Недафінансаванне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, неабходнасць павышэння тарыфаў работ у воднай гаспадарцы дзеля яе ўдасканалення, змена падыходаў да капрамонту, каб штогод завяршаць усе работы ў трэцім квартале. Гэтыя і шмат якія іншыя праблемныя пытанні і планы сферы ЖКГ абмяркоўвалі камунальнікі на выніковай калегіі міністэрства.
Найважнейшыя пытанні, якія нязменна цікавяць людзей у ЖКГ, — кошт, якасць і аператыўнасць аказання жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП). Усім спажыўцам паслугі летась аказаны ў запатрабаваных аб'ёмах. Як вынік — колькасць скаргаў на якасць ЖКП зменшылася на 8 % пры задачы зніжэння зваротаў на 1,5 %. Аднак існуе і шмат праблем, якія патрабуюць радыкальнага вырашэння.
Летась у краіне актыўна рэалізоўвалася дзяржаўная праграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2021—2025 гг.». На працягу года міністэрства і абласныя ўпраўленні штотыднёва правяралі выкананне паказчыкаў дзяржпраграмы, а інфармацыю накіроўвалі ў Савет міністраў. Кожны квартал вынікі работы разглядаліся на пасяджэннях калегій міністэрства, расказаў Андрэй Хмель, міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі:
— Для ацэнкі эфектыўнасці рэалізацыі праграмы вызначаны два зводныя мэтавыя паказчыкі: зніжэнне затрат на аказанне ЖКП насельніцтву на 5 % і забяспечанасць спажыўцоў вадой пітной якасці, а таксама 13 мэтавых паказчыкаў і заданняў. У цэлым, галіна спрацавала стабільна, без сур'ёзных збояў і ў асноўным з задачамі справілася. Усе заданні выканалі Віцебская вобласць і Мінск. Па двух з 13 мэтавых паказчыкаў па краіне ў цэлым адзначаецца невыкананне. Гэта ўвод у эксплуатацыю пасля капрамонту 2,8 % жылля замест намечаных 3 % і рэканструкцыя васьмі ачышчальных збудаванняў сцёкавых водаў замест 18.
Галіна ЖКГ апошнія два гады знаходзіцца ў станоўчым трэндзе. Гэта відаць па тым, як растуць фізічныя аб'ёмы і як выконваюцца паказчыкі. Праводзіцца работа, якая скіравана на эканамічныя і фінансавыя вынікі, і гэта важна. Аднак агульную ацэнку сферы трэба даваць, зыходзячы з той ацэнкі, якую дае ёй насельніцтва, а яна пакуль не вельмі добрая, адзначыў Анатоль Сівак, намеснік прэм'ер-міністра, які прысутнічаў на калегіі:
— Каб палепшыць тую ацэнку, трэба працаваць на парадак больш. Нельга ацэньваць, як спрацавала галіна, зыходзячы толькі з выканання праграмных паказчыкаў. Нават толькі сем стратных арганізацый у сферы (а іх было больш за 20) можна ацэньваць як станоўчую работу. Ёсць і іншыя моманты, дзе не заўжды працуюць эканамічныя законы.
Існуе ў галіне шэраг праблем, якія можна назваць сістэмнымі. Гэта найперш невысокі ўзровень заробку ў сферы ЖКГ, што адстае ад памеру сярэдняй зарплаты ў будаўніцтве і прамысловасці на 30 %, заўважыў міністр:
— Такая тэндэнцыя захоўваецца на працягу пяцігоддзя. Адна з падстаў для павелічэння зарплаты — выкананне паказчыкаў дзяржпраграмы па зніжэнні выдаткаў на аказанне камунальных паслуг. Для павышэння ўзроўню аплаты работнікаў ЖКГ можна таксама накіроўваць да 30 % сэканомленых сродкаў ад аказаных ЖКП дадаткова да артыкула аб аплаце працы. Аднак на выкананне работ, не забяспечаных фінансаваннем (добраўпарадкаванне утрыманне няпрофільных аб'ектаў, надзяленне арганізацый ЖКГ неўласцівымі функцыямі), адцягваюцца рэсурсы, якія можна было б скіраваць на павышэнне аплаты працы. Летась арганізацыі ЖКГ мусілі прыцягнуць крэдытаў на 423 млн рублёў, заплаціўшы па іх 14 млн працэнтаў. Адмоўны вынік ад такога падыходу ацэньваецца ў 5,2 млн рублёў, якія маглі б пайсці на рост зарплаты.
