Вы тут

Чытаючы краязнаўчыя «манаграфіі»


На Гродзеншчыне — 17 раёнаў. Кожная адміністрацыйная адзінка багатая на свае адмеціны, рэгіянальныя асаблівасці. І калі яшчэ на пачатку мінулага, 20-га, стагоддзя мы жылі рэгіянальнымі ўяўленнямі пра той ці іншы край з пункту гледжання павятовага падзелу, то сёння раёны — з’ява звыклая і зразумелая. І ўжо гаворачы пра жыхара, напрыклад, з Карэліч, ніхто іначай і не скажа: «Карэліцкі...». Альбо пра ўраджэнца Зэльвы і Зэльвенскага раёна: «Зэльвенец...» А між тым Зэльва — мястэчка Ваўкавыскага павета. Карэлічы і сённяшнія карэліцкія паселішчы Мір, Турэц, Ярэмічы — тэрыторыя Навагрудскага павета... Сёння, напрыканцы першай чвэрці 21-га стагоддзя, гісторыя цяпер ужо раёнаў (а не паветаў!) Гродзенскай вобласці набірае разгон на дзевяты дзясятак гадоў... І свае краязнаўчыя памкненні розныя даследчыкі ў большасці сваёй атаясамляюць менавіта з тым ці іншым раёнам, вышукваючы ў яго гістарычнай памяці найболей значныя падзеі, асвятляючы лёс найболей знакамітых яго ўраджэнцаў. 


Краязнаўства Вялікай Бераставіцы, Бераставіцкага раёна — у полі зроку аўтара многіх кніг Мікалая Пацэнкі. Гісторыя Ваўкавыска — прадмет нястомных росшукаў Мікалая Быхаўцава, які нават свой аўтарскі часопіс пра родны край заснаваў. Краязнаўства Навагрудчыны — гэта працы Тамары Вяршыцкай, Мікалая Гайбы, Мікалая Нікалаева. Слонімская гістарычная памяць — найперш творчыя здабыткі, здзейсненыя за многія дзесяцігоддзі Сяргеем Чыгрыным. Пра Ліду, Лідчыну шмат пішуць Алесь Хітрун, Станіслаў Суднік. Смаргонь, Смаргоншчыну перыяду Першай сусветнай вайны мы ведаем у значнай ступені дзякуючы апісанням Уладзіміра Лігуты... Адным словам, у кожнага края — свой летапісец, перакананы, што іх старонка самая цікавая, самая багатая на падзеі, самая выключная па свайму геаграфічнаму ландшафту. Такім летапісцам Карэліцкага края на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў выступае Святлана Андрэеўна Кошур. 

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, краязнаўца Святлана Кошур нарадзілася ў 1958 годзе ў вёсцы Валеўка Навагрудскага раёна. Скончыла Карэліцкую СШ (1974), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1979). Працавала настаўніцай у навучальных установах Карэліцкага раёна. А на працягу 25 гадоў — у Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі. Спярша працавала навуковым супрацоўнікам Карэліцкага раённага краязнаўчага музея, а ў 1996 годзе заняла пасаду старшага навуковага супрацоўніка. З гэтага часу краязнаўства стала выразным складнікам жыцця Святланы Кошур. У беларускіх перыядычных выданнях і навуковых зборніках пачалі рэгулярна з’яўляцца краязнаўчыя артыкулы і нарысы карэліцкай даследчыцы. Каля 300 публікацый пабачылі свет на старонках газет «Культура», «Звязда», «Советская Белоруссия», «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», «Рэспубліка», «Краязнаўчая газета», у бюлетэні Скарынаўскага навукова-асветніцкага цэнтра «Кантакты і дыялогі», у розных навуковых зборніках. Гэта былі вынікі карпатлівай пошукавай працы, сустрэч з многімі людьмі, работы ў архівах і Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Краязнаўцу ўдалося аднавіць біяграфіі многіх дзеячаў культуры і навукі, якія былі незаслужана забытыя альбо малавядомыя. Святлана Кошур напісала асобныя раздзелы і артыкулы для гісторыка-дакументальнай хронікі Карэліцкага раёна «Памяць». За час працы ў музеі выдала амаль дзесяць кніг краязнаўчай тэматыкі, некаторыя з іх захоўваюцца не толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, але і ў бібліятэках іншых краін свету. За чвэрць стагоддзя арганізавала ў музеі шмат выставак, прысвечаных гісторыі раёна і славутым землякам, правяла нямала творчых сустрэч з пісьменнікамі, вучонымі, артыстамі, мастакамі. Гэтаму папярэднічала вялікая і напружаная праца над стварэннем у музеі новай экспазіцыі «Зямля і людзі», якая была адкрыта ў 1995 годзе. У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі імя А. І. Дубко «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва» ў намінацыі «Музейны работнік года». У 2008 годзе атрымала Падзяку дырэкцыі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 2012 год Святлану Андрэеўну прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. За кнігу «Залатая падкова Свіцязі», выдадзеную ў 2016 годзе, Святлана Кошур была другі раз узнагароджана прэміяй імя А. І. Дубко — у намінацыі «Пісьменнік года». 

