Вы тут

«Плеяда маладых». Вадзім Лукашэвіч: Абараняць Радзіму — ганаровая місія


Вадзім Лукашэвіч — адзін з самых маладых палкоўнікаў ва Узброеных Сілах. Аднак, нягледзячы на ўзрост, за плячыма вайскоўца — багаты службовы вопыт. Афіцэрскі шлях пачынаў у Брэсцкай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе, быў намеснікам камандзіра Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, узначальваў упраўленне інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны. Ужо амаль як год ён з'яўляецца намеснікам камандуючага Сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл па ідэалагічнай рабоце.


Як прызнаецца Вадзім Анатолевіч, часу на тое, каб асвоіцца на новай пасадзе, у яго практычна не было. Такой раскошай найбольш мабільны род войскаў Узброеных Сіл не валодаў ніколі. Асновы службовай дзейнасці, тонкасці прафесіі тут спасцігаюць адразу ў справе. У працоўным кабінеце сядзець няма калі: амаль з першых дзён у якасці намесніка камандуючага Вадзім Лукашэвіч большую частку часу праводзіць у воінскіх злучэннях, на палігонах — адным словам, пасада далёка не кабінетная. Аднак гэта, па словах палкоўніка, да лепшага: удзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах баявой падрыхтоўкі, асабіста трымаць на кантролі навучанне салдат і з першых вуснаў даведвацца аб тым, што хвалюе сённяшніх ваеннаслужачых, нашмат цікавей, чым назіраць за гэтым збоку.

Карэспандэнтам пашанцавала, што ў надзвычай шчыльным графіку намесніка камандуючага Сіламі спецыяльных аперацый знайшоўся час на размову з намі. У эксклюзіўным інтэрв'ю Вадзім Лукашэвіч расказаў аб тым, чаму вырашыў стаць афіцэрам, навошта, асвойваючы прафесію на практыцы, увесь час вучыўся і як атрыманы вопыт навуковай дзейнасці дапамагае яму падчас цяперашняй службы. Чаму кожны дэсантнік не памятае свой першы скачок з парашутам і ніколі не забудзе другі — аб гэтым і не толькі з вуснаў чарговага героя «Плеяды маладых».

— Вадзім Анатолевіч, калі вы ўпершыню задумаліся аб прафесіі афіцэра? Хто паўплываў на гэты выбар?

— Стаць афіцэрам Узброеных Сіл я вырашыў яшчэ будучы школьнікам. Ужо тады лічыў, што абараняць Радзіму — ганаровая місія. Звязаць сваё жыццё з арміяй падчас праходжання адной з медыцынскіх камісій прапанаваў і ваенны камісар. У выніку я прыняў рашэнне паступаць у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь і ў 2000 годзе стаў курсантам агульнавайсковага факультэта.

— Да вас у сям'і хтосьці быў ваеннаслужачым?

— Ніколі дагэтуль у сям'і ніхто не насіў пагоны. Я быў першы. Цяпер нас, ваеннаслужачых, у сям'і трое: мае два браты таксама з'яўляюцца афіцэрамі Узброеных Сіл.

— У галоўную ваенную навучальную ўстанову паступілі з першай спробы?

— Так. Нават нягледзячы на вялікі конкурс. Калі я паступаў, на адно месца прэтэндавалі сем чалавек.
Вучыцца ў Ваеннай акадэміі ва ўсе часы было ганарова. Хоць спасцігаць ваенную навуку было няпроста, заўсёды імкнуўся да добрых вынікаў. Аб гэтым сведчыць і дыплом з адзнакай, які мне ўручылі па заканчэнні Ваеннай акадэміі. Яшчэ больш складана было прызвычаіцца да рэжыму, распарадку дня. Аднак паступова цяжкасці пераадольваліся. Дзякуючы вучобе ў акадэміі я стаў больш крытычна ставіцца да праблем, лягчэй вырашаць любыя жыццёвыя пытанні. Курсанты, з якімі вучыліся, сталі сябрамі на ўсё жыццё. Кожны выкладчык, які навучаў ваеннай справе, унёс свой уклад у маё выхаванне. Веды, атрыманыя ў сценах акадэміі, вельмі дапамагалі і дапамагаюць у службе.

