Вы тут

Горад-спадарожнік выходзіць на арбіту


У 2014 годзе Смалявічам прысвоены статус горада-спадарожніка. Гэта надало новы імпульс для развіцця не толькі горада, але і ўсяго рэгіёна ў цэлым. Асабліва актыўна гэтыя працэсы ідуць у апошнія гады. У 2020—2022 гадах уведзена ў эксплуатацыю 304,8 тысячы квадратных метраў жылля, у шматкватэрных дамах за гэты перыяд палепшылі жыллёвыя ўмовы 478 шматдзетных сем'яў.


— Інтэнсіўнае жыллёвае будаўніцтва і рост колькасці насельніцтва абумоўліваюць неабходнасць стварэння і паляпшэння інжынерна-транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы аб'ектаў адукацыі і аховы здароўя, стварэння камфортных умоў для жыцця людзей. І гэтаму кірунку з боку кіраўніцтва раёна ўдзяляецца асаблівая ўвага, — распавяла старшыня Смалявіцкага раённага Савета дэпутатаў Марына Клюева. — У лістападзе 2020-га ў горадзе пабудаваны яслі-сад на 230 месцаў, што дазволіла зняць вастрыню праблемы недахопу месцаў у дзіцячых дашкольных установах. Цяпер завяршаецца будаўніцтва яшчэ аднаго садка. У жніўні 2022-га ўведзена ў дзеянне сучасная школа на 720 месцаў з басейнам. Нядаўна гандлёвая сетка горада папоўнілася новым гандлёва-забаўляльным цэнтрам, у найбліжэйшых планах — яшчэ адзін.

Як адзначыла Марына Клюева, сёлета плануецца будаўніцтва паліклінікі на 360 месцаў, знос старой і ўзвядзенне новай школы № 3 у Паўднёва-Заходнім мікрараёне. Вядуцца праектныя работы па будаўніцтве аўтастанцыі. Адкрыццё парку з дзіцячымі пляцоўкамі і фантанам на вуліцы Камсамольскай паклала пачатак развіццю аб'ектаў для адпачынку і заняткаў спортам. Любімым месцам для гараджан стала прыбярэжная зона Смалявіцкага вадасховішча. Пляцоўкі для стрытбола, валейбола, скейтбордынга, тэніса і заняткаў варкаўтам, тратуары і веладарожкі для прагулак, уладкаваная пляжная зона дазваляюць выбраць від адпачынку на любы густ і ствараюць добры настрой.

Разам з тым у раёне на пастаяннай аснове ажыццяўляецца шэраг мерапрыемстваў, магчыма, не такіх яркіх і прыкметных, але неабходных людзям, якія аказваюць уплыў на якасць жыцця.

— У прыватнасці, ідзе замена сетак цеплаводазабеспячэння і водаадвядзення, будаўніцтва станцый абезжалезвання, рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў, вулічнай і дарожнай сетак горада з уладкаваннем пешаходных сувязяў.

Марына Клюева адзначыла, што паралельна з развіццём новых мікрараёнаў вялікая ўвага надаецца ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы існуючых сацыяльных аб'ектаў, рамонту ўстаноў адукацыі і аховы здароўя, удасканаленню іх інфраструктуры. Ва ўстановах адукацыі праведзены замена вокнаў, рамонт. Мадэрнізацыя закранула і медыцынскія ўстановы. За апошнія тры гады на гэтыя мэты зрасходавана больш чым пяць мільёнаў рублёў. Акрамя таго, у гарадскіх школах № 1 і № 2 мадэрнізаваны спартыўныя аб'екты, уладкаваны футбольныя пляцоўкі са штучнай травой, валейбольна-баскетбольныя пляцоўкі з гумавым пакрыццём, бегавыя дарожкі і скейт-пляцоўкі.

У межах падрыхтоўкі да раённага свята «Дажынкі» абноўлена сацыяльная інфраструктура ў аграгарадку Слабада, добраўпарадкавана тэрыторыя, пабудаваны спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі.

— Адзначу, што дынамічнаму развіццю горада-спадарожніка і рэгіёна ў цэлым удзяляецца вялікая ўвага і падтрымка з боку кіраўніцтва Мінскай вобласці, — падкрэсліла старшыня раённага Савета дэпутатаў.

Зразумела, рашэнне вялікіх і малых задач па жыццезабеспячэнні насельніцтва было б немагчымым без стабільнай работы рэальнага сектара эканомікі раёна. Больш чым на 90 працэнтаў раённы бюджэт фарміруецца за кошт падатковых паступленняў.

Як і ў папярэднія гады, бюджэт захоўвае сацыяльную накіраванасць. На фінансаванне сацыяльнай сферы ў гэтым годзе плануецца накіраваць 53,2 працэнта. Каля 64 працэнтаў у структуры бюджэту займаюць першачарговыя расходы. Акрамя таго, у раёне запланаваны сродкі на развіццё сацыяльнай сферы і інжынерна-транспартнай інфраструктуры ў памеры 17 працэнтаў ад аб'ёмаў бюджэту. Сярэдняя заработная плата за студзень—снежань мінулага года склала 1616,5 рубля.

— Сітуацыя на рынку працы раёна характарызуецца як стабільная і кіраваная. Узровень беспрацоўя склаў на канец 2022 года 0,04 працэнта. Наймальнікамі на тэрыторыі раёна заяўлена больш як дзве тысячы вакансій па розных спецыяльнасцях, —адзначыла Марына Клюева.

Такім чынам, стан сацыяльнай сферы, узровень камфорту і дабрабыту жыхароў, магчымасць аператыўнага вырашэння тых ці іншых праблемных пытанняў, што ўзнімаюць людзі, самым цесным чынам звязаны з паспяховай работай эканомікі — прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, прыватнага бізнесу, сферы гандлю і паслуг.

— У сваю чаргу паспяховае функцыянаванне рэальнага сектара эканомікі, магчымасць кожнага жыхара плённа працаваць дзеля развіцця нашай малой радзімы мы маем дзякуючы стабільнай сітуацыі ў краіне, мудрым і ўзважаным рашэнням, правільнай палітыцы дзяржавы, — сказала напрыканцы Марына Клюева.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».