З Настассяй Унучак я пазнаёмілася амаль 10 гадоў таму, калі яна ўзначальвала медыцынскі цэнтр «Аптымед». Рабіла з лэдзі-бос інтэрв'ю для сваёй кнігі «Сустрэчы без абцасаў». Ужо потым я даведалася, што Настасся выйшла замуж, нарадзіла дачушку Машу, а праз год і адзін месяц — другое дзіця. Міша з'явіўся на свет на 2,5 месяца раней тэрміну, важыў усяго 1470 грамаў. У той момант, як прызналася Настасся, унутры яе не аказалася апоры, каб справіцца з сітуацыяй. Яе перапаўнялі адчай і злосць... За год яна, можна сказаць, апусцілася да самага дна. Але ў нейкі момант знайшла ў сабе сілы, каб адштурхнуцца і падняцца ўверх.
Да 38 гадоў я была абсалютна шчаслівай, паспяховай і зацыкленай на сабе. Спачатку, у 27, я стала дырэктарам медыцынскага цэнтра, потым адкрыла ўласны бізнес — выязны салон прыгажосці. Але пасля нараджэння Мішы маё жыццё падзялілася на «да» і «пасля». І гэта была не проста раздзяляльная паласа. А сапраўдная прорва, у якую я трапіла ў першы год жыцця сына.
Нарадзіўся Міша 29 сакавіка, а дадому мы трапілі толькі на пачатку чэрвеня. Жылі ў бальніцах. Прагнозы былі амаль адразу несуцяшальныя. Міша прабыў двое сутак у рэанімацыі на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. У выніку чаго, як сказалі ўрачы, адбылося пашкоджанне галаўнога мозгу. Памятаю, як ляжала ў палаце і чытала ў інтэрнэце, якое пекла нас чакае наперадзе. І з кожным днём усё больш упадала ў дэпрэсію.
Раней мне падавалася, што калі ў цябе ёсць поспех у нейкай сферы, то далей усё будзе добра. Пасля нараджэння Мішы я зразумела, што гэта ілюзія. У любы момант з кожным з нас можа здарыцца ўсё, што заўгодна... Менавіта таму важна не нарошчваць вакол сябе знешнюю лупіну, а звяртаць увагу на галоўнае — расці ўнутрана. Бо калі нешта здараецца, знешняе не з'яўляецца апорай.
Ёсць пяць стадый пражывання гора: адмаўленне, гнеў, гандаль, дэпрэсія і прыняцце. Многія жанчыны гадамі захрасаюць на стадыі гандлю. «Калі ты пачнеш хадзіць, я расслаблюся і дазволю сабе нарэшце адпачыць, выйсці на працу ці схадзіць на масаж». У мяне самай яркай была стадыя гневу. Я не адчувала радасці, мяне перапаўняла раздражненне, крыўда, расчараванне, віна і нянавісць да сябе, свайго дзіцяці. Я злавалася на ўвесь свет, які, як мне здавалася на той момант, мяне ніколі не зразумее і не прыме. Але ў нейкі момант, дзякуй богу, я адчула, што больш не хачу так жыць. Зараз разумею: гэта самая класная стадыя, бо ў гневе і злосці вельмі шмат сілы, і ты можаш гэту сілу накіраваць на рэальныя дзеянні, пошук шляхоў.
Маім выратаваннем на той момант стаў дабрачынны курс «Асаблівыя» дзеці». Ён дапамог мне знайсці ўнутраную апору, веру ў сваё дзіця і сябе. Я пачала глядзець на Мішу як на вялікую Душу, якая выбрала такую няпростую дарогу. Мая ж задача — проста быць яго правадніком у найлепшы з магчымых шляхоў. Там я пазнаёмілася з мысленнем, якое не абмяжоўвае, а пашырае. Цяпер праект зрабілі платным, ён называецца «Такі, як мы», я нават нейкі час яго прадзюсіравала. Калі ён быў бясплатны, больш як палова мам кідалі навучанне на паўшляху, бо трэба было працаваць над сабой, над сваёй псіхікай. Не над дзіцем. Гэта праект не пра тое, каб дадаць дзесяць новых ЛФК. Наадварот, ён пра тое, што мама сама можа шмат чаго трансліраваць дзіцяці. І дзякуючы гэтаму яно развіваецца.
