Вы тут

Запасы карысных выкапняў у нас штогод папаўняюцца


Геолагаразведачныя работы для пошуку новых радовішчаў і плошчаў карысных выкапняў вядуцца ў Беларусі ўжо шмат дзясяткаў гадоў. Гэтая дзейнасць важная для павышэння эканамічнага патэнцыялу краіны, а таксама для пастаяннага папаўнення мінеральна-сыравіннай базы Беларусі. У краіне больш як 10 тысяч радовішчаў розных карысных выкапняў. Карэспандэнт БелТА паразмаўляў з міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Худыкам аб перспектывах пашырэння геалагічнай галіны ў Беларусі, забяспечанасці пэўнымі відамі рэсурсаў і новых радовішчах. Кіраўнік прыродаахоўнага ведамства расказаў аб мадэрнізацыі абсталявання, імпартазамяшчэнні выкапняў ва ўмовах санкцый і рабоце з патэнцыяльнымі інвестарамі ў сферы геолагаразведкі.


— Андрэй Паўлавіч, мінеральна-сыравінная база — багацце нашай краіны. Якія меры па яе пашырэнні сёння прымаюцца?

— Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пастаянна вядзе аналіз стану мінеральна-сыравіннай базы Беларусі, а таксама ўзроўню выкарыстання сыравіны і патрэбы ў ёй прадпрыемстваў. Акрамя таго, прапануюцца перспектыўныя радовішчы карысных выкапняў для разведкі і распрацоўкі.

Геолагаразведачныя работы ў асноўным выконваюцца ў рамках падпраграмы «Нетры Беларусі» дзяржаўнай праграмы «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў».

Так, на 2021—2025 гады запланавана 19 канкрэтных мерапрыемстваў для забеспячэння краіны запасамі карысных выкапняў і павышэння эфектыўнасці дзеючых вытворчасцяў па здабычы і першаснай перапрацоўцы мінеральнай сыравіны. Большасць з гэтых мерапрыемстваў накіравана на замену імпартнай сыравіны — пяску для шкляной прамысловасці, глін і каалінаў для керамічнай прамысловасці, мелу для цэлюлозна-папяровай і лакафарбавай прамысловасці.

— Наколькі краіна сябе забяспечвае рознымі відамі рэсурсаў? Ці знойдзены ў апошнія гады новыя радовішчы?

— Разведаныя запасы карысных выкапняў даюць магчымасць забяспечыць сыравінай усе буйныя горназдабывальныя прадпрыемствы Беларусі пры іх рабоце на поўную вытворчую магутнасць.

Пры цяперашніх аб'ёмах здабычы прамысловымі запасамі калійных і каменнай соляў, даламіту, глін, пяску краіна забяспечана больш як на 100 гадоў. Запасаў торфу хопіць на 70 гадоў, а запасаў падземных вод, будаўнічага каменю і трэпелу — больш як на 50 гадоў. Акрамя таго, дзякуючы пастаяннай рабоце геолагаў запасы карысных выкапняў у нас штогод папаўняюцца.

Так, у 2018—2020 гадах выяўлена і папярэдне разведана радовішча Навадворскае ў Пінскім раёне з новым для Беларусі відам карысных выкапняў — базальтамі і туфамі. Гэты від сыравіны можа быць выкарыстаны для вытворчасці базальтавых бесперапынных валокнаў, арміруючых матэрыялаў і вырабаў, базальтавых супертонкіх валокнаў і іншых вырабаў у мэтах поўнага імпартазамяшчэння.

Паліўныя брыкеты «Піні Кей» вырабляюць у Быхаве.  Прадукцыя цалкам ідзе на экспарт.

— Якія цяпер аб'ёмы здабычы карысных выкапняў у Беларусі?

— За апошнія гады назіраецца ўстойлівая станоўчая дынаміка росту здабычы асноўных відаў мінеральнай сыравіны. Напрыклад, калі ў 2016 годзе мы здабывалі 104 млн тон карысных выкапняў, то ў 2021 годзе — ужо 123 мільёны. У гэты ж час імпарт з 4,3 млн тон увозімай сыравіны ў 2016 годзе знізіўся да 1,4 млн тон у 2021-м.

— Як у Беларусі арганізавана работа па пошуку новых залежаў нафты? Якія ёсць поспехі за апошнія гады ў гэтай сферы?

— У краіне гэтым займаюцца такія дзяржаўныя прадпрыемствы, як «НПЦ па геалогіі» і «Вытворчае аб'яднанне «Беларуснафта».

Работы па вуглевадародах, якія праводзяцца Навукова-вытворчым цэнтрам па геалогіі, у першую чаргу накіраваны на выяўленне перспектыўных плошчаў з ацэнкай прагнозных рэсурсаў нафты і запасаў. У сваю чаргу дзейнасць «ВА «Беларуснафта» грунтуецца на больш дэталёвых работах на раней выяўленых перспектыўных плошчах. Іх мэта — падрыхтоўка залежаў да распрацоўкі.

У нетрах Беларусі схавана нафта.

Агулам у краіне за перыяд 2016—2022 гадоў было адкрыта 10 радовішчаў нафты. У 2022 годзе дзякуючы сумеснай рабоце гэтых арганізацый дасягнута здабыча нафты ў 1,81 млн тон, што на 180 тысяч тон больш, чым у 2016 годзе. Атрыманы прырост запасаў нафты ў 2,15 млн тон — гэта на 390 тысяч вышэй, чым у папярэднім годзе.

— Здабыча калійных соляў — важны напрамак для краіны. Наколькі мы забяспечаны гэтым відам карысных выкапняў і ці будуць пашырацца работы па пошуку іх новых радовішчаў?

