Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе № 17 Віктар Нікалайкін расказаў карэспандэнту «Звязды» пра работу з органамі мясцовага самакіравання, эфектыўнасць прамога ўзаемадзеяння з людзьмі і генетычную памяць беларусаў.
— Віктар Паўлавіч, у чым асаблівасці вашай акругі?
— Акругу складае частка старой забудовы Віцебска — гэта раён Маркаўшчыны, домабудаўнічага камбіната (ДБК), большую частку займае прыватны жылы фонд — Лучоса і маладая забудова — мікрараён «Медцэнтр». Адпаведна, зыходзячы з месца пражывання, выбаршчыкі звяртаюцца з тыповымі праблемамі: у прыватным сектары — заліццё даху, праблемы водазабеспячэння і адводу каналізацыі, пад'езд да дому і стан вулічных дарог. Жыхары Маркаўшчыны просяць дапамогі ў капітальным рамонце будынкаў, вырашэнні агульных пытанняў работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ва ўрэгуляванні транспартнай сувязі.
— Як часта на прыём прыходзяць людзі з жыццёвымі праблемамі?
— Практычна кожны месяц. Часта да дэпутата звяртаюцца не толькі па дапамогу ў вырашэнні той ці іншай сітуацыі, а і па параду. Памятаю шматдзетную сям'ю, якая вырашала, дзе набываць жыллё: у новым густанаселеным мікрараёне або ў пасёлку Тарны пад Віцебскам. Узважыўшы ўсе «за» і «супраць», я параіў выбраць пасёлак: ён размяшчаецца на ўскраіне горада на беразе Заходняй Дзвіны, побач знаходзяцца дзіцячы садок і школа, маецца рэгулярная транспартная сувязь. Для аматараў цішыні і прыроды, асабліва для сям'і з дзецьмі, гэта найлепшы варыянт. Праз два гады на мерапрыемстве мяне сустрэла тая жанчына, падзякавала за параду і распавяла, як малыя з задавальненнем ловяць рыбу ўдалечыні ад гарадской мітусні.
Падчас прыёму грамадзян у акрузе на мінулым тыдні да нас звярнулася другая шматдзетная сям'я, яны сем гадоў таму пераехалі з Украіны і ўжо атрымалі беларускае грамадзянства. У іх востра стаіць пытанне з жыллём: калісьці яны прадалі набытую ў Оршы кватэру і перабраліся ў Віцебск, туліліся ўшасцярых у сямейным інтэрнаце, потым пераехалі ў палову набытага бацькамі дома, але вазіць малодшых у дзіцячы садок, а старэйшых — у школу праз увесь горад аказалася цяжка. Цяпер ужо падышла чарга на куплю кватэры ў мікрараёне «Білева» з дзяржаўнай датацыяй, аднак на ўнёсак сям'і не хапае сродкаў. Пытанне вырашыў бы мацярынскі капітал на чацвёртае дзіця, якое нарадзілася тут, але сям'і яго не выдалі. У парадку выключэння будзем спрабаваць праз адпаведныя органы ўлады вырашыць пытанне па атрыманні капіталу з мэтай яго выкарыстання для куплі жылля.
Звярталіся грамадзяне з прычыны недахопу медыцынскага персаналу ў адной з гарадскіх паліклінік, што істотна запавольвае працэс абследавання. Прасілі дапамогі ў карэкціроўцы раскладу аўтобуса, на якім дабіраюцца рабочыя за межы горада. Прыходзілі па садзейнічанне ў добраўпарадкаванні прыдамовай тэрыторыі і адмежаванні пешаходнай зоны ад аўтамабіляў. Адзін мужчына ўнёс прапанову стварыць закон аб атэстацыі работнікаў, якія выконваюць будаўнічыя работы. У прыватнасці, прэтэнзія была звернута да ўстаноўшчыкаў вокнаў ПВХ з прыватных арганізацый, якія выконваюць працу няякасна, што прыводзіць да памяншэння тэрміну эксплуатацыі. Цяпер, дарэчы, такі закон знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі.
