Вы тут

Эмацыянальныя арэлі, альбо Цэнтралізаванае тэсціраванне гледачоў


З дня прэм’еры спектакля «Тэсты для дарослых» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі прайшло некалькі месяцаў, а цікавасць да пастаноўкі не змяншаецца. Зазвычай поўная зала, а гледачы выходзяць нязменна ў добрым настроі, успа­мінаючы самыя цікавыя моманты і трап­ныя жарты. Чым адметная новая камедыя ў рэпертуары тэатра і як у харвацкіх дарогах пазнаць беларускія?


Сустрэча падманутай жонкі і падступнай палюбоўніцы.

Рэжысёрам-пастаноўшчыкам спектакля «Тэсты для дарослых» выступіла вядомая тэатральная дзяячка Святлана Навуменка, уладальніца медаля Францыска Скарыны, аўтар больш чым трыццаці пастановак у РТБД, Маладзёжным тэатры і Мінскім абласным драматычным тэатры ў Маладзечне.

Вядомая пастаноўшчыца ў якасці асновы выкарыстала п’есу харвацкага пісьменніка і драматурга Міра Гаўрана «Не да смеху». У 2004 годзе за згаданы твор Міністэрства культуры Харватыі ўзнагародзіла аўтара прэміяй імя Марына Држыча.

Нечакана высветлілася, што харвацкія рэаліі, праблемы і жыццё звычайных людзей вельмі нагадваюць беларускія. Калі звярнуцца да перакладаў з харвацкай на рускую, то лёгка заўважыць, наколькі больш скупы, сухі і неяскравы атрымаўся тэкст. Перакладчык Сяргей Грын змог узмацніць яго толькі лаянкай і абразлівымі выразамі.

Беларуская мова, на якой спектакль ідзе на сцэне РТБД, мае дастаткова характэрных і неабходных афарбовак, каб паўнавартасна і без страт перадаць інтанацыйна і эмацыянальна харвацкую гаворку, адметную сваімі маўленчымі паўтонамі. Вельмі цікава гэтае моўнае супадзенне праяўляецца ў згадцы гарадоў, якія наведваюць галоўныя героі. Птуй, Забок, Пастойна, Айдаўшчына — славенскія і харвацкія турыстычныя невялікія мястэчкі. Нашы Жлобін, Бешанковічы, Рагачоў і Капыль складуць добры працяг, а можа, і канкурэнцыю.

У цэнтры гісторыі «самы хітры муж у Еўропе», які з часам раскрываецца як «самы скупы палюбоўнік Еўропы». Барысу 48 гадоў, працуе гандлёвым агентам, мае жонку і двух дзяцей — хлопчыка і дзяўчынку. Толькі галоўнымі для яго з’яўляюцца не сям’я, працоўныя поспехі ці трохпакаёвая кватэра ў Заграбе. Самы важны здабытак у яго жыцці — палюбоўніца Ніна.

— Калі ў мяне не было палюбоўніцы, то ўсё маё жыццё не мела сэнсу і было змрочным і шэрым, — ахвотна прызнаецца гледачам «самы хітры муж у Еўропе».

У ролі Барыса на сцэне абаяльны і яркі акцёр Андрэй Дабравольскі, які хоць знешне і адпавядае прадстаўленаму вобразу, але ўнутрана ўступае з ім у канфлікт. Несупадзенне ўнутраных матывацый яшчэ мацней падкрэслівае карыкатурнасць і спрэчнасць «самага скупога палюбоўніка Еўропы». Нават фінальныя падзеі п’есы не прымушаюць спачуваць няшчаснаму мужчыну, хутчэй хочацца згадзіцца з вынікам, маўляў, так яму і трэба.

Востра стаіць і пытанне статусу, ахвярай якога стала мяккасардэчная і эмпатычная Ніна. Варта дадаць, што хоць у Барыса і маюцца трохпакаёвая кватэра і паспяховая гандлёвая дзейнасць, але ў апартаментах жыве ён з жонкай і дзецьмі, а тавары кампаніі не каціруюцца нідзе, акрамя Харватыі і Славеніі. Аднак яго жыццё набыло патрэбны баланс, калі з’явілася менавіта «палюбоўні­ца». Самае вялікае выдаткаванне на жанчыну — аркуш паперы, каб занатаваць верш, і торбачка. Ніна вельмі добра разумее ўсю праблему свайго становішча.

Ёй 32 гады, яна працавала школьным псіхолагам, а цяпер адкрыла сваю практыку сямейнага псіхолага. Гэта менавіта той выпадак, пра які кажуць: «шавец у падзёртых ботах ходзіць». Яна і сама прызнаецца спалохана ці разгублена, што пабачыць у страшным сне не магла, у якой якасці аднойчы акажацца. У ролі Ніны — артыстка, уладальніца медаля Францыска Скарыны Наталля Халадовіч.

Самы хітры муж у Еўропе.

Гісторыя, верагодна, магла б і не распачацца, калі б жанчына не вырашыла прыпыніць адносіны з гандлёвым агентам. Барыса нечаканая, падступная і аглушальная здрада з боку каханай жанчыны, якой ён гатовы быў аддаваць усю пяшчоту і лагоду, прымушае вярнуцца да жонкі, з якой яны суіснавалі апошнія пяць гадоў.

Калісьці бацька Міі, жонкі «самага хітрага мужа у Еўропе», сказаў, што Барысу часова неабходна зло. Тым не менш няма нічога больш вечнага, чым часовае. Сужэнцы ўжо адсвяткавалі 25-годдзе шлюбу. Аднак вяртанне галавы сям’і не прыносіць радасці блізкім. Дзеці выраслі і ўспрымаюць памкненні бацькі да ўз’яднання як прыкмету цяжкай хваробы. Жонка ж увогуле займела іншыя інтарэсы: канцэрты, тэатр, іпадром. Мія ў выкананні актрысы Ганны Анісенкі зусім не падобна да жанчыны, якая магла вярнуць у сваё жыццё мужчыну з такімі характарыстыкамі.

Разгарманізацыя адносін прымушае Мію здзейсніць надзвычайны ўчынак. У кааперацыі з падступнай палюбоўніцай мужа яна бярэ сітуацыю ў свае рукі.

Аўтары пастаноўкі хітра і ў пэўнай ступені маніпулятыўна ўцягваюць гледача ў сваю гульню. Чаму ж спектакль атрымаў назву «Тэсты для дарослых»? Ніна актыўна звяртаецца да залы, праводзячы хуткія тэсты на асацыяцыі з выкарыстаннем так званых праектыўных методык. Напрыклад, гледачы маглі праверыць свае прыярытэты з дапамогай крыху змененага колеравага тэста Люшара, дзе замест каляровых кардонак з’яўляюцца дзверы.

Нацэленасць на псіхалагізм і непрыхаваную, падкрэсленую адкрытасць падкупляе. І без глядзельнай залы занадта шмат людзей знаходзіцца ў схеме Мія — Барыс. Туды ж дадаецца элемент Ніна, а жанчыны за спінай маюць таксама свае пэўныя таямніцы, якія любоўны трохкутнік трансфармуюць у любоўны тэсеракт, які яшчэ і рухаецца ў трохмернай прасторы.

Сакавітая беларуская мова, пераплеценая з харвацкімі песнямі, жартаўлівыя размовы аб непрыстойна балючых тэмах, разгубленае пазнаванне сябе і адмаўленне ад падобнага параўнання складаюць схему поспеху і ўздзеяння спектакля «Тэсты для дарослых» на публіку.

Яна ЦЭГЛА

Фота Уладзіслава РАХУБЫ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.