У мяне перад вачыма — дзве кнігі таленавітай даследчыцы роднага края: «Зямля Карэліччыны і яе славутыя людзі» (Мінск, 2009 год) і «Край запаветных мрояў» (Гродна, 2020 год). Яны — адлюстраванне шырокага краязнаўчага светабачання пісьменніцы, публіцысткі. Святлана Кошур разглядае Карэліччыну і яе ваколіцы як частку Навагрудскага края. Так, у першым са зборнікаў ужо з самой назвы вынікае прывязанасць да межаў раёна. Пераконвае ў гэтым і змест кнігі. Пад адной вокладкай сабраны наступныя краязнаўча-публіцыстычныя тэксты: «Спачатку было Слова»: Да Дня беларускага пісьменства ў Міры«; «Карэліцкія сцежкі Адама Міцкевіча»; «Ян Чачот — паэт і фалькларыст» (чытаем у нарысе: «...Сустракаюцца ў баладах добра знаёмыя нам назвы вёсак: Цырын, Варонча (тут, дарэчы, у 1796 годзе ў парафіяльным касцёле быў ахрышчаны Ян Чачот), Турэц, Мір і іншыя»); «Весткі з Чылі» («Імя Ігната Дамейкі, нацыянальнага героя Чылі, сябра Адама Міцкевіча, сёння добра вядома на яго радзіме — у Мядзвядцы, на Карэліччыне»); «Паэт і журналіст» («Нарадзіўся беларуска-польскі паэт і журналіст Вінцэсь Каратынскі 15 жніўня 1831 года ў вёсцы Селішча на Карэліччыне. Сын былога прыгоннага селяніна...»); «Збіральнік народнага скарбу» («...На працягу шэрагу гадоў, пачынаючы з 1807 года, Далэнга-Хадакоўскі жыў на тэрыторыі нашага раёна, служыў эканомам маёнтка графа Несялоўскага ў Варончы»); «Дзе нарадзіўся Ян Булгак?» ( аргументавана і выразна даследчыца акрэслівае: славуты фотамайстра нарадзіўся ў Асташыне); «Лёс паэта-сатырыка» (пра Анатоля Дзяркача, які нарадзіўся ў карэліцкай вёсцы Турэц); «І зноў пяе душа...» («...паэт з вёскі Скорычы»); «Лёс рэдактараў заходнебеларускіх газет» («Уладзімір Аляксеевіч Варава (псеўданім Дзядок) нарадзіўся 14 ліпеня 1896 года ў вёсцы Вялікія Жухавічы»; «Алесь (Аляксандр Вікенцьевіч) Карповіч нарадзіўся 8 сакавіка 1901 года ў вёсцы Трашчычы...»; «Трагічна склаўся лёс яшчэ аднаго нашага земляка з Міра Алеся Вільчыцкага...»); «Ля вытокаў беларускай навукі» («...вучоны нарадзіўся ... ў мястэчку Ярэмічы»); «Герой працы з Турца» («Вучоны нарадзіўся ў вёсцы Турэц...»); «Водблеск таленту» (пра літаратуразнаўцу і музейшчыка Міколу Дзяшкевіча: «Ён нарадзіўся ў вёсцы Пагор’е»); «Наш суайчыннік генерал Нагорны» (пра ўраджэнца Асташына); «Народны артыст з Міра»; «Вяртанне на радзіму» (пра мастака Валянціна Рамановіча, які нарадзіўся ў Карэлічах); «Узрос з пасеву на сірочым полі...» («... вёсачка Сёгда ў Райцаўскім сельсавеце назаўсёды засталася ў памяці мастака...»)... І гэта не ўсе нарысы, артыкулы з кнігі «Зямля Карэліцкая і яе славутыя людзі». І іншыя старонкі багатай на сустрэчы кнігі — пра ўраджэнцаў края, якіх дапытлівая даследчыца расшуквала літаральна па ўсім свеце. 

