Вы тут

Як дырэктар вясковай школы сваю ўстанову ўпрыгожвае


Хадосаўская базавая школа Камянецкага раёна зусім не падобная на сучасныя тыповыя навучальныя ўстановы, дзе шырокія калідоры, прасторныя сталоўкі, спецыялізаваныя класы, спартыўныя залы з усім наборам інвентару, а нярэдка і басейны. Будынак прыстасаваны, узведзены амаль 60 гадоў таму як кантора раённай МТС (не блытаць машынна-трактарную станцыю з мабільнымі тэлесістэмамі), ужо многія гады служыць справе асветы сельскіх дзяцей. 


Наталля Казлюк.

Спецыфічная архітэктура пабудоў раённага ўзроўню сярэдзіны мінулага стагоддзя ўгадваецца ў вузкіх калідорах, стромкіх лесвіцах, вялікіх вокнах, але гэта зусім не перашкаджае школе выглядаць прывабна. Сюды заходзіш і прыпыняешся, пачынаеш разглядаць, бо ўзнікае думка пра музей альбо карцінную галерэю: столькі тут святла, пазітыву сыходзіць ад разнастайных кветак на карцінах, самых розных упрыгажэнняў. Нават шпалеры на сцены ўздоўж крутых лесвіц падабралі такія (дзе толькі знайшлі?), што на першы погляд вельмі нагадваюць мармуровую крошку. Аказалася, я не першая, хто цішком стараўся памацаць сцяну, а потым задаць пытанне. Адзін з калег тутэйшых настаўнікаў, калі трапіў у школу, выказаў сваё ўражанне словамі «Школка-шкатулка». Сапраўды, шмат фантазіі, штукарства, умення прыкладзена, каб аздобіць сцены калідораў, класаў, іншых памяшканняў, застаецца толькі прыемна здзіўляцца. 

Аказалася, што аўтар абсалютнай большасці гэтых упрыгажэнняў — дырэктар школы Наталля Казлюк. Наталля Іванаўна, выпускніца Хадосаўскай школы, па спецыяльнасці настаўніца беларускай мовы і літаратуры, працуе ў роднай установе без малога 30 гадоў. А да гэтага скончыла Кобрынскае вучылішча мастацкіх промыслаў. Маляваць і майстраваць прыгажосць з дзяцінства было любімай справай. Цяпер вось засталося ў якасці хобі. 

У школе.

У вольны час настаўніца вяжа, вышывае, стварае карціны з розных падсобных матэрыялаў, у апошнія гады па чарзе захаплялася алмазнай мазаікай, вырабамі з крэпавай паперы, кампазіцыямі з фаамірану, нават з цэментам працуе, садовыя фігуркі вырабляе. 

Калі ў жніўні праходзіць педсавет у райцэнтры, калегі часам просяць прывезці свае работы, і яна выстаўляе, апошнім разам былі вязаныя рэчы. Кажа, што дома наогул вырабаў амаль не мае, усё дорыць сваякам, сябрам, знаёмым. Ну, а роднай школе і пагатоў. Тут заўсёды вырабляюцца і абнаўляюцца нейкія стэнды, дамапожнікі, наглядны матэрыял. Аб тым, што самыя прыгожыя вырабы займаюць месца на сценах, ужо гаварылася. 

— Будынак жа стары, бывае так, што нешта адвалілася, адкрышылася ад сцяны, паправім, а каб слядоў не прыкметна было, павесім нейкую карцінку — гаворыць дырэктар. — Або проста паявіцца жаданне невялікім штрышком ажывіць шэрасць сцяны ў кутку, скажам, для заняткаў творчасцю. Так, напрыклад, паявіўся вясёлы янот з акварэльннымі фарбамі, аблокамі і вясёлкай. А гісторыю сваёй школы мы паказалі здымкамі розных гадоў, якія аформілі ў выглядзе дрэва. Гэта была цікавая работа, яна захапіла многіх членаў нашага педагагічнага калектыву. Ёсць нагода ганарыцца былымі вучнямі, бо абсалютная большасць выпускнікоў сталі добрымі працаўнікамі, сямейнікамі. Многія працуюць у нашым раёне, у суседніх вёсках. 

Вынік сямейнай творчасці — каля дома.

Зараз у школе навучаецца 72 хлопчыкі і дзяўчынкі. Дырэктар перакананая, што выхоўваць дзяцей трэба у тым ліку і прыгажосцю. Бываюць, вядома, дробныя здарэнні ў выглядзе пашкоджання якой-небудзь дэталі інтэр’еру. Але так, каб свядома нешта псавалі, ламалі, такога няма. 

І не толькі ў школе наводзіць прыгажосць сельская настаўніца. Разам з мужам Васілём Уладзіміравічам яны зрабілі цудоўную зону побач са сваім трохпавярховым шматкватэрным домам. Там з’явіўся цэлы куток для адпачынку з альтанкамі, лаўкамі, гульнявой дзіцячай пляцоўкай. Гэта ўжо найбольш заслуга мужа, бо яго хобі працаваць з дрэвам. Па бацьках пайшлі і дзеці — сын і дачка таксама маюць творчыя жылкі, займаюцца мастацкімі вырабамі ў вольны ад работы час. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.