Дзеці да вызначанага ўзросту цалкам капіруюць нас, нашы павадкі, думкі, жыццёвыя стратэгіі. І ідуць з імі па жыцці. У Мішы з нараджэння шмат фізічных абмежаванняў. Каб вырвацца з гэтых путаў, яму трэба шмат працаваць і палюбіць напружанне. Свядома ісці ў яго. І я сваім прыкладам магу прывіць яму любоў да напружання, да выхаду за свае рамкі. Але перш-наперш мне трэба было самой навучыцца шукаць радасць у выпрабаваннях, бо раней я заўсёды любіла вызначанасць і камфорт.
Я доўга шукала і працягваю шукаць тое, што дапаможа Мішу аднавіцца да фізічна ўмоўнай нормы. Вывучыла мноства кірункаў. І зразумела, што няма «чароўнай таблеткі», якая паставіць дзіця на ногі. Трэба штодня працаваць над сабой, пераадольваць сябе, тады ёсць шанц. І дзеці ў цябе гэтаму пераадольванню вучацца. Таму я пастаянна развіваюся, шукаю, як мне стаць лепшай для таго, каб быць прыкладам для сына. Бо, калі змагу я, Міша таксама зможа.
Адным з такіх пераадольванняў сябе для мяне летась стаў паход на Бялуху. Дзякуй майму мужу, бацькам, няньцы за такую магчымасць. Без іх я не змагла б гэта зрабіць. Я пайшла ў горы, каб выйсці з зоны камфорту і сустрэцца з сабой сапраўднай. Гэта быў няпросты паход, мы жылі ў палатках, было мінус 45 градусаў. Калі ў горадзе ты можаш адступіць, сказаць «усё, я больш не магу», то ў гарах гэта немагчыма: ты альбо ідзеш, альбо замерзнеш. Калі я праходзіла перавал Дэланэ — трохсотметровую ледзяную сцяну, — то думала пра Мішу. Для яго звычайная падлога — як для мяне тая сцяна. Міхаіл на сёння — галоўны мой матыватар. Ён спачатку перавярнуў маё жыццё з ног на галаву. А потым, сам таго не ведаючы, надаў яму ўсе мажлівыя і немажлівыя сэнсы.
Што вы бачыце, гледзячы на сваё дзіця? Яго хваробу, абмежаванні, бесперспектыўную будучыню ці сілу, магутнасць і магчымасці? Я глядзела і так, і па-іншаму. У псіхалогіі ёсць такое паняцце, як эфект Пігмаліёна, ці перадузятасці эксперыментатара. Яго сутнасць заключаецца ў тым, што чаканні чалавека вызначаюць яго дзеянні. Псіхолагі Роберт Разенталь і Ленора Якабсон правялі эксперымент: у пачатку навучальнага года яны выдзелілі вучняў з розных класаў пачатковай школы, якія па выніках тэста аказаліся больш таленавітымі, чым іх аднакласнікі. Насамрэч ніякіх асаблівых здольнасцяў у іх не выявілі, і вучні былі выбраныя выпадкова, аднак настаўнікам сказалі адваротнае. Паўторнае тэсціраванне ў канцы года паказала, што вынікі «адораных» вучняў у сярэднім палепшыліся, а паказчык ІQ павялічыўся. Эфект Пігмаліёна даказвае, што мы сваёй верай фарміруем рэальнасць.
Пасля гор змяніўся мой погляд на дзіця. Многія з нашай групы баяліся, што не справяцца, а гіды ў нас верылі. Я гэту веру ў іх пераняла. Цяпер гляджу на Мішу іншымі вачыма, стала яшчэ менш дрыжання: хутчэй бы пайшоў, загаварыў. І я заўважыла, што сын ловіць мой стан і аднаўляецца значна хутчэй, чым раней. Не так даўно Міша пачаў поўзаць. Я яму крыху дапамагаю, і ён сам паўзе на кухню, каб паесці. Раней мне здавалася, што ён на гэта не здольны.
Самая галоўная кропка апоры — людзі. У маёй гісторыі такой апорай стаў мой муж. Я была ў цяжкім стане, а ён мяне падтрымаў, прымаў такой, якая я ёсць.
Не бойцеся прасіць дапамогу. Разам з тым, важна цаніць людзей і не перакладваць усё на іх плечы. Калі ты трапляеш у «клетку» свайго гора, то гатовы ўсіх вакол, асабліва блізкіх, крыўдзіць, драпаць, біць. «А муж сцерпіць. Бо мне ж так цяжка». Але насамрэч яму не менш цяжка. Проста калі табе дрэнна, ты не бачыш, як можа быць дрэнна іншым.