— У якім воінскім злучэнні пачынаўся ваш афіцэрскі шлях?

— Першае месца службы было недалёка ад дома — у Брэсцкай дэсантна-штурмавой брыгадзе. Там служыў да 2011 года. Затым камандзір брыгады, цяперашні камандуючы Сіламі спецыяльных аперацый генерал-маёр Вадзім Дзенісенка, прапанаваў прайсці навучанне на камандна-штабным факультэце Ваеннай акадэміі. І я з пасады намесніка камандзіра асобнага дэсантнага батальёна паступіў на камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі, дзе вучыўся два гады. У выніку атрымаў яшчэ адзін дыплом з адзнакай і яшчэ адну спецыяльнасць — «Ідэалагічная работа ў злучэннях і воінскіх часцях, спецыяліст у галіне кіравання». Пасля зноў вярнуўся на службу ў Брэсцкую брыгаду, дзе ўжо служыў афіцэрам, які адказвае за інфармацыйна-прапагандысцкую работу. Затым мяне накіравалі ў Віцебск, дзе на працягу пяці гадоў займаў пасаду намесніка камандзіра паветрана-дэсантнай брыгады па ідэалагічнай рабоце. Не так даўно я скончыў факультэт Генеральнага штаба Ваеннай акадэміі.

— Вы — адзін з найбольш адукаваных палкоўнікаў Узброеных Сіл. Як, нягледзячы на практычную дзейнасць у войсках, удалося знайсці час на навучанне? Што матывавала?

— Заўсёды імкнуся самаразвівацца. Павышэнне ўзроўню ведаў — звычайная чалавечая патрэба. Напэўна, уся справа яшчэ і ў характары. Імкненне, воля, уседлівасць — тыя якасці, якія ў поўнай меры мне ўласцівыя. Адназначна, веды ніколі не бываюць лішнімі. Разабраўся больш маштабна ў розных рэчах на дзяржаўным узроўні, зразумеў работу цэнтральных органаў ваеннага кіравання. Кожная ступень адукацыі закладвае пэўны падмурак. Калі чалавек вучыцца ўсё жыццё, яму лягчэй разбірацца ў многіх рэчах, з якімі сутыкаецца. Усе гэтыя ступені вышэйшай ваеннай адукацыі з'яўляюцца пэўным трамплінам у далейшай службе.

— Як атрымалася, што абодва вашы браты вырашылі пайсці па вашым шляху і звязаць сваё жыццё за службай?

— Калі ваеннаслужачым вырашыў стаць мой сярэдні брат, гэта было прадказальна. Ён з нецярпеннем чакаў, калі я курсантам прыязджаў у звальненні дадому, каб распытаць пра вучобу ў Ваеннай акадэміі. Усё гэта вельмі цікавіла яго, таму нядзіўна, што Андрэй таксама паступіў у Ваенную акадэмію. І калі паспяхова скончыў навучальную ўстанову, у малодшага брата, як мы ў сям'і жартуем, не было выбару — ён таксама пайшоў па нашым шляху. І аб гэтым ніколі не пашкадаваў ніхто з нас. Усе вучыліся ў галоўнай ваеннай ВНУ краіны, толькі на розных факультэтах. Цяпер усе служым у Сілах спецыяльных аперацый.

— А дзе канкрэтна, калі гэта не сакрэтная інфармацыя?

— Малодшы брат, Іван, з'яўляецца камандзірам батарэі ў змешаным артылерыйскім дывізіёне Брэсцкай дэсантна-штурмавой брыгады. Сярэдні брат, Андрэй, служыць тут, у штабе камандавання Сіл спецыяльных аперацый.

— Атрымліваецца, ён ваш падначалены?

— Я прамы начальнік для яго. Аднак, нягледзячы на кроўную сувязь, на службе мы захоўваем субардынацыю. На службе мы адзін для аднаго — таварыш палкоўнік і таварыш падпалкоўнік адпаведна. Па-за воінскім злучэннем мы — браты. У нас ва ўсіх вельмі моцная братэрская сувязь. Мы найлепшыя адзін аднаму сябры. Пастаянна знаходзімся ў кантакце, дапамагаем, калі ёсць на тое патрэба.

