Вы тут

Маляваныя дываны — традыцыйная пісьменнасць беларусаў


Родная мова бывае розная. Гэта і літары, складзеныя ў пэўным парадку ў алфавіт, а можа быць і мова мастацтва, з дапамогай якой людзі камунікуюць між сабой, перадаюць веды і ўяўленні. Выстаўка «Маляваныя гісторыі» ў мастацкай галерэі «Цэнтр» апавядае пра адзін з такіх сродкаў сувязі пакаленняў. 


Алена Кіш. «Ліст да каханага».

Свой «разэцкі» камень 

Забытай і наноў знойдзенай пісьменнасцю беларускай нацыі смела можна назваць маляваныя дываны. Нягледзячы на актыўныя працэсы адраджэння цікавасці да гісторыі маляванага дывана, многія беларусы ўсё яшчэ не ведаюць альбо не помняць аб такой надзвычайнай старонцы народнай побытавай культуры. 

Маляваныя дываны — традыцыйная народная размалёўка на палатне. Малюнак можа быць нанесены на тканіну, паперу альбо цырат. Доўгі час пасля з’яўлення і пашырэння (гаворка ідзе пра канец ХІХ — 20–30-я гады ХХ ст.) дываны заставаліся па-за ўвагай мастацтвазнаўцаў, таму што прызначаліся для ўпрыгожвання звычайных хат, дзе людзі рэдка разумелі каштоўнасць прадмета. 

Адной з прычын такога стаўлення можа быць сам працэс вырабу маляванага дывана. Знешне яны маюць падабенства з традыцыйнымі тканымі ці вышытымі, але з’яўляюцца больш таннымі аналагамі. Традыцыйна выкарыстоўваліся два даматканыя палотны і фарбы, якія меліся ў кожнай хаце. Лёгкасць стварэння і нізкая працаёмкасць таксама спрыялі шырокаму распаўсюджванню размалёвак. 

Неадназначна ўсё ў гэтай гісторыі і з постацямі аўтараў. Звычайна стваральнікі дываноў не мелі спецыяльнай адукацыі, не з’яўляліся заможнымі людзьмі і ўспрымалі свой занятак як працу, а не творчасць. Напрыклад, Алена Кіш, адна з самых вядомых аўтарак маляваных дываноў, займалася гэтым рамяством за кавалак хлеба. Пакінутая сям’ёй жанчына хадзіла ад вёскі да вёскі ў пошуках працы. 

Унутраная крыптаграфія 

Таемныя шыфры і страчаныя коды дываноў працягваюць адкрывацца з дапамогай даследчыкаў, мастацтвазнаўцаў і народных майстроў. Спробай разгадаць сакрэт прываблівасці і магнетызму маляваных дываноў стала выстаўка «Маляваныя гісторыі». У галерэі «Цэнтр» прадстаўлены сінтэз сучаснасці і мінулага. Вырабы сённяшніх мастакоў і экспанаты з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі суседнічаюць. 

Вольга Пілецкая, адна з удзельніц выстаўкі, родам з Клецка, народная майстрыца Беларусі. Неаднаразова выязджала ў этнаграфічныя экспедыцыі, падчас якіх збірала аб’екты народнай культуры, што яшчэ захаваліся ў вёсках і маленькіх гарадах. У стварэнні маляваных дываноў для мастачкі вельмі важна захаваць і ўзнавіць традыцыйныя і аўтэнтычныя падыходы: тэхналогію, лакальнасць плям, чыстыя колеры, стылізацыю, характэрных персанажаў. 

З 2019 года папулярызацыяй беларускага рамяства займаецца мастачка Ірына Князева. Кампазіцыйна і стылістычна маляваныя дываны аўтаркі адрозніваюцца ад традыцыйных. Творца аддае перавагу раслінным матывам і арнаменту, актыўна звяртаецца да сучасных беларускіх сюжэтаў. Так, на адным з дываноў можна пабачыць Васіля Быкава, які старанна «вяслуе да Вясёлкі». 

Аднак творы нашых сучасніц значна і грунтоўна адрозніваюцца ад музейных экспанатаў. Гаворка тут далёка не пра стан дываноў альбо матывы выяў. Адметнасць хаваецца не ў самім вырабе, а ў яго месцазнаходжанні. 

Варта згадаць, для каго і кім ствараліся палотны. Мастакі-самавучкі дзяліліся сваімі ідэалістычнымі поглядамі на свет з гаспадарамі. У чым жа такая асаблівая радасць ад назірання за дыванамі? У светлым жывапісе на цёмным палатне, выявах, якія дыхаюць сонечным святлом і марамі аб выраі. Аб беларускім выраі. 

Нібыта сама прырода мастацкага твора супраць яго музеефікацыі. То-бок, размяшчэнне маляваных дываноў у музейнай прасторы альбо экспазіцыі выстаўкі спрыяе пашырэнню іх вядомасці, дапамагае ўвесці з’яву ў культурнае асяроддзе, аднак мае пэўныя недахопы, якія цяжка выправіць з дапамогай сучасных мастацкіх метадаў. 

Усё чараўніцтва, схаванае ў фарбах і тканіне, у трагічным альбо цяжкім лёсе большасці майстроў маляванага дывана, знікае, трапіўшы ў прастору галерэі. Хоць часам беларусам і неабходна прыйсці ў музей і паглядзець на саміх сябе, на свой унутраны свет. 

Яна ЦЭГЛА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.