Камунальнікі плануюць падрыхтаваць план дзеянняў па выхадзе на ўзровень заробку (да канца пяцігодкі) не ніжэйшы, чым за 2018 год. А да канца наступнага пяцігоддзя — выйсці на сярэднюю зарплату па краіне. Такім чынам мяркуецца зменшыць праблему недахопу кадраў у галіне. У найбліжэйшы час міністэрства збіраецца ўнесці адпаведны праект нарматыўнага прававога акта, у якім будуць выкладзены выпрацаваныя падыходы па недапушчэнні адцягвання сродкаў, атрыманых ад насельніцтва за асноўныя ЖКП, на іншыя мэты. Такім чынам будзе наведзены парадак прынамсі ў тэхнічным абслугоўванні жылфонду.
Летась з прыцягненнем крэдытаў міжнародных арганізацый планавалася выканаць сем праектаў у сферы ЖКГ (66 аб'ектаў агульным коштам 475 мільёнаў еўра). Гэта праекты ў галіне водазабеспячэння і водаадвядзення. Ва ўмовах санкцыйнага ціску фінансаванне было прыпынена. Урад краіны пасля нарады ў Прэзідэнта часткова знайшоў альтэрнатыўныя, у тым ліку ўнутраныя, крыніцы фінансавання праектаў, якія ўжо пачалі рэалізоўвацца. У межах Указа № 386 аб бюджэтным фінансаванні на пералічанае было выдзелена 57 мільёнаў рублёў. Дадаткова 5,2 мільёна выдаткаваны на будаўніцтва станцый абезжалезвання.
Аднак прынятых мер недастаткова, каб вырашыць «воднае» пытанне ў краіне, — праблема застаецца актуальнай. Для забеспячэння насельніцтва вадой пітной якасці ў краіне да 2025-га неабходна збудаваць 586 станцый абезжалезвання вады па выніках пяцігодкі, а тэмпы іх будаўніцтва летась знізіліся да 150 у год замест 200 — у 2021-м, заўважыў Андрэй Хмель:
— Асноўная прычына — адсутнасць дастатковага фінансавання, што можа не дазволіць выканаць пастаўленую задачу. Каб не перакладваць вырашэнне пытання толькі на бюджэт, мы лічым, што надышоў час уключыць у тарыф на паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення расходы на будаўніцтва і рэканструкцыю аб'ектаў воднай гаспадаркі ў памеры 15 капеек з 1 м3. Гэта дазволіць штогод прыцягваць дадаткова 130 мільёнаў рублёў інвестыцый, і за пяцігодку ў асноўным праблему можна будзе вырашыць. Сёння на ўдасканаленне сістэмы водазабеспячэння і водаадвядзення патрэбна 1,3 мільярда рублёў. Калі ж мы звернемся да крэдытаў, то тарыф трэба будзе ўзнімаць не на 15 капеек, а на 25-30.
Такі ўказ па водных тарыфах камунальнік лічаць за лепшае падрыхтаваць на разгляд кіраўніка дзяржавы да фарміравання тарыфнай палітыкі на 2024 год (да чэрвеня).
Водаканалы не вырашаюць надзённую задачу: забеспячэнне якасці і аб'ёмаў вады. Сёння, згодна са статыстыкай, у Віцебскай вобласці жылфонд, напрыклад, забяспечаны вадой на 67 %, і гэта база для работы водазабеспячальных арганізацый. Тое ж самае датычыцца і каналізацыі, мяркуе Анатоль Сівак:
— Па-за межамі дзяржаўнай увагі застаюцца таксама дачныя таварыствы і іншыя арганізацыі, якія выкарыстоўваюць для водазабеспячэння ўласныя свідравіны. Там назапашваецца маса праблем, звязаных з якасцю, і там павінны працаваць спецыялізаваныя арганізацыі. Калі не могуць дзяржаўныя — павінны быць іншыя, якія маюць ліцэнзію і сертыфікаты.
Недаатрыманне грошай камунальнікамі адзначаецца і ў сферы ўтрымання прыдамовых тэрыторый шматкватэрных дамоў. У 2015 годзе затраты на прыборку гэтай плошчы закладваліся ў тарыф па тэхабслугоўванні дома, які субсідзіраваўся. Тады ён складаў 10,8 капейкі на м2 жылля.
