Вы тут

Падарожжа па Ігуменскім тракце. Чаму Чэрвень не стаў Ліпенем?


У верасні будзе ўжо сто гадоў, як былы Ігумен носіць назву Чэрвень.


Некалі Ігуменскі павет займаў вялікую тэрыторыю, каля 40 тысяч квадратных кіламетраў (для параўнання: сёння Чэрвеньскі раён — 1,6 тысячы). У склад павета ўваходзілі тэрыторыі сучасных Уздзенскага, Пухавіцкага, Бярэзінскага раёнаў, а таксама часткова тэрыторыі, якія цяпер належаць Смалявіцкаму, Мінскаму, Капыльскаму, Салігорскаму і Слуцкаму раёнам.

Чэрвеньскі раён створаны ў 1924 годзе. У 20-я гады мінулага стагоддзя, калі вялася барацьба з рэлігіяй, назва горада не спадабалася новай уладзе. Мясцовыя краязнаўцы расказваюць, што на павятовым сходзе было вырашана звярнуцца да вышэйшай улады з просьбай аб перайменаванні Ігумена ў Ліпень, бо ў гэтым месяцы горад быў вызвалены ад белапалякаў. Да таго ж такая назва адпавядала гербу горада, на якім размешчана пяць пчолак, што збіраюць мёд. У старыя часы ў гэтых мясцінах было багата бортнікаў. Кажуць нават, што з-за гэтага праз Ігумен не пусцілі чыгунку. Маўляў, пчаляры баяліся, што шумныя паравозы разгоняць пчол, і праекціроўшчыкам, якія прыязджалі ў горад, каб вызначыць месца для будучай чыгуначнай станцыі, нагаворвалі, што землі тут гразкія, трэба гаціць, што будоўля чыгункі пацягне шмат сродкаў.

Ліпенем горад так і не стаў. Аказалася, што назва была занятая — у Мінск ужо паступіла просьба жыхароў вёскі Халуі, якая ў той час таксама знаходзілася ў Ігуменскім павеце, каб іх населены пункт атрымаў новае «летняе» імя. Тады члены павятовага савета спыніліся на варыянце «Чэрвень».

Нягледзячы на тое што ўжо некалькі пакаленняў вырасла ў Чэрвені, у горадзе не забываюцца і на гістарычную назву. Пра гэта сведчаць самыя розныя аб'екты, напрыклад універмаг «Ігуменскі», фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Ігумен», а таксама клуб інтэлектуальных гульняў і спартыўныя каманды.

Як распавяла Ірына Вабішчэвіч, існуе некалькі версій аб узнікненні старой назвы. Паводле адной з іх, назва паходзіць ад старажытнага грэчаскага слова, якое ў перакладзе гучыць, як «той, хто ідзе наперадзе». Гэта можа быць адсыл як да прапаведнікаў хрысціянства, так і да гандлёвых шляхоў «з варагаў у грэкі». Некаторыя гісторыкі заўважаюць, што спачатку назва была «Гумен», і на старых картах пазначаны населеныя пункты Старыя і Новыя Гумны...

Яшчэ адну версію пакінуў этнограф Павел Шпілеўскі, які ў ХІХ стагоддзі склаў кнігу «Падарожжа па Палессі і Палескім краі». Паводле запісанай ім легенды, у ХІІ стагоддзі адной з манахінь у Грэцыі прысніўся сон, у якім яна пачула загад ісці на ўсход і несці Божае слова. Калі ж яна запыталася, як ёй даведацца, дзе ж тое месца, у адказ прагучала, што павінна ісці басанож: адчуе пад нагамі цяпло — значыць, яе падарожжа скончылася. Манахіня ўзяла кнігі і выправілася ў доўгі цяжкі шлях. У нейкі момант яе параненыя ногі адчулі цяпло, драпіны пачалі зажываць. Так у гэтых мясцінах яна заснавала манастыр. Таму менавіта фігура манахіні «сустракае» гасцей у Чэрвеньскім краязнаўчым музеі. А яшчэ дзякуючы сучасным тэхналогіям тут можна пачуць званы і царкоўныя спевы.

