Вы тут

Лічбы і людзі. Аб чым гаварылі на выніковай калегіі Міністэрства культуры


Культура — гэта каштоўнасці, код нацыі, духоўная спадчына, сродак самаідэнтыфікацыі народа. Можна шмат казаць пра значэнне дадзенай сферы для грамадства — і ўсе словы будуць правільнымі. Але ёсць справы і аб'ектыўныя паказчыкі, паводле якіх плануецца культурнае жыццё на наступны год. Аб іх, у першую чаргу, ішла размова на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры, якая праходзіла ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. На ёй падвялі вынікі дзейнасці галіны за 2022 год і вызначылі асноўныя задачы на 2023-і.


— Жыццяздольнасць нацыі непасрэдна залежыць ад глыбіні і багацця духоўнай спадчыны, якую мы прымножым і перададзім будучым пакаленням. Сфера культуры — аснова духоўнай спадчыны народа. І наша задача — захаваць тое багацце, — адзначыў міністр культуры Анатоль Маркевіч. — Сфера культуры сёння — гэта 5680 арганізацый са штатнай колькасцю больш за 63 тысячы чалавек. Укамплектаванасць профільнымі спецыялістамі складае 96 працэнтаў. Адна з галоўных задач міністэрства — не толькі захоўваць, але і развіваць кадравы патэнцыял сферы, умацоўваць яе кіраўнічы склад. Сучасная сістэма кіравання павінна арыентавацца на ўстановы і эфектыўнае вырашэнне праблем, якія ўзнікаюць. Стаўка была зроблена ў тым ліку на амаладжэнне кадравага саставу арганізацый культуры і фарміраванне дзейснага рэзерву кадраў. У 2022 годзе ў 1045 арганізацый з правам юрыдычнай асобы мы прызначылі 119 новых кіраўнікоў, сярэдні ўзрост якіх не перавысіў 39 гадоў.

Міністр адзначыў, што забяспечанасць кадрамі ў сферы культуры не вырасла, а стаіць на адзнацы 96 працэнтаў. Найбольшую патрэбу ў спецыялістах адчуваюць клубныя і тэатральна-відовішчныя арганізацыі — 45 і 19 працэнтаў адпаведна. Таму неабходныя новыя падыходы ў рабоце з кадрамі на ўсіх узроўнях кіравання. Ёсць праблема забяспечанасці арганізацый маладымі спецыялістамі і іх далейшага замацавання на месцах. За апошнія тры гады ў арганізацыі сферы культуры прыбыло больш за 3000 выпускнікоў устаноў адукацыі, але працягвае працаваць крыху больш за палову. Работа з кадрамі застаецца адной з асноўных задач у 2023 годзе.

Адна з істотных змен мінулага года закранула заканадаўчую базу: абноўлены Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры. Відазменены 126 артыкулаў з 257. Усе змяненні наблізілі да практыкі прымянення, што павінна быць асабліва адчувальна ў сферы аховы гісторыка-культурных аб'ектаў. Новы закон уступіў у сілу 1 студзеня 2023 года і павінен палепшыць умовы культурнай дзейнасці ў краіне, у тым ліку шляхам пашырэння ўдзелу і адказнасці мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, паколькі шэраг паўнамоцтваў Міністэрства культуры перадаецца абласным выканаўчым камітэтам.

— Дзяржаўная палітыка падтрымкі нацыянальнай культуры захавала сваю сацыяльную скіраванасць, — засведчыў Анатоль Маркевіч. — Адной з ключавых задач застаецца павышэнне заработнай платы работнікам сферы культуры. Таму ў адпаведнасці з праграмай дзейнасці ўрада Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2025 года здзяйсняецца яе паэтапнае павышэнне. Гэтаму садзейнічае рашэнне некалькіх задач: развіццё пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў і экспарту паслуг, правядзенне мерапрыемстваў аптымізацыі штатнага саставу, а таксама ўстанаўленне галіновай надбаўкі і яе павышэнне. У 2022 годзе шэраг задач рэалізаваны. Прадугледжаны рашэннем выніковай калегіі рост аб'ёму пазабюджэтных даходаў не менш як на 7,5 працэнта ў параўнанні з 2021 годам быў выкананы. Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці арганізацый культуры ў 2022 годзе склалі 175,5 мільёна рублёў — 120,6 працэнта да ўзроўню 2021 года.

