Вы тут

Малыя Сяхновічы: памяць чакала, надзея жыла


Памяць — невычэрпная крыніца ўспамінаў пра падзеі і людзей, што «ў нябыт уцяклі». Нярэдка гэтыя згадкі нясуць востры боль і праз дзесяцігоддзі.

Так, стужка часу ўсё больш аддаляе нас ад пераможных салютаў Вялікай Айчыннай, але ж і сёння адкрываюцца падрабязнасці ліхалецця, прыхаваныя ў зямлі альбо на архіўных паліцах. Некалькі гадоў таму на будынку музея ў вёсцы Малыя Сяхновічы Жабінкаўскага раёна з'явілася сціплая шыльда з імёнамі тых, хто ўсяго некалькі месяцаў не дажыў да вызвалення...


Марыя Амельянюк з дочкамі.

Зямля прыносіць не толькі збожжа

Прадвесне 1944 года на Палессі выдалася пераменлівым. Зіма не спяшалася саступаць свае правы і пасля таго, як адгукалі вясну. Чуў не раз ад сведкаў: халодныя ночы ў той год нярэдка межаваліся з дзённай адлігай, а потым зноў пачыналі лютаваць маразы. І ўсё ж з кожным днём сонца ўзыходзіла вышэй, прыносячы з сабою цеплыню, патрэбную чалавеку і зямлі. Аднак не толькі ў прыродзе — ва ўсім свеце ішло змаганне. Яшчэ была вайна, але на ўсходзе ўсё грамчэла кананада вызвалення. Акупанты ж учэпіста трымаліся за прыбужскія землі.

І ў мірныя, і ў ваенныя дні сяляне не забываліся, што зямлі-карміцельцы патрэбна праца іх рук, таму ў той сакавіцкі ранак сяхноўцы выйшлі ўрабляць надзелы, размешчаныя на ранейшай зямлі паноў Касцюшкаў паміж Малымі і Вялікімі Сяхновічамі.

Мікіта Мацвяюк араў сваю палоску на ўзлеску, ва ўрочышчы Грані. Раптам плуг зачапіўся за штосьці, схаванае ў глебе, скрыгатнула нешта металічнае. Араты спыніўся, зірнуў пад ногі і абамлеў: у зямлі ляжала авіяцыйная бомба або артылерыйскі снарад. Колькі яна прабыла ў глебе, сказаць было цяжка: мо яшчэ з тых чэрвеньскіх дзён сорак першага, калі па-над вёскай гулі армады самалётаў з крыжамі, а ім насустрач вынырвалі з-пад аблокаў пазначаныя зоркамі?.. Гадаць, калі пад тваімі нагамі затаілася смерць, не было часу і сэнсу. Селянін асцярожна рушыў прэч ад жахлівай знаходкі, а вечарам распавёў пра яе суседзям. Неўзабаве пра бомбу даведаліся партызаны, якія загадалі сялянам перадаць ім небяспечную рэч.

Ужо бралася на змярканне, калі некалькі сяхновіцкіх мужыкоў выйшла ў поле. Яны шукалі Мікітаў снарад. Раптоўна за гэтай працай іх заўважылі немцы і паліцаі. Тыя рухаліся па дарозе і выпадкова звярнулі ўвагу на сялян, якія надвячоркам нешта рабілі ў полі. Гэта падалося падазроным. Як толькі акупанты наблізіліся, мужыкі кінуліся, хто куды. У рукі да гітлераўцаў трапілі толькі Сяргей Юрчук ды Сямён Мацвяюк. Яны загінулі першымі. Мужчын катавалі, каб даведацца пра небяспечную знаходку. Яшчэ карнікаў цікавілі імёны тых, хто збег з поля і застаўся без пакарання.