Прадметы з гісторыяй

Нягледзячы на тое што Чэрвеньскі краязнаўчы музей працуе з 1992 года, а экспазіцыя ў новым будынку адкрылася ў студзені 2021-га, ён мае багата цікавых экспанатаў. Тут ёсць костка маманта, нядрэнная калекцыя артэфактаў ХІІ—ХІV стагоддзяў, знойдзеных у археалагічных даследаваннях. Сярод найбольш каштоўных экспанатаў — пячатка, якой у канцы ХVІІ стагоддзя карыстаўся падскарбій Вялікага Княства Літоўскага. Маецца тут і копія дакумента, у якім упершыню згадваецца Ігумен (сам пергамент знаходзіцца ў Расійскай акадэміі навук).

Сярод старажытных прадметаў заўважаем скульптуркі міфалагічных істот, дзякуючы ім даведваемся пра мясцовыя адметныя паданні. Напрыклад, што ў гэтых краях Хатнік глядзеў за тым, як гаспадыня клапоціцца пра ката. Калі дрэнна, Хатнік мог залезці ў печ, памяшаць суп у гаршку левай рукой у левы бок — і самая смачная страва станавілася горкай. І, наадварот, калі кату ў гаспадароў было добра, Хатнік мяшаў у гаршку правай рукой у правы бок, і нават пустая поліўка рабілася наварыстай...

Тут можна ўбачыць партызанскія выданні і абсталяванне для іх друку.

Пэўны час Ігумен быў буйным адміністрацыйным, рэлігійным і культурным цэнтрам. Таму ў музеі можна пабачыць і фігуру стацкага саветніка, і арыгінальнае фота чыноўніка павятовай управы.

Асобныя вітрыны прысвечаны розным канфесіям і народам, якія мірна пражывалі на дадзенай тэрыторыі. Тут ёсць прадметы стараабрадцаў, праваслаўных, каталікоў, іудзеяў і мусульман.

Па музейных рэчах можна даведацца пра гісторыю гандлю, медыцыны і адукацыі. Так, у Чэрвені знаходзіцца адна з найстарэйшых школ Беларусі — у наступным годзе гімназія № 1 адзначыць 120-годдзе. За ўвесь гэты перыяд толькі тры гады ў ёй не навучаліся дзеці — у час Вялікай Айчыннай вайны захопнікі размясцілі ў яе будынку ваенны шпіталь.

У гэтай зале музея размешчаны экспаанаты, якія расказваюць пра касманаўта Алега Навіцкага.

Чэрвеньшчына можа ганарыцца сваімі ўраджэнцамі. Сярод іх — спартсмены, вучоныя, дзеячы культуры і мастацтва. Імя аднаго з жыхароў Чэрвеня, вучонага-металурга, спецыяліста ў галіне ліцейнай вытворчасці Уладзіміра Фундатара пэўны час было забытым. Ён быў адным з вынаходнікаў асаблівага ліцейнага сплаву сілуміну, з якога быў выраблены рухавік танка Т-34. Такая баявая машына была больш лёгкая і манеўраная за нямецкія танкі. Але ніякай узнагароды за вынаходніцтва вучоны не атрымаў, — а ўсё з-за таго, што самастойна хацеў увекавечыць імёны яўрэяў, расстраляных фашыстамі ў гады вайны. У Чэрвеньскім гета загінулі і яго бацькі. Уладзімір Ісакавіч сам збіраў грошы на помнік і нават змог адліць у ліцейным цэху шыльду з імёнамі ахвяр. З-за такой «прыватнай ініцыятывы» яго абвінавацілі ў касмапалітызме і пазбавілі ўсіх узнагарод. Толькі ў пачатку 2000-х даследчыкам удалося вярнуць памяць пра вучонага, у Чэрвеньскім краязнаўчым музеі яму прысвечаны асобны стэнд...

Канешне, у Чэрвеньскі музей варта прыйсці не адзін раз. Тут можна пачуць і пра гераічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, і пра касманаўта Алега Навіцкага, і іншых сучаснікаў, якімі сёння ганарыцца Чэрвеньшчына.

Ганна ПЯТРОВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».