Звярнулася жанчына са скаргай на непрыемны пах, які зыходзіць з ніжэйшай кватэры на працягу чатырох гадоў. Пры гэтым работнікі ЖЭУ ўжо праводзілі работы па замене вентыляцыі. Адзін мужчына прасіў парады ў вырашэнні пытання, з якім сутыкнуўся пры будаўніцтве ўласнага дома: яму прыйшоў падатак на суму, выдаткаваную на будаўніцтва, што на дзесяць тысяч долараў перавышае па яго падліках рэальную. Прычым пару гадоў таму, калі дом знаходзіўся ў стадыі 70-працэнтнай гатоўнасці, ён падпісаў дакумент з указаннем кошту дома, які вызначыла камісія. Вынік адзін — неабходна звяртацца ў незалежную экспертызу, якая пералічыць затрачаныя сродкі, і ў выпадку супадзення кошту з падлікамі гаспадара звяртацца ў суд.
— Якімі паўнамоцтвамі надзелены дэпутат і як часта вам у сваёй рабоце даводзіцца складаць дэпутацкія запыты?
— Дэпутат мае права звяртацца ў органы, у зоне кампетэнцыі якіх знаходзіцца вырашэнне ўзніклай праблемы. Як паказвае практыка, той жа самы дах, які цячэ доўгі час, мясцовае ЖЭУ адрамантуе больш аператыўна пасля звароту вышэйстаячага органа. Калі кіраўніцтва арганізацыі не ідзе насустрач добраахвотна, трэба вырашаць праблему праз юрыдычную прызму, аднак за маю дэпутацкую работу я не звяртаўся да афіцыйных запытаў. Варта разумець, што эфектыўная камунікацыя будуецца на жывых зносінах і ўспрымаецца лепш, чым на паперы. Мне, як былому старшыні гарадскога выканаўчага камітэта, крыху лягчэй узаемадзейнічаць з нашымі мясцовымі органамі ўлады: многія кадры, якія працуюць сёння, пачыналі пад маім кіраўніцтвам, і сёння мы разам стараемся аператыўна вырашаць праблемы на карысць жыхароў горада.
У рабоце з органамі мясцовага самакіравання заўсёды спрабую данесці да кіраўнікоў простую ісціну: калі да цябе звярнуліся людзі з праблемай, якая не вырашыцца сама па сабе, неабходна аказаць садзейнічанне адразу — у адказ ты атрымліваеш ад грамадзян падзяку і выканальніцкі аўтарытэт. У адваротным выпадку ты ўсё роўна зробіш неабходную работу праз некаторы час, але давер з боку людзей будзе страчаны. Маленькіх праблем не бывае, здараюцца толькі сітуацыі, якія немагчыма вырашыць у рамках дзеючага заканадаўства з розных прычын. Напрыклад, і дагэтуль звяртаюцца грамадзяне, якія не паспелі прыватызаваць жыллё па чэках маёмасці. Сёння яны ўжо згубілі сваю каштоўнасць, час сышоў, і дапамагчы ў дадзенай сітуацыі нельга ніякім спосабам — у кожнай праблемы ёсць свой тэрмін вырашэння.
— Што з вашай выбарчай праграмы на сённяшні дзень ужо зроблена, а над чым яшчэ трэба працаваць?
