гэты прыклад красамоўны — застрэлілі дзяўчынку, якая тры ці чатыры войны прайшла, абараняючы інтарэсы ЗША. Ніхто не палічыўся ні з чым. Ніякія правы, ніякая дэмакратыя. Пры гэтым я не асуджаю тых абаронцаў вышэйшага органа ўлады, таго будынка, на які ажыццяўляўся напад. Я не асуджаю, гэта іх праблемы», — адзначыў беларускі лідар. 

Яшчэ адзін прыклад, больш блізкі да эканомікі — санкцыі супраць Расійскай Федэрацыі, якія Захад, каб расіяне не маглі іх абысці, уводзіць заодно і для Беларусі. «Чаму Захад і ЗША пачалі рэгуляваць цэны на нафту і нафтапрадукты? Рыначная ж у свеце эканоміка», — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

«Я гэта вам нагадваю і кажу, каб вы разумелі, што мы павінны жыць уласным розумам у сваёй краіне і рабіць усё так, як выгадна нашаму народу. Калі мы бачым неабгрунтаваны рост цэн і што нуварышы, якія ўчора з’явіліся толькі невядома адкуль, стварыўшы свае сеткі у гандлі і гэтак далей, пачалі набіваць кішэні, калі заработная плата ў работнікаў кампаніі 500 долараў, а ў іх у 46 або 60 разоў больш. Гэта што, нармальна?» — канстатаваў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яго патрабаванне застаецца нязменным — дзейнічаць у інтарэсах народа: «Гэтым самым — двума прыкладамі, а іх маса, — я вам даказаў, што ніякай дэмакратыі ў іх няма, ніякіх правоў чалавека, ніякага свабоднага рынку і свабоднага цэнаўтварэння. Яны дзейнічаюць выключна ў уласных інтарэсах. Ну дык давайце і мы, наколькі гэта магчыма, будзем выконваць свае інтарэсы — нашага народа. У сацыяльнай дзяржаве, дзе ўсё для народа». 

Не зніжэнне — рэгуляванне

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, магчыма, не ўсе станоўча паставіліся да даручэнняў наконт цэнаўтварэння — занадта шмат зацікаўленых, каб яны раслі. «Але ж улады ў нас дастаткова, перавагі нашай улады, „дыктатуры“, мы павінны выкарыстоўваць», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў шэрагу выпадкаў цэны нават панізіліся, хаця гэта і не было мэтай. Але пасля іх лютаўскага ўсплёску ў мінулым годзе гэта нармальна, і рэнтабельнасць арганізацый усё роўна засталася на высокім узроўні. «Некаторыя мне тут пішуць: „Зніжэнне цэн“. Мы не ставілі перад сабой такой задачы. Размова ішла аб рэгуляванні цэн. Хоць з перапуду некаторыя, убачыўшы вялікі пласт тлушчу, панізілі гэтыя цэны. Нічога страшнага», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сістэму рэгулявання цэн распрацоўвалі супольна: парламент, урад, камітэт дзяржкантролю, прафсаюзы і мясцовыя органы ўлады, кантралюючыя праваахоўныя органы. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, ёсць тавары, якія патаннелі. Спіс такіх тавараў значны: грэчка, рыс, макаронныя вырабы, раслінны алей, чай, натуральны кава, парфумерыя і касметыка, тэлевізары... Тым не менш, звярнуў увагу Прэзідэнт, на фоне барацьбы з павышэннем цэн ад 1 да 4 працэнтаў сталі даражэйшыя тавары паўсядзённага попыту. Гэта малако, кефір, тварог, іншая малочная прадукцыя, масла, мяса, яйкі і нават дзіцячае харчаванне.

