Вы тут

Саюз моладзі агучыў задачы на найбліжэйшую перспектыву


«Абсалютна кожны кіраўнік першаснай арганізацыі тэрытарыяльнага камітэта альбо абласнога камітэта БРСМ павінен дакладна ўяўляць, чым мы адрозніваемся ад іншых грамадскіх арганізацый і што атаясамліваецца ў вачах моладзі менавіта з дзейнасцю нашага саюза. Гэта прынцыпова важны момант!» — лічыць першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў.

Вынікі работы самай масавай маладзёжнай арганізацыі краіны за мінулы год і планы на бягучы аказаліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў VІІІ Пленума Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Гадавое фінальнае мерапрыемства ў Рэспубліканскім доме моладзі аб'яднала членаў Цэнтральнага камітэта БРСМ, кіраўнікоў тэрытарыяльных арганізацый БРСМ з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама ганаровых гасцей. Яго ўдзельнікі адразу дамовіліся: ніякіх справаздач не будзе. Трэба шчыра казаць пра ўсе праблемныя моманты, калі такія ёсць.


У рамках пленуму адбылася ўрачыстая цырымонія развітання з піянерскім гальштукам і ўстпулення ў шэрагі Саюза моладзі. Гэта новая традыцыя маладой Беларусі...

Прадстаўніцтва на Усебеларускім сходзе

— За кожным з вас павінны быць канкрэтныя справы, вырашэнне канкрэтных праблем канкрэтнага чалавека, і тады ніхто не папракне вас у вашай бяздзейнасці або неэфектыўнасці. Калі вы аказваеце пэўную дапамогу, з'яўляецеся тым самым сувязным звяном паміж маладым чалавекам і органамі выканаўчай улады, узнімаеце пытанні, якія хвалююць нашу моладзь, значыць, вы на сваім месцы, — падкрэслівае Аляксандр Лук'янаў. — Расказвайце хлопцам і дзяўчатам, што такое БРСМ, якія магчымасці ён дае, чым мы можам быць для іх карыснымі, цікаўцеся іх думкамі, ідзіце да людзей і слухайце іх.

Чарговым важным этапам у развіцці нашай дзяржавы стала прыняцце закона аб Усебеларускім народным сходзе. Відавочна, што Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, у рамках Закона «Аб асновах грамадзянскай супольнасці», стане той апорай, якая будзе разам з іншымі магутнымі грамадскімі арганізацыямі адказваць за накіраванне дэлегатаў на Усебеларускі народны сход ад маладзёжнай часткі нашага насельніцтва. І мне хацелася б, каб ужо сёння ўсе пачалі думаць і, што самае галоўнае, прапаноўваць тыя механізмы вылучэння дэлегатаў і тыя крытэрыі, якія мы будзем разам з вамі ўлічваць пры адборы і фарміраванні гэтага найвышэйшага органа народаўладдзя. Пытанне вельмі сур'ёзнае, адказнае і няпростае, і часу на разварушванне няма.

Перакананы, што ўсе чулі пасылы нашага Прэзідэнта аб тым, што ў склад дэлегатаў увойдуць не толькі кіраўнікі і начальнікі, а простыя хлопцы, такія, напрыклад, як слухач факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі Ягор Прыгодзіч, які здзейсніў гераічны ўчынак — выратаваў суседа на пажары, наш алімпіец Максім Недасекаў, ударнікі працы ў сельскай гаспадарцы, такія як камбайнер Аляксандр Салодкі, які намалаціў больш як 5000 тон збожжа падчас апошняй уборачнай кампаніі. Гэта нашы маладыя вучоныя, дасягненні якіх прадстаўлены на выстаўцы «Беларусь інтэлектуальная», простыя рабочыя ад станкоў, якім іх калектывы давераць прадстаўляць агульны пункт гледжання... Відавочна, што ўжо да канца года мы з вамі будзем выпрацоўваць парадак дня чарговага з'езда, асноўнай мэтай якога будзе з'яўляцца дэлегаванне прадстаўнікоў моладзі на Усебеларускі народны сход.