— Сёння (пералічыўшы грошы на цяперашні час) мы б атрымлівалі 25 капеек на метр квадратны, аднак на практыцы лічба — 11 капеек (гэта па Мінску, а ў рэгіёнах сітуацыя яшчэ горшая), — агучыў праблему міністр. — Недафінансаванне, такім чынам, складае каля 60 мільёнаў рублёў штогод. Гэта прывяло да зніжэння заробку работнікаў па прыборцы прыдамовай тэрыторыі і, як вынік, змяншэння колькасці працуючых і пагаршэння якасці прыборкі.
Сітуацыю можна палепшыць, калі прадугледжваць у мясцовых бюджэтах дастатковы аб'ём фінансавання прыборкі. А ўжо з гэтага года варта наладзіць ацэнку прыборкі мясцовымі органамі ўлады са штотыднёвым разглядам на ўзроўні аблвыканкамаў і раз на месяц — міністэрства.
Нямала нараканняў у насельніцтва і на стан вуліц населеных пунктаў. Колькасць адпаведных скаргаў вырасла на 8,6 % па краіне. Пры гэтым летась аб'ём работ па рамонце вулічна-дарожнай сеткі ўзрос у 1,5 раза (аднак гэта толькі 2,2 % ад аб'ёму эксплуатуемай плошчы дарог), на 50 % было павялічана фінансаванне такіх работ. Аднак сёлета аб'ём рамонту запланаваны ў памеры 82 % ад фактычна зробленага летась, што недапушчальна, падкрэсліў міністр і заклікаў прысутных намеснікаў старшынь аблвыканкамаў перагледзець гэтыя лічбы, прытым, што сёлета на рамонт вулічнага пакрыцця дадаткова ўжо выдзелена 50 млн рублёў. Адзначыў Андрэй Хмель і вялікую зношанасць дарожнай тэхнікі. Для якасных работ неабходна закупіць 500 адзінак тэхнікі коштам 150 мільёнаў. Сістэма ацэнкі стану вулічнага пакрыцця і якаснага выбудоўвання рамонтных работ на ім — адна з галоўных задач міністэрства сёлета.
Яшчэ адна прыярытэтная задача міністэрства на сёлета — неабходнасць змяніць падыходы да планавання і фінансавання капітальнага рамонту, упэўнены міністр ЖКГ:
— Для дакладнага планавання затрат па капрамонце і аргументаванай пазіцыі перад Міністэрствам фінансаў для выдзялення сродкаў неабходна да 1 лістапада 2023-га мець усю праектна-каштарысную дакументацыю на капрамонт 2024-га. Гэта дазволіць у тым ліку своечасова пачынаць і праводзіць капрамонт, каб штогод завяршаць усе работы ў трэцім квартале. Неабходна дадаткова знайсці 40 мільёнаў рублёў на праектаванне, і трэба вызначыць, дзе знайсці гэтыя грошы.
Да 2025 года ўзровень выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) павінен дасягнуць 64 %. Цяпер ён складае 32 % і за тры гады павінен павялічыцца ўдвая. Вырашэнню задачы мусіць дапамагчы будаўніцтва 16 рэгіянальных комплексаў па абыходжанні з ЦКА.
— Ужо сёлета такія аб'екты будуць завершаны ў Оршы, Бабруйску і Баранавічах, а летам павінна скончыцца стварэнне аб'екта па вырабе РДФ-паліва ў Гродне. У найбліжэйшы час распачнецца будаўніцтва аб'ектаў у Гомелі, Ваўкавыску, Наваполацку і Мінску — іх рэалізацыя дазволіць павялічыць узровень выкарыстання ЦКА на 19 % і дасягнуць 55 % выкарыстання па краіне. На фінансаванне аб'ектаў спатрэбіцца каля 910 млн рублёў, — падзяліўся лічбамі Андрэй Хмель.
Камунальнікі разглядаюць магчымасць атрымання крэдытнага партфелю ад банкаў на 500 млн рублёў, каб не адкладваць будаўніцтва заводаў, а пасля за кошт сродкаў Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў выплачваць крэдыт.
Усяго сёлета перад міністэрствам пастаўлена 12 глабальных задач, выкананне якіх залежыць не толькі ад камунальнікаў і дзяржавы, але і ад нас з вамі, і гэта справа не аднаго года.
Ірына СІДАРОК
Пошукавікі нярэдка звяртаюцца па дапамогу да насельніцтва.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.