Вы тут

Па кожным пытанні на нарадзе з кіраўніцтвам Саўміна ад Прэзідэнта прагучала жорсткая крытыка


Пашырэнне функцый цэнтраў па абслугоўванні бюджэтных арганізацый, фінансаванне дзяржаўных тэатраў, механізм далучэння нізкаэфектыўных сельгасарганізацый да дзяржпрадпрыемстваў і фінансавае становішча Мінскага аўтамабільнага завода — пытанні, якія актыўна абмяркоўваліся на нарадзе Прэзідэнта Беларусі з кіраўніцтвам Савета Міністраў. Тэмы абраныя невыпадкова. Па кожнай з іх падрыхтаваныя адпаведныя праекты указаў. Але перш чым прымаць канчатковыя рашэнні, трэба ўважліва разгледзець ўсе нюансы. 


«У нас склалася добрая традыцыя, можна сказаць, — раіцца па найважнейшых пытаннях, якія ўнесены на вырашэнне Прэзідэнта. Праекты падрыхтаваны, некаторыя пытанні па гэтых праектах ёсць. Я хацеў бы атрымаць удакладняючыя і дадатковыя адказы на іх. Нам трэба будзе разгледзець некалькі важных эканамічных пытанняў, прыняць па іх аптымальныя для дзяржавы рашэнні», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы нараду.

Па кожным з вынесеным на парадак дня пытанні кіраўнік дзяржавы выказаў жорсткую крытыку. Ён не пагадзіўся з шэрагам прапанавых у дакументах падыходах. Прэзідэнт аргументавана і на канкрэтных прыкладах указаў адказным асобам на павярхоўны падыход пры падрыхтоўцы важных дакументаў.

Першае пытанне — работа цэнтра па абслугоўванні бюджэтных арганізацый

На разгляд Прэзідэнта быў вынесены праект указа па пашырэнні функцый цэнтраў па абслугоўванні бюджэтных арганізацый. Урад прапануе дадаць цэнтрам работы: павялічыць колькасць і пашырыць пералік абслугоўваемых бюджэтных арганізацый, даць магчымасць прадстаўляць інтарэсы арганізацый у судах, выступаць заказчыкамі пры будаўніцтве. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся перадгісторыяй гэтага пытання, ён удакладніў, як наладжана работа гэтых цэнтраў і наколькі правільным было рашэнне аб іх стварэнні. 

Міністр фінансаў Юрый Селівёстраў расказаў, што раней гаспадарчыя групы і бухгалтарскія службы былі ў кожнай дзяржустанове. Але з мэтай цэнтралізаваць гэтую работу ў 2020 годзе былі створаныя спецыяльныя цэнтры па абслугоўванні бюджэтных арганізацый, яны і сталі займацца іх бухгалтэрыяй, забеспячэннем, тэхабслугоўваннем і іншымі пытаннямі. Сёння ў краіне пры выканкамах працуе 181 такі цэнтр, які абслугоўвае больш як 9 тысяч арганізацый. «Сёння нам не трэба ў кожнай школе мець бухгалтара, спецыяліста па закупках, юрыста, без якога гаспадарчую дзейнасць ажыццяўляць нельга. Цяпер гэтыя людзі знаходзяцца ў цэнтры і могуць ажыццяўляць гэтыя функцыі для рознай колькасці арганізацый», — растлумачыў Юрый Селівёрстаў.

Прэзідэнт выказаў сумненні, ў тым, што прынятыя меры прынеслі чаканы эфект. У яго таксама ўзніклі пытанні да юрыдычнага боку: фактычна цэнтры існуюць пры выканкамах, але яны выведзены з іх структуры. Таму незразумела, каму яны падпарадкоўваюцца. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што на свае вочы хоча ўбачыць, як гэта працуе ў адным з раёнаў. «Цэнтралізавалі — гэта правільна. Сабралі ў кучу — калі ласка. Але пажадана, каб цэнтралізацыя была матываванай. Калі вы цэнтралізавалі і напалову скарацілі — добра. Не дай бог, я паеду ў райвыканкам і ўбачу там хоць адну закавыку не так», — папярэдзіў ён. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтыя цэнтры павінны знаходзіцца ў непасрэдным падпарадкаванні старшыні выканкама і не дубліраваць функцыі іншых структур, напрыклад, упраўленняў па капітальным будаўніцтве, якія таксама знаходзяцца ў падпарадкаванні мясцовых органаў улады.

