Нядаўна стаў вядомы выпадак, калі пажылая мінчанка вылічыла тэлефонных аферыстаў і дапамагла затрымаць кур'ера, які прыехаў па грошы. Махляры працавалі па распаўсюджанай схеме: жанчыне паведамілі, што яе ўнук трапіў у ДТЗ і тэрмінова патрэбныя грошы, каб вызваліць яго ад крымінальнай адказнасці. Жанчына пра такі спосаб падману ведала: яна прызначыла сустрэчу з кур'ерам і выклікала міліцыю, у выніку таго затрымалі. Аднак, на жаль, часта ўсё бывае наадварот: пажылыя людзі аддаюць апошнія зберажэнні аферыстам.
Сацыяльныя службы, у тым ліку і тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) расказваюць пенсіянерам і пра схемы махлярства, і пра спосабы ўздзеяння на псіхіку, аднак ахвяры ўсё ж трапляюцца на падман, на жаль, кожны дзень. Пры гэтым сацыяльныя работнікі сутыкаюцца і з адваротным бокам праблемы: пажылыя людзі, напалоханыя такімі сітуацыямі, увогуле перастаюць адчыняць дзверы, нават калі маюць патрэбу ў дапамозе. Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Фрунзенскага раёна г. Мінска Таццяна КУІШ расказала, як вызначыць, ці сапраўды да вас прыйшоў сацыяльны работнік, якія карысныя веды можна атрымаць на занятках у ТЦСАН і чаму шкодна думаць, што падмануць могуць каго хочаш, толькі не вас.
На ўліку ў ТЦСАН самага буйнога раёна сталіцы — каля 48 тысяч грамадзян усіх катэгорый, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы дзяржавы. Гэта адзінокія і адзінока пражываючыя пажылыя людзі, інваліды 1-3 груп, асобы, якія вызваляюцца з месцаў пазбаўлення волі, шматдзетныя сем'і, дзеці-сіроты. Адна з формаў работы — калі сацработнік ці сядзелка наведваюць пажылога чалавека або інваліда дома.
— На сёння ў нас каля 710 чалавек, да якіх прыходзяць сацыяльныя работнікі. Камусьці дапамога патрабуецца два-тры разы на тыдзень, камусьці — штодня. Яшчэ каля 200 чалавек пры патрэбе тэлефануе і просіць аказаць пэўныя паслугі, у асноўным гэта набыццё прадуктаў, лекаў ці суправаджэнне ў медустановы і іншыя грамадскія месцы. Усіх гэтых людзей абслугоўвае 68 нашых сацработнікаў, — кажа Таццяна Куіш.
Абслугоўванне платнае, адна гадзіна каштуе 75 капеек. Звычайна сацыяльны работнік абслугоўвае аднаго чалавека 1,5 гадзіны — атрымліваецца 1,38 рубля.
— Работнікаў ТЦСАН асцерагацца не трэба. Усе сацработнікі перад прыёмам на працу праходзяць медагляд — гэта гарантыя таго, што ў дом да пажылога чалавека прыходзіць здаровы, у тым ліку і псіхічна, памочнік. Акрамя таго, кожны сацработнік мае пасведчанне, дзе ёсць дзве пячаткі, фотаздымак. І пажылы чалавек можа папрасіць пасведчанне, — тлумачыць кіраўнік ТЦСАН. — Сацыяльнымі работнікамі працуюць як маладыя жанчыны, так і пенсіённага ўзросту. Вядома, людзі мяняюцца, і калі прыходзіць моладзь, да яе з боку пажылых людзей адразу недавер. Але можна патэлефанаваць у цэнтр і ўдакладніць, ці працуе ў нас гэты чалавек.
Уся неабходная інфармацыя з нумарамі тэлефонаў, відамі паслуг і цэнамі, па якіх яны аплачваюцца, маецца ў буклетах, і іх атрымліваюць усе пажылыя людзі і інваліды, якія абслугоўваюцца ў ТЦСАН. Сітуацыі, калі аферысты падманваюць у тым ліку пажылых людзей, сталі асабліва частымі апошнія два гады. Сацработнікі даносяць гэту інфармацыю да кожнага свайго падапечнага: пра схемы падману і правілы бяспекі. Аднак людзі ў стрэсавай сітуацыі часта паводзяць сябе нерацыянальна.
— Найчасцей гэта махлярства па тэлефоне, калі з картак здымаюць грошы. Мы бачым у стане афекту такіх пажылых людзей — здараецца, што яны адразу прыходзяць да нас: «У мяне дачка ў бальніцы, мне тэрмінова трэба пералічыць грошы». Мы тлумачым, што гэта махляры імкнуліся вас падмануць. Ператэлефаноўваем, але ніхто не адказвае, або нумар, з якога званілі, увогуле не захоўваецца. Часта падключаем нашага псіхолага, у яго напрацаваныя метады дапамогі ў такіх сітуацыях, — расказвае суразмоўніца.
Калі ў людзей няма зберажэнняў, ім нічога не пагражае, а калі грошы ёсць, нярэдка яны трапляюць у рукі махляроў.
