Вы тут

У Віцебску адкрылі абласны медыяцэнтр


У Віцебску адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця абласнога медыяцэнтра. У запуску пілотнага праекта прынялі ўдзел міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, кіраўніцтва вобласці і раёнаў, прадстаўнікі СМІ.


Ініцыятарамі стварэння інфапляцоўкі выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама і абласная газета «Віцебскія весткі». Медыяцэнтр паўночнага рэгіёна атрымаў прапіску ў Доме прэсы, дзе размяшчаюцца рэдакцыі буйнейшых віцебскіх газет і карэспандэнцкія пункты рэспубліканскіх СМІ. Новы праект стане прасторай для навучання, павышэння кваліфікацыі юных і вопытных журналістаў, прадстаўнікоў мясцовай улады. Плануецца ладзіць відэаканферэнцыі, семінары, трэнінгі і практыкумы — медыяцэнтр укамплектаваны сучаснай тэхнікай. Пытанні актуальнай вёрсткі і напаўнення кантэнтам для рэгіянальных газет, сакрэты фотаздымкі, аператыўнасць, аб’ектыўнасць і навізна — інфармацыйная прастора Віцебшчыны выйдзе на новы ўзровень і зойме важную нішу ў фарміраванні іміджу вобласці. Для школьнікаў, якія займаюцца ў гуртках па інтарэсах журналісцкага напрамку, студэнты і выкладчыкі ВДУ імя П.М. Машэрава будуць ладзіць майстар-класы, тым больш што медыяцэнтр універсітэта асвятляе студэнцкае жыццё на прафесійным узроўні: у ВДУ выпускаюць друкаваны і электронны часопіс, працуе студэнцкае тэлебачанне, маецца моцная база па стварэнні відаэкантэнту.

На цырымоніі адкрыцця свае пляцоўкі прадставілі інфармацыйныя флагманы Падзвіння і падзяліліся сакрэтамі поспеху ў медыяпрасторы. «Аршанская газета» паказала ўдзельнікам мерапрыемства тэатральную замалёўку «Як правільна „варыць“ кантэнт»; гарадская газета «Віцьбічы» прадэманстравала цікавыя відаэролікі, якія карыстаюцца папулярнасцю ў YouTube; «Віцебскія весткі», якія крочаць ў нагу з сучаснымі тэндэнцыямі, падзяліліся лайфхакамі развіцця газеты ў ТikТok.

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Марыны Навіцкай, у будучым на базе медыяцэнтра плануецца стварыць яшчэ і адукацыйную лабараторыю з неабходным абсталяваннем для работы, у тым ліку і ў фармаце анлайн. Арганізатары праекта разлічваюць, што медыяцэнтр стане пляцоўкай не толькі для ўдасканалення традыцыйных СМІ, але і для папулярызацыі і развіцця блогасферы.

Удзельнікі мерапрыемства, сярод якіх былі і кіраўнікі райвыканкамаў вобласці, прынялі ўдзел у дыялогавай пляцоўцы, на якой былі абмеркаваны пытанні якаснага ўзаемадзеяння прадстаўнікоў улады і СМІ, вырашэння праблем грамадства праз надзейныя інфармацыйныя каналы.

— Я ўражаны сённяшнім мерапрыемствам. Яно прайшло ў незвычайнай форме. Мы пастараліся зрабіць гэту сустрэчу максімальна карыснай для ўсіх удзельнікаў, каб яны з першых вуснаў пачулі пра тэндэнцыі, якія ёсць зараз у сучасных медыя. Не толькі ў СМІ, але і ў месэнджарах, сацыяльных сетках, куды зараз пайшлі нашы чытачы, гледачы і слухачы. Мы таксама ідзем туды да іх. Наколькі будзе эфектыўным гэта ўзаемадзеянне, настолькі будзе эфектыўнай і наша праца. Мы павінны закрываць патрэбы нашых жыхароў у атрыманні аб’ектыўнай аператыўнай інфармацыі пра жыццё рэгіёна ў цэлым, пра актуальныя праблемы, іх вырашэнне, пра рашэнні ўлады, якія паўплываюць на жыццё кожнага чалавека, — падзяліўся Уладзімір Пярцоў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.