Вы тут

Месца сілы. Падводныя камяні куплі вясковага дома


«Мы купілі дом, бо я павялася на стары буфет. Тады яшчэ не ведала, колькі праблем за ім хавалася... Унутраная нясучая сцяна са струхлелым ніжнім бервяном, укладзеным на зямлю, рэстаўрацыя вокнаў, замена падлогі... У выніку прыйшлося знесці ледзь не палову дома і будаваць яе наноў». «Калі куплялі хату, думалі, што проста зробім хуценька касметычны рамонт. Але пасля дажджу высветлілася, што дах цячэ, а печка, якую прапалілі, дыміць, бо знаходзіцца ў аварыйным стане...» Большасць людзей купляюць старыя вясковыя дамы, кіруючыся ў першую чаргу эмоцыямі. Пры гэтым часта не ацэньваюць рэальнага стану зруба, даху, падлогі, бо проста не маюць спецыяльных ведаў і досведу. У выніку сутыкаюцца з мноствам праблем: як падняць дом, замяніць гнілыя вянкі ды лагі падлогі, падліць падмурак, разабраць ці давесці да ладу печ, пачысціць і паглыбіць калодзеж, знесці стары хлеў... Мінчанін Міхаіл Суднік, які сам купіў і рэстаўрыруе дзве хаты ў вёсцы, падзяліўся досведам, як можна максімальна патанніць рамонтныя работы.


Пра Блакітныя азёры ды чорнавалосую дзяўчынку

Міхаіл і Ксенія адразу пасля пакупкі хаты на Блакітных азёрах.

— Міхаіл, як так атрымалася, што ў чалавека, які меў лецішча, з'явіліся яшчэ і дзве хаты за горадам?

— Наша лецішча з рэтрарамонтам, які мы з жонкай Ксеніяй рабілі самі, месціцца ў садовым таварыстве за 10 кіламетраў ад Мінска. Але душа прагнула сапраўднага вясковага дома падалей ад сталіцы, дзе-небудзь у маляўнічым месцы. Я не раз уяўляў, як прымаў бы там турыстаў, вазіў іх па аколіцы, паказваў мясцовыя адметнасці. Мы трымалі гэтую думку ў галаве. Ксенія час ад часу скідвала нейкія аб'явы. А мінулым летам даслала фота жоўценькай хаткі ў вёсцы Старая Мядзельскага раёна. Я зацікавіўся, бо там побач мае любімыя Блакітныя азёры. І кошт быў невысокі, тысяча долараў у эквіваленце. Мы тут жа селі ў машыну і паехалі на агледзіны. Прыехалі ў вёску амаль ноччу, святла ў хаце няма, таму глядзелі з ліхтарыкам. На сцяне Ксенія ўбачыла карціну: на ёй — чорнавалосая дзяўчынка, вельмі падобная да яе дачкі... Вырашылі, што гэта знак, і ў выніку набылі тую хату. Першы час пасля пакупкі жонка працягвала па звычцы дасылаць мне фота вясковых дамоў. Сярод іх была хата на хутары ў Глыбоцкім раёне. Яна знаходзіцца за 90 кіламетраў ад Блакітных азёраў. За яе прасілі нават менш за тысячу долараў. Я падумаў: за такія грошы лепш гэты дом узяць, чым ён згніе. Усё атрымалася спантанна. Вось цяпер паралельна аднаўляем дзве хаты.

Перш чым прыступіць да рамонту, Міхаіл і Ксенія пачалі шукаць тэматычныя суполкі ў інтэрнэце, дзе можна было б атрымаць практычныя парады па аднаўленні вясковай хаты. У выніку, не знайшоўшы таго, чаго шукалі, стварылі сваю старонку ў Іnstagram VёSka Lіfe. Яна карыстаецца папулярнасцю: прайшло толькі паўгода, а там ужо больш як дзесяць тысяч падпісчыкаў — тых, хто любіць вёску і мае ці яшчэ толькі марыць пра сваё месца сілы ўдалечыні ад горада.

