Конік скача па наезджанай дарозе, а мы ў паштовай карэце хутаемся ў цёплыя кажухі, слухаем вясёлы галасок званочка і, пакуль рамізнік вязе нас з губернскага Мінска ў павятовы Ігумен, разглядаем заснежаныя краявіды. Менавіта такім мы ўяўляем падарожжа па Ігуменскім тракце... Канешне, цалкам адчуць усе тыя эмоцыі, якія былі ў падарожніка пару стагоддзяў таму, калі сядзіш у камфартабельным аўтобусе, наўрад ці атрымаецца, але і сучасная вандроўка дазваляе зазірнуць у гісторыю, адкрыць паштовыя сакрэты і больш даведацца пра былы павет.
Ідэя аб падарожжы па Ігуменскім тракце з'явілася яшчэ дзесяць гадоў таму. Такі маршрут супрацоўнікі Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея распрацавалі да 625-годдзя горада. Праўда, доўгі час падарожжа пераважна было ўяўным — разам з юнымі наведвальнікамі музейшчыкі званілі ў званочкі паштовай карэты, «дастаўлялі» пошту і адкрывалі сакрэты павятовага горада. Сёння ў Ігумен можна выправіцца са старшым навуковым супрацоўнікам Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Ірынай Вабішчэвіч, якая з'яўляецца атэставаным экскурсаводам на гэтым маршруце.
Паводле пісьмовых крыніц, яшчэ з канца ХІІІ стагоддзя ў Мінску працавала княжацкая паштовая служба. У ХІV стагоддзі яна ўжо мела пэўную структуру, недзе з гэтага часу і пачынаецца рух па паштовым тракце. Яшчэ пры польскім каралі Станіславе Аўгусце было прыдумана паштовае кляймо, якое ставілася на карэспандэнцыю ў пунктах адпраўлення і прызначэння. Такія штампы робяцца і сёння.
У 1795 годзе Мінск становіцца цэнтрам паштовай службы на заходніх землях Расійскай імперыі. Ад яго ў розны бок беглі дарогі. На поўнач сыходзіў Віленскі тракт, ён ішоў праз Радашковічы і Ашмяны. Заходні тракт, які пралягаў праз Новы Свержань і Нясвіж, злучаў з Варшавай і далей з Венай. На ўсход праставаў Магілёўскі тракт, які пасля накіроўваў на Смаленск і на Маскву. Адзін са шляхоў вёў на Ігумен, а пасля праз Бабруйск на поўдзень.
Пісьмовыя крыніцы нават дапамагаюць удакладніць, у якім месцы ў Мінску стаяў паштовы двор, — непадалёк ад Кузьма-Дзям'янаўскага манастыра, які да нашага часу не захаваўся.
Дарэчы, сучасная мінская вуліца, якая носіць назву Ігуменскі тракт, да былой паштовай дарогі не мае дачынення. Хаця знаходзіцца недалёка — старадаўні шлях пралягаў там, дзе сёння знаходзяцца вуліцы Свярдлова, Маякоўскага і Чыжэўскіх.
Трактам у Расійскай імперыі называлі вялікія дарогі, пра якія яшчэ ў народзе казалі «бальшакі». Паміж губернскім Мінскам ды Ігуменам было ўсяго 60 вёрст, і, тым не менш, на гэтым шляху размяшчалася тры паштовыя станцыі: у Каралішчавічах, Смілавічах і Нятрэбах. І гэта пры тым, што ў той час нормай лічылася, што прыпынкі павінны стаяць на адлегласці ў 40 вёрст. Менавіта столькі коні маглі пераадольваць без адпачынку.
Рамізнік павінен быў рухацца з хуткасцю каля 9 вёрст у гадзіну. Затрымаецца ў дарозе — будзе аштрафаваны, прыедзе раней — таксама, бо гэта сведчыць, што ён не беражэ коней. Прасачыць яго шлях мог станцыйны наглядчык, які правяраў адзнакі з папярэдніх прыпынкаў.