«Пачынаем хамутаць на тым, што яшчэ не адпрацавана. Не прапрацаваўшы, выпіхваць на Прэзідэнта напрамак дзейнасці ў цэлай краіне. Час ужо не фармальна падыходзіць да гэтага пытання. Таму разбірайцеся і потым уносьце прапановы, каб гэта было жорстка выбудавана пад выканкам.У нас выканкамы сёння не перагружаныя, яны часам не ведаюць, чым займацца.Самае галоўнае, як нашы новаўвядзенні, якія мы плануем, адаб’юцца на дзейнасці новаўключаных бюджэтных арганізацый. Асабліва ў рэгіёнах павінны быць крокі, і мы павінны ад гэтых крокаў атрымліваць эфэкт», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка даручыў Камітэту дзяржаўнага кантролю вывучыць на месцах работу цэнтраў па абслугоўванні бюджэтных арганізацый, праманіторыць, наколькі эфектыўная іх дзейнасць. Адміністрацыі Прэзідэнта даручана прапрацаваць дакумент з юрыдычнага пункту гледжання і максімальна падрабязна прапісаць усе палажэнні, каб у будучым не ўзнікала пытанняў, хто за што адказвае і каму падпарадкоўваецца.

Другое пытанне — фінансаванне дзяржаўных тэатраў

Падчас наведвання Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў 2021 годзе Прэзідэнт даручыў перавесці тэатры на раўнадолевае (бюджэт плюс уласныя сродкі) фінансаванне расходаў. Якую суму трупа заробіць сваімі сіламі — столькі з дзяржбюджэту і атрымае ў якасці падтрымкі. Але на разгляд кіраўніка дзяржавы вынеслі праект новага ўказа, прапановы якога разыходзяцца з раней агучанымі патрабаваннямі.

«Якія вы яшчэ грошы ў мяне просіце? 50 працэнтаў мы даём тэатрам датацыю. Тым тэатрам практычна, якія ў 2020 годзе выступілі за знішчэнне дзяржавы. Што вы зрабілі для таго, каб выканаць маё даручэнне? — абурыўся Аляксандр Лукашэнка. У дакуменце адзначана, што прадугледжваецца раўнадолевае фінансаванне са сродкаў бюджэту і ўласных сродкаў далёка не поўных затрат тэатральных устаноў на аплату працы артыстаў і мастацкага персаналу, стварэнне новых пастановак, правядзенне гастроляў і выплату аўтарскіх адлічэнняў, узнагароджанняў.

«Вы прапануеце, каб я заплаціў за ўтрыманне і выкарыстанне ў поўным аб’ёме за кошт бюджэтных сродкаў дзяржмаёмасці тэатра, уключаючы аплату працы служачых і рабочых, камунальныя паслугі, тэхнічнае абслугоўванне будынкаў і збудаванняў, добраўпарадкаванне тэрыторыі (дрэвы буду садзіць за вас) і рамонт абсталявання і транспарту. Хіба тэатр будзе перажываць наконт транспарту, нейкага абсталявання? За гэта ж заплацяць з бюджэту. Якое ж тут стымуляванне, — раскрытыкаваў прапанаваныя падыходы Прэзідэнт. — Мы ж сабраліся, каб лепш зрабіць. А вы мне прапануеце сёння вось гэты бардак узаконіць».

Як адзначыў старшыня Камітэта Дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў, мяркуецца, што дзяржава будзе выдзяляць тэатрам грошы толькі на пастаянныя выдаткі. Усё астатняе — колькі зарабіў тэатр, столькі даплаціў бюджэт. 

«Мы будзем фінансаваць пастаянныя расходы, а ў пастаянных расходах конь не валяўся, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка — Дык навошта вы мне падсоўваеце гэтыя рашэнні? Мы ж дамовіліся: зарабілі мільён — мільён з бюджэту плаціце. Тады будзе зразумела: вы зарабілі больш — больш атрымалі».

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў сённяшніх умовах неабходна вучыцца зарабляць грошы і быць эканомнымі. Ён зрабіў акцэнт на тым, што нельга безаглядна аплачваць тэатрам усе расходы. Магчыма, дзяржава можа дадаткова падтрымаць тэатры па нейкіх пытаннях, але найбольш аптымальным варыянтам Прэзідэнт лічыць раўнадолевае фінансаванне — 50 на 50. А куды ўжо тэатры будуць накіроўваць гэтыя грошы, гэта іх пытанні.

«Сядайце і думайце, як мы будзем з імі працаваць», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы.

