Вы тут

Музеі на тэрыторыі былога бернардзінскага манастыра


У самым сэрцы сталіцы, зусім побач адзін з адным размешчаны тры цікавыя музеі: археалагічны музей «Верхні горад», «Мінская конка» і экспазіцыя «Карэтная». Адметна, што ўсе тры аб’екты пабудаваны на тэрыторыі былога бернардзінскага манастыра, а яшчэ яны ўваходзяць у склад Музея гісторыі горада Мінска.


Кожны з музеяў цікавы па-свойму. Напрыклад, археалагічны быў пабудаваны над археалагічным раскопам гаспадарчых пабудоў бернардзінскага манастыра ў 2007-2008 гг. У яго экспазіцыі прадстаўлена каля паўтары тысячы прадметаў, сярод якіх касцяныя грабенчыкі, жалезныя наканечнікі стрэл і копій, ключы, замкі, ўпрыгажэнні X — ХІХ ст.ст. і скураны абутак. Таксама тут ёсць сюжэтныя інсталяцыі, з дапамогай якіх можна зазірнуць у келлю да манахаў-бернардзіцаў і ў манастыр часоў вайны 1812 года. А яшчэ ў Археалагічным музеі ёсць сучасныя мультымедыйныя тэхналогіі такія, як інтэрактыўная кніга «Летапіс Мінска», гульнявы модуль «калодзеж часу», вітрына-піраміда з 3D-праекцыяй, зона для музейных заняткаў «кабінет археалогіі», гульня «куфар з скарбамі» і зона для маленькага мастака-рэстаўратара.

Зусім побач з Археалагічным музеем размяшчаецца экспазіцыя «Карэтная». Тэматыка выставы — гісторыя гужавога транспарту ў Мінску. Тут наведвальнікі могуць азнаёміцца з аўтэнтычнымі сродкамі перамяшчэння, убачыць сваімі вачыма конскую вупраж. У гэтай экспазіцыі таксама прымяняюцца сучасныя тэхналогіі. Тут ёсць інтэрактыўны інфакіёск, які паведамляе наведвальнікам гістарычныя даведкі аб розных аб’ектах. 

Крыху воддаль ад двух апісаных музейных аб’ектаў размяшчаецца «Мінская конка». Тут наведвальнікі могуць убачыць рэканструкцыю коннага вагона ў маштабе 1:1, а таксама фрагмент інтэр’еру канторы ў раздзеле «Упраўленне Мінскай коннай чыгункі». Дарэчы, там прадстаўлены вельмі рэдкі нават для таго часу прадмет — друкаваная машынка «Міньон». Арганічна экспазіцыю дапаўняюць сучасныя тэхналогіі. А менавіта электронная гульня-квэст «Маршруты Мінскай конкі». Цікава, што пасля яе праходжання на e-mail прыходзіць пасведчанне фурмана Мінскай конкі альбо сведчанне наведвальніка экспазіцыі.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.