Пра стагадовы зруб ды шалёўку

— Што можаце параіць людзям, якія яшчэ толькі шукаюць сваё месца сілы? На што трэба звярнуць увагу пры пакупцы вясковага дома?

— Я раіў бы праехацца па вёсках, дзе хацелі б жыць, пагаварыць з мясцовымі жыхарамі, бо вельмі часта аб'явы аб продажы дамоў не выстаўляюцца ў інтэрнэце. Таксама можна даць аб'яву ў мясцовую газету — думаю, прапаноў будзе шмат.

Знаходкі ў доме на хутары.

Пры пакупцы старога вясковага дома можа быць досыць нюансаў. Каб не набыць ката ў мяшку, трэба пастарацца максімальную колькасць пытанняў абмеркаваць да афармлення здзелкі. Адным з такіх пытанняў можа быць адсутнасць электрычнасці. Праводзіць яе з нуля і рабіць новы праект — не таннае задавальненне, прыйдзецца заплаціць некалькі тысяч рублёў. Незалежна ад таго што кажа вам прадавец, патэлефануйце самі ў раённы ўчастак энергазбыту. Там скажуць, ці знаходзіцца дом у базе, ці няма запазычанасці. Ёсць таксама служба «Адно акно» раённых электрасетак, дзе можна атрымаць кансультацыю. Калі па выніках званкоў у вас няма перашкод для падключэння дома да электразабеспячэння, ацаніце стан старой праводкі. Як правіла, яе трэба цалкам і без шкадавання замяніць, бо гэта ваша бяспека. У прыватнасці, хоць наш дом быў адключаны ад лініі электраперадачы з 1990-х гадоў, у базе меўся. Таму падключэнне святла абышлося нам усяго ў 20 рублёў плюс кошт бензіну, бо прыйшлося некалькі разоў ездзіць у Мядзел. Майце на ўвазе, што калі вы прапішацеся ў вясковай хаце, то можаце разлічваць на льготны тарыф на ацяпленне.

У асноўным у вёсцы прадаюцца дамы даваеннай ці пасляваеннай пабудовы. Прынамсі, нашай хатцы на Блакітных азёрах сёлета споўніцца сто гадоў. І хоць раней выкарыстоўвалі якасны зімовы лес, усё адно за гэты час бярвенні маглі падгніць у некаторых месцах, дзесьці іх падтачыў караед. Таму першае, што трэба зрабіць, — агледзець сам зруб. Прастукайце яго тупым прадметам: калі гук моцны і дакладны — бярвенні добрыя. Калі зруб звонку абшыты шалёўкай, а знутры абклеены шпалерамі — не саромейцеся: папрасіце гаспадара ададраць у некалькіх месцах пару дошак і кавалкаў шпалераў, каб паглядзець, у якім ён стане. Калі ўсё ж такі купіце гэтую хату, пры яе рамонце знешнюю абшыўку трэба здымаць цалкам, каб пераканацца, што ўсё ў парадку.

Печка на хутары да рэканструкцыі.

Печка на хутары пасля рэканструкцыі.

Звярніце ўвагу на печку, паспрабуйце яе прапаліць, у вёсцы гэта асабліва важна.

Пазнаёмцеся і паразмаўляйце з суседзямі. Яны могуць вам расказаць пра стан дома, бо жылі побач з ім. Выслухайце некалькі меркаванняў, таму што заўсёды знойдуцца тыя, хто вам не вельмі рады ці хоча паказаць сваю значнасць, расказваючы, што яны хацелі купіць і «парэзаць» гэты дом на дровы.

— Можа, каб ацаніць стан дома, лепш узяць з сабой чалавека, які разбіраецца?