У вёсцы пасялілася трывога, настоеная на памяці пра іншыя жахлівыя падзеі. Так, у памяці вяскоўцаў былі яшчэ свежыя ўспаміны пра бязлітаснае знішчэнне на Галавасек, 11 верасня 1942 года, сяла Драмлёва. За лічаныя гадзіны вогненная вёска ператварылася ў попел. Попелам сталі і яе жыхары — ад немаўлят да сівых дзядоў.

Ахвяры судзілішча

Драмлёвец Павел Варфаламеевіч Ляўчук ацалеў выпадкова. Ён стаў жыхаром Малых Сяхновіч ужо пасля вайны. Сюды ён прыйшоў у прымакі, маючы з сабою багаты «пасаг»: каня ды карову... А тады, на Галавасек, Павел страціў не толькі жытло, але і родных ды блізкіх. У трагічны дзень 11 верасня 42-гадовы мужчына быў у суседняй вёсцы, дзе дапамагаў выбіраць бульбу. Ехаў у поле — меў вялікую сям'ю, вярнуўся бяздзетным удаўцом. На наступны дзень Ляўчук прыйшоў на драмлёўскае пажарышча, дзе людзі грузілі на драбіны абгарэлыя целы і везлі на могілкі, каб пахаваць усіх у брацкай магіле. Голымі рукамі мужчына перабіраў гарачы попел, пакуль не адшукаў знаёмы кавалак тканіны. Прыклаў яго апаленымі далонямі да твару і заплакаў. Тут ляжалі, ператвораныя ў прах, яго родныя жанчыны: жонка Аня і дочкі Ніна, Ліда, Жэня. Старэйшай было чатыры гады, малодшай — дзесяць месяцаў... Павел Варфаламеевіч пражыў семдзесят сем гадоў, мог бы шмат расказаць пра злачынства, але трымаў унутры свой боль. І толькі раз на год ён выпраўляўся ў сваю вогненную вёску, заўжды ішоў на курган, дзе плакаў наўзрыд...

Карэнныя жыхары Малых Сяхновіч мелі свой горкі вопыт. Яшчэ ў Першую сусветную іх паселішча апынулася на шляху вайны. Вёска была спалена, а жыхары падаліся ў бежанцы. Калі ўсё ж праз некалькі гадоў вярнуліся дамоў, сяхноўцаў сустракала маўклівае запусценне. Тады давялося жыць у зямлянках, адбудоўваць хаты, фактычна ствараць старажытнае паселішча наноў...

І вось цяпер, праз трыццаць гадоў, гісторыя магла паўтарыцца яшчэ з больш крывавым зыходам. Не хацелася выпрабоўваць лёс, і таму толькі стала вядома, што двух аднавяскоўцаў схапілі ды павялі на допыт, паселішча адразу апусцела. Людзі з дзецьмі, прыхапіўшы невялікія пажыткі, рушылі да сваякоў ды знаёмых у суседнія вёскі, каб перачакаць пагрозу.

Аднак мінула два дні. Усё заставалася без змен. Наступіў зманлівы спакой, і вяскоўцы пачалі вяртацца пад родныя стрэхі.

Нечакана ў Малыя Сяхновічы ўварваўся карны атрад. Гітлераўцы са сваімі памагатымі акружылі вёску, сагналі людзей на падворак Паўла Салея, дзе распачалі судзілішча.

Ніна Амельянюк — малодшая з тых, хто быў забіты, — мела толькі дванаццаць гадоў. Старэйшай, Ганне Пятроўне Шумік, ішоў семдзесят другі. У жалобным спісе знаходзім таксама прозвішчы Васіля Паўлавіча Гіня, яго чатырнаццацігадовай дачкі Надзейкі, старога Сцяпана Іванавіча Гіня, Апанаса Паўлавіча і Марыі Максімаўны Амельянюкоў, Сямёна Яўграфавіча Мацвеюка і саракагадовага Сяргея Сідаравіча Юрчука.

Іх лёсы сталі аднолькава трагічнымі, іх жыцці абарваліся заўчасна ад аўтаматных стрэлаў або ў агні.