Трэцяе пытанне — механізм далучэння нізкаэфектыўных сельскагаспадарчых арганізацый да дзяржаўных прадпрыемстваў. 

Урад прапанаваў Указам Прэзідэнта ўвесці чарговыя меры па далучэнні праблемных арганізацый аграрна-прамысловага комплексу да дзяржаўных прамысловых прадпрыемстваў. Кіраўнік дзяржавы нагадаў пра сваё даручэнне пастаянна трымаць гэта пытанне ў полі зроку. 

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло растлумачыў, што размова пераважна аб 127 складаных сельгасарганізацыях, з якіх 117 знаходзяцца ў трох абласцях — Гомельскай (больш за 50), Магілёўскай і Мінскай. Паводле яго слоў, у праекце ўказа прапаноўвалася замацаваць умовы для тых дзяржпрадпрыемстваў, якія возьмуцца за наладжванне работы ў нізкаэфектыўных аб’ектах АПК. Напрыклад, прадугледзець для іх агульныя рамачныя ўмовы ў частцы льгот, рэструктурызацыі запазычанасці, адтэрміноўкі па некаторых выплатах і гэтак далей. Аляксандр Лукашэнка на гэта спытаў: навошта нешта мяняць у сістэме, якая працуе, зараз ёсць механізм для таго, каб далучаць калгасы і саўгасы да прадрыемстваў. 

«Чым вас не задавальняе гэтая сістэма?», — запытаў кіраўнік дзяржавы. Напрыклад, дадатковыя ўмовы для прадпрыемстваў, да якіх далучаюць сельгасарганізацыю, можна прапісаць у распараджэнні Прэзідэнта, захоўваючы такім чынам дзейную сістэму прыняцця рашэнняў. 

«Мы маем $8,3 млрд у мінулым годзе даход ад харчавання (краіна мае паступленне валюты), таму што мы ў руках трымалі сельскую гаспадарку і мадэрнізавалі яе, прыводзілі ў парадак, дысцыпліну наводзілі», — звярнуў увагу Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што міністэрства і ўрад, выносячы праект указа на ўзровень Прэзідэнта, не дасканала прапрацавалі пытанне, каго і куды трэба далучаць, а самае галоўнае — ці патрэбны кожнаму дзяржпрадпрыемству, якое возьме шэфства над сельгасарганізацыяй, аднолькавыя льготы і прэферэнцыі. Аляксандр Лукашэнка катэгарычна аспрэчыў такі падыход «агульным чохам».

«Напэўна, агульным чохам і не атрымаецца», — адзначыў Ігар Брыло. 

«Напэўна» не бывае, калі мы размову вядзём аб каштоўным прадукце ў нашай краіне, калі размова ідзе аб зямельных угоддзях, аб рэсурсах«, — адказаў беларускі лідар. Ён заўважыў, што аднаму прадпрыемству, да якога далучаецца сельгасарганізацыя, льготы патрэбныя, другому — не. У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў «Беларуськалій», якому даручана ўзяць шэфства над некалькімі сельгасарганізацыямі. Але дапамога, дадатковыя прэферэнцыі ад дзяржавы ў дадзеным выпадку не патрэбныя.

Прэзідэнт раскрытыкаваў праект указа за тое, што ён стварае ўмовы для адыходу ад персанальнай адказнасці за работу канкрэтных арганізацый. Пры існуючай сістэме, кантроль больш жорсткі, асабліва ў сферы рашэнняў па пытаннях уласнасці. На этапе падрыхтоўкі распараджэнняў кіраўніка дзяржавы дакументы праходзяць праз фільтр Адміністрацыі Прэзідэнта. «Вядома, гэта трэба прайсці пэўныя бар’еры і растлумачыць, чаму вы ўносіце прапановы фактычна аб прыватызацыі, вобразна кажучы, сельскагаспадарчага прадпрыемства», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што два-тры неэфектыўныя прадпрыемствы АПК у раёне — гэта зона адказнасці старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі. «Вы цяпер мне гэтыя складаныя гаспадаркі, якімі я даручыў займацца вертыкалі ўлады, зараз у кучу і адводзіце ад адказнасці тых, хто за гэта павінен адказаць», — заўважыў ён.