— У сваёй рабоце я часта азіраюся на праграму, ацэньваю аб'ём выкананага і вызначаю месцы, на якія трэба звярнуць увагу. Сёння магу сказаць, што мы зрабілі нават крыху больш, чым было запланавана. Завершаны рамонт у школе № 35, за гэты год завершым рамонтныя работы і ў школе № 31, часткова праведзены работы ў яслях-садку № 67. Здадзены ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту будынак гарадской цэнтральнай клінічнай бальніцы, адрамантаваны басейн у спарткомплексе «Камсамолец». Поўным ходам ідзе мадэрнізацыя гарадскіх сетак вонкавага асвятлення, шмат зроблена па замене ліфтаў у жылых дамах, асфальтаванне вуліц і дарог праводзіцца пастаянна. Паскорана завяршаюцца работы на аб'ектах, якія маюць агульнагарадское значэнне: падоўжаны праспект Будаўнікоў у мікрараён «Білева», уведзены ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі пуцеправод «Полацкі», будаўніцтва лазнева-аздараўленчага комплексу па вуліцы Воінаў-Інтэрнацыяналістаў знаходзіцца ў стадыі завяршэння.
— Летась сумесна з Віцебскім райвыканкамам вы праводзілі работу па пошуку месца пахавання чырвонаармейца, санінструктара Карава Івана Ульянавіча, які загінуў пры вызваленні горада Віцебска ў чэрвені 1944 года. Раскажыце, чаму вы заняліся пошукам?
— Гэтая тэма вельмі важная, яна балючая не толькі для мяне, але і для ўсіх, чые сем'і закранула Вялікая Айчынная вайна. Да нас звярнуліся сваякі чырвонаармейца Карава, якія ўсё жыццё шукалі яго месца пахавання. Я ўспомніў, як раней мы, камсамольцы, займаліся ўвекавечаннем імёнаў загінулых у гады вайны і ўстаноўкай памятных таблічак на абелісках. Часта была блытаніна з месцам пахавання з прычыны занясення ў спісы загінулых іншай арміі.
Віцебск вызвалялі дзве арміі — 39-я і 43-я, чырвонаармеец Іван Караў ваяваў у радах 39-й арміі. Праз архіўныя дакументы мы знайшлі, што ён пахаваны ў вёсцы Заронава Віцебскага раёна, аднак з тога боку нас вызваляла 43-я армія і пазл не складваўся. Аказалася, што ў Заронаве пахаваны яго поўны цёзка, і мы пачалі пошук у спісах 43-й арміі на ўсялякі выпадак. Так і здарылася, што па рассакрэчаных дакументах мы знайшлі яшчэ аднаго Карава Івана Ульянавіча, які загінуў у раёне вёскі Паўлючэнкі — гэта больш было падобна на праўду. Прыехалі на месца, але там не было ніякіх пахаванняў — у пасляваенны час іх перанеслі ў адну брацкую магілу ў вёсцы Гараднянскі Мох, дзе на магільнай пліце прозвішча байца не значылася. Па дакладзе камандзіра дывізіі, у якім было напісана, што Іван Ульянавіч загінуў каля вёскі Паўлючэнкі, мы канчаткова ўпэўніліся ў месцы пахавання. Сумесна з Віцебскім райвыканкамам занеслі на мемарыяльную пліту прозвішча, запрасілі ўнучак з Масквы і Казахстана, якія ўсё жыццё разам з бацькам шукалі месца спачыну свайго гераічнага дзеда. Сын чырвонаармейца хацеў пакланіцца магіле бацькі, але не паспеў — пайшоў з жыцця за месяц да паездкі. Аднак ён ведаў, што ў Беларусь абавязкова прыедуць яго дзеці і ўнукі.
Гэта генетычная памяць нашага народа, агульная трагедыя, якая аб'ядноўвае нацыянальнасці і краіны. Два мае дзяды прайшлі дарогамі вайны, адзін не вярнуўся, лічыўся зніклым без вестак, другі дайшоў да Кёнігсберга. Хацелася дапамагчы гэтым людзям, якія ўсё жыццё шукалі родную магілу. Слёзы на вачах нашчадкаў загінулых у тую вайну кожны раз запэўніваюць, што работа праведзена нездарма. І мы будзем яе працягваць, гэта абавязак жывых.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота аўтара
Кропка адліку гісторыі беларускага гандбола — 1950-я гады.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.