У спіс трапілі і бязвінныя, што не мелі ніякага дачынення да пошукаў бомбы. Адных каты забілі з аўтаматаў, целы расстраляных Амельянюкоў згарэлі.

Значна пазней Валянціна Валасюк, пляменніца Апанаса Амельянюка, згадвала:

— У той дзень мы былі ў Вялікіх Сяхновічах і пазней ад іншых пачулі пра тое, што адбылося. Калі немцы пасля расправы пайшлі, мы спешна вярнуліся ў сваю вёску. Наш дом і хата дзядзькі Апанаса ўжо дагаралі, стаяў невыносны пах гарэлага мяса. Было жудасна. Я пабегла ў канец сяла. Каля сядзібы Салея ляжалі акрываўленыя целы: збоку — Васіль Гінь у кажуху, побач — яго дачка Надзя, з якой мы хадзілі разам у школу. Памятаю, ляжала яна, закрыўшы вочы рукамі. З дапамогай жыхароў іншых вёсак патаемна скалацілі дамавіны, хутка пахавалі расстраляных і спаленых на могілках. Праз дзень зноў на падводах прыехалі акупанты, каб вывезці свіней і авечак. Яны забіралі сена, зерне, а з дамоў і хлявоў — посуд, мэблю, адзежу, прадукты. Усё цягнулі ў Жабінку. Вырашылі і хаты перавозіць у пасёлак, нават пачалі нумараваць бярвёны, каб потым было прасцей складаць. Ды не паспелі: прыйшла вестка, што ў суседніх вёсках з'явіліся партызаны-каўпакаўцы. Немцы ўсё пакідалі і паспяшаліся прэч.

Сіла ў барадзе!

Гэтая важная заўвага дазваляе датаваць трагедыю ў Малых Сяхновічах, пра якую амаль маўчаць архівы.

Пра тое, што праз дзень пасля расправы над мірнымі жыхарамі на Жабінкаўшчыну прыйшлі каўпакаўцы (ці «каўпакі», як называў паплечнікаў легендарнага Сідара Каўпака мясцовы люд), расказвалі многія. Некаторыя нават сцвярджалі, што на ўласныя вочы бачылі самога Сідара Арцем'евіча, хоць насамрэч у тым паходзе байцоў Першай украінскай партызанскай брыгады ўзначальваў не менш легендарны барадач, магутны, як яго прозвішча, падпалкоўнік Пятро Вяршыгара.

Каржакаваты, шырокабароды партызанскі камандзір пасля вайны не цураўся прыгожага пісьменства, пакінуў змястоўныя мемуары. За свае творы, не пазбаўленыя літаратурных здольнасцяў, ён нават быў узнагароджаны Сталінскай прэміяй. Пётр Пятровіч згадваў цікавы эпізод. Неяк партызанскія камандзіры сабраліся сярод лесу на нараду і пакляліся, што не пабрыюць бароды, пакуль не вызваляць зямлю ад фашысцкай навалачы. Кожны нават выбраў сабе горад, у якім звернецца да цырульніка: адзін — Варшаву, другі — Прагу, а сам Вяршыгара абвясціў:

— Пагалюся толькі тады, як дайду да самога «логава», — у Берліне!

Шмат за плячыма Вяршыгары, Героя Савецкага Саюза, смелых рэйдаў, аперацый. Лёс быў літасцівы да барадача. хоць на доўгім баявым шляху давялося хаваць многіх аднапалчан. У сакавіку 1944 года партызанскія магілы з'явіліся і на нашай палескай зямлі — паміж Каменцам і Жабінкай. Аднак і самі акупанты як агню баяліся гэтай грознай сілы.

— Цэлая партызанская армія! — сказаў у захапленні Аркадзь Прывіцень, што быў у вайну падлеткам і жыў паблізу Малых Сяхновіч. — Ніколі не бачыў такой вялізнай узброенай грамады. Мясцовыя людзі адрознівалі сапраўдных партызан, якія біліся за свабоду, ад так званых каморнікаў. Тыя прыкрываліся імем партызан, а на самай справе рабавалі наваколлі. Дык вось, у каўпакоўцах тутэйшыя прызналі сапраўдных народных мсціўцаў, сілу, якая прыйшла, каб вызваліць нашу зямлю.

