Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Дарагое свята»


Дарагое свята

...Не так даўно, сабраўшыся разам, мы з сябрамі ўспаміналі мінулае — прыгоды сваёй маладосці. Вось толькі адна з іх — што называецца, з першых вуснаў:


Фота: pixabay.com

— За савецкім часам на прадпрыемстве, дзе я працаваў, штогод адзначалася прафесійнае свята — Дзень работнікаў аўтамабільнага транспарту: нас, кіроўцаў, рамонтнікаў, так званых ітээраўцаў збіралі на ўрачысты сход, з дакладам, з канцэртам...

Перад ім мы ў той раз узялі з хлопцамі па чарцы; у час яго мне ўручылі ганаровую грамату (і «пад яе» — неблагую прэмію)...

Факт, што пасля мерапрыемства мы надумалі ўсё абмыць: завіталі ў новую маладзёжную кавярню, выпілі за дарогі без калдобін, за язду без ДТЗ і г. д. і да т. п...

Ачомаўся я ў поўнай цемры: здалося — у кузаве «студэбекера». Стаў шукаць з яго выхад.

Урэшце абмацаў дзверы і з «кузава» вылез... Бачу — у нейкім памяшканні, вокны перада мной і яшчэ адны дзверы — у кухню. Там сталы стаяць, катлы блішчаць, халадзільнікі «стогнуць»... І раптам нешта як завішчыць! Сігналізацыя. А я дзяцінства ўспомніў, падумаў — сірэна, вайна, зараз немцы ўварвуцца і заб'юць мяне... Дык я ж проста так ім не здамся!

Бачу, на стале нажы ляжаць. Схапіў найбольшы — выскачыў у залу.

Бачу — там нехта ў форме... Але ў нашай! Стаіць, кліча мяне да сябе. Я дзяржаннем нажа па вітрыне (каб уцячы, калі што), і туды — у рукі... міліцыі.

...Распыталі хлопцы, хто я такі, ды адправілі, каб праспаўся.

Раніцай павялі да начальніка райаддзела. Добразычлівы такі палкоўнік! Я ўсё яму расказаў — пра свята наша і прэмію, пра кухню, «вайну». Ён пасмяяўся, пашкадаваў дурнога, але ж — закон ёсць закон — штрафу ўляпіў... На работу яшчэ паведаміў. А ўжо там...

Для разбору маіх «палётаў» людзей сабралі. Ужо ім давялося расказаць, дзе мы былі, што пілі і як сябры пра мяне ў прыбіральні забыліся (думалі, я дадому пайшоў)...

Сход паслухаў, пасмяяўся, паўшчуваў крыху і, напэўна, «паставіў бы на від» (абмежаваўся вымовай)... Але тут начальнік адзін узвіўся: гэта мала, маўляў! Так да яго нічога не дойдзе: будзе па-ранейшаму ў чарку глядзець, а не кніжкі чытаць»...

— Дык я ж, — кажу , — чытаю. І шмат. Можаце праверыць: у кабіне — томік Ясеніна ляжыць... Шмат вершаў на памяць ведаю!

— Хто? Ты? — не паверыў начальнік.

— Я.

— Ану прачытай!

Ну я ў вочы яму і выдаў:

— Что ж вы ругаетесь, дьяволы?

Иль я не сын страны?

Каждый из нас закладывал

За рюмку свои штаны...

Сход, бачу, у рогат, бо ў начальніка са штанамі яшчэ і не такія прыгоды былі (я проста не ведаў)!..

А ён — аж пасінеў ад злосці! Крычыць:

— Дык ты яшчэ і з падколкамі?! Звольніць прыдурка! На стары ГАЗон пасадзіць!

Бачу — дурныя жарты: з агнём гуляю! Давай казаць, што каюся, што ўсё зразумеў, што лішняй чаркі больш ніколі ў жыцці...

Неяк упрасіў: аб'явілі вымову, пазбавілі прэміі, трэсту сталовых і рэстаранаў заплаціў за пабітае шкло...

Карацей, у капейку ўляцела мне свята! Але ж на рабоце застаўся, нават на Дошцы гонару потым вісеў. Перавыхавалі!

Вось такая была гісторыя: чыстая праўда — ні кроплі выдумкі!

Васіль КАБАЧЭЎСКІ

г. Орша


Яблыкі з чужога саду

У нашых крамах чаго толькі няма: бананы, мандарыны, апельсіны, лімоны, памела, гранаты, авакада... Вочы разбягаюцца! Цяпер... Некалі ж, у маім дзяцінстве, нават летам кожны яблычак быў найвялікшым шчасцем! Бо ў вайну вёску спалілі немцы, а пасля яе сады ніхто не садзіў — падаткі бралі (ці ўсё-ткі дралі?) за кожнае дрэўца.

...Яблыні ў нас раслі пры доме Сямёнавых, бо фінагент, які там гарэлку піў, іх, што называецца, «у вочы не бачыў»! А значыць, гаспадарам і падаткі плаціць не трэба было: збірай ураджай ды еш. Некага пачаставаць? Ды божа барані! Сямёнавы не з тых людзей былі! Дарослыя ў іх за ўсё адпрацоўвалі, дзеці — нават самыя адчайныя — залезці ў сад баяліся, бо гаспадар і стрэльнуць мог!

У гэтай сям'і толькі начальства «ўважалі»: для яго — і дзверы насцеж, і самагоначка на стол, і закусь добрая...

А потым, глядзіш, Дуня на лягчэйшых работах (а то і наогул дома сядзіць), Грышка таксама не ў калгасе, не за палачкі спіну гне, а краму вартуе. Цэлымі днямі дома! І прытым жывую капейку мае, гаспадарку сваю даглядае, рыбку ловіць...