І не трэба забывацца, якімі ў той час былі дарогі. У дажджлівае надвор'е паштовыя карэты маглі на іх захраснуць. У непагадзь ці ўначы, каб не збіцца са шляху, фурманы маглі адпускаць лейцы з надзеяй, што коні самі пойдуць па знаёмым ім шляху. Прытрымлівацца маршруту дапамагалі верставыя чорна-белыя слупы. У цёмны час яны былі добра бачныя пры святле ліхтара, якім забяспечвалася карэта.
На кожным прыпынку можна было альбо перапрэгчы коней, альбо даць ім адпачыць. Вазніцы дастаўлялі не толькі пошту, але і грузы і падарожнікаў. На аднаго каня магло выпадаць 10 пудоў грузу і адзін пасажыр.
Пэўныя перавагі пры абслугоўванні на станцыі былі ў кур'ераў, дзяржслужачых і людзей, якія мелі спецыяльную паперу, так званую падарожную. Дарэчы, копія такога дакумента захоўваецца ў Чэрвеньскім краязнаўчым музеі.
Пасля выканання задання рамізнікі маглі адпачыць у вольны дзень, а вось у станцыйнага наглядчыка такой магчымасці не мелася. Ён пастаянна павінен быў знаходзіцца на станцыі, прыслухоўвацца, ці не звініць званочак паштовай карэты, і ў любы час сутак прымаць падарожнікаў. У цёмны час запальваць ліхтар. Дапамагаць гасцям размясціцца на адпачынак, вырашаць іх пытанні і прымаць пошту.
На кожнай станцыі былі стол, табурэткі і хаця б адна канапа. Вядома, што Мінскі губернскі паштовы дом меў 45 коней, 15 паштовых карэт, 16 армякоў, столькі ж пар кажухоў. Цёплымі рэчамі забяспечваліся фурманы, пры неабходнасці іх маглі выдаць і важным пасажырам.
У халоднае надвор'е станцыйныя наглядчыкі сачылі і за тым, каб не астывала вада ў самавары, каб госці хутчэй маглі сагрэцца з дарогі чаем.
Падарожжа па Ігуменскім тракце дае магчымасць адкрываць цікавыя мясціны і гісторыю, у якую ўплецены лёсы знакамітых людзей, паданні, расповеды пра тое, чым займаліся, у што верылі і пра што марылі жыхары.
Вандроўка пралягае праз Смілавічы, дзе можна выпіць кавы ў французскай кавярні «Ратонда» — пад яе стылізавана адна з залаў музея «Прастора Хаіма Суціна». Тут жа даведацца пра творчасць знакамітых мастакоў Парыжскай школы — ураджэнцаў Смілавіч.
У музычнай гасцёўні Станіслава Манюшкі, якая створана ў гарадскім пасёлку, абавязкова трэба паслухаць музыку выдатнага кампазітара, заснавальніка польскай і беларускай оперы. У гэтым жа будынку працуе адзіны ў свеце музей, прысвечаны гэтай славутай асобе.
Можна паглядзець на палацава-паркавы комплекс Ваньковічаў-Манюшкаў, у якім працягваюцца рэстаўрацыйныя работы, і знайсці чорныя смілавіцкія сосны, якія пасадзіў дзядзька кампазітара — Казімір Манюшка, вядомы батанік. Альпійскія сосны, пасаджаныя ім 200 гадоў таму, — батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. На жаль, адна з соснаў, калі гэтай зімой у межах семінара Нацыянальнага агенцтва па турызме мы наведалі парк у Смілавічах, стаяла сухая. Кажуць, што неаднойчы адсюль ужо бралі шышкі, якіх багата падае, але вырасціць з іх дрэўца ні ў кога не атрымалася. Запасліся шышкамі і мы — праверым, раптам у нас сасновае насенне ўзыдзе.
Наогул, у Смілавічах можна правесці цэлы дзень — і не факт, што вы паспееце азнаёміцца з усімі мясцовымі цікавосткамі. Для падарожнікаў тут ёсць нават падказка — графіці на адным з будынкаў, дзе пазначаны 22 мясціны, якія варта наведаць у гарадскім пасёлку. Але наша «паштовая карэта» ўжо спяшаецца ў Ігумен...
Ганна ПЯТРОВА
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Аб самім слаўным горадзе Ігумен (ён жа — Чэрвень) — у наступным выпуску «Ігуменскага тракта».
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.