Вы тут

У Навума Гальпяровіча выйшла новая кніга — зборнік прозы «Горад»


У выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла новая кніга Навума Гальпяровіча — зборнік прозы «Горад». 


Пісьменніка беларускі чытач болей ведае як паэта, публіцыста, перакладчыка, журналіста, які шмат гадоў працуе ў Белтэлерадыёкампаніі. Навум Гальпяровіч нарадзіўся на Віцебшчыне, у Полацку. Правёў там значную частку свайго жыцця. 

Працаваў Навум Якаўлевіч на Полацкім шклозаводзе, у полацкай аб’яднанай газеце «Сцяг камунізму». Завочна закончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. У 1977 годзе пераехаў у Полацк. У 1977 — 1980 гады — рэдактар радыёвяшчання вытворчага аб’яднання «Палімір» у Новаполацку. У 1980 — 1981 гг. — супрацоўнік наваполацкай гарадской газеты «Химик». З 1981 года — уласны карэспандэнт Дзяржтэлерадыё БССР па Віцебскай вобласці. З 1997 года творца жыве і працуе ў Мінску. Некаторы час — у рэдакцыі сатырычнага часопіса «Вожык». Быў Навум Якалевіч і намеснікам старшыні старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Зараз — у Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Аўтар многіх кніг: «Брама» (1990), «Востраў душы», «Святло ў акне», «Гэта ўсё для цябе», «Голас і рэха» і інш. 

Навум Гальпяровіч актыўна працуе і ў галіне мастацкай прозы. І мае свой адметны почырк. Сведчаннем на тое — і новая кніга «Горад», якая выйшла ў выдавецтве «Чатыры чвэрці». З выдавецкай анатацыі да кнігі: «Родны горад для пісьменніка — увасабленне яго мар і сноў, яго жыццёвай пазіцыі, яго творчага шляху. Полацк прадстае перад чытачом як высокі светлы вобраз, як выток і працяг новых дарог, памкненняў і здабыткаў. У кнігу, акрамя дзвюх аповесцей, увайшлі таксама апавяданні, прасякнутыя шчырасцю і спавядальнасцю, роздумам пра мінулае і сённяшні дзень». І далей: «Кніга напоўнена пачуццямі «дабрыні і шчырай пяшчоты, што характэрна для ўсіх твораў вядомага паэта, празаіка і публіцыста, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь».

У кнігу, акрамя аднайменнай аповесці «Горад», увайшлі аповесць «Подых пяшчоты», апавяданні «Брат», «Лёгкая зямля», «Дзве мамы», «Бадачу», «Сіроціна», «Максімка», «Сястра», «Караедня», «Рэдактар», «Перамагчы сапраўднасць», або Круг дабра і надзеі«, «Яе паэтычны дом», «Мікола Ермаловіч», «Ваня», «Віця-генерал», «Мільянер з партбілетам».

Істотна сярод іншых твораў вылучаецца аповесць «Подых пяшчоты». У ёй пісьменнік асэнсоўвае месца і ролю ў жыцці кожнага з нас роднай старонкі, роднага паселішча, якое вывела ў вялікае жыццё. Галоўны герой — доктар навук, загадчык кафедры буйнейшай ВНУ краіны, аўтар і вядучы адной з праграм тэлебачання, вядомы ў краіне чалавек. Ён прыязджае на свята ў родны горад, надзвычай багаты на гістарычнае мінулае, горад помнікаў...І сустракаецца з аднакласнікамі, проста былымі знаёмымі, сустракаецца з такімі, якія яны ёсць сёння. І вяртаецца да ўспамінаў пра свое школьнае дзяцінства, пра маладосць. Імкнецца асэнсаваць праз усё гэта галоўныя вартасці звычайнага жыцця. Робіць гэта нязмушана і без усялякіх таму ацэнак. Вось і чытаецца аповесць лёгка, галоўны герой падаецца прывабным персанажа. 

Несумненна, кнігу, з якой трэба павіншаваць пісьменніка, які сёлета адзначае свой юбілей (у студзені 2023 года Навуму Якаўлевічу споўнілася 75 гадоў), варта пачытаць найперш сённяшнім падлеткам, юным чытачам, варта задумацца над тым, як праламляецца свет, якім хуткаплынным з’яўляецца само жыццё, напоўненае для кожнага пакалення, для кожнага з нас многімі выпрабаваннямі. Шкада, што тыраж зборніка склаў усяго толькі 200 старонак. І яна патрапіць далёка не ў кожную бібліятэку. 

І ўсё ж набыць кнігу можна ў краме «Акадэмкніга» па адрасе: Мінск, праспект Незалежнасці, д. 72, а таксама ў кнігарнях ААТ «Белкніга» у розных рэгіёнах нашай краіны.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.