— Якую кнігу па пачытаць мамам «асаблівых» дзетак?
— «Дзеці з неабмежаванымі магчымасцямі. Метад абуджэння мозгу для паляпшэння жыцця асаблівых дзяцей» Анат Баніэль. Там даступна расказваецца аб нейрапластычнасці мозгу, які здольны развівацца ў любым узросце, нягледзячы на дыягназы. І для гэтага не патрэбныя нейкія касмічныя намаганні. Практычныя навыкі з кнігі па сілах укараніць у штодзённае жыццё свайго дзіцяці кожнай маме.
Да з'яўлення Мішы я нават не магла ўявіць, колькі ўва мне сілы, упартасці і мэтанакіраванасці. Але я не робат. У мяне бываюць розныя станы і эмоцыі. Часта наша стомленасць — гэта пачуццё гіперадказнасці, пачуццё доўгу, віны, звычка жыць у напружанні. Я так пражыла амаль два гады з нараджэння Мішы і ведаю не па чутках, як важна ўдзяляць увагу сабе, сваім патрэбам. Мама можа прыняць адэкватнае рашэнне па абілітацыі і аднаўленні свайго дзіця, толькі калі яна ў рэсурсе. А для гэтага трэба навучыцца правільна размяркоўваць свой час, расстаўляць прыярытэты. Дазвольце сабе знайсці час для сябе. Для пачатку складзіце спіс таго, што вас напаўняе, акрыляе, натхняе. Напрыклад, для мяне гэта прырода, прагулкі на свежым паветры, час сам-насам. Таксама выпішыце дзеянні, якія будуць дапамагаць падтрымліваць стан рэсурснасці. Мае варыянты: медытацыя, дыхальныя практыкаванні, кантрасны душ, дэлегаванне паўнамоцтваў мужу, дзецям, бацькам, няньцы, планаванне адпачынку.
Міша развівацца дастаткова павольна, але да мяне толькі зусім нядаўна прыйшло прыняцце яго тэмпу. Мы раней жыць не паспявалі, ездзілі на ўсякія працэдуры, да розных спецыялістаў, елі ў машыне. Мітусня, страх не паспець, не зрабіць, не справіцца... У нейкі момант мы з мужам зразумелі, што гэта не спрынтарскі забег, а марафон на доўгую дыстанцыю. І калі мы гэты марафон будзем прабягаць як спрынтары, напэўна, хтосьці не вытрымае. Зараз у нас дастаткова дазіраваныя трэніроўкі, мы не рвём жылы, каб усё зрабіць, слухаем сябе, слухаем дзіця і проста рухаемся ў сваім тэмпе. Самае галоўнае ў гэтай справе — індывідуальны падыход, дысцыпліна і рэгулярнасць. Мы спрабуем розныя метады, штосьці атрымліваецца, штосьці — не. Але гэта ўжо не суправаджаецца расчараваннем ці катэгарычнасцю: вось толькі гэты метад і ўсё, толькі так і больш ніяк. Трэба дзейнічаць са стану дастатку: гэты астэапат ці інструктар не самы апошні, хто дапаможа аднаўленню дзіцяці. Вы знойдзеце свайго.
Зараз майму малому амаль чатыры гады, і ён пакуль не ўмее хадзіць і гаварыць. І пры гэтым так многаму навучыліся і ён, і ўся наша сям'я, пераадольваючы цяжкасці кожны дзень. І самае каштоўнае ў тым, што мы нанова навучыліся смяяцца і радавацца. А я пачала весці блог. Бачу сваю місію ў тым, каб праз Мішу дапамагаць сем'ям, якія сутыкнуліся з крызісам нараджэння і выхавання «асаблівых» дзяцей. Я хачу паказваць, што можна інакш. Мяне гэта натхняе, радуе, мне гэта хочацца рабіць. Я з радасцю падзялюся сваім досведам, ведамі, карыснай інфармацыяй і кантактамі, калі вы на пачатку шляху ці захраслі на нейкай стадыі пражывання свайго гора. Я падтрымаю вас усім сэрцам, таму што ведаю, ШТО вы можаце адчуваць.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Фота з сямейнага архіва гераіні
Пошукавікі нярэдка звяртаюцца па дапамогу да насельніцтва.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.