Зборнік пра землякоў уражвае сваёй цэльнасцю. Аўтар здолела аб’яднаць гісторыю і сучаснасць. Пісьменніца паказвае ролю месца і роднай зямлі ў лёсе людзей, якія годна прайшлі па жыцці, якія сваімі талентамі ўзвысілі Карэліччыну... У сённяшняй інтэрнэт-прасторы мяне абурыў адзін тэкст пра тое, як блогер трапляе ў самі Карэлічы і пераконваецца, што, маўляў, тут нічога асаблівага і не знайсці, за што б магло зачапіцца вока выпадковага турыста, выпадковага вандроўніка. Не буду нават пераказваць яго ўражанні, не буду спрачацца і спрабаваць нешта даказваць адваротнае дзіваку-дылетанту... Проста хацелася б у звязку з гэтым павярхоўным падыходам адрасаваць нашага чытача да адной ідэі Святланы Кошур, якая разам з калегамі і экспазіцыю ў Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі адпаведную стварала — «Зямля і людзі», і ў сваёй кнізе, пра якую мы зараз гаворым, у іншых публікацыях акрэслівае адметнасць края праз яго легендарных ураджэнцаў. Вось і ў нарысе пра Яна Булгака пісьменніца вылучае ідэю стварэння своеасаблівага «Залатога кальца» Карэліччыны. Піша Святлана Кошур наступнае: «... Вось такі маршрут можна прапанаваць: 

Карэлічы (раённы краязнаўчы музей) — Загор’е Янкі Брыля — Турэц (радзіма Анатоля Дзеркача, Пятра Конюха, Фёдара Фёдарава сына Янкі Маўра) — Мір (радзіма Аляксандра Ільінскага, Рамана Тармолы, Вольгі Іпатавай) — Мядзвядка, дзе ў мясцовай школе ёсць музей Ігната Дамейкі, а ў перспектыве плануецца стварыць музей у адным з будынкаў былой сядзібы Дамейкаў, далей — Асташын — Цырын, побач з якім Туганавічы і „камень філарэтаў“, — мясціны Адама Міцкевіча (праўда, гэта ўжо тэрыторыя Баранавіцкага раёна, але на мяжы з Карэліцкім), нарэшце, Варонча з унікальным помнікам архітэктуры XVIII ст. — касцёлам святой Ганны, у якім быў ахрышчаны Ян Чачот, варанчанскія могілкі — месца пахавання сваякоў Марылі Верашчакі, возера Свіцязь — Селішча (радзіма Вінцэся Каратынскага) — Райца, дзе захаваўся сядзібны дом, помнік архітэктуры XIX ст. з унікальным паркам побач, затым — Малюшычы (радзіма Яна Чачота) — Карэлічы...» За час, што прайшоў пасля выдання кнігі, школа ў вёсцы Мязвядка зачынена. У вёсцы засталіся памятны знак і помнік вучонаму. А музей перанеслі ў Мірскую школу. 

