Вы тут

Выхаванне маніпуляцыяй. З тапачкам — хутка, з перакананнем — доўга


Гадаваць дзіця — працэс няпросты. І няважна, у поўных ці няпоўных сем'ях гэта адбываецца. Часта бывае, што жыццё больш насычанае эмацыянальна і лепшае ў сем'ях, дзе толькі адзін з бацькоў, але ёсць падыход да малога, чым у поўных сем'ях, дзе такога няма. Але ж і там, і там існуе шмат «бунтаў» дзіцяці, якое лянуецца і не слухае, і браць на сябе нічога не хоча ці проста паўстае супраць. Чаго? Ды проста наперакор усяму. Як дзейнічаць бацькам? Праз мадэляванне сітуацый, упэўнены Міхаіл Шукайла, які ўзначальвае кірунак па рабоце з падлеткамі бацькоўскага аб'яднання «Клуб ільвоў», медыятар і тата дзвюх дачок.


«Усё роўна ніхто тут не ходзіць!»

Многія хочуць «зручнае» дзіця, бо «зручныя» дзеці — зручныя мэты для маніпулявання, і праз іх можна рэалізаваць свае, не дасягнутыя бацькамі, мэты. Перакананне (не ўгаворы, а менавіта перакананне) — доўгі працэс, але ён працуе. Дыялог з дзіцем — гэта работа, і гэта складана, на гэта трэба знайсці час і жаданне. А вось з выкарыстаннем фізічнага ўздзеяння, калі дзіця ўжо адкрыта «забіла» на аўтарытэт дарослых, калі ў ход ідзе «выхавальны тапачак», каб лепш дайшло — гэта кароткі шлях для лянівых, перакананы наш суразмоўца, які многія рэчы як медыятар апрабаваў на сваёй сям'і і кажа, што праблемы сапраўды вырашаюцца, калі праявіць цярпенне:

— Лепш астыць, перш чым кідацца ў разборкі, а пасля падысці і спытаць: «Чаму так?» Адказ вядомы: «Таму што!». І тут ужо трэба размаўляць праз мадэляванне сітуацыі. Плюс дадаваць момант маніпуляцыі, асабліва праз фінансавы бок. Сёння яна не хоча засцілаць ложак, бо «ўсё роўна тут ніхто не ходзіць», а заўтра ёй спатрэбяцца новыя навушнікі, і, хочаш не хочаш, яна вымушана будзе дамаўляцца. І трэба гэтага моманту, як тыгр у засадзе, дачакацца — пакуль дзіця, якое «накасячыла», прыйдзе само, — кажа Міхаіл.

Аднак у гэтай справе важна не перабраць, накшталт «не будзеш слухацца — грошай не ўбачыш». У наш час падлетак можа знайсці іншую крыніцу заробку, і наступствы могуць аказацца нашмат больш горшыя.

«Вы мне ўсё жыццё сапсавалі!»

Такія заявы часта характэрныя для крызісу падлеткавага ўзросту, і важна, каб тое, што робіцца з дзецьмі ў гэты час, бацькам патлумачыў аўтарытэтны псіхолаг. Ломка адбываецца, як лічыцца, згодна з законамі прыроды, бо раней людзі жылі менш, шлюбы бралі раней. Сёння прырода такім чынам рыхтуе падлетка да таго, што ён можа пакінуць сваё роднае гняздо і абыходзіцца без бацькоў, не чапляцца за іх, тлумачыць Міхаіл Шукайла:

— Бацькам варта пагаварыць з падлеткам, сказаць, што яны разумеюць пазіцыю дзіцяці, і прапанаваць новае жыццё размеркаваць па іншых прынцыпах. А пасля ўжо зыходзіць з пазіцый, што ты дарослы, і цяпер мы ўсе будзем жыць інакш. Нават калі ў жыцці сям'і няма крыўдных фактаў, малому важна іх прыдумаць і ў іх жа паверыць — адсюль і многія непаразуменні. Але праз нейкі час самому дзіцяці стане не зусім зручна. Любы крызіс — пачатак змен, і важна, як бацькі на гэта адрэагуюць. Пасля «складаны» ўзрост праходзіць, дзіця пакрысе сталее, настае паразуменне.

«Вы мяне нікуды не пускаеце!»

