Вы тут

Беларусы сталі часцей клапаціцца пра здароўе зубоў


За мінулы год да ўрачоў-стаматолагаў мінчане звярталіся каля 13 мільёнаў разоў. Пры гэтым 90 % наведванняў прыпадае на долю дзяржаўных клінік, 10 % — на прыватныя кампаніі. Аднак колькасць апошніх паступова расце. Каля 22 % наведванняў звязана з прафілактычным аглядам. І гэта сведчыць аб тым, што беларусы сталі больш увагі аддаваць свайму здароўю, у тым ліку і здаровай усмешцы.


Тэхналогіі аднолькавыя, розніца ў цане істотная

Як паведаміў галоўны ўрач 8-й гарадской клінічнай стаматалагічнай паліклінікі Мінска Андрэй Есьман, летась сумесна з супрацоўнікамі стаматалагічнага факультэта БДМУ былі грунтоўна перагледжаны клінічныя пратаколы. Працаваць па іх артапеды і артадонты пачнуць ужо з 1 сакавіка гэтага года. Дапрацоўваюцца клінічныя пратаколы па аказанні дапамогі ў хірургічнай, тэрапеўтычнай і дзіцячай стаматалогіі.

Спецыяліст адзначыў, што летась не толькі ў дзяржаўных, але і прыватных клініках прайшоў шэраг маніторынгаў і праверак. У прыватных стаматалагічных цэнтрах выяўлены сістэмныя парушэнні ў галіне санэпідрэжыму, выкарыстанне медыцынскай тэхнікі без тэхнічнага абслугоўвання, вядзенне пярвічнай медыцынскай дакументацыі неналежным чынам.

— Каб абараніць правы пацыента, мусіць быць забяспечана пярвічная медыцынская дакументацыя. Гэта пытанне будзе на кантролі. Разам з тым хачу адзначыць, што кіраўнікі прыватных кампаній аператыўна рэагуюць і ліквідуюць выяўленыя недахопы, — адзначыў Андрэй Есьман.

Сістэма аховы здароўя, у тым ліку і матэрыяльна-тэхнічны складнік, добра фінансуецца. Стаматалагічныя клінікі і кабінеты забяспечаны новым сучасным абсталяваннем: толькі ў 2022 годзе для сталічных паліклінік было закуплена 20 стаматалагічных установак. Урачы забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы і расходнымі стаматалагічнымі матэрыяламі. Увядзенне санкцый на забяспечанасць матэрыяламі і прэпаратамі не паўплывала.

Па экспарце медыцынскіх паслуг у стаматалогіі імкнуцца выйсці на дапандэмічны ўзровень. Летась толькі стаматалагічныя паліклінікі Мінска (без уліку стаматалагічных кабінетаў пры паліклініках і бальніцах) зарабілі каля 300 тысяч долараў.

— Наша ўстанова ў 2019 годзе зарабіла 113 тысяч долараў на экспарце паслуг, у 2020-м за першы квартал — каля 22 тысяч долараў, а вось далей значна праселі, — адзначыў галоўны ўрач. — Сёння экспарт паслуг аднаўляецца, бо беларуская медыцына — гэта якасць, даступнасць, брэнд.

Андрэй Есьман расказаў, што многія клінікі арандуюць жыллё для сваіх замежных пацыентаў, у тым ліку заключаюць дагаворы з гасцініцамі. Пацыенты дасылаюць на электронную пошту свае здымкі, і спецыялісты складаюць папярэдні план лячэння, колькасць наведванняў, тэрміны і арыенціровачную суму. Такім чынам, пацыент усведамляе, колькі разоў яму варта з'ездзіць, на які перыяд і на якую суму. Пры гэтым у Беларусі маюцца ўсе сучасныя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы, а розніца ў цане істотная.

Пры навуковай падтрымцы

Усе 14 кафедраў стаматалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта вядуць навукова-даследчую работу. У першую чаргу гэта практыка-арыентаваныя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюць на прыёме ўрачы-стаматолагі, адзначае дэкан стаматалагічнага факультэта БДМУ кандыдат медыцынскіх навук Таццяна Шэвела. Прапанаваныя навуковыя распрацоўкі зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя ў выглядзе інструкцый па прымяненні.

У прыватнасці, кафедра хірургічнай стаматалогіі займаецца навуковай праблемай перыімплантыту — запалення косці ў вобласці ўстаноўленага дэнтальнага імплантата.

— Даказана, што адна з прычын запалення ў коснай тканцы — захворванне страўнікава-кішачнага тракту, а менавіта прысутнасць бактэрыі хелікабактар пілары. І ў інструкцыі па прымяненні выкладзены падрабязны алгарытм дыягностыкі, калі перад тым, як правесці аперацыю па дэнтальнай імплантацыі, пацыенту неабходна прайсці абследаванне на прысутнасць гэтай бактэрыі, — расказвае Таццяна Шэвела.