І такія працы, як краязнаўчая публіцыстыка Святланы Кошур, — самая што ні ёсць аснова для развіцця ўвагі да нашай гістарычнай спадчыны. Зачыняюцца вясковыя школы, становіцца меншай колькасць жыхароў у вясковых паселішчах, урбанізацыя раструшчвае шматвекавую вясковую памяць — духоўную памяць беларускага народа. Ужо фактычна няма суразмоўцаў, якія яшчэ трапляліся на дарогаха, шляхах, у краязнаўчых вандроўках тых, хто збіраў памяткі пра Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Вінцэся Каратынскага, іншых знакамітых асобаў непасрэдна ў мясцінах, дзе яны нарадзіліся, дзе жылі, працавалі, у 1940-1980-ыя гады. І таму сённяшні час асабліва патрабуе арганізацыйных захадаў у мемарыялізацыі розных аб’ектаў. Як і патрабуе таго, каб шырэй і болей актыўна рабіліся захады па выданню краязнаўчай літаратуры. Менавіта — літаратуры, створанай мясцовымі даследчыкамі, музейшчыкамі, настаўнікамі-краязнаўцамі, проста краязнаўцамі, незалежна ад таго, кім яны працуюць. Так, пэўныя захады ў гэтым накірунку зроблены: у выдавецтве «Беларусь» ёсць серыя «Падарожжа па роднаму краю» (за апошнія тры-чатыры гады ў ёй пабачылі свет з дзясятак кніг як вядомых, так і малавядомых аўтараў, што пачынаюць сваю працу ў гэтым рэчышчы). Але сістэма асаблівая ў гэтым кніжным праекце ані не праглядаецца, кнігі, як правіла, не рэцэнзіруюцца, не анансіруюцца. Ці заўсёды нават пра іх ведаюць у той мясцовасці, якой яны прысвечаны? Калі гаварыць пра Гродзеншчыну, то, здаецца, ёй у серыі «Падарожжа па роднаму краю» прысвечана ўсяго толькі адна кніга — навагрудскага краязнаўца Міколы Гайба. 

...У «Зямлі карэліцкай...» на фоне іншых даслдеванняў, кожнае з якіх, несумненна, мае сваю каштоўнасць, усё ж такі вылучаецца нарыс «Карэліцкія сцежкі Адама Міцкевіча». Святлана Кошур пабудавала яго з асобных, невялікіх раздзелаў: «Рута ў жыцці Адама Міцкевіча»; «Балада «Люблю я»; «Аб чым расказалі архіўныя дакументы»; «Карэліччына на старонках твораў Адама Міцкевіча». Даследчыца расказвае пра адрасы, якія наведаў на Карэліччыне славуты паэт («...у жніўні 1821 гоада, карэліцкія (тагачасныя наваградскія) сцежкі прывялі Адама Міцкевіча ў Цырын, дзе ён разам з Марыляй у мясцовай царкве ахрысціў немаўля — Францішка Саковіча <...> Пра мястэчка Цырын паэт успамінае ў баладзе «Свіцязь»: «І з Цырына пробашч прыехаў»; «Не абмінуў Адам Мцікевіч сваёй увагай і добра вядомы Мірскі замак. Даследчыкі творчасці паэта лічаць, што менавіта яго апісаў ён у паэме як замак Гарэшкаў» і г.д.). Уважлівае прачытанне «міцкевічаўскага» нарыса Святланы Кошур дае падказку і на тое, што пісьменніцы варта прадоўжыць распрацоўку тэмы. Святлана Андрэеўна — у шэрагу тых шукальнікаў памяці пра Міцкевіча, якімі заўсёды была багатая не толькі Гарадзеншчына, яна — у шэрагу, які здолеў шмат зрабіць дзеля ўзнаўлення беларускіх старонак жыцця Адама Міцкевіча. Так што, будзем чакаць новую кнігу Свяятланы Кошур!..

Як на мой прыватны погляд, кніга «Зямля карэліцкая і яе славутыя людзі» Святланы Кошур патрабуе перавыдання. Яна патрэбна бібліятэкам, школам Карэліч, Карэліцкага раёна. І па той таксама прычыне, што вырастае новае пакаленне чытачоў. 

