Вы тут

У Акадэміі МУС адбыўся Дзень адкрытых дзвярэй


Каб бліжэй пазнаёміцца з дзейнасцю органаў унутраных спраў, у галоўную міліцэйскую ўстанову прыехалі абітурыенты з розных рэгіёнаў краіны. Прычым прыязджалі сем’ямі, класамі і з сябрамі.


На адкрытай пляцоўцы міліцэйскай альма-матэр свае экспазіцыі гасцям прадэманстравалі Дзяржаўтаінспекцыя, АМАП, Следчы камітэт, Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. З першых вуснаў можна было даведацца аб нюансах прафесіі, пераканацца, наколькі тое ці іншае падраздзяленне абсталявана сучаснай тэхнікай.

Свае прэзентацыі падрыхтавалі і кафедры акадэміі. Працавалі пункты дактыласкапіі, фіксацыі слядоў злачынства, складання фотаробата, выстава ўзбраення і спецыяльных сродкаў. Вялікай увагай карыстаўся стэнд форменнага абмундзіравання супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

У актавай зале госці прагледзелі відэаролікі аб факультэтах акадэміі. Выпускнікоў, якія мараць паступіць у міліцэйскую альма-матэр, іх бацькоў і педагогаў прывітаў кіраўнік установы адукацыі генерал-маёр міліцыі Аляксандр Васільеў. 

— Уступная кампанія цяпер у самым разгары, абітурыентаў і іх бацькоў застаецца ўсё менш часу, каб зрабіць выбар, — адзначыў кіраўнік Акадэміі МУС. — Асаблівую ўвагу мы сёння ўдзялілі навінам уступнай кампаніі 2023 года. Гэта датычыцца арганізацыі залічэння ва ўстановы вышэйшай адукацыі МУС на аснове агульнага конкурсу. Для яго правядзення на базе Акадэміі МУС створана міжвузаўская прыёмная камісія. Агульны конкурс дае значныя перавагі абітурыентам, бо ў сваёй заяве на паступленне яны могуць указваць адначасова абедзве ведамасныя ўстановы адукацыі. Калі абітурыент не набраў, скажам, дастатковай колькасці балаў для залічэння на ўказаную ім спецыяльнасць у акадэмію, ён зможа працягваць удзел у конкурсе ў інстытут.

Як адзначыў Аляксандр Васільеў, дні адкрытых дзвярэй дапамагаюць моладзі зрабіць усвядомлены выбар сваёй будучай прафесіі, а бацькам пераканацца ў якасці ведамаснай адукацыі, пазнаёміцца з матэрыяльна-тэхнічнай базай акадэміі, задаць пытанні.

Прадстаўнікі прыёмнай камісіі расказалі аб магчымасцях ВНУ, моцным прафесарска-выкладчыцкім складзе і ў цэлым аб прафесіі супрацоўніка правапарадку. Пасля былі традыцыйныя пытанні з залы, і размова адбылася ўжо ў рэжыме дыялогу. Завяршыўся дзень адкрытых дзвярэй традыцыйнай экскурсіяй па ВНУ.

Ілья Аляксандраў прыехаў з Гомеля. Малады чалавек вучыцца ў адзінаццатым класе СШ № 15. «Хачу бліжэй пазнаёміцца з прафесіяй, — расказаў ён. — Я абраў для сябе эканамічнае права, мару працаваць у падраздзяленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі».

Дзмітрый Шамра з Петрыкава распавёў, што вучыцца ў выпускным класе СШ № 1. З прафесіяй малады чалавек вызначыўся. «Сёння прыехаў пазнаёміцца з Акадэміяй МУС бліжэй, — удакладніў ён. — Аб будучай прафесіі задумаўся яшчэ ў 7 класе, але я быў падлеткам, таму адклаў гэтае рашэнне. А ў 9 класе зразумеў, што гэта перспектыўная праца, а абарона Радзімы — гэта наогул галоўнае. Цяпер рыхтуюся да выпрабаванняў, падцягваю фізічную форму, шмат займаюся вучобай. Дарэчы, мой сябар таксама будзе паступаць у акадэмію».

Паліна Засадыч, 10-класніца салігорскай сярэдняй школы № 14, не першы раз наведвае дні адкрытых дзвярэй. «З факультэтам я пакуль яшчэ не вызначылася, але пра працу праваахоўнікаў чула, — заўважыла школьніца. — Мяне зацікавіла праца ўчастковых інспектараў міліцыі. Ведаю, што будзе складана, але гатова да цяжкасцяў. Цяпер галоўнае падрыхтавацца да іспытаў, і атрымаць высокія балы».

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Акадэміі МУС

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.