Вы тут

Расійскія археолагі адкапалі дакумент аб найстаражытнейшай шлюбнай аферы


Аказваецца, раней у Еўропе жылі панды

На паўночным захадзе Балгарыі знайшлі скамянелыя зубы старажытнай панды. Гіганцкія панды не заўсёды жылі толькі ў Кітаі і не заўжды любілі бамбук. Пра гэта сведчыць даследаванне, апублікаванае ў Journal of Vertebrate Paleontology.


Знаходка дазваляе выказаць здагадку, што гэтыя мілыя мядзведзі калісьці блукалі па Еўропе, дзе елі значна мякчэйшыя расліны, чым іх сучасныя сваякі.

Па словах навукоўцаў, балгарскія панды належаць не да прамога продка сённяшніх гіганцкіх пандаў, а да іх блізкага сваяка, які жыў прыкладна 6 мільёнаў гадоў таму на ўсходняй ускраіне Еўропы. Эксперты кажуць, што гэты від быў прыкладна такога ж памеру ці крыху меншага, чым сучасныя панды. Мяркуючы па матэрыяле, у якім былі знойдзены закамянеласці, старажытная панда, верагодна, жыла ў забалочаным лесе і сілкавалася расліннасцю.


Памерам з вейка

Знойдзена самая буйная бактэрыя

Навукоўцы заявілі аб адкрыцці гіганцкай бактэрыі. Яна даўжынёй з вейка і такога мы не бачылі раней. Як паведамляе Scіence Alert, гіганцкая бактэрыя была знойдзена ў мангравых балотах на Карыбах.

Гэты від бактэрый Thіomargarіta magnіfіca. Яна ў 5000 разоў буйнейшая за большасць бактэрый і ў 50 раз буйнейшая за ўсе іншыя вядомыя гіганцкія бактэрыі.

Як паведамляецца, сантыметровая T. magnіfіca была знойдзена на адным з пышных зялёных астравоў Гвадэлупы яшчэ ў 2009 годзе. Тады прафесар марской біялогіі Аліўе Грос шукаў бактэрыі, якія выкарыстоўвалі серу для выпрацоўкі энергіі. Аднак ён убачыў нешта вельмі дзіўнае, калі перакуліў узор балотнай вады ў кубак Петры. Над лісцем і брудам плылі тонкія, падобныя на вермішэль, ніткі, бачныя няўзброеным вокам.

З тых часоў незвычайны арганізм даследавалі з дапамогай флуарэсцэнцыі, рэнтгенаўскіх прамянёў, электроннай мікраскапіі і секвеніравання геному, каб навукоўцы маглі пацвердзіць, што гэта насамрэч гіганцкая аднаклетачная бактэрыя. Так, стала вядома, што T. magnіfіca мае ўнутраныя мембраны для захоўвання ДНК і рыбасом у адрозненне ад іншых бактэрый. Яшчэ адна асаблівасць большасці бактэрый заключаецца ў тым, што яны павінны падвойвацца ў аб'ёме, каб падзяліцца напалову для размнажэння. Знойдзеная ж T. magnіfіca проста аддзяляе невялікую частку сябе, каб стварыць даччыную клетку.


І навошта, Нуменій, ты Філумену падмануў?

Адкапалі дакумент аб найстаражытнейшай шлюбнай аферы

Расійскія археолагі з Цэнтра егіпталагічных даследаванняў РАН (ЦЕД РАН) падчас раскопак на адным са старажытных пахаванняў у Егіпце выявілі папірус, у тэксце якога расказана пра шлюбную аферу, якая адбылася больш за 2 тысячы гадоў таму, — у ІІІ стагоддзі да нашай эры. Гэта скарга ашуканай нявесты Філумены цару Пталамею з просьбай пакараць Нуменія, які абяцаў з ёй ажаніцца. Як сказана ў тэксце, мужчына замест вяселля проста прысвоіў сабе пасаг былой каханай. Гэта першая вядомая вучоным петыцыя аб невыкананні абавязацельства аб шлюбе.

Рукапіс знайшлі ў некропалі Дэйр эль-Банат у Фаюмскім аазісе, дзе спецыялісты з Расіі вядуць раскопкі пад кіраўніцтвам дырэктара ЦЕД РАН Галіны Бяловай. Пастаянныя даследаванні праходзяць па канцэсіі ад міністэрства егіпецкіх старажытнасцяў арабскай краіны з 2004 года. Навукоўцы працуюць пры фінансавай падтрымцы кампаніі «Растэх».

Як распавялі даследчыкі, у Фаюмскім аазісе праводзілі пахаванні людзей з ІV стагоддзя да нашай эры да часоў візантыйскага Егіпта (ІV—VІІ стагоддзяў нашай эры). «Старажытныя егіпцяне хавалі муміі з рытуальнымі ўпрыгожваннямі. Па іх уяўленнях, гэта дапамагала заняць выгаднае становішча ў замагільным свеце. Аднак далёка не ўсе маглі дазволіць сабе каштоўнасці, таму майстры часта замянялі дарагія матэрыялы таннейшымі. Напрыклад, рабілі аналаг караляў са спрасаваных кавалкаў папірусу, які выкарыстоўваўся ў якасці пісчай паперы», — распавяла «Известиям» папіролаг, навуковы супрацоўнік ЦЕД РАН Алена Чэпель.

