Вы тут

Надвор'е: Паўночны ўсход краіны замарозіць не на жарт


Калі ў аўторак надвор'ем будзе кіраваць чарговая сістэма актыўных атмасферных франтоў ад цыклону, які ссоўваецца з акваторыі Балтыйскага мора, то ўжо ў наступныя два дні начныя тэмпературы значна апусцяцца, найперш у паўночных рэгіёнах нашай краіны, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: pixabay.com

Дык вось, у сераду ўначы Беларусь акажацца ў тылавой частцы цыклону, які сыходзіць на поўдзень еўрапейскай тэрыторыі Расіі. Аднак днём 22 лютага праявіцца ўплыў няўстойлівых паветраных мас, якія паступаюць з поўначы. Таму менавіта ў паўночнай частцы нашай краіны пачне істотна падмарожваць. Ноччу на большай частцы тэрыторыі, а ўдзень месцамі па краіне прагназуюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, па паўднёвым захадзе магчымы дождж. Асобныя ўчасткі дарог будуць слізкія. Тэмпература паветра ўначы будзе ў межах ад плюс 1 градуса па паўднёвым захадзе да мінус 18 градусаў па паўночным усходзе краіны. Днём тэмпература паветра складзе ад мінус 10 градусаў у паўночна-ўсходніх раёнах да плюс 4 градусаў у паўднёва-заходніх рэгіёнах.

Сапраўдныя лютаўскія маразы прыйдуць да нас у чацвер з усходу кантынента. У гэты дзень у Беларусі адаб'ецца ўплыў халоднага антыцыклону, які сфарміраваўся ў арктычнай паветранай масе. Чакаецца пераменная воблачнасць, пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай месцамі туман, іней. На асобных участках дарог галалёдзіца. Пры гэтым тэмпературны фон істотна панізіцца. Ноччу будзе падмарожваць да мінус 3 градусаў нават у паўднёвых рэгіёнах краіны, а па паўночным усходзе тэмпература паветра апусціцца да мінус 23 градусаў (!). Днём слупок тэрмометра пакажа ад плюс 5 градусаў па паўднёвым захадзе да мінус 8 па паўночным усходзе краіны.

Холадна будзе і ў пятніцу, аднак у гэтыя суткі надвор'е сапраўды пачне «штарміць». Свае карэктывы ў надвор'е зноў унясуць атмасферныя франты, пад уплывам якіх да канца тыдня будуць назірацца ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. Пачынаючы з 24 лютага тэмпературны фон пачне павышацца. У гэты дзень на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць ападкі. У асобных раёнах слабая мяцеліца, галалёд, слабы туман, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе 2—9 марозу, пры праясненнях па ўсходзе — 10—13 марозу. Па паўднёвым захадзе прагназуецца мінус 1 — плюс 3 градусы. Удзень тэмпература будзе ад мінус 1 градуса па ўсходзе да плюс 8 градусаў па паўднёвым захадзе краіны.

У суботу на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. У асобных раёнах слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу будзе мінус 3 — плюс 4 градусы, а пры праясненнях па паўночным усходзе краіны — да мінус 4 — мінус 9 градусаў. Днём будзе ў межах ад мінус 2 градусаў па поўначы да 6 цяпла па поўдні краіны.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».