«Усё гэта сведчыць аб тым, што новая сістэма рэгулявання патрабуе далейшага ўдасканалення. Таму сёння я сабраў вас менавіта ў такім шырокім складзе, каб намеціць наступныя крокі па стрымліванні цэнў і выхаду на пастаўленую мной задачу — інфляцыя не больш за 7 — 8 працэнтаў за бягучы год. Гэта амаль у два разы ніжэй, чым у мінулым годзе», — падсумаваў беларускі лідар. 

Працаваць ёсць над чым

Прэзідэнт пералічыў, якія недахопы ў рабоце адказных за цэны ён бачыць.

Па-першае. Рознічныя цэны зніжаюцца пераважна за кошт гандлёвага звяна, у той час як індэкс цэн вытворцаў працягвае расці. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што з гэтым трэба сур’ёзна разабрацца. «Так, гэты паказчык з верасня па снежань у прамысловасці склаў 100,7 працэнта, у сельскай гаспадарцы яшчэ больш — 103,6 працэнта. Сельгаспрадукцыя падаражэла ў чацвёртым квартале амаль на чатыры працэнты, прамысловыя тавары на адзін працэнт», — адзначыў ён. 

Па-другое. Арганізацыі гандлю па-ранейшаму дапускаюць парушэнні заканадаўства ў галіне цэнаўтварэння. «І гэта на фоне праверак, па выніках якіх больш за 100 суб’ектаў гандлю і службовых асоб прыцягнуты да адказнасці і па фактах неабгрунтаванага павышэння цэн узбуджана 50 крымінальных спраў. Складваецца ўражанне, што Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўхілілася ад сваёй непасрэднай працы, асабліва ў рэгіёнах. Праз коску я павінен назваць і дэпутатаў, і кантралёраў. Адно міністэрства з гэтым не справіцца. Гэта задача ўсяго Урада. Губернатараў я не дарма запрасіў і тады, і зараз. Без вас мы ўвогуле не вырашым гэтую праблему. Бо сфера гандлю ўся ў вас», — канстставаў кіраўнік дзяржавы. 

Па-трэцяе. Зніжаецца рознічны тавараабарот (па выніках 2022 года ён склаў 96,3 працэнта да ўзроўню 2021 года). Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што за кошт прыходу на беларускі рынак новых пастаўшчыкоў, а асноўным з дружалюбных нам Расіі і Турцыі, удалося не дапусціць пустых паліц і вярнуць разнастайнасць асартыменту. «Але гэта не нагода супакойвацца. Цэны на імпартныя тавары павінны быць па кішэні нашым грамадзянам, асабліва калі нешта мы не вырабляем самі. Імпарт таксама павінен быць пад найжорсткім кантролем, інакш ён паваліць увесь унутраны рынак», — папярэдзіў Прэзідэнт.

Пры гэтым ён пацікавіўся, як выконваецца даручэнне аб навядзенні парадку з узроўнем заработнай платы кіраўнікоў і ўладальнікаў буйных гандлёвых сетак. Ён звярнуўся з просьбай да прадстаўнікоў СМІ: «Вы, калі ласка, Камітэт дзяржкантролю і ўрад падтрасіце так, каб яны вам назвалі ўсе факты, дзе ў 30-40 разоў „вялікія“ дзеячы, кіраўнікі атрымліваюць зарплату вышэйшую, чым звычайны прадавец і іншыя. А потым бегаюць па сетках і крычаць: „Ах, Прэзідэнт задушыў!“. Прадаўцам трэба давесці: вось 800 ці 1 тысяча рублёў ваш заробак, а вось 50-60 тысяч заробак у гэтых так званых уладальнікаў».

