Вы тут

У масленічны тыдзень па ўсёй краіне пройдуць вясёлыя гулянні


У масленічны тыдзень па ўсёй краіне пройдуць вясёлыя гулянні. Як паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Сняжана Куратчык, кожны рэгіён рыхтуе сваю праграму, работнікі культуры імкнуцца ўразіць гасцей. Так, Бераставіцкі раён прыдумаў батл прыпевак, да якога далучыліся арганізацыі раёна. Пройдзе тут і масленічны флэшмоб. Гродзенскі раён рыхтуе танцавальны этна—марафон «Тапатуха-весялуха». Не абыдзецца і без традыцыйнага запякання бліноў на калодзе. Дзятлаўскі раён правядзе конкурс «Парад саней», дзе мясцовыя арганізацыі пастараюцца заняць першае месца за лепшае афармленне павозкі. У Мастоўскім раёне можна паўдзельнічаць у конкурсе на самую лепшую кампазіцыю з бліноў, а ў Ашмянах на свята трэба ісці са сваёй патэльняй і фартушком — каб далучыцца да забегу з блінамі. Майстры са Смаргоні не забылі паклапаціцца і пра вестуноў вясны — тут пройдзе конкурс шпакоўняў.


Гасцей у бліжэйшыя выходныя чакаюць у рэгіёне, дзе зберагаюцца казкі, аднаўляюцца танцы і ніколі не перарывалася традыцыя хлебапячэння — на Любаншчыне, дзе пройдзе свята «Гуляй, Масленка». Вялікая праграма з выступленнямі аматарскіх і прафесійных калектываў, гульнямі і конкурсамі рыхтуецца ў Станькава (Дзяржынскі раён). На 26 лютага Ракаўскі сельскі савет анансуе святочную праграму з частаваннем гасцей блінцамі.

А 24 лютага варта завітаць у Слуцк, дзе можна не толькі сустрэць Масленіцу, але і патрапіць на ўрачыстасці, звязаныя з наданнем гораду статусу Культурнай сталіцы.

Адметны абрад провадаў зімы «Чырачка» захаваўся ў Лельчыцкім раёне ў вёсцы Тонеж. Чырок — гэта птушачка, фігуркі якой да свята выпякалі мясцовыя гаспадыні. У Тонежы на свята таксама ўпрыгожваюць елачку. Так, тут гэта робяць не толькі на Новы год, але і на пачатак розных важных спраў і падзей — на вяселле, на будаўніцтва хаты, на сустрэчу новага сезона, звязанага з абуджэннем прыроды. 

Віцебшчына пачала масленічны тыдзень з... жартаўлівых памінак. У Гарадоцкім раёне правялі абрад «Пахаванне дзеда», які быццам задушыўся косткай (так у старыя часы нагадвалі пра набліжэнне посту, пра тое, што трэба адмовіцца ад тлустых страў).

Наведваць розныя гарады і вёскі варта не толькі ў масленічны тыдзень, на гэты год рэгіёны падрыхтавалі багатую культурную праграму з фестывалямі, конкурсамі, абрадамі. Падчас такіх вандровак можна больш даведацца пра традыцыйную культуру беларусаў і тыя ідэі і маральныя каштоўнасці, якія перадаваліся наступным пакаленням. У кожнага свята былі пэўныя задачы: ушанаваць продкаў, спрыяць стварэнню новых сям’яў, прывіць павагу да працы і беражлівыя адносіны да прыроды. Дзякуючы фальклорным калектывам адраджаюцца старыя абрады, да іх далучаюцца дзеці. Напрыклад, у Бездзежы праводзіцца вясенні абрадавы карагод «Стрылка». Павадзіць вясеннія карагоды можна і ў вёсцы Пінкавічы. Сёння адметныя традыцыі, абрады, святы ўжо становяцца брэндамі рэгіёнаў.

Новыя фестывалі, якія з’яўляюцца ў наш час, таксама спрыяюць захаванню і развіццю народных песень, танцаў, рамёстваў. Як заўважыў намеснік начальніка аддзела работы і арганізацыі сферы культуры ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Алег Агееў, у вобласці праходзяць дзясяткі разнастайных мерапрыемстваў, сярод іх — 12 міжнародных, 4 рэспубліканскіх і каля 30 рэгіянальных фестываляў і конкурсаў. Амаль у кожным другім мерапрыемстве выкарыстоўваюцца элементы беларускіх народных традыцый.

Інфармацыю пра святы, фестывалі, конкурсы, якія пройдуць у гэтым годзе, можна знайсці на электронных рэсурсах абл- і райвыканкамаў, цэнтраў рамёстваў, а таксама на сайце Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур.

Ганна ПЯТРОВА

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.