— Гэта сведчыць пра дабрыню і спагадлівасць нашых людзей. Яны на многае гатовы, каб выручыць з бяды, — адзначае Таццяна Куіш.
У канцы мінулага года ў Мінску быў адкрыты тэлефон сацыяльнай службы пры Камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Патэлефанаваўшы на кароткі нумар 139, можна атрымаць кансультацыю па пытаннях сацыяльных паслуг і адпаведнага абслугоўвання, інфармацыю аб новаўвядзеннях, акцыях і мерапрыемствах, якія праводзяцца ў сталіцы. Сюды ж можна звяртацца і ў стрэсавай сітуацыі, калі вас імкнуцца падмануць аферысты — вопытныя дыспетчары падкажуць, як дзейнічаць.
У наведвальнікаў аддзяленняў дзённага знаходжання інвалідаў і пажылых грамадзян ТЦСАН Фрунзенскага раёна, дарэчы, самым запатрабаваным сёння з'яўляецца смарт-курс 60+, які дапамагае запоўніць прабелы ў лічбавай адукаванасці. За два дзясяткі заняткаў пенсіянерам дапамагаюць у тым ліку асвоіць смартфон ці планшэт, навучыцца кантактаваць у месенджарах. Аднак гэта адкрывае дадатковыя магчымасці і для махляроў — апошнім часам тыя часта тэлефануюць праз «Вайбер», «Тэлеграм», «Ватсап».
— Прапануюць узяць крэдыты, каб дапамагчы выкрыць злачынцаў, набыць біткоіны ці ўласнасць за мяжой, — прыводзіць прыклады спецыяліст. — І людзі без заключэння дагавораў пераводзяць грошы, застаючыся без сваіх сродкаў. Схем шмат: з карткамі зніжак для пенсіянераў, пасылкамі на «Белпошту». Кожны дзень людзі трапляюць у падобныя сітуацыі.
Да пенсіянераў, якія наведваюць аддзяленні дзённага знаходжання ТЦСАН, запрашаюць прадстаўнікоў банкаў і Міністэрства ўнутраных спраў, што тлумачаць простыя правілы фінансавай бяспекі, галоўныя з якіх — нікому не даваць нумары і паролі сваіх картак і не ўстанаўліваць на тэлефон ніякіх дадаткаў па рэкамендацыі незнаёмцаў. Асноўныя правілы ўтрымліваюцца і ў адмыслова распрацаваных буклетах «За бяспеку супраць махляроў». Ледзь не на кожным кроку ў ТЦСАН пра іх нагадваюць інфармацыйныя лістоўкі. Практыкуюцца тут і заняткі па прынцыпе «роўны навучае роўнага». Пажылых людзей, якія сутыкаліся з аферыстамі, просяць расказаць пра свой досвед у рамках трэнінгаў.
— Згадваць падобныя сітуацыі, калі цябе падманулі ці імкнуліся гэта зрабіць, непрыемна, але людзі расказваюць. Мы просім акцэнтаваць увагу на тым, у якім псіхалагічным стане яны знаходзіліся, і казаць пра тыя пачуцці, на якіх іграюць махляры. А слабымі месцамі для ўсіх нас з'яўляецца нашы блізкія, іх здароўе і дабрабыт. У стрэсавай сітуацыі чалавек схільны выконваць рэкамендацыі махляра, даваць нумар карткі. І тут для аферыста ўсе дзверы адчыненыя: грошы з карткі здымаюцца. Але такая ў нас псіхалогія: гэта адбудзецца з кім хочаце, але не са мной. Кожны мусіць быць гатовы, што вам патэлефануюць і пастараюцца падмануць, — кажа дырэктар ТЦСАН.
Маюць месца ў сталіцы і махлярствы з нерухомасцю, калі адзінокага пажылога чалавека шляхам угавораў, абяцанняў, а таксама запалохванняў імкнуцца прымусіць перапісаць сваю кватэру на іншых людзей.
— Калі мы даведваемся пра такія сітуацыі, рэагуем, звяртаемся у РУУС, але дадзены працэс цяжка, а часам і немагчыма спыніць. Як правіла, чалавек запалоханы і не можа самастойна прымаць рашэнні. Часта ён трапляе ў інтэрнаты, а кватэра пераходзіць новаму ўласніку. Калі чалавек адзінокі, хворы і мае патрэбу ў пастаянным доглядзе, ён можа заключыць дагавор рэнты з пажыццёвым утрыманнем. Адзінокія людзі працягваюць пражываць у сваёй кватэры, атрымліваюць бясплатныя паслугі сядзелкі ці сацыяльнага работніка, аплату камунальных плацяжоў і тры базавыя велічыні штомесячна. Таму пры неабходнасці лепш абраць такі варыянт, чым мець справу з сумніўнымі людзьмі. Дзяржава дае магчымасці пажылому чалавеку не застацца сам-насам са сваімі праблемамі і з'яўляецца гарантыяй яго спакою і ўпэўненасці, — рэзюмуе Таццяна Куіш.
Алена КРАВЕЦ
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.