— Вадзім Анатолевіч, чаму Сілы спецыяльных аперацый?

— Гэта самы элітны род войскаў беларускай арміі. Самы незвычайны і ў той жа час складаны род войскаў. На першапачатковым этапе была пэўная рамантыка. У Сілах спецыяльных аперацый — вялікая колькасць традыцый. Адзін толькі дэвіз — «Ніхто, акрамя нас!» — чаго варты. Мы гатовы выконваць задачы ў любы час, у любым месцы, пры розных абставінах. У нас асаблівая форма адзення: берэт, цяльняшка... Салдаты ў нас найбольш матываваныя ва Узброеных Сілах, гатовыя ў любы момант выконваць самыя складаныя задачы, каб абараніць нашу Радзіму. Калі спатрэбіцца, мы гатовы аддаць свае жыцці за любімую Беларусь. Мы ж унукі і праўнукі воінаў-пераможцаў, дух воіна ў нас у крыві. Традыцыі былых пакаленняў — не пустыя словы для нашых вайскоўцаў.

— Калі вашы ваеннаслужачыя самыя матываваныя, значыць, ідуць у Сілы спецыяльных аперацый па ўласным жаданні...

— Ні для кога не сакрэт, што ў Сілах спецыяльных аперацый служаць найбольш фізічна падрыхтаваныя і псіхалагічна ўстойлівыя маладыя людзі. І ў плане інтэлектуальных магчымасцяў гэта самыя разумныя, адукаваныя грамадзяне нашай краіны.

— Дзе такіх знаходзіце?

— Вядома, аднаго жадання, каб служыць у Сілах спецыяльных аперацый, недастаткова. У нас створана цэлая сістэма адбору. У асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння працуе спецыяльная камісія. Ваеннаслужачыя падраздзялення ездзяць па ўсёй краіне, прыглядаюцца да кожнага салдата. Калі ён адпавядае ўсім патрабаванням, запрашаюць на службу ў брыгады спецыяльнага прызначэння. У дэсантныя брыгады адбіраюць найлепшых хлопцаў ваенныя камісарыяты. Пры адборы ўлічваюцца такія фактары, як наяўнасць адукацыі, пэўных ведаў, адпаведных якасцяў. У выніку найлепшыя грамадзяне нашай краіны ідуць служыць у Сілы спецыяльных аперацый Узброеных Сіл.

— Ці ахвотна застаюцца вашы матываваныя хлопцы ў арміі пасля заканчэння тэрміновай службы?

— Застаюцца. І аб гэтым сведчыць вялікая колькасць заключаных кантрактаў. Гэта адносіцца як да дэсантных брыгад, так і да асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння. Пры гэтым заўважу, што ахвотных працягнуць службу шмат, аднак бяром далёка не ўсіх.

— Каб дасягнуць пэўных поспехаў, прафесійных вышынь, кожны чалавек праходзіць пэўны шлях — і ён не заўсёды лёгкі. І вам, сённяшняму намесніку камандуючага Сіламі спецыяльных аперацый, даводзілася і ў вучэннях удзельнічаць, і з парашутам скакаць... Ці памятаеце свой першы скачок?

— Усе кажуць, што самы запамінальны першы скачок. Гэта няпраўда. Першы скачок, як правіла, не памятаеш. У памяці — другі. Безумоўна, гэта яркі момант у жыцці. Трэба пераадолець страх, хоць гэта вельмі складана. Скажу шчыра, кожны раз скакаць з парашутам страшна. На маім рахунку — каля сотні скачкоў. І крайні скачок таксама выклікаў страх. Ты разумееш, што пэўная рызыка для жыцця, здароўя існуе заўсёды, аднак усё гэта лёгка пераадольваецца.

— Пра што думае дэсантнік, калі ляціць над аблокамі?