Дыялог і кансалідацыя грамадства

Сёння па краіне актыўна крочыць новая грамадска-асветніцкая акцыя «Заліковая размова». «Мы здолелі падключыць да дыялогу з навучэнскай і студэнцкай моладдзю ўсю грамадскасць, экспертаў, вышэйшых службовых асоб, кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, — падкрэсліў Аляксандр Лук'янаў. — Падчас такіх сустрэч узнімаюцца самыя вострыя і важныя пытанні: ад сацыяльна-эканамічных аспектаў нашага жыцця да ваенна-палітычнага становішча. Вядома, мы закранаем у размовах і стаўленне да дзейнасці нашай арганізацыі. Толькі я вас папрашу: злазьце ў гэтых аўдыторыях з трыбун, размаўляйце з моладдзю насамрэч на роўных, пазбягайце зафармалізаваных пратакольных мерапрыемстваў. Мы пытаемся ў нашай моладзі добрай парады, не імкнёмся да агітацыі, а наладжваем канструктыўны двухбаковы дыялог. Толькі так мы здольныя выканаць найважнейшую гістарычную задачу на бягучы момант часу — кансалідаваць усю беларускую моладзь і, як вынік, усю нашу беларускую грамадзянскую супольнасць».

Надзейная апора і рэзерв

Асобна першы сакратар ЦК БРСМ спыніўся на кадравым пытанні:

— Мы не можам выбудаваць стабільную сістэму, якая будзе накіравана на гады наперад без надзейнага механізму па якасным выяўленні, адборы і замацаванні кадраў. У кожнага з нас павінен быць дублёр, людзі, якія пры неабходнасці стануць на наша месца і выканаюць усе пастаўленыя кіраўніком дзяржавы і ўрадам задачы. І гэта персанальная адказнасць кожнага з кіраўнікоў.

У наступным годзе маладзёжныя атрады аховы правапарадку Саюза моладзі адзначаць сваё дваццацігоддзе. Мне хацелася б, каб усе працавалі ў гэтым кірунку больш якасна, аддаючы і ўкладваючы душу. У няпросты час менавіта на такіх хлопцах будзе трымацца наша краіна, на тых, хто гатовы абараніць сваю Радзіму, нацыянальныя інтарэсы, абараніць сваю сям'ю і ўмацаваць бяспеку нашай дзяржавы. Сёння мы пераглядаем некаторыя падыходы, і мне хацелася б, каб кожны з вас заўважаў і браў «на аловак» неабыякавых маладых людзей, якія трэніруюцца, даюць вынік і здольныя выконваць задачы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і задачы нашай дзяржавы. Канешне, дасягнуць выніку ў справе прафесійнай арыентацыі і мужнага станаўлення нашых юнакоў і дзяўчат немагчыма без якаснай падтрымкі выканаўчых органаў улады, Міністэрства адукацыі, усіх нашых сілавых структур. Пры рабоце з дадзенай катэгорыяй маладых людзей трэба адзначыць істотную ролю ваенна-патрыятычных клубаў — менавіта выхаванцы такіх клубаў і павінны стаць касцяком маладзёжных атрадаў аховы правапарадку.

Вы павінны бачыць і ведаць гэтых хлопцаў, ведаць іх у твар і пайменна. Неабходна працаваць з імі. І гэта стане вашай надзейнай апорай, вашым актывам і рэзервам.

Як заўважыў першы сакратар ЦК БРСМ, адзін з новых, яркіх праектаў — міжнародны патрыятычны інфармацыйна-асветніцкі праект «Лічбавая зорка»: «Мы ўзялі яго пад свой патранат, узначалілі і паспяхова прасоўваем. Давайце дамовімся: за кожнай першаснай арганізацыяй павінен быць замацаваны аб'ект увагі, памятнае месца, куды вы будзеце прыходзіць у важныя даты, дзяржаўныя святы і якія будуць алічбаваныя. Зрабіць гэта дастаткова проста, асабліва ўзяўшы ў саюзнікі мясцовых дэпутатаў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, прыцягнуўшы іншыя грамадскія арганізацыі, выканаўчыя органы ўлады. Гэта агульная справа не толькі нашай арганізацыі. Давайце зробім гэты трэнд народным. Мы бачым сваю задачу не ў тым, каб у адзін момант загрузіць усе звесткі на сайт. Трэба зрабіць так, каб маладыя людзі самі зацікавіліся гісторыяй, ведалі і папаўнялі лічбавы партал, увекавечваючы народную памяць».

Год магчымасцяў для студатрадаў

Адным з вядучых кірункаў на працягу ўсёй дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі застаецца працаўладкаванне моладзі. Сёлета беларускім студэнцкім атрадам споўніцца 60 гадоў.

