Ева Гвоздзева, дзяўчынка,
Нарадзілася ў сталіцы.
Аднак вясковага жыцця
Яна ніколькі не баіцца.
Можа курак пакарміць,
Агарод вадой паліць.
Умее бульбачку капаць,
З дзедам дровы раскладаць.
Пасля працы — адпачынак.
У вёсцы ж — цэлы заапарк,
Кураня і кот з сабачкам —
Кожны Еве вельмі рад.
І ад кветак на сцяжынцы
Вельмі хораша дзяўчынцы,
А ў сэрцы пачуццё,
Што святлом на ўсё жыццё.
Гэтыя здымачкі і верш да іх даслала наша чытачка Антаніна Мікалаеўна Ерамеева. «Бабуля маленькай Евы — мая сястра Алёна. Фотаздымкі амаль усе з падворка Евіных прадзеда і прабабулі, што знаходзіцца ў вёсцы Вуглы Рагачоўскага раёна».
Выбегчы ранкам з хаты басанож ды рваць ягады проста з куста. Гладзіць козачак ды гуляць у даганялкі з курачкамі. Дапамагаць маме садзіць агарод і назіраць, як з семечка вырастае смачная морква ці агурок. А потым есці вітаміны проста з градкі. Ляжаць з бабуляй на печы і чытаць цікавую кніжку. Шукаць на ўсыпаным зоркамі небе Вялікую і Малую Мядзведзіц. Збіраць у кошык, сплецены з лазы дзядулем, баравікі ды лісічкі. Ночыць усёй сям'ёй на беразе возера ў палатцы. Раскласці з татам вогнішча і доўга глядзець на агонь... У кожнага свае асацыяцыі з дзяцінствам у вёсцы. Але ўсе іх аб'ядноўваюць непадробныя цеплыня і шчырасць. Калі вы таксама лічыце, што вясковае дзяцінства — гэта ЦУДоўна, то дасылайце здымкі вашых дзетак-кветак (з невялічкім аповедам пра фота) на электронны адрас іnfo@zvіazda.by або па пошце: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, рэдакцыя газеты «Звязда», з пазнакай «для «Сямейнай газеты».
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.