Вы тут

Міністр ЖКГ агучыў асноўныя напрамкі сёлетняй работы галіны


Гістарычна высокія паказчыкі па капітальным рамонце жылля — каля 3,5 млн м2 адрамантавана за мінулы год. Амаль 6 млн м2 замененага пакрыцця вуліц населеных пунктаў (на 50 % больш, чым у 2021-м). 97 % беларусаў забяспечаны якаснай пітной вадой у межах праграмы «Чыстая вада». Такія вынікі агучыў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй ХМЕЛЬ на выніковай калегіі ведамства, падчас якой былі падведзены вынікі мінулага года і акрэслены задачы на сёлета.


Камунальнікі ацэньваюць вынікі сваёй леташняй работы як задавальняльныя і адзначаюць, што асноўныя задачы, запланаваныя на 2022-і, былі па большасці выкананы. Добрая дынаміка назіраецца ў рамонце вулічна-дарожнай сеткі — летась на яе рамонт было накіравана на 50 % больш сродкаў, чым папярэдне. Шмат пазітыўных зрухаў па забеспячэнні грамадзян вадой. Разам з тым існуе шэраг пытанняў, над якімі трэба сур'ёзна папрацаваць, расказаў міністр:

— Важны кірунак работы — утрыманне прыдамавых тэрыторый. Летась і сёлета ў зімовы перыяд былі прабуксоўкі па гэтым пытанні, таму яму ўдзелена асаблівая ўвага. На вырашэнне задачы, пастаўленай кіраўніком дзяржавы адносна рамонту дахаў шматкватэрных дамоў, сёлета дадаткова будзе выдзелена 50 млн рублёў. Пералік дамоў для рамонту ўжо складзены. Працягнецца таксама рэалізацыя задач праграмы «Камфортнае жыллё».

Яшчэ адзін напрамак дзейнасці міністэрства — пошук прыстойных кадраў для галіны і, адпаведна, прыстойнай аплаты іх работы. У найбліжэйшыя гады для захавання кадравага патэнцыялу ў ЖКГ мяркуюць выйсці на ўзровень сярэдняга заробку па краіне — пакуль ён у камунальнікаў 70 %.

Шмат нараканняў у людзей на работу адзінай дыспетчарскай службы 115, паведаміць у якую пра надзвычайную ці проста праблемную камунальную сітуацыю складана. Скардзяцца беларусы таксама і на тэрміны выканання работ, у тым ліку на прыёмах грамадзян у чыноўнікаў.

— Падчас аварыйных сітуацый дазваніцца ў службу сапраўды няпроста. Аднак трэба разумець, што пасля званка ўжо першага чалавека, хто дазваніўся і паведаміў пра аварыю, пытанне пачынае вырашацца, адпаведныя службы пачынаюць працаваць. Так што званкі астатніх людзей з аналагічнымі паведамленнямі ўжо не такія важныя. Я штодня зранку, у абед і вечарам набіраю 115 і дазвоньваюся. Максімальна мне прыходзілася быць у чарзе шостым з чаканнем дзве хвіліны, — пракаментаваў гэта міністр. — Магчыма знівеліраваць сітуацыю так, каб нават падчас аварый мець магчымасць прымаць усе званкі, аднак эканамічна гэта немэтазгодна, бо спатрэбіцца штат у 200 чалавек.

Сітуацыі вырашаюцца максімальна хутка. Усё залежыць ад таго, наколькі тэхнічна складанае здарэнне адбылося, запэўніў Андрэй Хмель:

— Мы заўжды праводзім вучэнні, і нашы службы заўжды ў стане гатоўнасці. Вельмі цяжка абысціся зусім без аварый, як бы ні хацелася, і гэта аб'ектыўна, што нешта здараецца. На нядаўняй буйной аварыі ў Пружанах мы спрацавалі хутка, якасна і кругласутачна там былі людзі, у тым ліку кіраўніцтва вобласці. Мы гатовыя да любых сітуацый, аднак галоўнае — не дапускаць іх. А для гэтага кожны павінен дакладна выконваць свае абавязкі на рабочым месцы. Аварыйная заяўка выконваецца за гадзіны. Праблемы, якія не датычацца аварыйных работ, — устараняюцца цягам сутак. Гэта прадугледжана рэгламентам службы 115, і людзі маюць права на гэта разлічваць.

Міністр заўважыў, што 130 тысяч чалавек, якія працуюць у галіне ЖКГ, з пазітывам глядзяць у будучыню. Ён выказаў спадзяванне, што прыманыя вялікай камандай камунальнікаў меры створаць умовы для падтрымання камфортнага пражывання беларусаў, каб людзі былі задаволеныя.

Ірына СІДАРОК

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?