І ўсё б нічога: хочацца вам слугаваць ды падлашчвацца, без мыла ў душы лезці, дык калі ласка — ваша права. Але ж Дуні пры гэтым проста за шчасце было разлад у нейкую хату ўкінуць (у нас казалі «гальнік»...), плётак наплесці, суседзяў перасварыць, чалавека пакрыўдзіць — ні за што ні пра што... І нават ужо пакрыўджанага!

Такіх у нас шмат было, але ж Барыс...

Бацька яго прапаў без вестак, маці вайной памерла. Хлопчык-сірата працаваў у калгасе, але ж якія там былі заробкі... Добра, вяскоўцы шкадавалі, стараліся хоць нечым падкарміць.

А найчасцей Барыс прыходзіў да нас — сябраваў з маім братам Колем, мяне, малую, прымаў за сястрычку...

Адна Дуня яго чамусь неўзлюбіла — гразіліся ў турму ўпячы. І, напэўна, змагла б, але ж... Не паспела.

Да сёння перад вачыма: прачынаюся позна вечарам (Барыс пабудзіў), а ў мяне на ложку... яблыкі — прыгожыя, пахкія, шмат... Думаю: божухна, адкуль?!

А Барыс і кажа: «Мяне ў войска забіраюць... Можа, болей не ўбачымся... Але ж ты запомніш мяне?.. І Дунька запомніць. Я ведаеш што зрабіў? Патупаў пад іхнімі вокнамі, яна тут жа з хаты — сад сцерагчы. А я ззаду да яе падскочыў, спадніцу на галаву надзеў і шнурком завязаў! Сама — ні за што не развяжа!.. А раніцай Грышка з работы вернецца — не паверыць, што спадніцу проста так завязалі — яшчэ і кухталёў надае...

Тут мо трэба сказаць, што тады спадніцы ў нас шылі з корту, з так званай чортавай скуры — тоўстай баваўнянай тканіны; што на таліі яны трымаліся з дапамогай моцных (не парваць!) канапляных шнуркоў, і калі такі самы шнурок завязаць на галаве, то...

Зведала Дуня страху, паплацілася за ўсе свае грахі! У вёсцы потым казалі: «Малайчына Барыс! Так ёй і трэба! За ўсіх адпомсціў!».

...Мая сястра Жэня (мы таксама раслі без бацькоў), магчыма, хоць трохі яму аддзякавала: сабрала ссабойку — хлеба дала, трохі сала.

А пра яблыкі Барыс паклапаціўся сам і на гэтым развітаўся: пайшоў на станцыю. Што крыўдна — пайшоў назусім, бо мы яго больш не ўбачылі.

...З той «яблычнай» ночы прайшло-праляцела сем дзесяцігоддзяў. За гэты час я пакаштавала шмат заморскіх фруктаў, але па смаку ніводзін з іх (і ніколі!) не зраўнуецца з медуніцамі, з яблыкамі, якія прынёс Барыс — з Грышкавага саду.

Любоў ЧЫГРЫНАВА

г. Мінск


Сабака быў не дурны...

Нішто, на мой погляд, не спрыяе нашай маладосці і бадзёрасці больш, чым шчырыя сяброўскія зносіны, чым магчымасць праявіць, паказаць сябе.

У гэтым даўно пераканаліся ўдзельнікі нашага клуба «Праметэй». Спачатку, сабраўшыся разам, яны проста размаўлялі, бавілі час: абменьваліся рэцэптамі, выкрайкамі сукенак, потым — заспявалі ў вакальных гуртах «Рэтра», «Сяброўкі», ансамблі «Рытмы сэрца», сталі танцаваць у групе «Бабулькі», іграць у тэатры пародый «Антыстрэс» — выступаць з канцэртамі. А ў час сустрэч ды рэпетыцый — ну вядома ж, нешта ўспамінаць.

Цяпер — толькі адна гісторыя — ад гарманіста. У яго ў ванным пакоі сапсаваўся кран. Іншы гаспадар выклікаў бы сантэхніка, а Павел Паўлавіч успомніў, што мае добрага прыяцеля, што ў мінулым ён — інжынер-механік ды і наогул — чалавек рукасты... Даўно не бачыліся... Пазваніў, «абмаляваў праблему», папрасіў зайсці.

Потым у агавораны час адчыніў чалавеку дзверы, запрасіў у кватэру (следам зайшоў досыць брудны, калматы сабака). Мужчыны павіталіся, трохі пагаварылі. Госць узяўся за справу, гаспадар стаў нешта збіраць на стол.

Сабака дзіўна сябе паводзіў: абышоў, абнюхаў куткі ў кватэры, зачапіўся за провад і скінуў з падаконніка лямпу, выпрасіў колькі кавалкаў каўбасы, заскочыў на канапу... А ўжо як бруднымі лапамі стаў таптацца па любімай падушцы, гаспадар не вытрымаў: прагнаў у калідор, а заадно ў госця спытаў:

— Што ты сабаку свайго распусціў?! Дурны, як да года...

Прыяцель сумеўся:

— З чаго ты ўзяў, што гэта мой сабака?

— А чый жа?

— Я першы раз яго бачу!

— Як першы? Ты ж яго з сабою прывёў!

— Не! Я адзін прыйшоў... Ён сядзеў у цябе пад дзвярыма... Я падумаў, што гэта твой.

...Як аказалася, сабака быў нічыйны, недагледжаны, бедны, але ж — гэта факт — не дурны: пагрэўся-пагасціў у чужой кватэры, трохі падсілкаваўся, людзей пасмяшыў... А пасля можна ж і назад, на вуліцу.

Альвіна ЧАЙКОЎСКАЯ

г. Гомель

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.