Вы тут

«Ураджай друкаванага слова» у музеі Янкі Купалы


У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылося адкрыццё незвычайнай выставы — «Ураджай друкаванага слова». Гэта сумесны праект музея і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Выстава прысвечана знамянальнай падзеі: 100 год таму, у першым нумары часопіса «Полымя» за 1923 год Янка Купала апублікаваў артыкул «Выдавецкая справа ў Савецкай Беларусі за 1922 год». 


Янка Купала ведаў гэтую справу знутры. У 1920-я ён працаваў на пасадзе загадчыка літаратурна-мастацкай секцыі літаратурна-навуковага аддзела Наркамасветы, займаўся выдавецкімі справамі, клапаціўся пра пашырэнне беларускай кнігі. У сваім артыкуле Купала згадвае сярод навінак кнігі Францішка Багушэвіча, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Якуба Коласа, Міхася Чарота. Звяртае ўвагу на «выхад у свет першага беларускага раману — гэта „Сокі цаліны“ Цішкі Гартнага», нагадвае, што зборнікі Багушэвіча «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» ўпершыню выдадзеныя не лацініцай, а кірыліцай. Паэма М. Кудзелькі, які друкаваўся пад псеўданімам Міхась Чарот, «Босыя на вогнішчы», выклікае ў Купалы каментар, маўляў, крытыкі звярнулі ўвагу, але «падзяліліся на прыхільнікаў і непрыхільнікаў паэмы — адны хваляць, а другія ганяць». Купала дае падрабязную справаздачу па аддрукаваных беларускіх кнігах, ад мастацкіх твораў да навуковых выданняў, і дае абагульняючую даведку за 1922 год: «агулам надрукаванага 268.050 кніг у ліку 2.036.527 друк. аркушаў. Гэта складае 2120 рэзаў (стоп) паперы; гэта ёсць каля трох вагонаў беларускіх выданняў. І вось гэтыя сотні тысяч кніг рассыпяцца па ўсёй Беларусі, каб навучаць і будзіць беларускую прыспаную думку да светлага, радаснага беларускага і агульначалавечага жыцця».

Нават сёння мы можам уразіцца, якая вялікая справа рабілася ў маладой беларускай рэспубліцы па адраджэнні нацыянальнай культуры.

У выставачным праекце «Ураджай друкаванага слова» прысутнічае больш за сотню экспанатаў са збораў музея Янкі Купалы і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Можна пазнаёміцца і з кнігамі-юбілярамі, з’яўленне якіх вітаў наш класік у пачатку 1923 года. Зразумела, прадстаўлены і гістарычны нумар часопіса «Полымя». 

— Сваім артыкулам на самым пачатку існавання часопіса Янка Купала заклаў традыцыі, якіх мы намагаемся прытрымлівацца і сёння, — сцвярджае галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп. — Гэта ўвага да беларускага друкаванага слова, да кніг, якія прадстаўляюць сучасную беларускую літаратуру, годнае адлюстраванне літаратурнага працэсу. 

Віктар Шніп перадаў музею снежаньскі нумар «Полымя» за мінулы год. Гэты спецыяльны выпуск быў прысвечаны 100-годдзю часопіса, ён утрымлівае шмат аўтэнтычных матэрыялаў і гістарычных даследванняў. 

Выстава прадоўжыцца да 1 красавіка.

Людміла ІВАНОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?