«Да гэтай знакавай даты мы падышлі з дастойным вынікам, — падкрэсліў Аляксандр Лук'янаў. — Летась былі працаўладкаваныя больш як 42 тысячы чалавек, такім чынам мы абагналі яшчэ саюзныя рэкорды. Такі прарыў красамоўна сведчыць аб тым, што мы можам, умеем і ведаем, як выкарыстоўваць нашы рэзервы».

— 2022 год я назваў бы годам магчымасцяў, — разважае другі сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Прохараў, які курыруе ў арганізацыі студатрадаўскі рух. — Упэўнены, што сёння не трэба доўга разважаць аб важнасці студатрадаўскага руху для патрыятычнага і працоўнага выхавання моладзі. Дастаткова сказаць, што гэта адзін з трох найважнейшых індыкатараў эфектыўнасці рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. Больш як 42 тысячы працаўладкаваных — за гэтымі лічбамі стаіць каласальная праца ўсёй каманды. Мы змаглі павялічыць папярэдні паказчык практычна на 20 працэнтаў, а гэта дарагога варта. Пры гэтым дабавілі і ў якасці. У лідарах — Мінск, Гродзенскі рэгіён, які, дарэчы, з'яўляецца самым стабільным і моцным у арганізацыі студатрадаўскага руху, ну і, канешне, Гомельшчына. У мінулым годзе там быў проста каласальны рывок як у колькасці, так і ў якасці: працаўладкавана амаль сем тысяч чалавек. А вось Брэсцкая і Магілёўская вобласці пакуль адстаюць...

Мы ўпершыню выйшлі за рамкі летняга працоўнага семестра, і з верасня да снежня на «Атланце» працавалі 400 хлопцаў і дзяўчат. Я не чуў ніводнага адмоўнага водгуку пра гэты праект.

Мне хочацца, каб усё разумелі: за кожнай лічбай стаіць канкрэтны малады чалавек, першыя заробленыя ім грошы. У агульнай колькасці працаўладкаваных у складзе нашых атрадаў было і 19,5 тысячы непаўналетніх. Напрыканцы года на вялікай лядовай арэне спартыўна-забаўляльнага комплексу «Чыжоўка-Арэна» прайшло афіцыйнае закрыццё трэцяга працоўнага семестра. Цырымонія стала адной з самых маштабных для беларускіх студэнцкіх атрадаў у гісторыі незалежнай Беларусі. Мы запрашалі на яе і нашых юных удзельнікаў студатрадаў. Але лічу, што трэба больш увагі ўдзяліць гэтай катэгорыі, больш актыўна прыцягваць да працоўнай дзейнасці падлеткаў, якія часова апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, тым больш што студатрад — гэта не толькі працоўнае выхаванне, а сапраўднае братэрства. Між іншым, у нас ёсць рэгіёны, дзе няма ВНУ, і там рэзервы для далейшага пашырэння студатрадаўскага руху — гэта школьнікі і навучэнцы каледжаў. Мяркую, што трэба ўсім узяць на ўзбраенне вопыт нашых калег, якія правялі ў Шчучыне двухдзённы злёт для непаўналетніх, якія працавалі ў студатрадах. Трэба больш праводзіць падобных мерапрыемстваў.

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі робіць сёння акцэнт на развіцці рэспубліканскіх і абласных працоўных праектаў. Рэспубліканскі праект павінен ахопліваць моладзь з розных рэгіёнаў краіны (не менш як з чатырох абласцей). Для абласных працоўных праектаў абавязковая ўмова — прыцягненне моладзі з розных раёнаў адной вобласці. Аляксандр Прохараў праінфармаваў: у 2022 годзе было рэалізавана восем рэспубліканскіх маладзёжных працоўных праектаў, сярод якіх Усебеларуская маладзёжная будоўля «Хатынь» на аб'ектах капітальнага рамонту і рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу, Усебеларуская маладзёжная будоўля ў Астраўцы («Горад маладосці»), вытворчыя працоўныя праекты «Атлант», «Трактарабудаўнік», «Аўтазаводзец», педагагічны праект «Важаты» на базе Нацыянальнага дзіцячага цэнтра «Зубраня», а таксама будаўнічы «Пуцейцы» і сэрвісны «Дарога магчымасцяў» — праекты на аб'ектах Беларускай чыгункі. Для параўнання: у 2021 годзе моладзь шчыравала на трох рэспубліканскіх праектах. «А вось абласныя працоўныя праекты трэба развіваць і пашыраць больш актыўна, — заўважае Аляксандр Прохараў. — Лічу, будзе правільным яшчэ раз прааналізаваць пералік арганізацый, з якімі мы працуем і заключаем дагаворы, правесці да 1 красавіка семінары з наймальнікамі...»

