Вы тут

Калі не палохае адзінокая старасць


Новай формай работы сацыяльнай службы не так даўно стала замяшчальная сям'я. У Гродзенскай вобласці такіх больш за 70. Першапраходцам стаў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Ленінскага раёна Гродна. Зараз тут шэсць такіх сем'яў. Гэта значыць, што для сталых адзінокіх людзей з'явілася магчымасць жыць у звыклых дамашніх умовах пад пастаянным наглядам клапатлівага памочніка. Спецыялісты бачаць у замяшчальнай сям'і альтэрнатыву афармлення ў дамы-інтэрнаты.

Замяшчальная сям'я набывае папулярнасць, паведаміла спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна горада Гродна Алена Гайдук. Рашэнне аб стварэнні такой паслугі было прынятае ўрадам напрыканцы 2017 года, а ўжо ў 2018-м у Ленінскім раёне Гродна створана першая замяшчальная сям'я. Новай паслугай скарысталіся два чалавекі. Гэта быў першы — і да таго ж станоўчы — вопыт не толькі ў горадзе, але і вобласці. Паступова іх колькасць павялічвалася.


З Аленай Гайдук мы накіроўваемся ў шматпавярховік мікрараёна Дзевятоўка, каб наведаць адну з такіх сем'яў. Па дарозе работнік цэнтра ўводзіць у курс справы. У замяшчальнай сям'і, кажа яна, памочнік і падапечны пражываюць разам, вядуць гаспадарку, але гэта не сваякі, а чужыя людзі.

Як і ў кожным відзе паслуг, тут нямала нюансаў. Напрыклад, грашовая кампенсацыя, якая з 1 лютага складае 341 рубель, выплачваецца памочніку толькі пры доглядзе інваліда І групы з самым цяжкім, чацвёртым, функцыянальным класам па самаабслугоўванні. Калі іншая група інваліднасці ці чалавек проста старэйшы за 70 гадоў, ніякая грашовая кампенсацыя ў замяшчальнай сям'і не прадугледжана.

— Але нават з выплатамі не кожны здольны выконваць гэту работу. Некаторыя сваіх родных не хочуць даглядаць, нават калі ім спадчыну пакідаюць. У замяшчальнай сям'і догляд доўжыцца 24 гадзіны ў суткі. Да таго ж трэба ўлічваць характар пажылых людзей, — заўважае спецыяліст, калі мы падымаемся на трэці паверх.

Прызнацца, сустракацца з людзьмі ў падобных абставінах няёмка. Мала каму падабаецца выносіць на агульны агляд стан свайго здароўя. Але ў кватэры Сафіі Раманаўны пануе добразычлівая атмасфера. Не толькі сама гаспадыня спакойна ўспрымае прыход карэспандэнта, але і інвалід І групы 90-гадовая Алена Вікенцьеўна. Яны і ёсць замяшчальная сям'я. Разам жывуць некалькі гадоў, а два гады таму ў сацыяльнай службе параілі аформіць дагавор на новую форму сацыяльнага абслугоўвання, згодна з якой Сафія Раманаўна мае пасаду памочніка. Жанчыне 61 год. Са сваёй падапечнай яна знаёмая з дзяцінства. Жылі ў адной вёсцы ў Зэльвенскім раёне, былі суседзямі, больш за тое — Алена Вікенцьеўна яе хрысціла.

— Цяжкае ў яе было жыццё, — распавядае памочніца. — Амаль 40 гадоў працавала на ферме даяркай, тры разы на дзень па 30 кароў даіла, сотні кілаграм малака ўручную цягала ў вёдрах. Пасля дойкі ўсе чаны і вёдры трэба было памыць, малако здаць. Працавала без водпуску і выхадных, ды і дома яшчэ свая гаспадарка. Цяпер вось суставы баляць.

Сама Алена Вікенцьеўна толькі слухае і крыху ўсміхаецца. У яе вельмі добры і прыемны твар. Мне хочацца пагаварыць з ёй аб мінулым. Што памятае, каго ўспамінае? Аказалася, маладосць сваю і сястру, якую падчас акупацыі немцы вывезлі на работу ў Германію. Як адпраўлялі ёй туды сухары, як яна адмарозіла на чужыне ногі. Як потым вярталася пасля вызвалення дамоў на таварных цягніках. І яна, і сястра засталіся жыць у роднай вёсцы, замуж так і не выйшлі, жылі ўсё жыццё разам у бацькоўскім доме. А гадоў шэсць таму сястры не стала, і Алена Вікенцьеўна некаторы час жыла адна, пакуль не адчула, што без дапамогі не абысціся.

— Яна не адразу да мяне пераехала, — удакладняе Сафія Раманаўна. — Амаль год жыла ў пляменніка ў Смаленскай вобласці. Яе брата ў свой час накіравалі туды на працу, застаўся, стварыў сям'ю. Брата не стала, але пляменнік памятаў пра цётку і прапанаваў пажыць у яго. Праз некаторы час хросная захацела вярнуцца на радзіму, казала, што не хоча спачываць на чужой зямлі. Прыехала пагасціць да мяне, яшчэ маю маму застала жывой, праўда, ненадоўга. Мамы не стала, і я прапанавала нашай вясковай суседцы застацца. Яна пагадзілася.

