Вы тут

Шкода, калі ўсё гэта потым спаляць...


Шкода, калі ўсё гэта потым спаляць...

Свой ліст хочацца пачаць з таго, што я расла-расла і дарасла-ткі да Беларускага саюза майстроў народнай творчасці! Потым, у гэтай новай для сябе якасці, пабывала ў розных вёсках нашага і суседніх раёнаў, пазнаёмілася з іншымі выдатнымі майстрамі і майстрыхамі, палюбавалася іх работамі, аднавіла шэраг ручнікоў, якія дасталіся ў спадчыну. Здавалася б, выключна адны падставы для радасці, але...


Вось адна сустрэча.

Неяк паехала я ў невялічкую вёску да знатнай вышывальшчыцы. Тая, нягледзячы на ўзрост (80 з добрым хвастом), тупала па дварэ, казала, што з балотца вярнулася — назбірала вядзерца журавін.

Пазнаёміліся мы, пакінулі ягады ў сенцах, пайшлі ў хату. Там — і яшчэ з парога — я ўбачыла шыкоўныя шторы, якія ўпрыгожвалі ўваход у залу.

— Гэта я ў маладосці гладдзю вышывала, — злавіўшы мой позірк, прапела гаспадыня і спрытна падняла тканіну, каб паказаць, колькі ж на ёй васількоў! І непадалёк, на ложку — на посцілцы, на падзоры, на бакавых фіранках і навалках — чырвоных макаў.

Шчодра, вышыўкай ды карункамі, быў аздоблены доўгі ручнік, які «абдымаў» адразу некалькі абразоў на покуці.

Аднак гэта быў толькі пачатак, бо праз кухню мы з гаспадыняй зайшлі ў камору, дзе стаялі два вялізныя акаваныя куфры. «Як сапраўдныя ложкі», — здзівілася я.

— А так і было! — растлумачыла жанчына. — Калі на кірмаш з'язджаліся людзі і заставаліся начаваць, нехта спаў на лавах, а нехта — на куфрах.

Майстрыха тым часам падняла вечка першага і стала даставаць адтуль рэчы. Вось вялікая карціна (заяц скача па чыстым полі — уцякае ад рыжай лісіцы), вось другая — з прыгажуняй на камені ў чаканні прынца...

— Перш чым вышыць, яе ж трэ было намаляваць. Вы так і рабілі? — пытаю ў жанчыны.

— Не, я не малявала. Для гладзі мы ўсе тут намочвалі чыстую тканіну, накладвалі яе на чужую гатовую вышыўку і пераздымалі. Хімічны аловак мог нешта прапусціць, не дамаляваць, — тады ўжо прыдумвалі самі, падбіралі іншыя колеры.

— А калі ж быў час усім гэтым займацца, вышываць? У вас жа работа, сям'я, гаспадарка...

— Я заўсёды ўставала раненька, — успамінала жанчына. — У печы падпалю, карову падаю — пакуль у поле выганяць, глядзіш, трохі павышываю. На гэты занятак увесь мой вольны час ішоў, кожная хвілінка.

— А якое тады асвятленне было?

— Летам добрае, дзённае, бо позна цямнее... Зімой — вышывалі пры лучыне, потым — пры газавай лямпе, а з'явілася электрычнасць, дык і зусім добра стала! Можна крыжыкам вышываць. Ён жа памылак не даруе: недзе празяваў, — распорвай і пачынай спачатку.

Расказваючы аб ранейшым, гаспадыня ўсё даставала і даставала з куфра свае работы, а я не магла на іх налюбавацца!.. Цікавыя малюнкі, яркія фарбы на бялюткім мяккім палатне. Запыталася, як можна яго вось так адбяліць?

— А гэта не я рабіла. Гэта ўсё раса дый вада. Яны лён адбельвалі, — дзялілася майстрыха. — Я хіба расцілала палотны ды варочала з боку на бок... А паркаль засыпала попелам, залівала вадой — ды на вогнішча ў вялікім посудзе. Раней спецыяльна жлукты былі. Каб лішнюю ваду не цягаць, проста адкрывалі адтуліну. Шмат працавалі. Некалі кожная дзяўчына сама пасаг пачынала збіраць. Хлопцы на вячорках толькі прыглядаліся, хто што ўмее, ці спрытна робіць. Так выбіралі нявесту. Ад велічыні пасагу шмат што залежала.

— Вашы ручкі, мусіць, дужа цаніліся?

— Так-так... Мой муж Мікалай, светлай памяці, нават розную жаночую работу рабіў, каб я вышывала. Але ж гэта — некалі, а цяпер... — жанчына цяжка ўздыхнула. — Цяпер, дзіцятка, іншая мода. Мае дзеці па гарадах жывуць, ім такое не трэба. А ўнукі, дык і зусім... Яны мае вышыванкі анучамі завуць... Шкода будзе, калі потым, пасля мяне, іх проста спаляць.