Памятае пушча партызанскі рух

Аднак перавага і ў баявой, і ў людской сіле вясной сорак чацвёртага ўсё ж заставалася на баку ворага.

Партызаны, якія праводзілі рэйд у нямецкіх тылах, імкнуліся трапіць на польскі бок. Аднак, абцяжараныя вялікім абозам з сотнямі раненых байцоў і вызваленых палонных, каўпакаўцы былі вымушаныя фарсіраваць Заходні Буг і вярнуцца на беларускую тэрыторыю.

У ноч на 19 сакавіка 1944 года яны размясціліся на начлег у некалькіх камянецкіх вёсках. У той жа дзень пры падыходзе да Белавежскай пушчы народныя мсціўцы нечакана сутыкнуліся з авіядэсантнай дывізіяй «Герман Герынг». Тым часам па дапамогу нямецкім дэсантнікам па Брэсцкай шашы спяшаліся вялікія калоны гітлераўцаў.

Пасля жорсткіх баёў каля пушчанскіх вёсак Ражкоўка, Янушы і Алешкавічы, дзе загінула каля паўсотні каўпакаўцаў, партызанская дывізія павярнула на поўдзень. Іх разведка дакладвала: чатырохтысячны гарнізон горада над Бугам, узмоцнены танкамі і артылерыяй, — сур'ёзная пагроза. На шчасце, вораг меў вельмі прыблізнае ўяўленне пра сілы партызанаў. А ў страху, як вядома, вялікія вочы. Праціўнік лічыў: «Кольпак» мае значна больш байцоў, чым было насамрэч.

Адзіная архіўная звестка пра трагедыю, якая дапамагла ўвекавечанню памяці жыхароў Малых Сяхновіч.

Па прасёлкавых дарогах партызаны падышлі да ракі Лясной, якую фарсіравалі, а затым ушчэнт разбілі два фашысцкія гарнізоны. Палкоўнік Вяршыгара сабраў нараду і загадаў: патрэбна неадкладна перайсці Пружанскую шашу. Аднак «прашмыгнуць» незаўважана праз бойкую дарогу, якую кантралявалі немцы, не атрымалася. Разгарэўся бой, у якім палегла больш за сотню гітлераўцаў, таксама і партызаны панеслі прыкметныя страты.

Раніцай 22 сакавіка Першая ўкраінская партызанская дывізія імя С. А. Каўпака паглыбілася ў жабінкаўскія землі, дзе размясцілася на начлег. Сярод акупантаў і паліцаяў з'яўленне такой колькасці народных мсціўцаў выклікала сапраўдны жах: большасць з іх паспяшалася ў Жыцінь і Жабінку, дзе знаходзіліся нямецкія ўмацаваныя пастарункі і гарнізоны.

Пры сустрэчах з жыхарамі сяла Хмелева пажылога веку неаднойчы чуў ад іх: у час пастою «каўпакі» мянялі калёсы на санкі, а сваіх коней, змучаных складаным пераходам, на вясковых. Калі пытаўся, навошта партызанам спатрэбіліся сані, сведкі амаль аднагалосна сцвярджалі:

— Хоць і быў канец сакавіка, але ў той дзень і ноч раптоўна сарваўся страшэнны буран. Падобнай віхуры не памятаем, колькі на свеце жывём. Снегу выпала столькі, што спатрэбілася мяняць фурманкі. У непагадзь партызаны, якія ледзь стаялі на нагах пасля напружаных баёў, спыніліся ў Дзяменічах, замаскіравалі падводы з раненымі, выставілі кардоны, выслалі разведчыкаў у бок Жабінкі.

