Вы тут

Свята моцных і згуртаваных


У Рэспубліканскім гарналыжным цэнтры «Сілічы» адбылося I Рэспубліканскае зімовае свята супрацоўнікаў, ваеннаслужачых і ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС. Дэвіз мерапрыемства — «Адзіныя духам моцныя!»


Насычаная спартыўная і забаўляльная праграма сабрала некалькі тысяч міліцыянераў і членаў іх сем’яў з розных рэгіёнаў краіны. Госці з задавальненнем фатаграфаваліся на выставе рэтратэхнікі, сучаснай і спецыяльнай тэхнікі. У палатачным гарадку кожная дэлегацыя праявіла творчы падыход і цуды вынаходлівасці, уладкаваўшы свой падворак у адпаведнасці з народнымі традыцыямі.

Адкрываючы I Рэспубліканскае зімовае свята супрацоўнікаў, ваеннаслужачых і ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў звярнуў увагу на тое, што ў Год міру і стварэння асаблівую актуальнасць набываюць тэмы згуртавання калектываў, захавання і памнажэння традыцый міліцэйскага ведамства, прапаганды здаровага ладу жыцця і актыўнага сямейнага адпачынку.

— У мінулым годзе мы правялі мноства мерапрыемстваў, у тым ліку летняе спартыўнае свята, — заўважыў міністр унутраных спраў. — Яно спадабалася калегам, таму вырашылі, што неабходна аналагічнае, зімовае свята. Рады, што сёння з намі супрацоўнікі з усіх рэгіёнаў краіны з сем’ямі, з дзецьмі. Прынцып нашых мерапрыемстваў: мы ўсе разам — ад ліцэіста да кіраўніка. Жадаю добра правесці час, адпачыць, набрацца сіл, эмоцый, каб з новымі сіламі прыступіць да выканання службовых абавязкаў.

Тон мерапрыемству задалі музычныя нумары ў выкананні зорак беларускай эстрады і паказальныя выступленні прадстаўнікоў спецпадраздзяленняў.

Пасля ўрачыстага адкрыцця I Рэспубліканскага зімовага свята супрацоўнікаў, ваеннаслужачых і ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС далі старт спаборніцкай праграме. Запрошаных чакалі спаборніцтвы па распілоўванні бярвенняў і колцы дроў, біятлонная эстафета, таварыскі хакейны матч і многае іншае. За лідарства змагаліся як у камандзе, так і індывідуальна. Усе ўдзельнікі нацэльваліся на перамогу, а балельшчыкі актыўна падтрымлівалі калег. Уласнае майстэрства ў абыходжанні з сякерай прадэманстраваў і міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.

Не менш відовішчным этапам свята стала біятлонная эстафета, за перамогу ў якой змагаліся квартэты 14 каманд. Спачатку сваю частку дыстанцыі пераадольвалі жанчыны, затым — мужчыны да сарака гадоў, далей — старэйшыя за гэты ўзрост. На заключным этапе ў барацьбу ўступілі кіраўнікі ведамасных дэпартаментаў, ВНУ, ГУУС, УУС. Свае намаганні ў чацвёрцы калектыва цэнтральнага апарата і цэнтральнага падпарадкавання прадэманстраваў і першы намеснік міністра-начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Юрый Назаранка. Дарэчы, менавіта ён і з’явіўся першым на фінішы. 

Захапляльнымі атрымаліся спаборніцтвы па перацягванні каната. Вось ужо дзе супрацоўнікі міліцыі прадэманстравалі ўсю сілу і згуртаванасць. А столькі ў гэтым спаборніцкім этапе было запалу і эмоцый!

Асаблівую цікавасць у гледачоў выклікала праходжанне паласы перашкод прадстаўнікамі атрадаў міліцыі асобага прызначэння. І праявілі байцы сябе, трэба сказаць, на ўсе 100%. Хутка, дакладна, рэзультатыўна яны пераадольвалі кожнае выпрабаванне, пацвярджаючы, што любая задача — ім па плячы. 

Вялікую цікавасць гледачоў зімовага спартыўнага свята выклікаў таварыскі хакейны паядынак паміж камандамі навучэнцаў Спецыялізаванага ліцэя МУС і іх бацькоў. Каманду ліцэістаў узмацнілі намеснік міністра ўнутраных спраў Дзмітрый Карзюк і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Дзмітрый Баскаў. На працягу ўсіх трох перыядаў на лёдзе кіпелі гарачыя спартыўныя страсці. Перамогу ў матчы святкавалі ліцэісты — 10:4. 

Гэтую дружыну, а таксама найлепшых гульцоў сустрэчы ўшаноўвалі міністр унутраных спраў Іван Кубракоў і старшыня БФСТ «Дынама» Ігар Абярэмка. Не засталіся без памятных падарункаў і хакеісты калектыву, які прайграў. Дзмітрый Баскаў перадаў камандзе ліцэя сертыфікат на хакейную форму ад рэспубліканскай федэрацыі гэтага віду спорту. Адным словам, свята атрымалася вясёлае і карыснае. Нават надвор’е яго не сапсавала.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».