Размову пра другую кнігу Святланы Кошур — «Край запаветных мрояў» — хацелася б пачаць са звароту да аўтарскай прадмовы да выдання. «...Мая новая кніга, — піша Святлана Кошур, — прысвечана славутым людзям самай прыгожай на свеце зямлі, талент якіх ускалыхаў на сваіх хвалях магутны Нёман з яго жывапіснымі рачулкамі-прытокамі, рознакаляровымі лугамі, цярністымі лясамі. Тут нарадзіліся выдатныя артысты, вучоныя, мастакі, пісьменнікі. Кожны з іх увабраў сваёй душой непаўторнае хараство гэтай зямлі, і яна дала натхненне і штуршок для мастацкіх і творчых адкрыццяў. Шмат талентаў нарадзіла наднёманская зямля, і я расказваю пра гэта ў сваёй новай кнізе». І далей: «Ключавое слова ва ўсёй маёй краязнаўчай дзейнасці — гэта слова ЛЮБОЎ. Я расказваю пра людзей, якія далі радзіме сваю любоў, якія нясуць свету прыгажосць, дабро і святло сваёй душы. Я люблю сваіх герояў і свой край, і гэта пачуццё дае мне сілы на далейшы творчы пошук. Для большасці з нас, як і для герояў маёй кнігі, зямля, дзе мы нарадзіліся, гэта месца сілы, край запаветных мрояў, які нават далёка ад дома немагчыма забыць». 

Сапраўды, «Край запаветных мрояў» падаецца вельмі эмацыйным расповядом пра роднае, блізкае, пра тыя мясціны, тое веданне, што сілкуюць, узбагачаюць чалавека, робяць яго Асобай. Святлана Кошур расказвае пра месца свайго нараджэння — у нарысе «Вяртанне ў Чамброў». «...У дакументах маё месца нараджэння значыцца як Валеўка, ды і які запіс маглі зрабіць у пасведчанні аб нараджэнні, калі Чамброў быў да вайны маёнткам, і як адміністрацыйная адзінка ў пасляваенны час не існаваў. На месцы былога маёнтка, што знаходзіўся побач з вёскамі Валеўкаі Радагошча, у 1944 годзе была адноўлена Валеўская МТС, дзе працавалі мае бацькі. Жылі яны там жа, у адным з будынкаў былой сядзібы Чамброў». Пісьменніца па крупінках вымалёўвае вобраз Чамброва, старадаўняй сядзібы, ажыўляе партрэты гаспадроў сядзібы, паказвае іх у справах, у дзеянні. У цэнтры ўвагі — чамброўская асветніца, пісьменніца Марыя Карповіч (1874 — 1955). 

З цікавасю чытаюцца старонкі кнігі С. Кошур, прысвечаныя мастакам, лёсы якіх паяднаны з Карэліччынай, Навагрудчынай. Захапленне выклікае нарыс, прысвечаны жывапісцу Кастусю Качану («Зачараваны радзімаю»), і які з’яўляецца часткай трыпціха «Адвечныя фарбы жыцця» (другі нарыс — пра сустрэчу ў навагрудскай галерэі Кастуся Качана са спявачкай Юліяй Міцько; трэці — пра мастачку Раісу Сіплевіч). І хаця піша краязнаўца досыць лаканічна, тэкст падаецца шырокім адлюстраваннем лёсу творчага чалавека. Гартаючы гэтыя і іншыя старонкі, пераконваешся не толькі ў багацці Карэліччыны, Наваградчыны на цікавых асобаў, але і ў тым, што гэтыя асобы вельмі прывязаны да сваёй роднай старонкі, імкнуцца нейкім чынам занатаваць для будучыні яе партрэт, вярнуць месцічаў, жыхароў гэтай прасторы да шырокага культурнага асветніцтва. І таму, відавочна, цалкам лагічным падаецца асвятленне гісторыі асветы ў Карэлічах, якую Святлана Кошур вылучыла ў асобны раздзел напрыканцы кнігі. 

І «Зямля Карэліцкая і яе славутыя людзі», і «Край запаветных мрояў» — багата ілюстраваныя выданні. З імі можна смела працаваць на ўроках гісторыі, беларускай літаратуры, ды нават — і на ўроках малявання, як з дадатковым матэрыялам, што сцвярджае вартасці рэгіёназнаўства, краязнаўства. Фактычна зробленае, здзейсненае дасведчаным краязнаўцам, вопытным музейшчыка Святланай Андрэеўнай Кошур — грунтоўная аснова карэлічазнаўства як прадмета, дадатковага ўрока, які павінен быць у навучальных установах старажытнай Карэліччыны. Так ашчадна, так плённа сабрала пісьменніца гісторыю сваёй роднай старонкі, з такой вялікай любоў’ю расказала пра сваіх землякоў, што абмінаць, не заўважаць здзейсненае таленавітым чалавекам — вялікі сорам, а мо нават і здрада родным мясцінам. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.