Аднак перадышка атрымалася нядоўгай. Каўпакаўцы вымушаныя былі зноў уступіць у вялікія працяглыя баі паблізу Хмелева ды Алізарава Става. На нашай зямлі іх загінула каля трох дзясяткаў, астанкі партызанаў пасля вайны былі перапахаваныя ў брацкай магіле ў горадзе Жабінка. Адначасова гэтыя падзеі адцягнулі ўвагу гітлераўцаў ад Малых Сяхновіч, дзе акупанты, мабыць, планавалі працягваць сваю чорную справу. Расправа спынілася, але і тыя дзесяць чалавек, што сталі яе ахвярамі, маглі б жыць і мець працяг...

Вогненны лёс адной сям'і

Як вядома, залетась распачата расследаванне крымінальнай справы, заведзенай Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь, аб генацыдзе беларускага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенныя гады. Між іншым, гэта дазволіла зноў больш уважліва зірнуць у тым ліку на падзеі, што адбываліся ў сакавіку тысяча дзевяцьсот сорак чацвёртага года ў вёсцы Малыя Сяхновічы.

Нават праз доўгія дзесяцігоддзі гучаць галасы сведкаў. Так, на просьбу пракуратуры Жабінкаўскага раёна падзяліцца сямейнымі ўспамінамі пра падзеі агнявых саракавых адгукнулася жыхарка райцэнтра Эма Афоніна.

Эма Іванаўна паведаміла, што ў гады вайны яе дзядуля Іосіф Амельянюк жыў з сям'ёй пад Жабінкай, у вёсачцы Пуцішча. Іосіф Паўлавіч меў брата Апанаса. У братавай сям'і гадаваліся чацвёра дзяцей. Апанас Паўлавіч з жонкай Марыяй дапамагаў партызанам, перадаваў ім ежу, сям'я пякла для партызанаў хлеб. Аднойчы, па словах сведкі, Апанас даведаўся, што нехта данёс на яго немцам. Таму Апанас Амельянюк вывез сваіх дзяцей да брата ў Пуцішча, а сам з жонкай заставаўся ў Малых Сяхновічах. Аднак іх старэйшая дачка, дванаццацігадовая Ніна, на сваю бяду, вярнулася ў бацькоўскі дом і згарэла разам з імі, калі карнікі кінулі дзяўчынку жыўцом у суседскую хату, якая належала Гіням. З усёй сям'і Апанаса Паўлавіча і Марыі Максімаўны Амельянюкоў засталіся жыць толькі малодшыя дочкі Аня і Рая.

Няпросты шлях да ўвекавечання

Імёны загінулых ніколі не знікалі з успамінаў сяхноўцаў. Аднак шлях да ўшанавання выдаўся вельмі няпросты, надзвычай доўгі: мінулі цэлыя дзесяцігодзі пасля трагедыі, пакуль імёны аднавяскоўцаў з'явіліся на шыльдзе, размешчанай на будынку Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея ў Малых Сяхновічах.

Пасля вызвалення вёскі, якое адбылося ў ліпені сорак чацвёртага, літаральна праз чатыры месяцы пасля забойства, у самым цэнтры мірнай палескай вёсачкі — на месцы, дзе знішчалі людзей, паставілі сціплы драўляны крыж. Гэта першая недаўгавечная памятка. Калі на мяжы саракавых-пяцідзясятых гадоў арганізоўвалі калгасы, прыйшоў загад з райцэнтра: у сёлах не павінны стаяць царкоўныя знакі! Памятка пра забітых сяхноўцаў была знішчана.

Толькі гэта не магло вынішчыць чалавечую памяць пра родных і блізкіх, жаданне захаваць іх імёны для нашчадкаў. Жыхары Малых Сяхновіч звярнуліся да раённых улад з просьбай паставіць хоць бы нейкі знак у гонар тых, хто загінуў ад рук фашыстаў. Але ў той просьбе было адмоўлена: маўляў, спачатку ўступайце ў калектыўную гаспадарку, паколькі перш-наперш патрэбна аднаўляць разбуранае вайной, а памяць няхай крыху пачакае...

