Вы тут

Беларускую дэлегацыю правялі на спартыўныя гульні «Дзеці Азіі»


«Беларуская каманда ўпершыню прымае ўдзел у гэтых мультыспартыўных спаборніцтвах. Несумненна, для вас, юных атлетаў, будзе вялізным вопытам выступленне на арэнах Кузбаса. Памятайце, у вас ёсць магчымасць выступіць пад сваім сцягам і гербам, наша краіна шмат укладвае ў дзіцяча-юнацкі спорт. Прыкладзіце ўсе свае намаганні, пакажыце, на што здольныя, пацешце вынікам. Ведайце, за вас будуць перажываць не толькі вашыя бацькі і сябры, але і ўся краіна», — сказаў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка падчас афіцыйнай цырымоніі провадаў дэлегацыі на II зімовыя Міжнародныя спартыўныя гульні «Дзеці Азіі». Спартыўны форум з 23 лютага па 5 сакавіка прымае Кемераўская вобласць — Кузбас.


У нашу каманду ўвайшлі 68 юных спартсменаў да 16 гадоў у 8 відах спорту: хакей з шайбай, сноўборд, скачкі на лыжах з трампліна, лыжныя гонкі, шорт-трэк, фігурнае катанне на каньках, канькабежны і гарналыжны спорт. Сярод атлетаў — чэмпіёны і прызёры Беларусі, рэкардсмены па відах спорту ў сваіх узроставых катэгорыях. Для многіх з іх гэта першы буйны міжнародны старт, а, значыць, адказны і ганаровы. На гэта звярнула ўвагу Паліна Сівец. На цырымоніі адкрыцця спартыўнага форуму яна выступіць сцяганосцам беларускай каманды. Паліна — чэмпіёнка краіны на 1500 і 3000 м сярод юніёраў па канькабежным спорце. 

«Я вельмі хвалююся. Гэта вялікі гонар — прадстаўляць краіну на такім важным міжнародным форуме. Для мяне гэта першыя буйныя спаборніцтвы. Вельмі ганарова і вельмі хвалююча быць сцяганосцам каманды. Сапернікі мне знаёмыя, з многімі мы часта сустракаемся на спаборніцтвах, і я буду рада іх бачыць. Сезон праходзіць удала. Мной быў устаноўлены нацыянальны юніёрскі рэкорд на дыстанцыі 5 тысяч метраў, сярод дарослых стала на гэтай дыстанцыі трэцяй. Вынік нядрэнны, але ёсць куды рухацца», — адзначыла спартсменка. 

Старшы трэнер юніёрскай зборнай Беларусі па канькабежным спорце Руслан Таболіч заўважыў, што «Дзеці Азіі» сталі для яго падпечных удалай заменай юнацкім Алімпійскім гульням: «Спартсмены туды едуць вучыцца выступаць на міжнароднай арэне, на спаборніцтвах такога высокага рангу. Для іх гэта першы сур’ёзны старт, трэніроўка перад дарослымі Алімпійскімі гульнямі. Нашым асноўным сапернікам стане каманда Расіі, яны вельмі моцныя. І мы едзем змагацца, у першую чаргу, з расійскай камандай.

Па словах генеральнага сакратара Беларускага лыжнага саюза Аляксандра Грэбнева, «Дзеці Азіі», як і іншыя спаборніцтвы, якія праходзяць на постсавецкай прасторы, даюць магчымасць маладым спартсменам не згубіць свае навыкі. Нягледзячы на тое што спорт перажывае зараз няпросты перыяд, праца ідзе. Як прыклад таму — удзел беларускай каманды ў скачках на лыжах з трампліна. Зараз гэтая дысцыпліна атрымала другое дыханне, якое надалі ёй юныя спартсмены. «Для нашых выхаванцаў „Дзеці Азіі“ — вельмі адказны старт, дзе збяруцца аднагодкі і будуць змагацца за права быць лепшым. Нашы спартсмены вельмі натхнёныя і матываваныя, на працягу ўсяго сезона яны дэманстравалі добрыя вынікі. Так, на студзеньскім „Калядным турнэ“ ў Пермскім краі, які лічыцца прэстыжным стартам, нашы дзеці атрымалі некалькі перамог і занялі высокія месцы ў агульных заліках. І гэта пры тым, што ў Беларусі няма такой інфраструктуры, якая б дазваляла ў поўнай меры праходзіць падрыхтоўку дома. Не сумняваюся, што яны пакажуць усе бакі свайго таленту ў Кузбасе», — адзначыў Аляксандр Грэбнеў. 

— Новыя імёны ствараюць і новую гісторыю беларускага гарналыжнага спорту. Нягледзячы на адсутнасць умоў, спартыўны рэзерв ёсць. Нядаўна ў «Сілічах» праходзіла першынства краіны па горных лыжах, дзе выступіла больш за 150 удзельнікаў, што не можа не радаваць. Гарналыжны спорт вельмі папулярны ў свеце, і мяне радуе, што ў Беларусі ён таксама набывае папулярнасць. Я ўпэўнены, што тыя спартсмены, якія паедуць на «Дзеці Азіі», выступяць вельмі годна. Перад гульнямі хлопцы там жа правялі навучальна-трэніровачны збор, усе гатовы да старту. Упэўнены, што мы выступім на спаборніцтвах дастойна, хаця канкурэнцыя будзе вельмі сур’ёзнай. Мы ўсе адна вялікая лыжная сям’я. А хто мацнейшы, пакажуць спаборніцтвы, — падкрэсліў Аляксандр Грэбнеў.

— У Кузбасе не будзе лёгкай прагулкі і для беларускіх хакеістаў. Наша каманда трапіла ў групу з самымі моцнымі камандамі Сібірскай федэральнай акругі і Уральскай федэральнай акругі. «Хлопцы толькі пачынаюць свой шлях, яны матываваныя. Сочаць за гульнямі, тактыкай іншых каманд, пераймаюць іх вопыт. На збор было выклікана 30 чалавек з 9 розных школ. І выбралі 22 лепшых, сярод іх хлопцы з Оршы, школы імя Руслана Салея, школы хакейнага клуба „Юнацтва“ „Мінск“. Кожны паасобку павінен быць лідарам. Спадзяюся, яны гэта разумеюць», — падкрэсліў Аляксандр Цыплакоў, галоўны трэнер зборнай Беларусі U16.

Міжнародныя спартыўныя гульні «Дзеці Азіі» праводзяцца кожныя чатыры гады з 1996 года пад патранажам Міжнароднага алімпійскага камітэта. Спартыўны форум ахоплівае ўвесь Азіяцкі кантынент, а таксама некаторыя краіны Еўропы. Гульні былі арганізаваны па ініцыятыве першага прэзідэнта Рэспублікі Саха (Якуція) Міхаіла Нікалаева. У 2016 годзе было прынята рашэнне правесці першыя зімовыя міжнародныя старты. Беларусь падала заяўку на ўдзел у гэтых спаборніцтвах у пачатку снежня 2022 года, і ўжо да Новага года наша заяўка была адобрана праўленнем Міжнароднага камітэта «Дзеці Азіі».

Удзельнікамі ІІ зімовых Міжнародных спартыўных гульняў «Дзеці Азіі» стануць 865 спартсменаў з 13 краін свету. У праграму ўвайшлі 10 зімовых відаў спорту, будзе разыграна 57 камплектаў узнагарод.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота НАК Беларусі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».