...Успамінаючы тую сустрэчу, майстрыху і яе паўнюткія куфры, думаю, колькі ж іх па нашых вясковых хатах, колькі цікавых работ чакае сваёй, мо таксама трагічнай, долі?

А можа, нашчадкі ўсё ж пашкадуюць рукатворную гісторыю і аддадуць яе не агню — занясуць у дамы народнай творчасці, у бібліятэкі, школы, музеі, каб такім чынам захаваць памяць?

Валянціна НІКІЦІНА

г. Клічаў.


«Для мяне ён не проста сябра...»

Успомнім мы — успомняць, магчыма, нас. У сёлетнім лютым выдатнаму беларускаму журналісту Васілю Рошчыну споўнілася б 70.

Мы пазнаёміліся ў 1978-м, калі я ўжо трэці год шчыраваў у «Сельской газете», а ён, яшчэ студэнт, здзіўляў сваім майстэрствам чытачоў «Звязды». «Таленавіта, злабадзённа, дакладна», — казалі пра яго публікацыі «звяздоўскія» «зубры» Анатоль Мяснікоў, Уладзімір Гойтан, Вячаслаў Вольскі, Леанід Сузін. І як было не пагадзіцца, калі Васіль і сапраўды першы адгукаўся на людскія праблемы: ехаў, разбіраўся, спачуваў, знаходзіў выйсце.

Родам ён быў з Правідзінца, маленькай касцюковіцкай вёскі. Свае першыя веды набываў у Саматэвіцкай сярэдняй школе, тамсама, дзе і два народныя пісьменнікі Беларусі — Аркадзь Куляшоў і Іван Чыгрынаў. Васіль шчыра ганарыўся сваім сяброўствам з Іванам Гаўрылавічам, разам з ім часта ездзіў на малую радзіму, радаваўся выхаду ў свет раманаў «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы»...

Дарэчы, правобразам адной з гераінь згаданых твораў стала родная маці журналіста Вольга Васілеўна, якая шмат расказвала пісьменніку пра нялёгкія выпрабаванні, што выпалі на долю аднавяскоўцаў у гады вайны... Яна ўмела прымаць гасцей, умела частаваць, перамогшы інсульт, з цеплынёй расказвала, якім добрым лекарам стаў для яе агульны любімец — сіямскі кот.

Некалькі гадоў гэтая разумная і надзвычай паважлівая да людзей жанчына пражыла ў Васіля, у чатырохпакаёўцы на Пуліхава, 29, куды сям'я перасялілася пасля таго, як былы адказны сакратар «Звязды» пачаў працаваць у «Социалистической индустрии», а пасля — «Рабочей трибуне». З усіх уласных карэспандэнтаў саюзных газет («Правда», «Известия», «Труд», «Аргументы и факты», «Культура»...) па Беларусі Васіль Рошчын быў самы малады, але прытым — не менш аўтарытэтны. Дзеля справы і сяброў ён быў гатовы на многае.

Помню, я доўгі час не мог заняцца рукапісам гамяльчаніна Івана Сечкі, якога несправядліва асудзілі за выпадковы пераход беларуска-польскай граніцы. Ён 16 гадоў правёў у лагерах, а ў мяне бракавала цярпення, каб паглыбіцца ў тэкст, дасланы на шматлікіх паперках...

Помню, «прагледзець» іх папрасіў Васіля і праз тры дні атрымаў... гатовы да друку нарыс «Узник Норильлага» за... маім подпісам.

Яшчэ тры дні давялося ўгаворваць сапраўднага аўтара, каб ён паставіў свой. Сышліся на кампрамісе: артыкул выйшаў за двума і заняў цэлую старонку (вялікага фармату) ў «Сельской газете».

Гэта — аб тым, наколькі бескарыслівы быў Васіль, наколькі незайздрослівы да чужых знаходак і поспехаў. А вось яму — зайздросцілі. Яшчэ і як!

...За сваё кароткае жыццё (44 гады!) Васіль Рошчын паспеў заявіць пра сябе як паэт, падтрымаць сваім высокім майстэрствам многія рэспубліканскія выданні, многіх маладых калег. Для мяне ён быў не проста сябрам: я лічыў яго сваім братам, без якога ў свой час не ўяўляў ні сваё жыццё, ні сваю творчасць.

Уладзімір БАРЫСЕНКА

г. Мінск.