— Калі ёсць такі на прыкмеце, можна. Але пытанне: колькі грошай ён папросіць за сваю паслугу? Ведаю выпадак, калі спецыяліст яшчэ не паспеў зайсці ў дом, а ўжо вынес вердыкт: «Прасцей знесці гэты дом і пабудаваць новы». У нашым выпадку такое нават не разглядалася. Мы ж не ад сквапнасці скупілі тыя хаты. Нам хочацца даць ім другое жыццё, захаваць каларыт і дух таго часу. Мы з Ксеніяй атрымліваем асалоду ад рэстаўрацыі старых рэчаў. Гэта як стыль жыцця, хобі. Я перакананы: стаяла хата сто гадоў і яшчэ столькі ж прастаіць. Новае пабудаваць, можа, і прасцей, але гэта ўжо будзе зусім не тое... Нам часам пішуць: «Ды каму патрэбны гэтыя развалюхі, вёска памірае...» Але ж менавіта ад нас залежыць, памрэ яна ці не...

— Купілі дом: а што рабіць далей? Якія работы трэба выканаць у першую чаргу? З чаго пачаць?

— Пасля пакупкі супакойцеся і на цвярозы розум ацаніце стан вашага дома. Ужо прыйдзецца працаваць з тым, што купілі. Трэба адразу разумець, што працэс рамонту патрабуе нямала сіл і грошай. Дакладнай сумы нельга разлічыць загадзя, бо ў працэсе могуць выявіцца сюрпрызы. Але з нашага досведу і досведу знаёмых укласці ў аднаўленне прыйдзецца ў тры разы больш, чым заплацілі за дом, —  дзесьці 3-5 тысяч долараў у эквіваленце. З чаго пачаць? Пачніце са шпалер. Працэс ачысткі сцен вельмі супакойвае. Калі падмурак пакасіўся і прасеў, дом прыйдзецца «падымаць». Тое ж самае з вянкамі: калі ніжнія бярвёны патрабуюць замены, то гэта неабходна зрабіць адразу, а не пасля таго, як паставіце, напрыклад, новыя вокны. Мы пры дапамозе «вясковага радыё» знайшлі людзей, якія прыехалі з дамкратам і паднялі наш дом за 500 рублёў. Нам пачалі пісаць, што ў іх за гэтыя работы будаўнікі прасілі каля 8 тысяч рублёў. На маю думку, у аплаце трэба арыентавацца на сярэднюю зарплату па краіне. Не замыкайцеся на адным варыянце, шукайце іншыя і абавязкова знойдзеце.

4)	Дом на Блакітных азёрах да пакупкі. І пасля таго, як знялі шалёўку.

Пра зялёную шафу ды цэглу з гісторыяй

— А на чым можна сэканоміць у працэсе аднаўлення вясковай хаты?

— Па-першае, на работніках. Прыезд будаўнікоў з горада — не таннае задавальненне. Таму перш-наперш прайдзіцеся па вёсцы, спытайце: ці ёсць у ваколіцы людзі з рукамі, якія могуць дапамагчы з рамонтам. Суседзі могуць падказаць кантакты печніка і іншых спецыялістаў. Гэта самы просты і хуткі варыянт. Акрамя таго, можна расклеіць аб'явы ў сельсавеце, райцэнтры. Гэта вельмі добра працуе ў глыбінцы. Купіце мясцовую раёнку. Там ёсць аб'явы, ды і вы зможаце падаць туды сваю. Знайсці адказнага і недарагога работніка складана, але можна. Нам пашанцавала: мы і ў адной, і ў другой вёсцы такіх знайшлі. Яны пагадзіліся ўзяцца за цяжкія брудныя работы: печку разабраць, падлогу падняць, знесці стары хлеў. Гэта тое, з чаго трэба пачынаць. Выкананне работ абавязкова трэба кантраляваць. І плаціць толькі за рэальна і якасна выкананую працу. Тыя работы, якія можаце, выконвайце самі. Так сэканоміце. Ды і глядзець на тое, што зрабілі сваімі рукамі, паверце, куды больш прыемна.