Часта падлеткі ў рамантычных памкненнях не ўлічваюць заканадаўчыя моманты, спісваючы ўсё на нежаданне і забарону бацькоў. Вядома, час прыходу дадому ўвечары абгаворваецца, асабліва калі цямнее рана. Але ж нават закон забараняе непаўналетнім да 16 гадоў знаходзіцца на вуліцы без суправаджэння дарослых з 11 вечара да 6 раніцы, кажа бацька дзвюх дзяўчат:

— Іншы варыянт — дачка неяк хацела паехаць за горад сустракаць світанак у пяць раніцы. Аднак выйсці з дому без мяне ці матулі яна можа толькі з шасці раніцы. Так што не мы такія, а закон, і гэта трэба ўлічваць. А неяк у 13-гадовым узросце яна хацела паехаць у суседні горад у госці. Замест таго, каб катэгарычна забараняць, я патлумачыў, што ў электрычцы без суправаджэння дарослых яна таксама не можа перамяшчацца да 14 гадоў, — першы ж кантралёр паведаміць пра гэта міліцыі, будуць непрыемнасці.

Хочаш бутэрброд? Зрабі!

Уменне згладжваць вуглы ў стасунках з падлеткам — найвышэйшы пілатаж бацькоў. Гэта работа патрабуе пастаяннай увагі, каб не спалохаць дзіця, каб не страціць яго, каб не адштурхнуць. А яшчэ ні ў якім разе нельга страчваць бацькоўскі аўтарытэт і твар. Тады дзіця, нават калі захоча, ужо не зможа паважаць бацькоў, якія «накасячылі».

— Вельмі важна своечасова вяртаць адказнасць дзіцяці, калі яно намагаецца перакласці яе на бацькоў. Гэта таксама своеасаблівая маніпуляцыя, аднак усёахопны клопат не вядзе да дабра. Нельга рабіць за дзіця ўсё, — сведчыць эксперт па рабоце з падлеткамі. — Хоча малы бутэрброд? Вось табе хлеб, сыр, каўбаса. І востры нож, бо ён лепш рэжа прадукты, і ў дзіцяці менш шансаў парэзацца самому. Тупым парэзацца значна лягчэй, як ні парадаксальна, — кажа Міхаіл.

Тое ж самае адносна дамашніх заданняў. Трэба давесці да дзіцяці, што мы, дарослыя, сваю школу ўжо скончылі, а за дзіця ніхто не будзе выконваць іх абавязкі. З-за двойкі бацькі засмуцяцца, так, але ж сорамна будзе дзіцяці. Калі малы стане дарослым, ніхто не будзе вырашаць яго праблемы, таму трэба прывыкаць да гэтага з маленства.

— Як матываваць дзіця да вучобы? У законе аб правах дзіцяці сказана, што дзіця павінна добра вучыцца, так што калі малы парушае гэты закон і свой абавязак, то бацькі могуць абмежаваць яго і ў правах. Такім чынам, можна карыстацца гэткай разумнай маніпуляцыяй, бо свае правы дзеці ў нас ведаюць, а вось пра абавязкі забываюцца, — мяркуе медыятар.

Скіраваць у патрэбнае рэчышча

Пратэст падлеткаў часта праяўляецца вонкава, напрыклад, у яркім макіяжы ці вопратцы. Метад катэгарычнай забароны і прэсінгу тут не спрацоўвае. Дзіця пастараецца яшчэ больш падкрэсліць, што яно паўстае супраць адладжанай сістэмы. І трэба патлумачыць яму, што мы ўсе жывём у пэўнай сістэме, але можна і ў ёй заставацца чалавекам са сваімі поглядамі і жаданнямі, не кідаючы выклікаў, лічыць Міхаіл Шукайла:

— Любая сістэма не любіць яршыстых, і падлетку трэба данесці, што за свае неардынарныя выпады ён будзе «адграбаць» напоўніцу, пастаянна. А вось калі зрабіць мікракрок насустрач сістэме (напрыклад, рабіць у школу не вельмі яркі макіяж), то яна прыме яго і нават пакажа свае бонусы. Гэта шлях не прыстасавальніцтва, а нармальнага ўпісвання ў асяроддзе. Калі ты хочаш змяніць асяроддзе ў лепшы бок, найперш трэба ў яго ўпісацца. Задача бацькоў, як бы дзіўна гэта ні гучала, — сапраўды быць тонкімі маніпулятарамі, каб разгледзець у падлетку энергію і скіраваць яе ў патрэбнае рэчышча. Пры гэтым так, каб дзіця нават не зразумела, што ім маніпулявалі, — вось найвышэйшы пілатаж, да якога варта імкнуцца.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.