«Я ж вам колькі разоў гаварыў: уласнасць, грошы і ўлада — тры кіты. Гэта галоўнае ў любой краіне. Вы прыйшлі ў мяне прасіць адразу прыняць рашэнне, а ў развіццё гэтага ў вас нават няма, каго да каго вы заўтра будзеце далучаць», — растлумачыў сваю пазіцыю Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што пытанне магчымай прыватызацыі вельмі важнае, бо закранае інтарэсы і канкрэтнага прадпрыемства, і рэгіёна, і краіны ў цэлым. Таму ў Беларусі прадугледжана шматступенная сістэма ў гэтым пытанні. «Гэта найважнейшае пытанне — уласнасць», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 90-я гады ў Беларусі паставілі надзейную заслону «прыхватызацыі». Таму да пытанняў распараджэння ўласнасцю, тым больш зямельнымі рэсурсамі, неабходна падыходзіць акуратна і ўзважана, а не агулам.

Па выніках нарады прынята рашэнне адмовіцца ад асобнага ўказа Прэзідэнта па гэтым пытанні. Кіраўнік дзяржавы даручыў на ўзроўні мясцовых улад падрабязна разабрацца ў стане спраў па кожнай з праблемных сельгасарганізацый і пры неабходнасці дадатковых рашэнняў Прэзідэнта ўносіць прапановы для падрыхтоўкі распараджэнняў кіраўніка дзяржавы.

«І не дай бог вы не аздаравіце гэтыя 127 прадпрыемстваў. І трэба яшчэ разабрацца, чаму яны такімі сталі . Разбярыцеся, а потым уносьце прапановы па кожным ці групамі па вобласці, дзе будзе пэўна распісана: гэтаму спонсару даём палёгку, гэтаму — не даём і нават два прадпрыемствы далучым», — даручыў Прэзідэнт. 

Пытанне чацвёртае — фінансавае становішча ААТ «МАЗ»

Да кіраўніка дзяржавы таксама звярнуліся з просьбай рэструктурызаваць прыкладна палавіну запазычанасці прадпрыемства. Аляксандр Лукашэнка адразу звярнуў увагу на вялікія аб’ёмы дэбіторскай запазычанасці — пакуль яшчэ неатрыманыя сродкі за раней пастаўленую тэхніку. Калі вярнуць у абарачэнне гэтыя грошы, то і падтрымка, магчыма, не спатрэбіцца. Трэба дакладна прапрацаваць умовы рэструктурызацыі, каб тэрміны вяртання сродкаў не былі занадта расцягнутыя. У гэтым пытанні важна ўлічваць не толькі імгненныя патрэбы прадпрыемства, але і дзяржаўныя інтарэсы. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што графік пагашэння запазычанасці павінен быць рэальным, але напружаным. «Вам подпіс Прэзідэнта патрэбны, каб я вам падарыў на 10 ці колькі гадоў гэтыя грошы. Я ж не Дзед Мароз!» — іранічна заўважыў Прэзідэнт. 

У дакладах чыноўнікаў гаворка ішла аб магчымасці рэструктурызацыі на 15 гадоў. «Давай, можа, на 30», — зноў праіранізаваў Аляксандр Лукашэнка. Звяртаючыся да віцэ-прэм’ера Пятра Пархомчыка, які курыруе прамысловасць, Прэзідэнт спытаў, чаму ён падчас сваёй працы на пасадзе дырэктара БелАЗа не прасіў грошы такім чынам. «Таму што зарабляў», — адказаў віцэ-прэм’ер.

«А чаму ён не зарабляе? Чаму я павінен сёння ад іх забраць (сродкі, якія маглі б быць патрачаны на патрэбы ў іншых сферах) і вам аддаць?», — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. 

Міністр прамысловасці Аляксандр Рагожнік заўважыў, што неабходна запусціць чарговы інвестыцыйны цыкл на прадпрыемстве, бо некалькі гадоў яно свае сродкі ў гаспадарчую дзейнасць яно не інвеставала. Акрамя таго, у цяперашніх умовах, у тым ліку на фоне санкцыйных абмежаванняў, ёсць унікальны шанс для актыўнай працы на расійскім рынку. «З Расіяй здолелі дамовіцца. З КАМАЗам дамовіліся. Яны ўніфікавалі ўсе вузлы. Гэта значыць КАМАЗ робіць для МАЗа, МАЗ— для КАМАЗа. Перасталі біцца. Сёння маем допуск на рынак Расійскай Федэрацыі. Так што ў вас унікальная магчымасць працаваць, а вы прыйшлі па грошы да мяне», — заўважыў беларускі лідар.

У выніку Прэзідэнт даручыў падрыхтаваць канчатковы праект указа, але без ведамаснага падыходу і з улікам агучаных патрабаванняў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.