Вы тут

Новыя прыгоды лісачкі Красуні ад Кацярыны Хадасевіч-Лісавой


Кацярына Хадасевіч-Лісавая, здаецца, не ведае стомы! Яна працягвае радаваць сваіх юных прыхільнікаў, штогод выпускаючы новыя творы. Днямі ў Выдавецкім доме «Звязда» пад брэндам «Казкі кніжнай феі» свет пабачыла чарговая кніга пісьменніцы «Новыя прыгоды лісачкі Красуні». На 180 старонках пад цвёрдай вокладкай знайшлі прытулак пяць неверагодных гісторый з жыцця кемлівай Красуні, вядомай чытачам па папярэдніх казках, і яе сяброў, насельнікаў Дзівоснага лесу. Квэсты, гульні і іншыя віртульныя забавы, якія ўжо сталі традыцыяй, — на месцы.


Выданне з’яўляецца працягам «Прыгод лісачкі Красуні» (Выдавецкі дом «Звязда», 2021). Амаль усё найлепшае з папярэдняй часткі засталося некранутым: пісьменніца зноў умела жангліруе жанрамі і зноў, сумяшчаючы прыемнае з карысным, адкрывае юным чытачам навакольны свет. Зрэшты, сёе-тое ўсё-ткі змянілася… Акрамя ўласна зместу, у кнігі цяпер новы мастак і, адпаведна, новы від ілюстрацый. Сёлетняе выданне афармляла мастачка Дзіяна Бецун.

Нягледзячы на асобныя візуальныя трансфармацыі, фірменныя забавы і квэсты, якія прызваны разбаўляць аповед і заўсёды прыкметна вылучалі творы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой на фоне кніг іншых дзіцячых аўтараў, не пацярпелі. Так, чытанне папярэджвае настольная гульня — вандрульня «На госці да лісачкі», у якую можна згуляць з сябрамі ці бацькамі. Акрамя таго, па ўсёй кнізе раскіданы «схаваныя шышкі». Калі чытачы адшукаюць усе дэталі своеасаблівага пазла, яны змогуць паведаміць пра тое пісьменніцы праз сацсеткі і нават атрымаць ад яе падарунак — электронную паштоўку з Дзівоснага лесу.

Больш за тое, на апошніх старонках дзеці знойдуць гульню «Хто самы ўважлівы?» на пошук адрозненняў паміж карцінкамі, а, адсканаваўшы QR-код на вокладцы, трапяць на сайт з размалёўкамі (верагодна, менавіта дзеля іх ілюстрацыі ў новым выданні і зрабілі прасцейшымі). Карацей кажучы, юным прыхільнікам мастацкага слова, якія надумаюць азнаёміцца з кнігай, будзе чым сябе заняць. Зрэшты, галоўныя заслугі навінкі, безумоўна, варта шукаць не на вокладцы, а ў тых павучальных гісторыях, якія пад ёй хаваюцца.

Невялічкі пралог уводзіць чытачоў у курс справы, нагадваючы пра падзеі мінулых казак і тлумачачы мімаходзь, як галоўная гераіня апынулася ў Дзівосным лесе: «Лісачка Красуня перасялілася ў Дзівосны лес з мегаполіса не так даўно. Малечу прынёс ляснік-лесавік і перадаў на выхаванне добраму і клапатліваму мядзведзю. Размясцілася Красуня з мядзведзем Бурым ва ўтульнай леснічоўцы, прызвычаілася да новага дома і палюбіла лес і яго жыхароў. У Красуні з’явіліся сябры і шмат вясёлых гісторый, звязаных з імі… Надышло любімае дзецьмі лета, а значыць, іх чакалі новыя дзівосныя прыгоды!»

Кацярына Хадасевіч-Лісавая па-майстэрску вытрымлівае інтрыгу, не даючы аўдыторыі засумаваць ні на хвіліну. Так, ужо ў першым раздзеле пад назвай «Лісачка і Лясны аракул» дэтэктыўны зачын: сюжэт будуецца вакол высвятлення асобы Ляснога аракула, які пераследуе герояў па ўсім лесе і ўстаўляе ім палкі ў колы, пры гэтым умудраючыся заставацца незаўважаным. Героі ўсе знаёмыя: у цэнтры аповеду, натуральна, лісачка Красуня, а выбірацца з прыгод ёй дапамагаюць янот Ярсік, барсук Бруня, вавёрка Ліма, дзік Рохвіль, заяц Шэрык, варона Ксюпа і жаба Крэква. Само сабой, ім на дарозе сустракаюцца і іншыя персанажы з папярэдніх кніг (напрыклад, дзед-вядзьмак ды стары вожык). Час ад часу ў леснічоўку да мядзведзя Бурага і Красуні завітвае ляснік-лесавік.

Ужо ў наступнай гісторыі («Лісачка запрашае на вечарынку») жанр з дэтэктыва мяняецца на камедыйную замалёўку, заснаваную на прыёме градацыі, калі кожны наступны паварот сюжэта і кожная новая перашкода на шляху герояў яшчэ больш павышае стаўкі: цікава, якую штуку выкіне ў наступную секунду лісачка, што прыдумае, каб утрымаць увагу сяброў, і чым тое для іх абернецца. Важна, што любы, нават самы закручаны (хоць, папраўдзе, такіх тут амаль не водзіцца), сюжэт у кнізе падаецца простай (але не прымітыўнай!) моваю. Складаную лексіку пісьменніца ўводзіць акуратна, каб па кантэксце чытач мог адразу здагадацца, пра які прадмет у той ці іншы момант ідзе гаворка.

Бясспрэчнай заслугай кнігі з’яўляецца ўменне яе аўтаркі прыдумваць нетрывіяльныя спосабы развіцця дзеяння і здольнасць ставіць сябе на месца чытача, то-бок дзіцяці. Кацярына Хадасевіч-Лісавая вядзе сваіх герояў, не выпускаючы з галавы пытанне «А што ў падобнай сітуацыі зрабіла б дзіця?» Напрыклад, у першай гісторыі Лясны аракул ставіць перад героямі задачу стварыць акуляры, якія б дазвалялі бачыць праз зямлю. Тады звяркі, кожны на свой лад, майструюць з падручных матэрыялаў аправы, але, натуральна, ніякага рэзультату гэта не прыносіць. «Я прыдумала! Нам трэба тэрмінова палепшыць зрок!» — знаходзіць рашэнне Красуня і… корміць свае вочы чарніцамі.

Каміла НАВІНКІНА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.