Па-чацвёртае. Па-ранейшаму застаюцца пытанні па трактаванні і практыцы прымянення асобных норм пастановы нумар 713. Узніклі няроўныя ўмовы — для айчынных вытворцаў і імпарцёраў, што спрыяе рэалізацыі пераважна замежнай прадукцыі. «Імпарцёры маюць магчымасць фарміраваць выгадную для сябе цану за межамі краіны і атрымліваюць вялікі прыбытак», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

«Я выдатна разумею, што любая сістэма мер рэгулявання — гэта жывы арганізм, які мяняецца з улікам унутраных і знешніх фактараў. Не ўсё залежыць ад нас у краіне, але і не стаўлю задачы, каб мы ўвесь свет рэгулявалі. Мая задача і ваша ў тым ліку — кантроль за працэсамі, якія адбываюцца ў межах нашай Беларусі», — канстатаваў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што часам пазітыўныя змены дапушчальна паскорыць, як кажуць, уручную.

«Справядлівасць — сутнасць нашай палітыкі»

Кіраўнік дзяржавы прывёў шэраг фактаў і статыстычных даных, якія характарызуюць сітуацыю на спажывецкім рынку і змяненне цэн на розныя катэгорыі тавараў. Так, па яго словах, рэгуляванне цэн дало магчымасць стрымаць інфляцыйныя працэсы, а прыняцце з кастрычніка 2022 года новых мер садзейнічала зніжэнню тэмпаў росту спажывецкіх цэн, у выніку. У выніку ў 4-м квартале 2022 года была зафіксавана дэфляцыя амаль 2 працэнты. Прычым зніжэнне цэн датычылася як айчынных, так і імпартных тавараў.

Гаворачы аб змяненні цэн на айчынныя тавары, беларускі лідар звярнуў увагу на рост цэн на асобныя групы тавараў паўсядзённага попыту, у прыватнасці на плодаагароднінную прадукцыю. Цікава, што цэны павялічваюцца на тыя прадукты, якія вырошчваюцца ў Беларусі: цыбулю, моркву, бульбу. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, наколькі абгрунтаваны гэты рост, які сабекошт і рэнтабельнасць такой прадукцыі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на праблему няроўных умоў ажыццяўлення дзейнасці айчынных вытворцаў і імпарцёраў. Ён падкрэсліў, што гэта стварае перавагі для рэалізацыі замежнай прадукцыі. Напрыклад, у больш выгаднай сітуацыі пры рэалізацыі круп праз розніцу аказваецца той прадавец, хто займаецца імпартам, бо ён можа прымяняць надбаўку імпарцёра 20% і яшчэ да 30% гандлёвай надбаўкі. «Аслеплі ці што? Мы што, гэтага не бачым?» — заўважыў Прэзідэнт. Акрамя таго, гандлёвыя надбаўкі на тавары нізкага цэнавага сегменту не даюць магчымасці пакрыць транспартныя затраты на іх дастаўку ад размеркавальнага цэнтра да канкрэтнага аб’екта гандлю. І ў выніку тавар становіцца недаступным для спажыўца. Прэзідэнт даручыў звярнуць на гэта ўвагу, паколькі, па яго словах, гэта буйны аспект, а не дробязь. 

Ён назваў недастаткова прапрацаваным механізм вызначэння цэн у сферы вытворчасці па індывідуальных заказах, напрыклад, па мэблі.. Таксама Прэзідэнт даручыў прадоўжыць тлумачальную работут па трактаванні і практыцы прымянення пастановы Урада нумар 713 «Аб сістэме рэгулявання цэн», правесці пры неабходнасці дадатковыя сустрэчы з людзьмі, прадстаўнікамі сферы гандлю.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Я вас папярэджваю: адступлення ад гэтага быць не можа. У гэтым сутнасць нашай палітыкі — справядлівасць». Ён заўважыў, што ў няпростай сітуацыі ў свеце і вакол Беларусі некаторыя недахопы можна было б спісаць на санкцыі, знешні ціск і іншае. І гэта сапраўды адна з прычын таго, што адбываецца ўнутры краіны. «Але гэта не прычына, каб усё зваліць у адну кучу і сказаць: мы тут ні пры чым. Аказваецца, прычым. І практыка за чатыры месяцы паказала, што прычым», — сказаў беларускі лідар, яшчэ раз падкрэсліўшы, што справядлівы падыход павінен быць у аснове і цэнаўтварэння, і аплаты працы работнікаў.

Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да тэмы выраўноўвання ўмоў гаспадарання для ўсіх суб’ектаў, у тым ліку для індывідуальных прадпрымальнікаў. Па яго словах, «іпэшнікі пачалі нейкі шум» у сувязі з увядзеннем новых правіл, якія рэгламентуюць іх работу. Аднак прычын для якой-небудзь незадаволенасці, на думку Аляксандра Лукашэнкі, няма. Ён падкрэсліў, што нікога з індывідуальных прадпрымальнікаў з айчыннага рынку не выштурхваюць. Іх проста ставяць у роўныя ўмовы. «Працуеш — плаці падаткі як усе. Не можаш — бяры мятлу. Час прыйшоў такі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

«Трэба кожнаму імкнуцца захаваць нашу краіну»

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ідзе глабальны перадзел свету, яго перафарматаванне. «Што рабіць нам у гэтай сітуацыі? Трэба прайсці акуратна гэты перыяд, захаваць сябе. А захаваем толькі тады, калі будзе ўнутраная стабільнасць», — падкрэсліў ён. Прэзідэнт заўважыў, што беларускае грамадства гэта разумее, паколькі люді бачаць няпростую сітуацыю ў некаторых суседніх краінах.

«Трэба вытрымаць, выстаяць. Трэба кожнаму імкнуцца захаваць нашу краіну. У нас для гэтага ўсё ёсць. Мы не проста можам яе захаваць, а калі скончыцца гэтая дзяльба планеты, мы будзем на парадак вышэй», — сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым, ён падкрэсліў, вельмі важна, каб ўсе накіравалі на гэта свае намаганні. Ён звярнуў увагу, што пытанне вельмі сур’ёзнае і ў гэтых адносінах трэба варушыцца. Прэзідэнт пажадаў, каб Урад сустрэўся з прадстаўнікамі гандлю, вытворчасці і гэтак далей і давёў патрабаванні кіраўніка дзяржавы наконт адносна справядлівага рэгулявання цэнаўтварэння.

«Лепшай бульбы, чым са сваёй зямлі — няма»

Ацэньваючы работу эканомікі Беларусі ў 2022 годзе, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым спрацавалі нядрэнна, але «маглі б крыху лепш».

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка прывёў цікавы факт: з 20 еўрапейскіх краін Беларусь заняла 17-е месца па ўзроўні інфляцыі. Гэта значыць, 16 краін паказалі інфляцыю, вышэйшую за нашу. Кіраўнік урада далажыў, што ў стабілізацыйныя фонды па краіне закладзена больш як 144 тыс.т бульбы, агародніны, яблыкаў. Гэта амаль на трэць больш, чым у мінулы міжсезонны перыяд. Значная частка прадукцыі ўжо закантрактавана.

Раман Галоўчанка і Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў не выключылі, што некаторым гаспадаркам больш выгадна прадаваць на экспарт. Таму яны могуць выдумляць розныя адгаворкі, што іх тавар нібыта не запатрабаваны на ўнутраным рынку. Але ў цэлым сітуацыя з закладкай прадукцыі ў стабілізацыйныя фонды і яе наступнай рэалізацыяй у гэтае міжсезонне лепшая, чым у папярэднія гады. «Я проста хачу губернатараў і мэра Мінска папярэдзіць: не дай Бог праз месяц гэта ўсё вылезе і мы пачнем зноў есці егіпецкую бульбу, а сваёй па нармальных цэнах бачыць не будзем — наракайце самі на сябе. Я не збіраюся вас вучыць, што рабіць. Вы паклалі ў рэзерв гэтыя аб’ёмы — заключыце з гандлем, забяспечце хаця б на сваёй тэрыторыі, у вобласці, сваімі прадуктамі. І каб яна была канкурэнтная з імпартам. Каб імпарт наогул блізка не мог з вамі канкураваць. Таму што лепшай бульбы, чым са сваёй зямлі , лепшай капусты, морквы і цыбулі, чым са сваёй зямлі, дзе мы нарадзіліся і жывём, быць не можа», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што не забараняе пастаўляць прадукцыю на экспарт. Але толькі пры ўмове, што ўнутраны рынак поўнасцю забяспечаны.

