Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» ўпадабалі духмяны бразільскі напой


Пасольства Бразіліі зноў здзіўляла: раней мы разам слухалі басанову і хварэлі за Селесаа, а цяпер сонечнай лютаўскай раніцай атрымалі задавальненне ад смачнай духмянай кавы. Яно і зразумела: краіна — найбуйнейшы глабальны экспарцёр гэтай прадукцыі, без якой не ўяўляе свайго жыцця абсалютная большасць жыхароў планеты. Бразілія забяспечвае трэць сусветнага аб'ёму паставак кавы. Аб'ём вытворчасці — 50-60 мільёнаў мяшкоў (па паўсотні кіло) у год.


— Кава насамрэч — сімвал Бразіліі, нездарма яна знаходзіцца на дзяржаўным гербе краіны, — адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл. — Мы прывезлі на дэгустацыю 12 найлепшых брэндаў кавы, у якіх найвышэйшая прафесійная ацэнка, і сабралі на дэгустацыю беларускіх прадстаўнікоў гэтай галіны, каб яны пакаштавалі напой і мелі магчымасць выхаду на прамыя кантракты з вытворцамі.

Капінг праводзіў сусветна вядомы спецыяліст у галіне бразільскай спешэлці-кавы Эдгар Брэсані. Ён прадстаўляў прадпрыемства з красамоўнай назвай Latіtude (у перакладзе з партугальскай «шырата»).

— У Бразіліі кава вырошчваецца ў 34 рэгіёнах, якія знаходзяцца ў розных кліматычных умовах, на рознай геаграфічнай шыраце (паколькі краіна вялізная), — усміхаецца Эдгар Брэсані. — Мы — адзінае прадпрыемства, якое прадстаўляе самую шырокую лінейку бразільскай кавы з усіх рэгіёнаў, дзе яна вырошчваецца, і вельмі рады магчымасці пазнаёміць з ёю беларусаў.

Спешэлці — гэта кава, якая мае найвышэйшыя ацэнкі па прафесійнай шкале: звыш 80 пунктаў са 100. Бразілія канцэнтруецца на вытворчасці менавіта такой прадукцыі, бо краіна арыентуецца не на «вал», а на якасць. Адсюль і навуковы падыход, і новыя кірункі, накшталт ферментацыі, калі з кававымі зярняткамі абыходзяцца, быццам з вінаградам падчас прыгатавання віна. Як заўважыў Эдгар Брэсані, ёсць нават кава з двайной ферментацыяй.

І калі ва ўтульным сталічным рэстаране «Кампанія» заварылі духмяную бразільскую каву, букет пахаў насамрэч нагадаў добрае віно. І смак, паверце, заслугоўвае найвышэйшых пахвал. Таксама можна было прадэгуставаць і... чай з кававых кветак — каскару. Адным словам, суцэльнае захапленне — сапраўдны раман з кавай. Тут словамі проста не перадаць — варта паспытаць. І было відаць, што такая прапанова вельмі зацікавіла прадстаўнікоў беларускіх кампаній, якія змогуць закупіць зялёную каву і ўжо на месцы абсмажыць яе. А мы абавязкова пакаштуем.

— Бразільская кава на беларускім рынку, нягледзячы на ўсе аб'ектыўныя неспрыяльныя фактары, не будзе ў дэфіцыце, — перакананы Бернард Жорг Леапольд дэ Гарсія Клінгл. — У гэтага цудоўнага рэчыва ёсць вельмі важная функцыя — сацыяльная. Людзі збіраюцца разам, размаўляюць, п'юць якасны духмяны напой. Кава насамрэч збліжае народы, збліжае нашы сэрцы.

Як прызнаўся Эдгар Брэсані, па «кававых справах» ён падарожнічае 180 дзён на год і ведае шмат адметных месцаў. Яму вельмі спадабаўся Мінск, у тым ліку вячэрні. «І людзі цудоўныя — яшчэ адна прычына неаднойчы сюды завітаць», — заўважыў Эдгар.

А што, прыязджайце, добрым гасцям мы заўжды рады. Кавы пап'ём.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».