Вы тут

Ад райскага саду да стала Дзядоў


Квітнеюць сады... Голле згінаецца пад цяжарам сакавітых яблыкаў... Сям'я, усе яе пакаленні, дружна збіраюць у сваім садзе ўраджай... Яркія плады — плён рупнай працы — упрыгожваюць стол... Вечны цыкл: семя — рост — квецень — пладанашэнне — звяданне — і зноў адраджэнне, аб'яднаны стваральнай працай чалавека. Выстава «Плады Зямлі», якая адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі, прысвечана Году міра і стварэння. Каля чатырох дзясяткаў твораў аўтарства трох дзясяткаў мастакоў — ад XVІІІ да канца ХХ стагоддзя —дазваляюць дакрануцца да спаконвечнай мудрасці быцця: у аснове Сусвету — прыгажосць і гармонія. Выстава прысвечана пладам зямлі як вынікам працы чалавека, божым дарам, сімвалам любові і радасці. Гэта не толькі нацюрморты — тут ёсць пейзажы, жанравыя карціны, нават партрэты, а таксама кераміка і скульптура. Пачынаецца расповед з абраза XVІІІ стагоддзя «Маці Божая Пясковая» з царквы Святой Параскевы ў вёсцы Старыя Дзявяткавічы, што пад Слонімам. Паводле легенды, манах, які пісаў абраз, паспеў зрабіць толькі контур аблічча Маці Божай — і заснуў... А нараніцу пабачыў ікону завершанай, а ў руцэ Немаўляці Хрыста быў яблык... Сімвал райскага саду.


Зрэшты, «Райскі сад» — назва аднаго з раздзелаў выставы, які паказвае тую пару года, калі зямля квітнее... Там не проста сузіраеш прыгажосць — але і слухаеш спевы птушак, якія транслююцца на фоне квецені. Іншыя раздзелы — «Кветкі і плады», «Дыялог», «Жыццё на стале», «У стылі Сезана». Ужо з гэтых назваў вынікае інтэлектуальны, філасофскі складнік экспазіцыі і яе шматаблічнасць.

Увасабленнем шчодрасці роднай прыроды, гасціннасці Беларусі даўно стала карціна Івана Хруцкага «Партрэт невядомай з кошыкам пладоў», якая таксама прысутнічае ў экспазіцыі і ўспрымаецца нібыта яе сэрца, сімвал традыцый і пераемнасці ў беларускім мастацтве.

Розны настрой, розныя інтэрпрэтацыі... Радасць, якую дорыць сузіранне багатага ўраджаю... Настальгія, абуджаная яблыкамі са старога бацькоўскага саду... Містычныя роздумы, народжаныя за сталом на свята Дзядоў... Работы Міхаіла Рагалевіча, Аляксандра Кішчанкі, Валянціна Волкава, Гаўрыіла Вашчанкі, Святланы Катковай, Валяр'яны Жолтак, Сяргея Цімохава ды іншых беларускіх майстроў падораць вам незвычайнае падарожжа ў свет мастацтва і хвіліны роздуму. «Прапанаваныя ў экспазіцыі творы мірнай стваральнай працы даюць магчымасці нам «спыніцца, азірнуцца», прыгледзецца да дароў зямлі», — гаворыцца ў анатацыі да выставы.

Паблукаць між выявамі квітнеючых дрэў, дзівоснымі нацюрмортамі са спелымі пладамі, сцэнамі уборкі ўраджаю ды іншымі сімваламі стваральнасці можна да 5 сакавіка.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.