Вы тут

Даражы сваім часам


Год таму мой сябар Алесь вырашыў кардынальна памяняць прафесію. З журналіста перакваліфікавацца ў тэсціроўшчыка. Запісаўся на адмысловыя праграмісцкія курсы, пайшоў у групу, каб падцягнуць англійскую мову. А каб, пакуль вучыцца, мець нейкую капейку, знайшоў падпрацоўку капірайтарам. Пачаў пісаць тэксты для сацсетак пра крыптавалюту. Калі шчыра, я тады вельмі здзівілася яго выбару. Бо нават словы «тэсціроўшчык» і «крыптавалюта» ўваходзілі ў дысананс са схільнасцямі і талентамі маладога чалавека. Алесь — гуманітарый да мозгу касцей, на раз-два прыдумвае чарадзейныя казкі для сваёй дачушкі, цудоўна гатуе і жыць не можа без кветак. Прычым ён не толькі піша пра іх душэўныя і вобразныя замалёўкі, але і разводзіць на лецішчы ў вялікай колькасці. І вось гэты апантаны кветкавод вырашыў пайсці ў тэсціроўшчыкі... ды пісаць пра «крыпту».


Днямі мы хадзілі разам у піцэрыю. Алесь падзяліўся, што ў пагоні за вялікімі грашыма ледзь не страціў сябе. «Ведаеш, — кажа, — калі я прыслухаўся да сябе і зразумеў, што праграмаванне — гэта не маё, бы камень з душы скінуў. І навошта мне тыя грошы, калі праца будзе не ў радасць, а жыццё ператворыцца ў катаргу? Я нават цяпер, калі пішу пра крыптавалюту, пакутую. Думаю адмовіцца ад гэтай падпрацоўкі».

Я бачыла даволі шмат паспяховых людзей, захопленых сваім заняткам. Дык вось, грошы для іх, і гэта адчуваецца, не з'яўляюцца вызначальным фактарам. Яны паглыбленыя ў справу свайго жыцця і лёгка затрачваюць на яе значную частку даходу. Праз нейкі час любімая справа прыносіць ім даход з такой жа лёгкасцю. І наадварот, людзі рэдка дабіваюцца поспеху, калі занятыя тым, што не прыносіць ім задавальнення.

Напрыклад, Віка, па рэцэптах якой я люблю гатаваць, прызналася, што яна з дзяцінства хацела быць кухарам. Але бацькі сказалі, што гэта праца не для дзяўчынкі. Таму Віка паступіла на эканаміста, на той час такая прафесія была самай прэстыжнай. У выніку 4,5 года адпрацавала па спецыяльнасці і ўвесь гэты час ненавідзела тое, што рабіла. Шчаслівая была толькі па вечарах і выхадных на ўласнай кухні, дзе адточвала сваё кулінарнае майстэрства. У выніку чатыры гады таму кінула нелюбімую работу і пачала рухацца ў бок сваёй мары. Цяпер дзяўчына працуе ў дарагім рэстаране шэф-кухарам, улюбляе ў кухарства іншых, праводзячы майстар-класы, вядзе кулінарны блог, па якім гатуе больш як 40 тысяч падпісчыкаў... Кажа, што ловіць кайф кожны свой працоўны дзень. І гэта нядзіўна, бо яшчэ Канфуцый некалі казаў: «Знайдзі сабе працу даспадобы, і табе не давядзецца працаваць ні дня». Нелюбімая работа можа «высушыць» чалавека, давесці яго да стану, калі неблагія сродкі для існавання ёсць, але яны не прыносяць радасці альбо няма часу ці энергіі іх траціць. Гэта даволі сумна, бо грашыма ніколі не заменіш страчаны час. А ён, пагадзіцеся, бяжыць вельмі хутка...

...Адзін банкір назапасіў вялікае багацце за кошт сумленных кліентаў. Аднойчы ён вырашыў, што стаміўся, і хоча пажыць у раскошы, як душа жадае. І толькі ён пра тое падумаў, як да яго з нябёсаў спусціўся анёл смерці. Спужаўшыся, банкір вырашыў любым спосабам вытаргаваць сабе крыху часу. «Дай мне тры дні жыцця, і можаш узяць траціну маёй маёмасці!» Анёл адмовіўся. «Ну, добра... Тады я аддам табе палову таго, што ў мяне ёсць, толькі дай мне ўсяго адзін дзень, каб я змог наведаць сям'ю, якую з-за вечнай занятасці даўно не бачыў».

Але анёл быў непахісны. Тады чалавек стаў маліць даць яму хоць бы пару хвілін, каб напісаць сыну развітальную запіску. Гэтае жаданне анёл задаволіў. І банкір напісаў: «Сынок, даражы сваім часам. За ўсе свае мільёны долараў я не змог купіць і адной гадзіны».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».