Вы тут

Дыктоўка з марамі Максіма Гарэцкага


Дзень роднай мовы ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце адзначылі агульнаўніверсітэцкай дыктоўкай. Для чытання быў абраны фрагмент з твораў Максіма Гарэцкага, чыё 130-годдзе мы адзначылі напярэдадні. Агучыць прачулыя, мудрыя і сакавітыя словы класіка была запрошаная пісьменніца, загадчык аддзела культуры газеты «Звязда» Людміла Рублеўская.


Прыняць удзел у пачэснай акцыі, каб выказаць любоў і павагу да беларускай мовы, прыйшло больш за паўтары сотні студэнтаў, а таксама выкладчыкі ўніверсітэта. 

—Усім добра вядома, што беларуская мова з’яўляецца адной з самых меладычных моў у свеце, — заўважыў у прывітальным слове прарэктар універсітэта па навуковай працы Ягор Гусакоў і пажадаў усім добра справіцца з дыктоўкай.

Напачатку ўдзельнікаў чакаў падарунак: беларуска-кітайскі квартэт выканаў песню «Купалінка», потым група кітайскіх студэнтаў агучыла верш Максіма Багдановіча «Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы...» Выкананая на цымбалах дзівосная мелодыя песні «Ты мне вясною прыснілася...» стала нагодай аддаць даніну памяці аўтару слоў, паэту Міхасю Шушкевічу, які нядаўна пайшоў з жыцця. 

Тэкст дыктоўкі меў назву «Жыццё, жыццё... як тыя мары...». Тэкст, які складалі цытаты з некалькіх вядомых твораў, захапіў філасофскім зместам і мілагучнасцю. Як адзначыла Людміла Рублеўская, мова Максіма Гарэцкага надзвычай багатая, насычаная адметнымі, малавядомымі словамі і нават аўтарскімі новатворамі, некаторыя з якіх прыжыліся ў беларускай літаратурнай мове. Сустракаліся такія сакавітыя словы і ў тэксце дыктоўкі, так што нават добрыя знаўцы мовы змаглі ўзбагаціць свой лексічны запас.

Акцыя адбылася ў добрым настроі, усе шчыра стараліся, а сам тэкст па першым прачытанні выклікаў незапланаваныя апладысменты: «Жыццё, жыццё! Мы ўсе прыходзім на свет хто песняром, хто разьбяром, а хто тым і сім патроху. Бачу я бясконцы шлях у вялікім полі. І падарожнікаў... І вечнасць варушыцца ў маёй істоце: ідзі, ідзі!». Адразу пасля завяршэння працы ўдзельнікі змаглі з дапамогай загадчыка кафедры беларускай і рускай моў БГЭУ Вольгі Губскай праверыць, як справіліся з заданнем, зверыцца з тэкстам на экране, і нават разабраць памылкі. 

Пасля падвядзення вынікаў удзельнікі змаглі задаць пытанні Людміле Рублеўскай, тым больш у зале аказаліся добрыя знаўцы і прыхільнікі яе творчасці, потым адбылася аўтограф-сесія. Студэнты беражліва забіралі свае бланкі з дыктоўкай, каб дадаць да папярэдніх, з такіх жа дыктовак, і запэўнівалі, што наступныя гады абавязкова папоўняць гэтую калекцыю. 

Людміла ІВАНОВА

Фота: БДЭУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».