Ахова навакольнага асяроддзя і клопат пра захаванне прыроды — адна з прыярытэтных дзяржаўных задач, таму асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць выкананню Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі ў экалагічнай сферы. Неабходна таксама больш эфектыўна і якасна выкарыстоўваць нетры, а ва ўмовах клімату, які мяняецца, — захоўваць водныя рэсурсы. Пра задачы і дасягненні галіны, а таксама праблемныя пытанні прыродаахоўнай сферы на выніковай калегіі ведамства расказаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык.
Хоць леташні год быў няпросты, аднак амаль па ўсіх напрамках работы Мінпрыроды ёсць станоўчыя вынікі. Дзейнасць ведамства летась была скіравана на выкананне Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі ў экалагічнай сферы, міжнародных абавязкаў, а таксама на рэалізацыю мерапрыемстваў дзяржпраграмы «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» на 2021—2025 гады, адзначыў міністр:
— Для ўдасканалення заканадаўства ў галіне аховы наваколля ў 2022-м было прынята 85 нарматыўных прававых актаў, у тым ліку два ўказы Прэзідэнта, пяць законаў, 11 пастаноў Саўміна і 67 пастаноў Мінпрыроды. Падрыхтаваны і перададзены ў распрацоўку 54 радовішчы (іх часткі) карысных выкапняў. Рэкультывавана 208 унутрыгаспадарчых кар'ераў на плошчы 201,24 гектара. Праведзена 13 відаў маніторынгу наваколля, у тым ліку распачаты работы па комплексным маніторынгу тарфянікаў.
Дасягнуты вызначаныя значэнні чатырох зводных мэтавых паказчыкаў дзяржпраграмы. Рэсурсы нафты прыраслі на 678 тысяч тон (271,2 % ад плана). Выкіды парніковых газаў зменшыліся да ўзроўню 1990 года на 32 % (100 % ад плана). Суб'екты гаспадарання летась выканалі мерапрыемствы па ахове атмасфернага паветра, якія дазволяць скараціць выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу на 5,35 тысячы тон у год, удакладніў міністр. Спраўджвальнасць кароткатэрміновых прагнозаў надвор'я па абласных цэнтрах дасягнула 95,6 % (на 3 % вышэй запланаванага). Удзельная вага плошчы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый у агульнай плошчы краіны дасягнула 9,1 % (100 % ад плана) і цяпер складае 1,9 мільёна гектараў.
Летась эксперты прыроднай галіны займаліся таксама ўдасканаленнем заканадаўства ў дачыненні да аховы навакольнага асяроддзя. У Палаце прадстаўнікоў цяпер знаходзяцца тры падрыхтаваныя да разгляду праекты, распачата работа па падрыхтоўцы канцэпцыі Экалагічнага кодэкса.
Адзін з прыярытэтных кірункаў работы міністэрства сёлета — мерапрыемствы па павышэнні эфектыўнасці выкарыстання нетраў на якасным узроўні. Мяркуецца ўдасканаліць і распрацаваць тэхналогіі абагачэння шэрагу карысных выкапняў, такіх як бентанітавыя і тугаплаўкія гліны, мел, каалін, кварцавыя пяскі, паведаміў кіраўнік прыродаахоўнага ведамства:
— Плануецца правесці разведку базальтаў радовішча Навадворскае, а таксама ўнесці ва ўрад падрыхтаваныя тэхніка-эканамічныя абгрунтаванні распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў з адпаведнымі прапановамі для прыняцця рашэнняў аб іх прамысловым асваенні.
На асаблівым кантролі ў Мінпрыроды сёлета паабяцалі трымаць работу па захаванні водных рэсурсаў ва ўмовах клімату, які мяняецца. Міжведамаснай рабочай групай ужо выпрацаваны комплексныя прапановы для фарміравання мерапрыемстваў на гэты год, у тым ліку першачарговых і сярэднетэрміновых.
Работы па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні тэрыторыі і барацьбе з інвазійнымі раслінамі трэба ўзняць на іншы ўзровень, падкрэсліў міністр:
— Сістэмнай якаснай работы патрабуюць і кірункі работы па абыходжанні з адходамі, скарачэнні выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра, памяншэнні аб'ёмаў скіду недастаткова ачышчаных сцёкавых вод у паверхневыя аб'екты. Яшчэ адзін важны момант — правядзенне тлумачальнай работы з насельніцтвам.
Кантрольную дзейнасць трэба скіраваць на выкараненне фактаў безгаспадарчасці, паколькі цяпер меры адміністрацыйнага ўздзеяння прымяняюцца толькі да асоб, якія рэгулярна дапускаюць парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства і ігнаруюць прафілактычныя і папераджальныя меры, дадаў Андрэй Худык:
— Па выніках 2022-га, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута тры тысячы вінаватых на агульную суму звыш за 2,75 мільёна рублёў. А шкода, нанесеная наваколлю, ацэньваецца ў больш як 9 мільёнаў. Каля паловы правапарушэнняў датычныя невытрымлівання заканадаўства ў сферы абыходжання з адходамі.
Падводзячы вынікі мінулагодняй работы, кіраўнік ведамства расказаў, што спецыялістамі распрацавана 30 ахоўных дакументаў (пашпарты і ахоўныя абавязацельствы) на месцах росту дзікарослых раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, а таксама 11 планаў дзеянняў па захаванні відаў раслін і грыбоў, занесеных у гэтую ж кнігу. Пад ахову карыстальнікам перададзена 780 месцаў пражывання дзікіх жывёл і месцаў росту дзікарослых раслін, якія адносяцца да відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.
Колькасць азялененых тэрыторый у гарадах і райцэнтрах летась павялічылася на 2244 гектары, а ўзровень азелянення ў 40 % дасягнуты ў 129 гарадах і райцэнтрах. Плошчай азелянення тэрыторыі драўнінна-кустовай расліннасцю могуць пахваліцца 112 гарадоў і райцэнтраў. Усяго ў краіне за 2022-гі з'явілася 595,5 тысячы дрэў і 531,8 тысячы кустоў, а ад баршчэўніку Сасноўскага вызвалілася 5925,7 гектара.
Леанід Заяц, намеснік прэм'ер- міністра, які прысутнічаў на калегіі, нагадаў аб хуткім надыходзе веснавога сезона, які прынясе з сабой класічныя праблемы: сельскагаспадарчыя палы і несанкцыянаваныя звалкі, з якімі трэба не проста змагацца і ўстараняць наступствы іх існавання, а папярэджваць з'яўленне загадзя.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
Прадухіліць і дапамагчы.
Лета — спрыяльны час, каб звазіць дзіця на канікулах адпачыць.
Тут спяваюць на «жаўруковай мове».