Новы кірунак дзейнасці — арганізацыя для будучых байцоў студатрадаў кароткатэрміновых прафесійных курсаў, на якіх яны паралельна з асноўнай адукацыяй могуць атрымаць і актуальную рабочую спецыяльнасць. «Такая падрыхтоўка павысіць і якасць работы (адпаведна і каштоўнасць студатрадаўцаў для работадаўцаў), і памер іх заробкаў, — упэўнены Аляксандр Прохараў. — Яны змогуць апынуцца ў складзе студатрадаў на больш адказным участку працы...»

Звярнуў увагу Аляксандр Прохараў і на тую акалічнасць, што ў Беларусь летась прыехаў працаваць толькі адзін студатрад з Расійскай Федэрацыі, у той час як нашы хлопцы і дзяўчаты працавалі ў аздараўленчых лагерах і цэнтрах у Краснадарскім краі, шчыравалі на Кузбасе, у Якуціі і на касмадроме «Усходні» — усяго 479 чалавек. На яго думку, трэба больш актыўна ствараць зводныя беларуска-расійскія студатрады на нашай тэрыторыі. Аляксандр Прохараў дадаў: «Упэўнены, што ў Год міру і стваральнай працы нашы байцы ў чарговы раз унясуць свой важкі ўклад ў развіццё арганізацыі і краіны ў цэлым!»

Будучыня пачынаецца тут!

На пераемнасці Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі і Саюза моладзі спынілася ў сваім выступленні сакратар ЦК БРСМ і старшыня Цэнтральнага савета БРПА Аляксандра Ганчарова.

— Мы з вамі павінны разумець, што кадравы патэнцыял нашых арганізацый фарміруем мы самі — ад акцябронка да піянера, ад піянера — да ўдзелу ў жыцці БРСМ. Іншымі словамі — што самі пасеем, тое і пажнём. Упэўнена, што кожны з вас, паважаныя калегі, разумее, наколькі складана сёння сфарміраваць лідарскі актыў, які будзе верыць і, самае галоўнае, будзе верны. Першыя крокі да вырашэння шэрагу пытанняў ужо зроблены, — заўважыла Аляксандра Ганчарова. — У калегіяльныя органы ўключаны прадстаўнікі нашых арганізацый (у БРСМ — БРПА і наадварот). Саюз моладзі замацаваў каардынатараў, адказных за ўзаемадзеянне з піянерыяй. Праз сумесную праграму «Платформа магчымасцяў» была структуравана праграмная дзейнасць БРПА і БРСМ з дакладным механізмам рэалізацыі праектаў на ўсіх узроўнях.

Сумесныя мерапрыемствы, праведзеныя ў жніўні — снежні мінулага года, ахапілі 560 тысяч акцябрат, піянераў і актывістаў БРСМ. Сёння ўрачыстая цырымонія развітання з піянерскім гальштукам і ўступлення ў рады Саюза моладзі стала новай традыцыяй маладой Беларусі.

Аляксандра Ганчарова ўпэўнена ў тым, што ўстанова агульнай адукацыі — менавіта тое поле, на якім трэба працаваць не складаючы рук, бо будучыня БРСМ пачынаецца менавіта тут!

— Разам з тым у нас з вамі да гэтага часу застаецца шэраг нявырашаных пытанняў, якія, на мой погляд, больш сур'ёзныя, чым планы, метадычкі і мерапрыемствы. Гэта пытанне падпарадкаванасці нашых структур, — заўважыла яна. — Для старшыняў Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі (а гэта педагогі, метадысты ўстаноў дадатковай адукацыі) арганізацыя работы Саветаў БРПА — грамадская нагрузка, часта без дадатковага матэрыяльнага стымулявання. І іх працу цалкам курыруюць упраўленні і аддзелы па адукацыі. А першыя сакратары БРСМ — штатныя супрацоўнікі арганізацыі, якія падсправаздачныя Цэнтральнаму камітэту і аддзелам ідэалагічнай работы. І нам сёння вельмі важна выбудаваць міжасобасную і міжгаліновую камунікацыю. Не чакаць, хто прыйдзе першы адзін да аднаго, а хто другі. Не перацягвайце на сябе коўдру! Толькі разам!!! Трэба працаваць так, каб былі не толькі прыгожыя лічбы, але і рэальны вынік. А за годным вынікам стаіць сістэмная, штодзённая і карпатлівая праца!

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота: БРСМ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.