— На гэты момант запасы калійных соляў складаюць 7,3 млрд тон. Пры існуючай штогадовай здабычы — каля 53 млн тон — краіна забяспечана гэтымі запасамі больш чым на 100 гадоў. Акрамя Старобінскага і Петрыкаўскага радовішчаў, якія зараз распрацоўваюцца, у Беларусі выяўлены яшчэ і Акцябрскае радовішча, а таксама ўчасткі Жыткавіцкі і Капаткевіцкі, якія служаць рэзервовай сыравіннай базай для калійных прадпрыемстваў.

Пры неабходнасці павелічэнне сыравіннай базы калійных соляў магчыма за кошт нарошчвання запасаў у краявых частках шахтавых палёў і асваення больш глыбокіх гарызонтаў.

— Як ідуць справы з пошукам высакародных металаў (золата, серабра і паладыю)?

— На тэрыторыі нашай краіны выяўлены праявы ўрану, золата, радовішчы жалезных руд і іншых карысных выкапняў. Аднак стрымлівальны фактар іх далейшага вывучэння і ўводу — недастатковая эканамічная эфектыўнасць іх распрацоўкі з-за нізкай якасці сыравіны, якая саступае імпартнай, а таксама складаныя горна-геалагічныя ўмовы распрацоўкі.

Разам з тым Мінпрыроды сумесна з зацікаўленымі прапрацоўвае варыянты давывучэння і паляпшэння якасных характарыстык гэтых карысных выкапняў, а таксама пошук тэхналогій іх узбагачэння, у тым ліку ў краінах блізкага замежжа.

У шахце па здабычы руды для вытворчасці калійных угнаенняў  на Петрыкаўскім рудаўпраўленні ААТ «Беларуськалій».

— Ва ўмовах санкцыйнага ціску асаблівую актуальнасць набыла тэма імпартазамяшчэння. Якія меры прымаюцца для ўцягвання карысных выкапняў у гаспадарчы абарот, у тым ліку для замяшчэння імпарту будматэрыялаў? Якія магчымасці для гэтага ёсць у краіны?

— Нягледзячы на наяўнасць уласных карысных выкапняў, такіх як каалін, кварцавыя пяскі, гліны, даламіт, мел і базальты, мы іх таксама імпартуем.

Доўгі час многія прадпрыемствы выкарыстоўвалі сыравіну з краін постсавецкай прасторы, таму што гэта было эканамічна выгадна і абгрунтавана. Аднак ва ўмовах закрыцця традыцыйных рынкаў і павелічэння кошту імпартнай сыравіны стаіць задача актывізаваць работу па асваенні і выкарыстанні ўласнай сыравіны. Па многіх напрамках шэрагам прадпрыемстваў арганізавана работа па павелічэнні здабычы сыравіны, пераглядаюцца падыходы па тэхналогіі ўзбагачэння карысных выкапняў.

Так, напрыклад, арганізацыі Мінпрама павялічылі выкарыстанне айчыннага кварцавага пяску (Гомельскага горна-ўзбагачальны камбінат), прыдатнага ў якасці фармовачнага.

Мінпрыроды сумесна з зацікаўленымі ведамствамі і арганізацыямі распрацавалі шэраг мерапрыемстваў па пашырэнні выкарыстання ўласных мінеральна-сыравінных рэсурсаў.

— Ці плануюцца нейкія тэхнічныя змены ў сферы геолагаразведкі (мадэрнізацыя абсталявання, падрыхтоўка кадраў і іншае)?

— Удасканаленне тэхналагічных магчымасцяў дзяржпрадпрыемства «НПЦ па геалогіі» дасць магчымасць не толькі знізіць затраты на бурэнне свідравін, але і істотна зменшыць час на правядзенне такіх работ. У 2022—2024 гадах плануецца ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу прадпрыемства, набываючы абсталяванне ў лізінг на ўмовах, вызначаных распараджэннем Прэзідэнта.

Цяпер у геолагаразведачнай галіне ёсць праблема кадравага дэфіцыту, звязаная не толькі з высокім сярэднім узростам работнікаў, але і з адтокам маладых кадраў.

Для вырашэння гэтых праблем мы стараемся павышаць прэстыж працы супрацоўнікаў геолагаразведачнай галіны і ўзровень сярэдняй заработнай платы. Акрамя таго, удзяляем увагу павышэнню кваліфікацыі і перападрыхтоўцы кадраў, а таксама паляпшэнню сацыяльна-бытавых умоў у час вядзення палявых работ.

— Раней ішла размова аб магчымых інвестыцыях з боку Кітая. Якая работа вядзецца ў гэтым напрамку?

— Магчымыя напрамкі супрацоўніцтва абмяркоўваюцца з Пасольствам Беларусі ў КНР. Наша пасольства праводзіць сустрэчы з кіраўніцтвам правінцый і кампаній з мэтай пошуку патэнцыяльных партнёраў, прапрацоўваюцца магчымасці супрацоўніцтва. Перыядычна накіроўваюцца інфармацыя і дэманстрацыйныя матэрыялы аб радовішчах і ўчастках, прывабных для інвестыцый, у прыватнасці аб'ектаў, уключаных у пералік для перадачы ў канцэсію.

У якасці патэнцыяльных партнёраў разглядаюцца і іншыя краіны.

Каб павысіць інвестыцыйную прывабнасць аб'ектаў, разглядаем магчымасць поўнасцю вызваліць інвестара ад абавязку кампенсаваць у даход рэспубліканскага бюджэту затраты на выкананне за кошт сродкаў дзяржавы геалагічнага вывучэння нетраў.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.