Зноў і зноў на працягу доўгага часу неабыякавыя людзі вярталіся да гэтага пытання. У 60-я — 80-я гады мінулага стагоддзя не раз яго ўзнімаў слынны краязнавец, настаўнік
Сяхновіцкай школы Павел Васілевіч Філіпук, якога часам завуць «першым гісторыкам Жабінкі». Затым бацькаў запавет «не пакідаць надзею на справядлівасць» падхапіла дачка Алена Цыбуля. На жаль, сёння яе ўжо таксама няма сярод жывых, аднак менавіта клопатам Алены Паўлаўны справа, распачатая яе бацькам, была даведзена да лагічнага завяршэння.

Шыльда з імёнамі закатаваных.

Хоць боль ад страт з часам сціхаў, усё далей адыходзілі ў гісторыю страшныя малюнкі вайны, нараджаліся, сталелі, а затым і сівелі пасляваенныя пакаленні, надзея заставалася: прыйдзе дзень, калі згадаюць падзеі ваеннага часу, пайменна будуць увекавечаны яго нявінныя ахвяры.

У 1999 годзе ў Мінску ўбачыла свет кніга «Памяць» — гісторыка-дакументальная хроніка Жабінкаўскага раёна. Сярод яе паўтысячы старонак месца для сяхновіцкай трагедыі не знайшлося... Ніхто з дзесяці закатаваных у сакавіку сорак чацвёртага так і не быў згаданы.

Кароткая згадка пра знішчэнне людзей у Малых Сяхновічах адшукалася ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Хоць у даведцы, складзенай неўзабаве пасля трагедыі, меліся памылкі (напрыклад, былі недакладна ўказаныя час і колькасць забітых), аднак архіўны дакумент стаў важкай падставай для афіцыйнага прызнання факта трагедыі, а следам — і ўвекавечання забітых мірных жыхароў.

Праз семдзесят гадоў, 8 мая 2014-га, на адкрыццё мемарыяльнай дошкі сабраліся не толькі нашчадкі і аднавяскоўцы загінулых. Людзей розных узростаў тады
аб'яднала Яе Вялікасць Памяць, што дачакалася нарэшце гістарычнай справядлівасці.

...Дождж і рука настаяцеля Вялікасяхновіцкай царквы айца Алексія Петрусевіча акраплялі мемарыяльную дошку з дзесяццю прозвішчамі. Каля гэтай новай гістарычнай памяткі былі размешчаны кошыкі кветак, якія стваралі абрысы вялікага сэрца.

Шчымлівай нотай прагучалі словы:

Няма ўжо тых, хто дарагія сэрцу,

Чый вобраз праз гады

мы беражом.

Па-над зямлёй плывуць у нябёсах

 душы,

І слёзы льюцца

з веснавым дажджом.

На мерапрыемства завіталі пасівелыя ўжо дзеці загінулых: Васіль Сяргеевіч Юрчук і Мікалай Васілевіч Гінь. Апошні згадаў дзень, калі раптоўна асірацеў, падзякаваў усім, хто ўвасобіў памяць пра ахвяр вайны ў простым, але такім патрэбным знаку.

Да мікрафона падышоў, абапіраючыся на кіёк, найстарэйшы сяхновец Леанід Міхайлавіч Ярмашук. Хвалюючыся, старажыл прамовіў:

— Памятаю, як у нашай вёсцы загінулі мірныя людзі, — і заплакаў, не знайшоўшы сіл, каб апісаць перажытае.

Пасля шчырых прамоў і мінуты маўчання людзі зноў і зноў падыходзілі да шыльды, чыталі прозвішчы, ускладалі кветкі, слухалі паніхіду, якую вёў святар, маліліся, прыкладалі рукі да сэрцаў, у якіх непрыкметна ажыла незагойная рана. Нават у тых, хто не бачыў вайны.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара і з яго асабістага архіва.


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».