— А хата ваша пустая стаіць?

Суразмоўніца паківала: так. Яна ведае, што з дома многа што скралі, непакоіцца, каб не вынеслі помнік, які яна заказала некалькі гадоў таму. Загадзя паклапацілася.

Вёска за сем кіламетраў ад Зэльвы і недалёка ад Ваўкавыска, але дамы там амаль не прадаюцца, кажа Сафія Раманаўна. Многія не аформленыя, у тым ліку і дом яе хроснай. Таму хутчэй за ўсё яго знясуць.

Аб тым, каб паехаць туды летам, размова не стаіць. Апошнім часам і выхад на вуліцу стаў для жанчыны праблемай.

— Раней вазіла на вуліцу ў калясцы. У сацыяльнай службе прапанавалі набыць спецыяльныя сходні для спуску інваліднай каляскі з пад'езда. За іх потым грошы вяртаюць, каляску таксама бясплатна выдаюць. Але я цяпер баюся, што маёй хроснай ізноў будзе дрэнна. Калі ёсць якая патрэба паехаць, напрыклад, у паліклініку, можна выклікаць сацыяльнае таксі, — тлумачыць сітуацыю Сафія Раманаўна і пачынае разважаць пра адзінокую старасць.

Прызнаецца, што некалькі месяцаў даглядала старых у інтэрнаце. Вось там і ўбачыла, што такое застацца адзінокім. Многім цяжка ад думкі, што пад старасць аказаліся нікому не патрэбнымі. Для яе было незразумела, чаму многія старыя, маючы сваякоў, аказваюцца ў інтэрнатах. Раней жылі ў больш складаных умовах, але даглядалі старых бацькоў, іншых родных, паважалі іх. Спагадлівыя адносіны да старэйшых былі, як правіла, нормай жыцця. Дарэчы, гэтымі прынцыпамі Сафія Раманаўна карыстаецца і цяпер. Яна дзевяць гадоў даглядала сваю маці, калі тая ляжала ў коме, зараз у яе жыве і 90-гадовая свякроў. Яна сем гадоў ляжала без руху, але нядаўна паднялася і пайшла. Я бачыла, як яна з хадункамі па калідоры ходзіць. Алена Вікенцьеўна не такая шпаркая, ходзіць толькі па патрэбе, а больш ляжыць ці сядзіць. За жыццё набегалася, жартуе яна.

У кожнай жанчыны асобны пакой.

Дзень у гаспадыні пачынаецца ў пяць раніцы і размеркаваны амаль па гадзінах. Тут і гатоўка ежы, і водныя працэдуры, і прыборка памяшканняў, і прыём лекаў. Як былы дыетолаг, вялікую ўвагу ўдзяляе правільнаму харчаванню. Гэта аснова даўгалецця, лічыць яна. Правільнае кармленне садзейнічае добрай рабоце ўсёй страўнікавай сістэмы, не дае арганізму пакутаваць ад таксінаў. Сырнікі — амаль што адзіная смажаная страва ў рацыёне. Але яны гатуюцца пад крышкай і атрымліваюцца нібы паравыя. Ранкам абавязковыя кашы, крупу перад гэтым прамываюць. Наогул, харчаванне такое, як для дзяцей у садку.

Не магла не спытаць пра каранавірус. Здаецца, хвароба мала каго абмінула. Але ў кватэры Сафіі Раманаўны яе пазбеглі. Сама гаспадыня кажа, што засцерагалася як магла: насіла маску, прадукты купляла на рынку праз акенцы, у аптэцы шукала магчымасць пазбягаць чэргаў і гэтак далей. Прапаноў ад медыкаў зрабіць прышчэпку не паступала, мабыць, у сілу ўзросту, а вось ад грыпу прышчапіліся, пакуль паспяхова.

— Чаму вы, такая прыгожая жанчына, замуж не выйшлі? — пытаюся ў Алены Вікенцьеўны на развітанне.

Яна ўсміхнулася. Кажа, сястра не выйшла, бо мужчыны многія з фронту не вярнуліся, і ёй, па ўсёй бачнасці, такі ж лёс выпаў. Але ў адзіноце не засталася. Суседка не забылася аб ёй. Адкрыла для яе сваё сэрца. Адбылося так, як і павінна быць у жыцці: спакойная, дагледжаная старасць побач з блізкім і клапатлівым чалавекам.

З цёплым уражаннем мы з прадстаўніком сацыяльнага цэнтра Аленай Гайдук пакідаем сям'ю, якая атрымала статус замяшчальнай. Відавочна, што такі вопыт варта пашыраць. Алена заўважае, што замяшчальных сем'яў магло быць больш, але стрымлівальным фактарам з'яўляецца абавязковая ўмова мець асобны пакой для падапечнага. Між тым адзінокія грамадзяне амаль усе жывуць у аднапакаёвых кватэрах. А гэта значыць, што аформіць памочніка з пражываннем там немагчыма. У такіх выпадках прапаноўваюцца іншыя формы — дапамога сацыяльнага работніка дома, паслугі сядзелкі, гасцявыя сем'і. Сталым людзям не трэба самастойна шукаць інфармацыю пра гэта. Работнікі сацыяльнай службы самі прыйдуць і параяць спрыяльны варыянт.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.