Паказчыкі па экспарце паслуг палепшыліся. Сума прыцягнутых сродкаў — 7,8 мільёна долараў ЗША з тэмпам росту 102,4 працэнта. Істотнага поспеху ў гэтым дасягнулі Вялікі тэатр Беларусі, кінастудыя «Беларусьфільм», дзяржаўны ансамбль «Песняры», замкавы комплекс «Мір». У 2022 годзе стымулюючыя выплаты склалі 30 мільёнаў рублёў за кошт уласных даходаў, што на 8,5 мільёна рублёў больш, чым у папярэднім годзе.

Аптымізацыя структуры дазволіла дадаткова на заработную плату накіраваць пяць мільёнаў рублёў. Устаноўлена надбаўка за работу ў галіне ў памеры 16 працэнтаў, якая з кастрычніка 22 года павялічана да 23 працэнтаў. Сярэднямесячная заработная плата работнікаў культуры вырасла на 22 працэнты і па выніках года склала 968 рублёў, у бюджэтных арганізацыях — 886. Аднак узровень заработнай платы работнікаў культуры застаецца нізкім — 59,3 працэнта ад сярэдняй заработнай платы па краіне. Таму ёсць куды расці — перш за ўсё за кошт росту пазабюджэтных даходаў і аб'ёму экспарту паслуг.

Кожная арганізацыя — незалежна ад таго, гэта Маладзёжны тэатр эстрады (які паказвае прыклад многім) або Беларуская акадэмія мастацтваў (якой прыйдзецца паварушыцца) — цяпер думае пра тое, як можна зарабіць. Уключаюць крэатыўныя падыходы, асвойваюць новыя формы, шукаюць іншыя краіны для супрацоўніцтва, робяць новыя экспазіцыі (музеі, напрыклад, летась актывізаваліся ў сувязі з правядзеннем у краіне Году гістарычнай памяці).

— Уся сфера летась прадэманстравала ўстойлівасць і рост у параўнанні з 2021 годам, — адзначыў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка. — Урадам прыняты ўсе меры па забеспячэнні стабільнай работы галіны. У рэспубліканскім бюджэце на бягучы год прадугледжана больш за 182 мільёны рублёў на развіццё культуры, што на 20,1 працэнта больш, чым у 2022-м. Да 2025 года заработная плата работнікаў культуры будзе даведзена да 80 працэнтаў ад сярэднерэспубліканскай. Тэндэнцыя павелічэння заробку ёсць, мы яе павінны штогод падтрымліваць.

У той жа час дзяржава чакае ад культуры развіцця. Якога? Творчага — патрэбны новыя формы работы. Таксама выклікае занепакоенасць недахоп маладых сцэнарыстаў, рэжысёраў, мастакоў, тэхнічных работнікаў. Трэба даваць працу маладым і заахвочваць таленты. У прыватнасці, летась фондам Прэзідэнта заахвочаны 424 прадстаўнікі таленавітай моладзі, адзначыў Ігар Сергеенка, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, і падсумаваў:

— За мінулы год сферай культуры праведзена маштабная работа па захаванні і прымнажэнні гісторыка-культурнай спадчыны, нацыянальных традыцый, стварэнні новых запатрабаваных грамадствам твораў культуры. Але неабходна, каб нацыянальная культура працавала на ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці. Неабходна ўзмацніць кантрольныя і метадычныя функцыі апарату міністэрства, асабліва на цэнтральных рэспубліканскіх аб'ектах і ў творчых калектывах — яны сёння больш маюць патрэбу ва ўвазе.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.