Даследуецца і праблема рэабілітацыі пацыентаў з паталогіяй сківічна-тварнай вобласці з выкарыстаннем рэфлексатэрапіі. Гэты метад адрозніваецца тым, што не мае пабочных эфектаў і спрыяльна ўздзейнічае на ўвесь арганізм.

Максімальна захаваць зубы дапамагаюць навуковыя распрацоўкі кафедры эндадантыі. Яны займаюцца праблемай лячэння каранёвых каналаў зубоў і іх пералечваннем пры няякасным пламбіраванні.

Лячэннем перыадантыту і сучаснымі спосабамі выяўлення перыадантапатагенных мікраарганізмаў займаецца кафедра перыаданталогіі. Сёння распрацаваны адпаведныя экспрэс-тэсты, і пацыенту аператыўна падчас стаматалагічнага прыёму ўстанаўліваюць прычыну развіцця перыадантыту.

Што датычыцца імпартазамяшчэння, то супрацоўнікі некалькіх кафедраў, у прыватнасці кафедры агульнай стаматалогіі і артапедычнай стаматалогіі, распрацоўваюць сучасныя беларускія стаматалагічныя матэрыялы і дэнтальныя імплантаты.

— Нашы загадчыкі кафедраў, дацэнты, прафесары адкрыты для пацыентаў. Ва ўніверсітэце функцыянуе прафесарска-кансультатыўны цэнтр, які прымае ўсіх ахвотных на базе 5-й сталічнай паліклінікі на вуліцы Ясеніна.

Анлайн-кансультацыя?.. Магчыма

Сёння анлайн усё больш уваходзіць у наша жыццё, у тым ліку кансультаванне з урачом такім спосабам. Але ці магчыма гэта ў стаматалогіі?

— Якая практычная карысць ад анлайн-кансультацыі? Калі пацыент толькі заходзіць у кабінет, па паходцы я бачу, ці ёсць праблемы. Напрыклад, парушэнні апорна-рухальнага апарату, пазваночніка, паставы ў першую чаргу сведчаць пра тое, што могуць быць праблемы са скронева-ніжнясківічным суставам, — кажа Таццяна Шэвела. — Калі ўрач аглядае знешні выгляд, скурныя пакровы, стан слізістай губ, ён можа сказаць, ці дастаткова ў арганізме пацыента мікраэлементаў і вітамінаў... Таму, вядома, лепш наведаць спецыяліста асабіста. Але, безумоўна, пэўныя пытанні можна задаць. Калі гэта ў кампетэнцыі стаматолага — і не нашкодзіць, урач пастараецца адказаць.

Чаму стаматолагу важна ведаць пра перанесены ковід

Калі пацыент прыходзіць да стаматолага, ён абавязкова мусіць сказаць, што нядаўна перанёс каранавірусную інфекцыю.

— Пры лячэнні прымяняюцца прэпараты, якія ўплываюць на ўласцівасці крыві, а менавіта на яе згусальнасць. І калі пацыент прымае ксарэлту, ён мусіць пра гэта сказаць. Прычым не толькі хірургу-стаматолагу, бо пры выдаленні зуба магчыма развіццё крывацёку, але і ўрачу-тэрапеўту, бо пры анестэзіі ін'екцыя можа выклікаць масіўную сківічна-тварную гематому, — тлумачыць Таццяна Шэвела. — Акрамя таго, прызначэнне супрацьвірусных прэпаратаў уплывае на стан слізістых поласці рота. І пацыентам, якія перанеслі ковід, праз нейкі час не пашкодзіць звярнуцца для прафілактычнага агляду да ўрача-стаматолага.

Беражы змоладу! Не толькі гонар

Увогуле ж, прафілактыка, калі справа датычыцца здаровых зубоў і прыгожай усмешкі, важная з самага дзяцінства. У Беларусі не першае дзесяцігоддзе дзейнічаюць разнастайныя прафілактычныя праграмы для дзяцей. Яны адпавядаюць міжнароднаму ўзроўню і ўсім патрабаванням Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Адна з іх прадугледжвала навучанне дзяцей з першага класа правільнай чыстцы зубоў у школе. І яна дала вынікі, якія ўражваюць: захваральнасць на карыес знізілася на 36 %, прыводзіць статыстыку загадчык дзіцячага стаматалагічнага аддзялення 22-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска Людміла Жугіна.

Яна адзначыла, што ўсе дзеці пачынаючы з аднагадовага ўзросту мусяць штогод наведваць стаматолага з прафілактычнымі мэтамі. Менавіта такія візіты дазволяць вырашыць праблемы на ранняй стадыі і захаваць зубы.

У складаных выпадках дзяцей у сталіцы накіроўваюць у Мінскі гарадскі дзіцячы клінічны цэнтр па стаматалогіі. Ён нядаўна адкрыты пасля рэканструкцыі, і дзіцячыя стаматолагі аказваюць усебаковую высокапрафесійную дапамогу.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.