Паколькі сёлета ў Брэсце зімы фактычна не было, традыцыйнае вясновае добраўпарадкаванне горада пачалося ў першы месяц года. Яшчэ 24 студзеня спецыялісты і тэхніка КУП «Брэсцкае ДЭП» прыйшлі ў парк воінаў-інтэрнацыяналістаў, каб працягнуць там рэканструкцыю, распачатую ў мінулыя гады.
Узялі старт з пракладвання пешаходных дарожак: адна вядзе ад цэнтральнай алеі парку ў кірунку да цэнтральнай гарадской бальніцы, другая — у бок гандлёвага цэнтра «Карона». Тэхнікай здымалі ўрадлівы слой глебы, затым выстаўлялі бардзюры, рыхтавалі аснову для ўкладкі тратуарнай пліткі. У наступныя дні работа працягвалася. Цяпер плітку пракладваюць на другой з указаных дарожак.
З пачатку лютага супрацоўнікі названай арганізацыі займаліся таксама ўстаноўкай новых прыпыначных пунктаў. Такія з'явіліся на вуліцы Леніна каля касцёла, на вуліцы Міцкевіча побач са Свята-Мікалаеўскім храмам.
Паводле інфармацыі старшыні Брэсцкага гарвыканкама Аляксандра РАГАЧУКА, з пачатку года спецыялісты камунальных службаў вядуць ямачны рамонт гарадскіх дарог. Такая работа праведзена на праспекце Машэрава, бульвары Касманаўтаў, вуліцы Янкі Купалы, таксама на вуліцах Сальнікава і Арлоўскай, Маскоўскай і Кацін Бор. У сярэдзіне лютага дарожнікі паправілі вуліцы Пушкінскую, Куйбышава, Пугачоўскую, Вулькаўскую, праз некалькі дзён адрамантавалі дарожнае палатно па вуліцах Машэнскага, Касцюшкі, Напалеона Орды.
Тым часам вядзецца абрэзка дрэў для рэгулявання іх росту і падтрымання формы кроны. Гэта работа ўжо праведзена на шасці вуліцах горада.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота з тэлеграм-канала Аляксандра РАГАЧУКА.
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».