— Ужо калі ляціш, ні пра што не думаеш. На гэта проста няма часу. Каб раскрыўся парашут, каб не было сыходжання з іншымі парашутыстамі, у паветры неабходна выканаць цэлы пералік дзеянняў. Асаблівага алгарытму дзеянняў прадугледжвае і падрыхтоўка да прызямлення, каб яно было бяспечным. Таму думаць у паветры няма калі. Трэба дакладна выконваць сваю работу.

— Вы прымалі ўдзел у многіх вучэннях, у якіх на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў удзельнічалі беларускія ваеннаслужачыя. Ці карысны гэты вопыт у вашай цяперашняй службе?

— Любы вопыт карысны. Вучэнні — гэта кульмінацыя падрыхтоўкі. Заўсёды ўлічваеш пэўныя рэчы, элементы, якія бярэш сабе на заметку і выкарыстоўваеш у ходзе іншых вучэнняў, пры правядзенні мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі, у паўсядзённай дзейнасці, дзесьці іх удасканальваеш.

— Пры ўсёй сваёй загружанасці ваеннаслужачыя Сіл спецыяльных аперацый знаходзяць час на правядзенне шматлікіх мерапрыемстваў ваенна-патрыя-
тычнага выхавання насельніцтва...

— Кожны тыдзень нашы вайскоўцы праводзяць дзясяткі такіх мерапрыемстваў з цывільнай моладдзю, з насельніцтвам па ўсёй краіне. Імкнёмся ахапіць максімальную колькасць дзяцей. Калі не будзем займацца сваёй моладдзю, як сказаў кіраўнік дзяржавы, ёй будуць займацца іншыя «настаўнікі». Таму выхаваннем патрыётаў павінны займацца ўсе інстытуты сацыялізацыі: пачынаючы з дзіцячага садка, заканчваючы арміяй і арганізацыяй, дзе маладыя людзі потым будуць працаваць. У той жа час мы ставім перад сабой мэту падрыхтаваць нашу моладзь да службы ў арміі. Уносячы свой уклад у працэс выхавання патрыятызму ў нашых грамадзян, мы фарміруем у іх гатоўнасць у выпадку неабходнасці абараніць нашу Радзіму.

— За вашымі плячыма — і вопыт кіравання ўпраўленнем інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны. На якім фронце — інфармацыйным або ва ўмовах рэальнай баявой абстаноўкі — цяжэй атрымаць перамогу?

— Усюды няпроста. Барацьба ў медыйнай прасторы вядзецца з намі пастаянна, і мы навучыліся годна супрацьстаяць сваім ворагам на інфармацыйным полі бою. Мэты, якія ставяць у інфармацыйнай вайне нашы праціўнікі, таксама накіраваныя на разбурэнне дзяржавы. Толькі ўжо іншымі формамі і метадамі, без узброенай барацьбы. Аднак наступствы па разбурэнні могуць быць аднолькавыя.

— Пасада намесніка камандуючага Сіламі спецыяльных аперацый прадугледжвае пастаянную ўключанасць у службовую дзейнасць — як прынята сёння казаць, занятасць 24/7. Ці ёсць час пры такім насычаным службовым графіку ўдзяляць увагу сям'і?

— Афіцэрскія жонкі — асаблівая каста. Усе сямейныя справы ў асноўным кладуцца пераважна на жаночыя плечы. Таму вельмі важна, калі ў ваеннаслужачага ёсць надзейны тыл. Калі дома ўсё добра, то і служыцца лягчэй. Вядома, увесь свой вольны час, якога, на жаль, у мяне не вельмі шмат, удзяляю сям'і, сваім дзецям.

— Як паставіцеся да таго, калі ў будучыні ваш сын вырашыць працягнуць афіцэрскую дынастыю?

— Не буду супраць. Аднак гэта будзе яго асабістае жаданне, я не буду перашкаджаць. Самая галоўная мая задача — выхаваць патрыёта сваёй краіны, навучыць цаніць дасягнутае за гады суверэнітэту. І я ўпэўнены, што ў мяне гэта атрымаецца.

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД


Аўдыёверсія праекта — на радыё Пілот-FM і на сайце zviazda.by.

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».