Вы тут

Чым карысны Нацыянальны форум трэнераў па тэнісе?


Перамога Арыны Сабаленкі на Australіan Open, высокія пазіцыі беларускіх тэнісістаў у сусветных рэйтынгах — толькі вяршыня айсберга. Каб яе дасягнуць, мноства людзей кожны дзень праводзяць руплівую працу, якая, магчыма, нябачная, але неабходная. Зразумела, што не абыходзіцца без складанасцяў і праблем. Каб іх вызначыць і знайсці рашэнне, больш за 80 спецыялістаў з усёй краіны — трэнеры, кіраўнікі, урачы — сабраліся на Нацыянальным форуме трэнераў па тэнісе. Мерапрыемства ўжо другі раз прайшло ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта.


«Форум — унікальная пляцоўка для ўзаемадзеяння трэнераў з усёй краіны і Беларускай тэніснай федэрацыі, паміж рознымі спецыялістамі з розных рэгіёнаў. Ён дае магчымасць абмеркаваць актуальныя пытанні бягучай работы, намеціць планы на будучыню. Другі год федэрацыя праводзіць гэта мерапрыемства, і другі год мы бачым па колькасці трэнераў, якія заявіліся, што дадзенае мерапрыемства з'яўляецца актуальным і дапамагае вырашаць стратэгічныя пытанні. Былі ўзняты пытанні, звязаныя са змяненнем заканадаўства ў спартыўнай сферы, а таксама расстаўлены акцэнты па ўзаемадзеянні з нацыянальнай камандай, з трэнерамі ў рэгіёнах. Зроблены акцэнт на ўзмацненне ініцыятывы з боку трэнераў, асабліва ў рэгіёнах, бо гэта важна і для федэрацыі ў тым ліку», — адзначыла Кацярына Лісіца, генеральны сакратар Беларускай тэніснай федэрацыі.

Як заўважыла старэйшы трэнер нацыянальнай каманды па рэзерве Ірына Хрыпач, тэнісныя трэнеры шмат часу праводзяць у раз'ездах, таму сабраць іх разам дарагога варта. «Самае галоўнае, што трэба разумець, што толькі ў дыялогу, у зносінах нараджаецца ісціна, вырашаюцца пытанні», — заўважыла яна. Вядучай тэмай для абмеркавання ўдзельнікамі Нацыянальнага форуму трэнераў стала развіццё тэніса ў рэгіёнах. У размове з журналістамі Ірына Хрыпач заўважыла, што ў рэгіёнах востра стаіць кадравая праблема. Не ўсе рэгіянальныя школы, нягледзячы на свае добрыя ўмовы, могуць прыцягнуць маладога спецыяліста. У некаторых абласцях трэнеры працуюць, але не могуць набраць спартсменаў у групы. У сталіцы гэта прасцей вырашыць, трэнеры могуць абмяняцца гульцамі, правесці сумесныя трэніроўкі. У рэгіёнах вырашыць гэту праблему значна складаней. Таму, як правіла, альбо трэнер губляе свайго гульца — ён пераходзіць туды, дзе лепшыя ўмовы — альбо ў групе падае матывацыя. Для падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву ў рэгіёнах неабходна і якасная інфраструктура. Улічваючы кліматычныя асаблівасці, неабходна будаваць крытыя корты, што досыць затратна. Але абсалютна рэальна. Па прыклад варта ехаць у Салігорск. Пры падтрымцы ААТ «Беларуськалій» у 2021 годзе былі пабудаваны корты і створаны ўсе ўмовы для заняткаў тэнісам. У дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе працуе тры штатныя трэнеры па тэнісе, і з кожным годам колькасць ахвотных узяць у рукі ракетку толькі ўзрастае. У лютым тут упершыню прайшоў турнір па тэнісе ў рамках нацыянальнага календара Беларускай тэніснай федэрацыі — «Адкрытае першынство ўстановы ДЮСШ ППА ААТ «Беларуськалій» па тэнісе на прызы ААТ «Беларуськалій» (U8, U9).

«Выезды рэгіянальных трэнераў на міжнародныя спаборніцтвы — яшчэ адна задача для выканання, над якой мы актыўна працуем. Пытанні заўсёды былі, ёсць і будуць, але ў цэлым я рада, што ў нас шчыльнае ўзаемадзеянне з рэгіёнамі. Мы выязджаем туды рэгулярна з практычнымі семінарамі, запрашаем трэнераў і ігракоў у Мінск. Гэты форум — працяг працы», — адзначыла Ірына Хрыпач. Развіццё не толькі тэнісу, але і любога іншага спорту ў рэгіёнах — праца, якая патрабуе шмат намаганняў і актыўнасці людзей, якія не баяцца прызнаваць свае праблемы і разам шукаць шлях іх вырашэння. І Нацыянальны форум трэнераў толькі ў дапамогу.

Шмат увагі ўдзельнікі форуму ўдзялілі абмеркаванню Закона «Аб ліцэнзаванні», надзвычай актуальнага сёння. «Нягледзячы на тое, што прадстаўнікі федэрацыі пастаянна імкнуцца наведваць усе куткі нашай краіны, гэты форум — яшчэ адна магчымасць сказаць аб набалелым і скарэкціраваць планы федэрацыі», — адзначыў старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Рутэнка. Ён расказаў, што пасля мінулагодняга форуму некаторыя пытанні былі вырашаны літаральна за некалькі месяцаў. Напрыклад, на першым форуме актыўна абмяркоўваліся недахопы ў прафесійнай падрыхтоўцы трэнераў па тэнісе. Кіраўніцтва федэрацыі «пачула» і разам з кіраўніцтвам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры праблему вырашыла.

Нацыянальны форум трэнераў па тэнісе ўжо другі год запар паказвае, што для вырашэння праблем іх трэба не замоўчваць, а абмяркоўваць. Бо такая вялікая праца, як развіццё спорту, робіцца разам і ў дыялогу.

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.