Вы тут

Таямніцы паходжання Магілёва праз асабістыя рэчы Янкі Купалы


Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Я. Раманава прэзентуе цікавы даследчы праект, зроблены з удзелам Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. Масленікава і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Ён прысвечаны 110-годдзю са дня стварэння паэтычнай версіі паходжання Магілёва ў паэме Янкі Купалы «Магіла льва».


— Было цікава працаваць над гэтым сумесным праектам, бо такая тэма як народная культура ў купалаўскай творчасці вельмі блізкая для ўсіх нас, — кажа куратар выставы ад Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Марыя Барткова.— Раней я не вельмі задумвалася над тым, што канкрэтна чытаў Янка Купала, каб напісаць паэму, адкуль ён гэта ведаў. Але з яго асабістага ліста, арыгінал якога, на жаль, захоўваецца не ў Беларусі, мы даведаліся пра тое, што летам 1912 года падчас адпачынку ў сваёй маці ў Акопах паэт чытае працы знакамітага магілёўскага этнографа Паўла Шэйна і «Вопыт апісання Магілёўскай губерні» Аляксандра Дэмбавецкага. Купала прызнаецца ў лісце, што цяжка гэтыя паданні перарабляць на паэтычны лад, але літаральна за месяц ў яго атрымалася зрабіць паэму «Магіла Льва», якая складаецца з 20 частак па 6 катрэнаў.

Мінскія музейшчыкі кажуць пра тое, што сумесная з магіляўчанамі работа была ўзаемакарыснай. У абласным краязнаўчым музеі, напрыклад, знаходзіцца арыгінальны аўтограф Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, якая падпісала кнігу некім Рыжакавым. І гэта яшчэ адна нагода для цікавых даследаванняў.

Янка Купала ўпершыню наведаў Магілёў у чэрвені 1924 года, потым была творчая камандзіроўка сюды ў 1933 годзе. А ў 1938 годзе паэт быў у горадзе над Дняпром нават двойчы: у красавіку — на прэм’еры спектакля паводле п’есы Якуба Коласа "У пушчах Палесся«, і ўлетку, калі наведаў Магілёўскую фабрыку штучнага шоўку.

— Вельмі цікава было паказаць праз паэму «Магіла льва» паходжанне горада, — адзначае дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская. — Паэт трагічна загінуў у 1942-м годзе, яго дом з рукапісамі і асабістымі рэчамі быў знішчаны падчас масіраванай бамбардзіроўкі Мінска яшчэ ў 1941-м. Удава Янкі Купалы —Уладзіслава Луцэвіч, першы дырэктар нашага музея, па крупінках збірала ўсё магчымае, каб укамплектаваць фонды аўтэнтычнымі экспанатамі. І сярод іх знайшліся тыя, з дапамогай якіх атрымалася перадаць гісторыю стварэння паэмы.

Больш 30 экспанатаў прыехалі ў Магілёў з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Гэта рэдкі экземпляр кнігі «Магіла льва» 1927 года, выдадзены літаратурным аб’яднаннем «Маладняк», ілюстрацыі да паэмы, асабісты пояс Янкі Купалы. У экспазіцыі ёсць кнігі з калекцыі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея, якія вывучаў Купала, каб напісаць паэму — зборнік Паўла Шэйна 1893 года выдання, праца Дэмбавецкага.

На графічных аркушах і старонках кніг можна пабачыць пазнейшыя выданні паэмы, якія ілюстравалі вядучыя мастакі Васіль Шаранговіч, Арлен Кашкурэвіч, Міхаіл Басалыга. 
Серыя мастацкіх работ Лазара Рана знаёміць з мясцінамі, дзе Янка Купала сталеў як чалавек і паэт. 

— Выстаўка, прысвечаная 110-годдзю стварэння паэмы, яшчэ адзін цудоўны вопыт супрацоўніцтва нашага музея з мінскім, — адзначыла вядучы навуковы супрацоўнік экспазіцыйна-выставачнага аддзела Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Я. Раманава Марына Тарасава. — Але вось так вывучыць свае фонды і дапоўніць мінскім складальнікам — прадметамі, якія ніколі не выстаўляліся, узятыя з розных калекцый і ніколі не сустракаліся ў адной вітрыне, атрымалася, на мой погляд, вельмі ўдала. Мы рэкамендуем абавязкова паглядзець выстаўку ўсім магіляўчанам, таму што яна пра нас. Ёсць розныя версіі паходжання назвы Магілёва, але ў нас яна самая рамантычная. І менавіта ў тых прадметах, з якіх пачыналася 110- гадоў таму. Школьнікам, якія на уроках літаратуры вывучаюць творчасць Купалы, будзе карысна сюды прыйсці і пашырыць падручнік да вобраза горада, які можна памацаць. 

Дарэчы, у 1971 годзе па матывах паэмы «Магіла Льва» кінастудыя «Беларусьфільм» стварыла аднайменны фільм. А нядаўна Магілёўскі тэатр ляляк падрыхтаваў аматарам тэатральнага мастацтва сюрпрыз — зрабіў пастаноўку знакамітай паэмы. І яе таксама абавязкова трэба ўбачыць. Як кажуць эксперты, у Янкі Купалы быў абсалютны слых, таму творы яго атрымліваліся неверагодна меладычныя і спеўныя. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».