У якасці зыходнага матэрыялу для ўпрыгожванняў старажытны манускрыпт з гісторыяй Філумены трапіў у грабніцу і захаваўся да нашых дзён. Археолагам удалося аддзяліць папірус ад караляў, знойдзеных побач з муміяй, і прачытаць тэкст.


Аўтаробат для прадпрыемстваў

Ён забяспечыць кантроль навакольнага асяроддзя

Інжынеры Санкт-Пецярбургскага політэхнічнага ўніверсітэта Пятра Вялікага распрацавалі перасоўную прыладу для маніторынгу экалагічных паказчыкаў на прамысловых прадпрыемствах.

Гэта малагабарытная мадэль аўтамабіля памерам 40 на 25 сантыметраў. Прылада робіць замеры стану асяроддзя з дапамогай устаноўленых на яе датчыкаў тэмпературы, вільготнасці, запыленасці, узроўню шуму і канцэнтрацыі небяспечных газаў. Машына прызначана для работы на вытворчых плошчах памерам да 300 квадратных метраў. Убудаваныя камеры дазваляюць аўтамабілю рабіць 2D-карту памяшкання, якая дапамагае яму арыентавацца і прытрымлівацца патрэбнага маршруту.

Згодна з Законам «Аб ахове навакольнага асяроддзя», усе прадпрыемствы павінны праводзіць экалагічны маніторынг, каб гарантаваць бяспеку людзей і прыроды.

Цяпер, каб сабраць даныя аб параметрах асяроддзя, супрацоўнік прадпрыемства вымушаны перамяшчацца па прамысловым аб'екце з вялікім наборам абсталявання і рабіць замеры ў пэўных пунктах. Малагабарытная мадэль робіць гэта аўтаматычна з неабходнай частатой. Маршрут прылады можна запраграмаваць, каб датчыкі спрацоўвалі ў строга вызначаных пунктах, але машына можа і аўтаматычна пракласці сабе маршрут: яна навучана вылічаць аптымальны шлях, каб цалкам абследаваць памяшканне.


Людзі сталі гатаваць ежу на агні значна раней, чым лічылася

Яны пачалі выкарыстоўваць агонь для яе прыгатавання на сотні тысяч гадоў раней, чым меркавалася да гэтага часу. Да такой высновы прыйшла міжнародная група даследчыкаў на чале з ізраільскімі экспертамі, якія знайшлі на поўначы Ізраіля астанкі рыбы, з'едзенай 780 тысяч гадоў таму, паведаміла «Бі-бі-сі».

Паводле сведчанняў, якія былі ў распараджэнні гісторыкаў да гэтага часу, гатаваць на агні людзі пачалі прыкладна з 170 000 гадоў да нашай эры. Аднак новыя высновы ў корані мяняюць уяўленні аб жыцці першабытных людзей.

Астанкі двухметровай рыбы, падобнай на карпа, знойдзены падчас археалагічных раскопак на беразе ракі Іардан, прыкладна за 14 кіламетраў ад Тыверыядскага возера (у Ізраілі яно вядома як возера Кінерэт). Зубы рыбы добра захаваліся, і па крышталях на іх эмалі навукоўцы ўстанавілі, што яна не падвяргалася прамому ўздзеянню агню, але гатавалася пры ніжэйшай тэмпературы.

Пераход чалавецтва ад ужывання сырой ежы да прыгатаванай — адзін з найважнейшых этапаў яго развіцця, упэўнены навукоўцы. «Здабыццё навыку, неабходнага для гатавання ежы, азначае сабой значны эвалюцыйны скачок, бо людзі атрымалі дадатковы спосаб аптымальна выкарыстоўваць харчовыя запасы», — пракаментавала Наама Горан-Інбар з Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме, кіраўнік раскопак.

У экспедыцыі таксама бралі ўдзел археолагі з Брытаніі і Германіі. «Магчыма нават, што гатаванне ежы не абмяжоўвалася рыбай, а таксама ўключала розныя віды жывёл і раслін», — лічыць яна. У старажытнасці на месцы раскопак знаходзілася возера Хула, у якім вадзілася шмат рыбы. У 1950-х гадах яго асушылі ў рамках барацьбы з малярыйнымі камарамі. Іншыя археалагічныя сведчанні, знойдзеныя на гэтым жа месцы, сведчаць пра тое, што на працягу дзясяткаў тысяч гадоў берагі возера засялялі плямёны паляўнічых і збіральнікаў. Даследчыкі, якія знайшлі рыбу, лічаць, што па размяшчэнні такіх прэснаводных вадаёмаў, як Хула і іншыя, можна скласці маршрут міграцыі першабытных людзей з Афрыкі ў Левант і далей.

Апошнія навуковыя высновы былі атрыманы ў выніку сумеснага даследавання з удзелам вучоных з ізраільскіх, брытанскіх і нямецкіх інстытутаў.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».