Па-другое, можна сэканоміць на матэрыялах. Разбіраючы старыя пабудовы, якія вам не патрэбны, печкі, зняцце шалёўкі, падлогавых дошак, дзвярэй, вокнаў, старайцеся рабіць акуратна. Раней матэрыялы былі вельмі добрай якасці, асабліва драўніна, таму іх можна скарыстаць паўторна. У доме на Блакітных азёрах мы знеслі старую печку, бо яна была ў вельмі дрэнным стане. Нехта са старой цэглы робіць барныя стойкі, барбекюшніцу, дарожкі. Мы ж з яе выклалі падлогу з падагрэвам на кухні. Як аказалася, печ была зроблена напалову з цэглы з былой сядзібы Хамінскіх у Альшэве. Падлогавую дошку, пасля таго як дом паднялі і зрабілі сцяжку, вярнулі на месца, бо яна была ў добрым стане. Калі ў каго вокны не згнілі, іх можна адрэстаўрыраваць і паставіць назад. Мэблю таксама раю не выкідваць, а адшліфаваць ды пафарбаваць. Прынамсі, у нас у хаце на хутары стаіць зялёная шафа 1930-х гадоў мінулага стагоддзя, якую прывезлі калісьці з Паўднёвай Амерыкі, у доме на Блакітных азёрах — старыя дзверы з арыгінальным польскім шклом. Ад былых гаспадароў нам засталіся ажно тры куфры, драўляныя сталы. Мы ўсё гэта будзем рэстаўрыраваць. А колькі цікавага часам у хлявах, на гарышчы! Мы, напрыклад, знайшлі драўляны дзіцячы ложачак, два матацыклы, якія таксама ёсць жаданне адрэстаўрыраваць.

Цэгла ад печкі атрымала другое жыццё на «цёплай» падлозе.

Набудзьце і карыстайцеся зніжкавымі карткамі будаўнічых гіпермаркетаў, адсочвайце акцыі. У некаторых крамах налічваюць бонусныя балы, якія можна патраціць на наступную пакупку. Купляйце будматэрыялы на барахолках. Не вядзіцеся на навязлівую рэкламу, асабліва ў сацсетках, што, напрыклад, для абшыўкі сцен вам падыдзе вагонка выключна гатунку А. Па ўласным досведзе, скажу, што гатунак С, які таннейшы мінімум у два разы, ніколькі не горшы. Сучкі, якія выпалі, можна заклеіць з унутранага боку малярнай стужкай, і поласць запоўніць сіліконам, акрылавым герметыкам ці шпаклёўкай па дрэве ў тон. Дарэчы, што датычыцца дошак, званіце ў лясгасы, там можна натрапіць на вельмі прыемныя цэны. Памеры могуць быць нестандартныя, але выгада ў шмат разоў. Мы купілі куб абрэзанай дошкі па 150 рублёў. У Мінску ж неабрэзаная каштуе больш як 400.

Праверце балконы, гаражы на дачы. Магчыма, там пыляцца забытыя рэшткі пліткі, фарбы, шпалер, якія засталіся ад папярэдніх рамонтаў. Часта іх аддаюць у суполках накшталт «Аддам дарам». Можна спытацца ў сваякоў, знаёмых, магчыма, у іх засталіся нейкія будматэрыялы, яны з радасцю ад іх пазбавяцца бясплатна ці за сімвалічную цану.

Не раю эканоміць на антысептыках для драўніны, антыкараедзе, фарбе, якая ахоўвае ад ультрафіялету. Бо вельмі важна абараніць зруб звонку ад уздзеяння прыродных фактараў. Акрамя таго, паклапаціцеся пра вадасцёкі, адмостку, падаконнікі, каб вада не трапляла на зруб, каб ён не гніў. І, самае галоўнае, не трэба баяцца рамонту. Свая хата ў вёсцы можа быць абсалютна ў кожнага беларуса.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота з архіва герояў матэрыялу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.