Прэзідэнт даручыў вывучыць магчымасць будаўніцтва новых сховішчаў па сучасных тэхналогіях, а таксама паставіў задачу сваім памочнікам у рэгіёнах прааналізаваць сітуацыю са стабфондамі як з пункту гледжання захаванасці прадукцыі, так і яе рэалізацыі.

«Нельга ўсё манапалізаваць»

Раман Галоўчанка далажыў, як складваецца сітуацыя з цэнамі на імпартныя тавары. Праводзіцца работа па выбудоўванні кантролю пастаўкі імпартных тавараў на ўнутраны рынак па адэкватных цэнах. На сёння схема выглядае наступным чынам: Дзяржаўны мытны камітэт ажыццяўляе маніторынг цэн на больш як дзве тысячы ўвозімых таварных пазіцый, у выпадку ўстанаўлення фактаў перавышэння кошту (існуе база рэальнага кошту такіх тавараў) мытны камітэт інфармуе МАРГ, які, у сваю чаргу аналізуе, як гэта ўплывае на інфляцыю, і прымае прымае папераджальныя меры.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, чаму нельга вызначыць канкрэтных імпарцёраў для асноўных таварных пазіцый, калі гэта будзе выгадна. Як прыклад прывёў рэальную гісторыю з жыцця. Да Прэзідэнта звярнуліся з просьбай увезці ў краіну какава-бабы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не быў глыбока пагружаны ў сутнасць праблемы, але вырашыў падтрымаць бізнесменаў з адной умовай: гэтыя какава-бабы павінны быць пастаўлены на беларускі рынак па цэнах ніжэйшых, чым яны тады каштавалі на рынку. Праз тры месяцы какава-бабы гэтымі бізнесменамі былі дастаўлены на «Камунарку». «Я кажу: „Але яны ўзялі?“ — „А як яны не возьмуць? Дырэктар кажа: калі я не вазьму — заўтра пасадзяць. Чаму? Таму што нашмат танней“. Я кажу: „Хлопцы, завозьце ўсе аб’ёмы, калі гэта танней“. Сапраўды танней прывезлі. Эканоміку паказалі, паказалі, колькі яны зарабілі. Гэта значыць нармальна. А чаму мы не можам па крытычных групах тавараў дамовіцца з людзьмі?» — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. 

«Нельга ўсё манапалізаваць, але на асноўных катэгорыях тавараў мы гэта абавязкова адпрацуем», — паабяцаў прэм’ер-міністр.


У тэму

Раман Галоўчанка: «Акрамя адміністрацыйных мер патрэбны і эканамічныя»

Пасля нарады ў Прэзідэнта прэм’ер-міністр сустрэўся з журналістамі. Раман Галоўчанка падкрэсліў, што сітуацыя ў сферы цэнаўтварэння застаецца пад кантролем, выпрацаваная сістэма рэгулявання працуе. Яна не прывяла да негатыўных эфектаў ні для бізнесу, ні для гандлю. Яна не з’яўляецца дагматычнай, адкрыта для мадыфікацый. Таксама ў бліжэйшы час першы віцэ-прэм’ер урада па даручэнню Прэзідэнта правядзе пашыраную сустрэчу з удзельнікамі рынку, з кіраўніцтвам і ўласнікамі прадпрыемстваў гандлю, гандлёвых сетак. Калі будзе неабходна, будуць выпрацаваны дадатковыя меры.