Дзеці часам не разумеюць, што блізкаму чалавеку цяжка

У любімай газеце шмат цікавых артыкулаў, цікавых старонак: «Што людзі пішуць» — гэта пра жыццё, пра нашу сапраўднасць.

У нумары за першага лютага зачапіў, што называецца, ліст Соф'і Кусянковай «Мусіць, нешта ўпускаем мы ў выхаванні дзяцей?» Мне здалося, я ведаю, што. У бацькоў цяпер — адно-два дзіцяткі, у бабуль і дзядуляў — па два-тры ўнукі. Ну як пры гэтым не лічыць іх выключнымі? Як не трэсціся, не песціць, не апекаваць, не шкадаваць... І тым самым не падсаджваць сабе на шыю?

Трэба сказаць, што садзяцца яны паступова, памалу, а вось сядзець там прывыкаюць хутка. І тады ўжо не скінеш, каб і хацеў: «дзіця» прыстасавалася, яно не разумее, што блізкаму чалавеку можа быць цяжка.

Свежы прыклад. Не так даўно выклікаў я з Полацка двух сыноў, каб дапамаглі спарадкаваць прывезеныя з лясніцтва дровы: іх сем кубоў было — непарэзаных, скінутых, можна сказаць, за плотам — далекавата.

На падмогу старэйшы сын узяў свайго сына, і працэс пайшоў. Я ўзяўся пілаваць бярвёны, «госці» — адвозіць у двор і складаць... Тачку цягаць сын даручыў... малому.

Я спачатку запярэчыў: маўляў, 10 гадкоў... Не цяжкавата будзе?

На што сын адказаў пытаннем: «А табе ў такім узросце было лягчэй?» (Я толькі глянуў: «Ну вядома ж, не і яшчэ раз не!»)... Так што хай павозіць, а мы — пагрузім-разгрузім».

Мы дружна, добра папрацавалі! Потым разам пасядзелі за сталом, пачаставаліся смачнымі калдунамі, пагаварылі, і нарэшце, нешта ўзяўшы з сабой, мае госці з'ехалі.

...Нам з жонкай прыемна ўспамінаць гэты дзень. Хлопцам, спадзяёмся, таксама, бо яны зрабілі добрую справу: папрацавалі, дапамаглі старэйшым.

Радасць ад гэтага дзеці павінны адчуваць змалку, шкадаваць найбольш сваіх родных. І толькі пасля ўжо — коцікаў ды сабачак.

Аляксандр МАТОШКА

Расонскі раён.


Было наша, стала ваша, але ж не чужое... Не!

...Людміла любіла свой дом у вёсцы: тут яна нарадзілася, вырасла, сюды — разам з мужам — шмат гадоў прыязджалі на выхадныя: дыхалі свежым паветрам, глядзелі маці, садзілі агарод.

Раніцай яна выйшла, каб сабраць там апошнія кабачкі, і затрымалася: непадалёк, па закінутым падворку цёткі Тоні, хадзілі нейкія незнаёмцы. «Хто ж такія?» — устрывожылася кабета, падышла бліжэй і, здаецца, прызнала сына нябожчыцы-гаспадыні, яе нявестку.

— Добры дзень вам! — павіталася першай. — Вова?

— Добры-добры, Люда! — узрадаваўся мужчына. — Але ж я не Вова, а — Саша... Толькі ты не зважай: нас з братам многія блытаюць.

— Падобныя, — згадзілася Людміла. — Ды і не прыязджалі даўно, а тут... Нейкая патрэба?

— Ат, не пытайся, — зірнуўшы жонцы ў акуляры, сумеўся мужчына. — Ты ж, можа, ведаеш, чула?

Людміла, ну зразумела ж, ведала, што ў Сашавых бацькоў — два сыны і дачка, што ўсе яны адукаваныя, паспяховыя і цяпер гарадскія, што хату родную (у вёсцы здаўна казалі) збываць не збіраюцца... Аж тут на табе — як быццам прадаюць...

— Але ж нічога, нічога страшнага, — падбадзёрыла суседа Людміла. — Не вы першыя...

Хацела яшчэ нешта дадаць...

— Прабач, — хаваючы вочы, перапыніў сусед, — мы вельмі спяшаемся. Вася Раманаў у Мінску хварэе. Прасіў, калі будзем у вёсцы, хату яго паздымаць.

— Дык яе ж прадалі? — не зразумела Людміла.

— Ну і што?.. Яна ж пасля гэтага чужой не стала? Хоць на «фотцы», а ўбачыць добра, — з разуменнем заявіў сусед. І ўжо сыходзячы, пахваліў:

— А вы малайцы! Прыгожа дом свой зрабілі.

...На гэтым суседзі развіталіся: магчыма, назаўжды.

Ірына ВОЙТКА

г. Слонім.

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.