Вы тут

Любімую класіку «Белыя Росы» пакажуць на «Беларусь 3» 25 лютага


Самы касавы фільм беларускага кінематографа адзначае сёлета 40-годдзе. Ім некалі стала кінастужка рэжысёра Ігара Дабралюбава «Белыя Росы», якая ўбачыла свет у 1983 годзе. Тыды яе ў пракаце паглядзела больш за 36 мільёнаў гледачоў. Хоць пазней гэты рэкорд і пабіў фільм «Мяне клічуць Арлекіна», але ў сэрцах сваёй аўдыторыі кінаработа засталася на гады любімай класікай. Магчымасць зноў убачыць яе на сацыякультурным тэлеканале будзе 25 лютага.


Менавіта ў гэты дзень нарадзіўся ў 1912 годзе акцёр, педагог, народны артыст СССР Усевалад Санаеў, які ў згаданых намі «Белых Росах» зняўся ў галоўнай ролі. Увасоблены ім на экране вобраз бацькі сям'і Ходас... Увогуле сцэнарый для будучага фільма з'явіўся, калі Аляксей Дудараў напісаў сваю работу «Вёска» для конкурсу, які праводзіла кінастудыя «Беларусьфільм». Сцэнарый перамог, па ім адразу вырашылі здымць кіно. А рабіць тое даручылі Ігару Дабралюбаву, якога ўжо ведалі па фільмах «Расклад на паслязаўтра» і «Неверагодныя прыгоды Дзяніса Караблёва».

У якасці здымачных лакацый у кадр трапілі Гродна і адна з найбліжэйшых вёсак Дзевятоўка, а вось далёкаўсходнія сцэны давялося здымаць аж на адным з астравоў Курыльскай грады. Дарэчы, гісторыя з Белымі Росамі паўтарылася і з рэальным прататыпам вёскі — цяпер гэта адзін з мікрараёнаў горада. Пробы на галоўныя ролі былі працяглыя. Спачатку шукалі блізнят (менавіта такія героі значыліся ў сцэнарыі, прычым патрэбныя былі нават трайняты), але пошукі не далі выніку, таму зрабілі братоў проста пагодкамі. На ролю самага малодшага сына спрабаваліся Міхаіл Конанаў, Валерый Залатухін, Аляксандр Міхайлаў, а ў выніку Ваську сыграў Мікалай Карачанцаў. Ролі старэйшага і сярэдняга сыноў дасталіся Генадзю Гарбуку (Андрэй) і Міхаілу Какшэнаву (Аляксандр). Па-іншаму прапісалі і лёс Мішкі Кісяля (Станіслаў Садальскі): яго героя адправілі на залатыя прыіскі... Ролю ўнучкі Фядоса Галюні тады ўвасобіла на экране мінская школьніца Юлія Касмачова, якая потым яшчэ знялася ў шэрагу фільмаў такіх як «Трэці ў пятым радзе», «Тапінамбуры» і іншых. Але, на жаль, не засталася ў прафесіі і рана пайшла з жыцця.

У самім сюжэце кінастужкі ёсць усё: і драма, і гумар, і лірыка. Адметны рэжысёрскі прыём перадаваць ход падзей праз сны герояў. Сярод камічных здарэнняў, якія адбыліся падчас здымак, многім запомніўся выпадак, як «ратавалі» Мікалая Карачанцава з дрэва. Калі яго сцэны на буслянцы адзнялі, высветлілася, што спускацца акцёр баіцца, і тады на дапамогу здымачнай групе давялося выклікаць пажарнікаў. Таксама неяк актрыса Ірына Ягорава (сыграла жонку старэйшага брата Андрэя) успамінала, што менавіта Карачанцаў падчас здымак жартам назваў яе гераіню «кобрай». Дабралюбаў тое падхапіў, і так у сцэнарыі з'явілася раней не існаваўшая сцэна («Кобра твая яшчэ на курорце грэецца?»).

Высокі рэйтынг фільма ў пракаце сведчыць пра тое, што «Белыя Росы» спадабаліся шматлікай аўдыторыі. Ён нават быў адзначаны спецыяльным прызам на Усесаюзным кінафестывалі за найлепшы сцэнарый і за найлепшую акцёрскую работу (Усевалад Санаеў). А ў 1984 годзе паводле апытання «Савецкага экрана», фільм быў прызнаны найлепшай камедыяй года. А што да крытыкі, то, напрыклад, пра кінастужку часопіс «Спадарожнік кінагледача» адгукнуўся наступным чынам: «...У фільме Ігара Дабралюбава ёсць паэзія. Яна адчуваецца нават у бытавых камічных сітуацыях, якіх у карціне шмат. ...У апошніх кадрах чараду эпізодаў «паўсмешных, простанародных, «ідэальных» ахінае мудрасць дзеда Фядоса. Нечаканы экскурс у гісторыю выводзіць стужку на іншы, зусім не камедыйны ўзровень разваг пра жыццё. Мільгае думка пра сувязь часоў і пакаленняў, пра нябачныя ніці, што моцна звязваюць усіх беларусаў...».

Абавязкова пераглядзіце фільм, каб адчуць усю палітру жыцця, згадаць любімых акцёраў. Пасля, можа, і працяг захочацца паглядзець: ён выйшаў на экраны ў 2014 годзе пад назвай «Белыя Росы. Вяртанне».

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Рэгіёны

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Месца для працавітых і смелых.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.