Раман Галоўчанка таксама падкрэсліў, што ў пытанні з цэнамі важны не толькі адміністрацыйны кантроль, бо ў цэнаўтварэнні адыгрываюць ролю попыт і прапанова, якія ўдзейнічаюць на рынак. «Усё павінна быць збалансавана. Акрамя адміністрацыйных мер патрэбны і эканамічныя. Мы павінны прапанаваць больш за свой тавар», — сказаў прэм’ер-міністр. На гэта арыентаваны і праграмы імпартазамяшчэння. Напрыклад, у сельскай гаспадарцы павялічваюць вытворчасць пладова-ягадных і іншых культур. 

Васіль Герасімаў: «Справа ў сацыяльнай справядлівасці»

Падчас нарады кіраўнік дзяржавы звяртаўся да пытання зарплаты работнікаў і кіраўнікоў у некаторых гандлёвых сетках. У размове з журналістамі старшыня Камітэтадзяржкантролю Васіль Герасімаў журналістам, што ў шэрагу выпадкаў зарплаты ў кіраўніцтва гандлёвых сетак як раслі, так і растуць. «Напрыклад, калі ў чалавека была зарплата 148 тысяч рублёў, то зараз яна 193 тысяч рублёў. У некаторых заробкі скокнулі ў 4 разы. У некаторых у два разы. Хтосьці. атрымлівае 147 тысяч, нехта 98 тысяч, нехта 36 тысяч»- расказаў ён. Але справа нават не ў зарплатах кіраўніцтва, а сацыяльнай справядлівасці, аб чым гаварыў Прэзідэнт. «Калі б быў адпаведны рывок і па заробках служачых, але гэтага не адбываецца. А калі браць эканамічны вынік работы сетак, то ў прынцыпе за мінулы год па прыбытку яны спрацавалі ў два разы больш, чым у 2021 годзе. Гэта значыць рэсурсы ў іх ёсць», — канстатаваў старшыня КДК. Зарплата касіра ў сярэднім 800-1200 рублёў. І па словах Васіля Герасімава, яна не расце сямімільнымі крокамі ў залежнасці ад таго прыбытку, які атрымлівае тая ці іншая гандлёвая сетка. 

Старшыня камітэту дзяржкантролю таксама адзначыў, што суадносіны зарплат у прамысловасці ў Беларусі ўстаноўлены на ўзроўні 1 да 8. Вось нешта аналагічнае павінна быць і ў гандлі. «Або ісці па шляху іншых краін, калі абкладаюцца звышдаходы вялікім падаткаабкладаннем. Цяпер мы ў бліжэйшы час выпрацуем гэтыя шляхі. Плюс было даручэнне, што сеткі павінны несці нейкую сацыяльную нагрузку», — рэзюмаваў ён.

Аляксей Багданаў: «У нашай дзяржаве законы неабходна выконваць»

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў расказаў, што ў сферы гандлю ўдалося пераламаць шматгадовы негатыўны трэнд — павялічыць долю айчыннай прадукцыі. Кіраўнік МАРГ падкрэсліў, што сістэма рэгулявання цэн у Беларусі даказала сваю эфектыўнасць. Але гэта жывы дакумент, які можа трансфармавацца, удасканальваючыся ў залежнасці ад эканамічнага асяроддзя, якое змяняецца. «Як будзем дзейнічаць у 2023 годзе? Мы прадоўжым сістэму цэнавага рэгулявання. Урад сёння дадаткова распрацоўвае некалькі дакументаў эканамічнага характару», — сказаў ён. Сярод дакументаў, якія рыхтуюцца, — праграма сумесных дзеянняў КДК і Урада. Акрамя таго, прыняты мэтавы план сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2023 год, дзе закладзены дакладныя параметры, як можна павышаць цэны ў вытворчасці. Аляксей Багданаў растлумачыў, што вытворцы пры павышэнні цэн абавязаны арыентавацца на гэтыя цэнавыя параметры. У мінулым годзе індыкатары былі даволі высокія, а сёлета яны істотна ніжэйшыя.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.