Вы тут

Ратавальнікі і курсанты завіталі да жыхароў Барысаўшчыны з прафілактычнай місіяй


Бяспечныя ўмовы ў хаце — тое, ад чаго залежыць шчаслівае жыццё. Як не дапусціць вогненнай бяды, якія правілы неабходна выконваць і якія карысныя звычкі варта выпрацаваць кожнаму гаспадару, падчас правядзення комплекснай прафілактычнай акцыі ў Барысаўскім раёне расказалі супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і курсанты Універсітэта грамадзянскай абароны МНС. Прадстаўнікі ведамства сумесна з членамі назіральнай камісіі абследавалі домаўладання і кватэры на тэрыторыі ЖЭУ-4 у раённым цэнтры і населеных пунктах.


З пачатку года ў Барысаўскім раёне ад пажараў загінулі два чалавекі. У мінулым годзе ў раёне адбылося 119 вогненных здарэнняў, ад якіх загінула 16 чалавек, з іх — двое дзяцей. Палова пажараў адбылася па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём — у выніку загінула 11 чалавек. 

Перад тым, як усе ўдзельнікі акцыі падзяліліся на групы і адправіліся па загадзя распрацаваных маршрутах, курсантаў універсітэта праінфармаваў аб аператыўнай абстаноўцы ў вобласці і накіраваў на працу першы намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Уладзімір Янчык.

— З пачатку года ахвярамі агню на Міншчыне ўжо сталі 22 чалавекі, адбылося 176 пажараў, — адзначыў ён. — Тая праца, якую мы робім разам з вамі, — гэта ўнёсак у бяспечнае заўтра. Заходзячы ў дом, звяртайце ўвагу на ўвесь спектр рызык, якія могуць паўплываць на бяспеку людзей. Рашэннем Мінскага аблвыканкама вызначаны алгарытм інфармавання суб’ектаў прафілактыкі для максімальна аператыўнага ўплыву на выяўленыя недахопы ў галіне бяспекі, дасягнення рэальнай іх ліквідацыі ва ўзаемадзеянні з зацікаўленымі службамі. Выбудоўвайце з грамадзянамі максімальна «жывы» дыялог. Тлумачыце правілы, невыкананне якіх можа прывесці да пажару ці трагедыі, спыніцеся і на пытаннях бяспекі на вадзе. У Брэсцкай вобласці пад лёд праваліліся і патанулі двое дзяцей. Асаблівую ўвагу звярніце на састарэлых грамадзян, умовы іх пражывання, бацькам нагадайце аб недапушчальнасці пакідання дзяцей адных дома.

Пасля кароткага інструктажу ўсе групы раз’ехаліся па вызначаных загадзя вуліцах. У спісе адной з мабільных груп — адрасы, дзе пражываюць сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. На вуліцы Паркавай у вёсцы Углы Барысаўскага раёна дзверы адчыніла жанчына. У доме таксама знаходзіліся непаўналетняя дачка і два ўнукі. Гаспадыня расказала, што дом ацяпляецца паравым катлом і знаходзіцца яшчэ ў стадыі будаўніцтва. Убачыўшы попельніцу, работнікі пацікавіліся, ці паліць гаспадыня ў доме. Жанчына дала адмоўны адказ. Але ратавальнікі звярнулі ўвагу на небяспеку пакідання ў доступе маленькіх унукаў запалак і запальнічак. У жылым пакоі ратавальнікі ўстанавілі аўтаномны пажарны апавяшчальнікт (АПА).

На вуліцы Нармандыя-Нёман ратавальнікі і прадстаўнікі мясцовых органаў улады наведалі адрас, дзе пражывае сям’я, якая выхоўвае чацвярых дзяцей. Дзверы ў кватэру адчыніла бабуля і паведаміла, што дачка з дзецьмі з’ехала ў вёску. Жанчына дапамагае даглядаць унукаў: старэйшаму споўнілася ўжо 17 гадоў, малодшай — 3 месяцы. Бабуля адразу паведаміла, што ўнукаў ніколі не пакідае адных дома. Чула жанчына і пра трагедыю, якая здарылася ў горадзе летась. На пажары загінулі двое дзяцей, пазней у бальніцы памерла і іх маці. Гаспадыня таксама падкрэсліла, што курцам у кватэры — не месца. На пытанне, як выклікаць ратавальнікаў, жанчына крыху разгубілася, але работнікі МНС нагадалі ёй нумары — 101 і 112. Сям’і таксама ўстанавілі АПА.

На гэтай жа вуліцы група спецыялістаў наведала яшчэ адзін адрас у суседнім доме. На пытанне, чаму няма апавяшчальніка і ці ведае гаспадар аб карысці прыбора, мужчына падзяліўся досведам, як правяраў АПА на працаздольнасць. Спрабуючы дыхаць на прыбор дымам ад цыгарэт, мужчына не дабіўся станоўчага выніку і тут жа выкінуў прыбор. Спецыялісты яшчэ раз расказалі аб замене элемента харчавання, спосабах праверкі працаздольнасці АПА. Мужчыне нагадалі і аб тым, што курэнне — асноўная прычына пажараў з трагічным зыходам.

Інспектар Барысаўскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях разам з курсантамі абследавалі дом пажылой жанчыны на вуліцы Савецкай. Гаспадыня расказала, што жыве адна, у яе няма сваякоў. Прадстаўнікі МНС паглядзелі стан ацяпляльнай печы. Пытанняў не ўзнікла. Не знайшоўшы аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка на столі, задалі пытанне гаспадыні, ці ведае яна пра такі прыбор, на што пенсіянерка моўчкі накіравалася да камоды і дастала з паліцы металічную скрыначку, у якой, на вялікае здзіўленне ратавальнікаў, і захоўваўся пажарны апавяшчальнік. Жанчыне растлумачылі, што так прыбор не адрэагуе на пажар. Замяніўшы элемент харчавання і ўсталяваўшы АПА на столь, ратавальнікі са спакойным сэрцам выйшлі з хаты, пакінуўшы ўладальніка пад надзейнай абаронай.

Толькі за адзін дзень (суботу) падчас свайго рэйду супрацоўнікі МНС і курсанты абследавалі больш за 600 домаўладанняў і кватэр, нагадалі правілы бяспекі 871 грамадзяніну. Комплексная прафілактычная акцыя, накіраваная на папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх, працягнулася ў Барысаўскім раёне і на наступны дзень.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.