Вы тут

Кадлубай: Патрыятызм пачынаецца з гістарычнай памяці


Гэты кірунак сёння — надзвычай важны ў выхаванні падрастаючага пакалення. «Несумненна, ключавая пазіцыя тут — гістарычная памяць: памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, а таксама іншыя этапы развіцця беларускай дзяржавы», — сказаў журналістам намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.

«У школах пытаннямі патрыятычнага выхавання павінны займацца ўсе работнікі, але ўпор мы робім на класных кіраўнікоў, педагогаў-арганізатараў, намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце. Правільным рашэннем было ўвядзенне ставак кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні: спачатку ў сістэме школьнай адукацыі, а з 1 верасня 2022 года — на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Мы бачым, што яны дастаткова паспяхова ўпісаліся ў сістэму выхаваўчай работы і патрыятычнага выхавання моладзі», — канстатаваў Аляксандр Кадлубай.


Фота: БелТА.

Адзін з важных кірункаў — развіццё ваенна-патрыятычных клубаў. На тэрыторыі воінскіх часцей унутраных войскаў МУС на сёння дзейнічае 18 ваенна-патрыятычных клубаў з агульнай колькасцю выхаванцаў больш за 1500 чалавек. Таксама створана 11 клубаў пры воінскіх часцях, падпарадкаваных Міністэрству абароны. Акрамя таго, ва ўстановах агульнай адукацыі працуе 755 аб'яднанняў па інтарэсах ваенна-патрыятычнага профілю, у якіх займаецца больш як 10 тысяч навучэнцаў, ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — 213 аб'яднанняў па інтарэсах ваенна-патрыятычнага профілю з ахопам 3579 навучэнцаў.

Ва ўстановах адукацыі створана 1420 музеяў, у тым ліку 209 — ваенна-гістарычнага профілю. «Музейная педагогіка вельмі шырока распаўсюджана. Гэта і краязнаўчая дзейнасць, і правядзенне непасрэдна ўрокаў гісторыі, розных тэматычных праектаў на базе музеяў. Правільная думка, што патрыятызм нараджаецца ў падрастаючага пакалення першапачаткова з любові да таго месца, дзе школьнік нарадзіўся, навучаецца і дзе пражывае яго сям'я», — падкрэсліў Аляксандр Кадлубай.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі краіны таксама створаны 372 пошукавыя аб'яднанні, у якіх займаюцца 4410 навучэнцаў. Сярод асноўных напрамкаў іх работы — вывучэнне і даследаванне гісторыі малой радзімы ваеннага перыяду на аснове мясцовага краязнаўчага матэрыялу, пошук і ўвекавечанне імёнаў загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на мемарыяльных комплексах, абелісках, помніках, брацкіх і індывідуальных магілах.

Дзясяткі тысяч старшакласнікаў удзельнічаюць у адборы патрыятычнага праекта «Цягнік Памяці». Аляксандр Кадлубай нагадаў, што гэты праект быў ініцыіраваны спікерамі верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі — Наталляй Качанавай і Валянцінай Матвіенкай.

«Па 100 школьнікаў дзясятых класаў з Беларусі і Расіі праехалі па гарадах-героях дзвюх краін, наведалі мемарыялы, акунуліся ў гісторыю перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Па выніках праекта ў школах праводзіліся класныя інфармацыйныя гадзіны», — расказаў намеснік міністра.

Праект працягнецца і сёлета. Удзельнікаў выберуць на конкурснай аснове. Адбор пройдзе ў некалькі этапаў. Спачатку пераможцаў вызначаць на ўзроўні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, далей запланаваны раённыя і гарадскія туры. Заключны этап — абласныя і мінскі гарадскі конкурсы. Ацэньвацца будзе актыўная грамадзянская пазіцыя, паказчыкі ў вучобе, удзел у дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў.

Як заўважыў Аляксандр Кадлубай, Міністэрства адукацыі працягвае рэалізацыю і іншых паспяховых патрыятычных ініцыятыў. «Добра зарэкамендаваў сябе інфармацыйна-адукацыйны праект «Школа актыўнага грамадзяніна». Кожная сустрэча яго ўдзельнікаў прысвечана пэўнай тэме: сельская гаспадарка, культура, адукацыя, медыцына і іншыя. У час «ШАГа» ў школьнікаў ёсць магчымасць пагутарыць з экспертамі — прадстаўнікамі дзяржорганаў і мясцовага кіравання. Сёлета хочам надаць праекту новы імпульс, і ў якасці спікераў запрашаць студэнтаў, супрацоўнікаў Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра, — дадаў намеснік міністра адукацыі. — На наш погляд, досвед стасункаў са старэйшымі таварышамі будзе карысны старшакласнікам».

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.